Калі хтосьці з чытачоў «НН» надумаецца наведацца на Наваградчыну, не абмініце вёску Паплава: будзе цудоўная магчымасьць абнавіць сад, набыць смачнага мёду, альбо проста пасядзець у прыемнай кампаніі. Для гэтага ў вёсцы трэба запытацца, дзе жыве Дзікар. Такая мянушка ў мясцовага мастака і пчаляра Сяргея Емельяновіча. Так вяскоўцы звалі яго дзеда, бо адмовіўся ісьці ў калгас.

Емельяновічы жывуць з уласнай гаспадаркі: разводзяць пчолы, вырошчваюць шчэп. Часу на іншае не хапае. Па іх яблыні, ігрушы, сьлівы, вішні з чарэшнямі прыяжджаюць з усёй Беларусі. Аднойчы нават з Масквы чалавек колькі дрэўцаў замаўляў, сьмяецца Юлія. Узяў тым, што добра размаўляў па-беларуску. Колькі гадоў таму пачалі асвойваць вінаград. Захапленьне садовымі справамі перадалося гаспадару ад дзеда, чыя некалі ўшчэпленая яблыня дагэтуль расьце ў полі.

Я не любіў роднай мовы ў школе

У сям’і Емельяновічаў размаўляюць толькі па-беларуску. У вёсцы, дзе мясцовых паступова выцясьняюць прыежджыя з Расеі, гэта рэдкасьць. «У школе я не любіў заняткаў па беларускай мове з?за настаўніцы, а вось расейскую мову выкладаў цікавы чалавек, то й мова тая больш падабалася», — узгадвае Сяргей. Гэта ўжо потым ён адчуў неабходнасьць вызначыцца: «Рана ці позна задаеш сабе пытаньне — хто ты ёсьць». Дзед і бабуля яго жонкі Юліі трапілі ў Беларусь з Расеі ды Казахстану ў 1939 г. Яны раўніва аберагалі дзяўчынку ад мясцовых уплываў. Школьніцай яна часьцяком перамагала на алімпіядах па расейскай мове, але вучыцца пайшла на беларускі філялягічны факультэт. Атрымалася выпадкова — пераблыталіся дакумэнты, ды яна насуперак пратэстам сваякоў ня стала настойваць на пераводзе. У Гарадзенскім унівэрсытэце пачаўся яе шлях да беларускай мовы. Потым было знаёмства зь Сяргеем. «У гэтай сям’і я канчаткова стала беларускай», — кажа Юлія. Пра тое, што інакш і не магло быць, сьведчаць кніжныя паліцы ў хаце — спрэс застаўленыя беларускімі кнігамі: ад Васіля Быкава да нядаўна выдадзенай кнігі Юр’я Туронка. Для дзетак — кніга Пятра Васючэнкі «Жылі-былі паны Кубліцкі ды Заблоцкі». Побач з музычным цэнтрам ляжаць плыткі зь беларускай музыкай. Папаўненьнем бібліятэкі цяпер займаецца гаспадыня. Каля хаты на слупе замацаваная спадарожнікавая «талерка». Гаспадар кажа, што чакае не дачакаецца новага тэлебачаньня з Польшчы.

Маленькія ліцьвіны

Разам зь бялявымі валасамі дзеці ўспадкавалі ад бацькі і вясковую мянушку — пра іх так і кажуць: «А, ды гэта дзікаронкі малыя гуляюць!» Дачушка Дамініка ходзіць у садок, маленькага Яна мама выхоўвае дома. Імёны дзецям выбіралі адмыслова. Кажучы пра дачушку, бацькі прыгадваюць, што так завецца ўнучка Рыгора Барадуліна. Бацька Сяргея, Сяргей Іванавіч, ня можа нарадавацца ўнукам. Прыгадвае свайго бацьку, што працаваў у каваля-жыда. «Жыд той разумны быў, называў бацьку Янам, а бацька супраціўляўся — казаў, што Ванька яму больш даспадобы». Дзядуля кажа, што ўнукі вырастуць сапраўднымі ліцьвінамі. Слова «ліцьвін» часта гучыць у гэтай сям’і. Калі Ян пачынае капрызіць, яго пытаюць: «Ты ліцьвін ці маскаль?» Дзейнічае амаль бездакорна.

