Правядзеньне другога Кангрэсу дэмакратычных сілаў неаднаразова адкладалася. Першапачаткова плянавалася правесьці яго яшчэ перад Днём Волі, у сакавіку. Пазьней лідэр камуністаў Сяргей Калякін настойваў, каб Кангрэс адбыўся 21-22 красавіка — таксама ня выйшла. Урэшце, было прынятае рашэньне, што дэмакраты зьбяруцца 26-27 траўня, на гэты раз канчатковае.

Доўгі час не было яснасьці і з памяшканьнем, дзе адбудзецца Кангрэс. Ці дазволяць правесьці яго ў Менску? Улады трымалі паўзу. Разглядаліся варыянты за мяжой — Літва, Украіна, Расея. Аднак ужо ў сярэдзіне траўня з волі Лукашэнкі Кангрэс пагадзіўся прыняць Палац культуры МАЗу.

Асноўнае пытаньне Кангрэсу заключаецца ў тым, ці варта выбіраць на ім адзінага лідэра апазыцыі (на гэтым настойвае Мілінкевіч), ці кіраваць мусіць калегіяльная рада сустаршыняў у складзе пяці чалавек. Другі падыход перамог на рэгіянальных сходах удзельнікаў Кангрэсу.

А.Мілінкевіч адразу заявіў, што не зьбіраецца вылучаць кандыдатуру ў сустаршыні дэмакратычнай кааліцыі. Ён лічыць, што такі спосаб кіраўніцтва будзе азначаць для апазыцыі крок назад. Мілінкевіч зьбіраецца засяродзіцца на тварэньні «Руху «За Свабоду».

Разам з тым, А.Мілінкевіч ня будзе ігнараваць Кангрэсу. Палітык выступіць на ім з плянам стратэгіі дзеяньня апазыцыі. Стратэгію, якую прапануе Палітрада, Мілінкевіч лічыць малаэфэктыўнай. Ён будзе выступаць за прыняцьце стратэгіі «Эўрапейскай кааліцыі», якая прадугледжвае «больш актыўную працу зь людзьмі, правядзеньне вулічных акцыяў, а не кабінэтную працу».

Дэлегатамі другога Кангрэсу стануць актывісты апазыцыі, якія сёлета падчас мясцовых выбараў назьбіралі па 300 подпісаў у сваю падтрымку.

Разам з тым, палітрада спачатку адмовіла ва ўдзеле ў Кангрэсе VIP-пэрсонам — пісьменьнікам, прадстаўнікам інтэлігенцыі, навукоўцам, абаронцам Плошчы. Было адмоўлена ва ўдзеле «маладафронтаўцам» Насьці Палажанцы і Зьмітру Хведаруку, суд над якімі пачынаецца на наступны дзень пасьля паседжаньня. Гэта выклікала рэзкую крытыку Мілінкевіча, які назваў мерапрыемства «кангрэсам партыйных сілаў».

Урэшце партыйцы зьлітаваліся і пагадзіліся такі на ўдзел 27 інтэлектуалаў на чале з Барадуліным і Арловым. Пытаньне толькі, ці пагодзяцца пасьля такога дзеячы інтэлігенцыі прыйсьці на форум?

Паводле папярэдніх падлікаў, колькасьць прыхільнікаў Мілінкевіча складае меншасьць. Аднак на ягоным баку аўтарытэт вызваленых Паўла Севярынца і Міколы Статкевіча, якія рашуча падтрымліваюць прапановы экс-кандыдата ў прэзыдэнты. Высокі маральны аўтарытэт палітвязьняў будзе стрымліваць партыйных бонзаў.

Рэгістрацыя дэлегатаў і гасьцей пачнецца ў суботу 26 траўня а 9.00. Адкрыцьцё Кангрэсу заплянаванае на 13.00. З дакладамі мусяць выступіць Аляксандар Мілінкевіч, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Казуліна. Пазьней пачнуцца выступы дэлегатаў і гасьцей форуму А 20.00 скончыцца праца першага дня форуму.

Назаўтра праца пачнецца а 9.30. Будзе галасаваньне адносна стратэгіі і праграмных дакумэнтаў дэмсілаў, будзе зацьверджаная палітрада. А 15-й Кангрэс скончыць працу.

Праз супярэчнасьць пазыцый гэты Кангрэс мае мала шанцаў вырашыць прынцыповыя мэты. Калі палітычным лідэрам удасца зацугляць уласныя амбіцыі і стрымаць сваіх прыхільнікаў ад эскаляцыі ўнутрыкааліцыйнага канфлікту, гэта ўжо можна будзе лічыць посьпехам.

Зьміцер Панкавец

Фота Беларусь-Фота

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0