Пасьля адмены льготаў на самае неабходнае — камуналку для пэнсіянэраў і праезд для студэнтаў — Беларусь ператвараецца ў найменш сацыяльную дзяржаву ў Эўропе.

«Хоча Пуцін, каб мы плацілі гэтыя грошы, — будзем зьбіраць ад лекаў, чарнобыльцаў, ад тых, хто ў акопах гніў, зьбяром...», — крыўдаваў нядаўна кіраўнік Беларусі на падаражаньне расейскіх энэрганосьбітаў. Хто тады мог думаць, што гэта ня кідкая рыторыка, а прадуманая стратэгія, якая і легла ў аснову новага закону «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорыяў грамадзянаў».

Будуць адмененыя зьніжка на праезд у пасажырскім транспарце для навучэнцаў, вэтэранаў працы, грамадзян пры выкананьні службовых абавязкаў. Скароцяцца катэгорыі асобаў, якія маюць ільготы па аплаце камунальных і мэдычных паслуг.

Палата прадстаўнікоў прыняла гэты спушчаны з прэзыдэнтуры закон 101 голасам супраць 1. Няма сумневаў, што савет рэспублікі закон зацьвердзіць. І тады, працягваючы цытату, «...перастануць намі маніпуляваць і перастануць нас шантажаваць».

Трансфармацыя сыстэмы льготаў, напэўна, мае эканамічны сэнс. Толькі прапаганда «дзяржавы для народу» пасьля гэтага глядзіцца цынічна. Пасьля адмены льготаў на самае неабходнае — камуналку для пэнсіянэраў і праезд для студэнтаў — Беларусь ператвараецца ў найменш сацыяльную дзяржаву ў Эўропе. Застаецца суцешыцца надзеяй, што льготы з помпай вернуць перад выбарамі 2011 году.

Камэнтар рэдакцыі

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0