Слова «маскалі» пачуеш на Наваградчыне спрэс. З расейцаў тут часьцяком пасьмейваюцца. Традыцыя гэтая, як вынікае зь мясцовых гісторыяў, пайшла ад 1939 г. «Вызваліцелі, а як жа! Павызвалялі нас ад хлеба ды сала», — сумна ўсьміхаюцца сталыя людзі. Сяргееў дзед не пайшоў у калгас пасьля размовы з чырвонаармейцам, які распавёў пра жахі калектывізацыі. Старыя людзі і цяпер пераказваюць гісторыі пра расейцаў, якіх пасьля аб’яднаньня Беларусі раскватаравалі па хатах. Найбольш пашыраная байка пра «жыр» — сьметанковае масла, якое чырвонаармейцы палічылі за тлушч. Цяпер тут па вёсках расьсяляюцца прыбышы з Расеі. Часьцей за ўсё нехта зь мясцовых вяртаецца дамоў, везучы вялікую радзіну. Разам з гасьцямі завозяцца новыя традыцыі. Апошнім часам на хлявах сталі чапляць замкі, чаго раней ніхто ня ведаў.

Жонку Сяргей называе Джуліяй, бо так «пішацца лацінкай». Тая прызвычаілася. Нават дзеці на пытаньне, як завуць бацькоў, кажуць «Сярзук і Дзулія».

Майстар на ўсе рукі

Звычайная вясковая хата Емельяновічаў вельмі ўтульная. На вуліцы побач зь сьцяной амаль гарадзкая лава, на вугле хаты — ліхтар. Востры дах калодзежа аздоблены каваным пеўнем. На сьценах у кухні чатыры гадзіньнікі. Два зь іх маюць францускі ды нямецкі мэханізмы. Гаспадар парабіў ім новыя карпусы. На сьценах вісяць намаляваныя Сяргеем карціны. Гэта, як і садаводзтва, хутчэй захапленьне, кажа ён. Гаворачы пра маляваньне, Сяргей увесь час прыгадвае свайго земляка мастака Кастуся Качана, чые карціны купляюць калекцыянэры з Амэрыкі ды Турцыі. Разам яны малююць краявіды. Напрыклад, стары драўляны млын у суседняй Баярскай ці берагі Нёману. Адзін натурморт прысьвечаны ўлюбёнаму занятку: валошкі, пчалярскі рыштунак ды слоік мёду. Пры канцы траўня Сяржук зьбіраецца на мастацкі пленэр на Астравеччыну, дзе будзе працаваць разам з Алесем Марачкіным.

Настаўнік

У дзяцінстве Сяргееў талент угледзеў школьны настаўнік маляваньня Іван Клімко, які параіў яму пайсьці вучыцца ў мастацкую вучэльню. Але да Бабруйску, дзе ў той час дзейнічала такая вучэльня, было далёка. Так Сяргей і не атрымаў прафэсійнае адукацыі. Былы настаўнік жыве ў суседнім Весялове. За саветамі ён быў абылганы аднавяскоўцамі і адбыў 10 гадоў на лесапавале. Пілаваньне драўніны па паўтары нормы ў дзень ня стала нагодай для нянавісьці да дрэваў: вярнуўшыся дамоў, былы вязень знайшоў каля хаты прарослы жалудок, пашкадаваў яго і пасадзіў ля ганку. Цяпер побач з хатай — магутнае дрэва. Па вызваленьні Іван Клімко насіў пошту, а потым стаў настаўнічаць. Мае невялічкую майстэрню, дзе на сьценах, зацягнутых павуціненьнем, суседнічаюць гіпсавыя выявы Хрыста ды Леніна, вісіць некалькі аўтапартрэтаў ды партрэт жонкі.

З Паплавы ў Вільню

Разглядаючы фотаальбомы Емельяновічаў, адчуваеш адкрытасьць гэтых людзей сьвету. Здымкі адлюстроўваюць ня толькі выявы тутэйшай мясцовасьці ці нейкія сямейныя сцэны. Тут і нямецкія гарады, і польскія, куды гаспадар рэгулярна наведваецца на ладжаныя польскімі пчалярамі сьвяты, і Наваградак зь Нясьвіжам у часе сярэднявечных фэстаў. Емельяновічы любяць падарожнічаць. Дзякуючы Зьмітру Касьпяровічу і яго сяброўскім вандроўкам, наведаліся ў Вільню.

Не абыходзяць Сержука зь Юліяй і мясцовыя праблемы. У тым самым фотаальбоме ёсьць колькі здымкаў мясцовых п’янтосаў. «Гэты ўжо закадзіраваўся ды жаніўся, а гэты прападае», — распавядае пчаляр. Пад здымкам зьбітага на горкі яблык старога стаіць подпіс: «Павіншавалі дзеда зь Перамогай». Віншаваў гэтак малады хлопец, мясцовы «бандыт».

Аграгарадкі дайшлі і да суседніх з Паплавай Нягневічаў, колішняга жыдоўскага мястэчка. Ахвярамі аграўрбанізацыі сталі некалькі старых жыдоўскіх моцных яшчэ камяніц. Зруйнаваўшы «развалюхі», на іх месцы збудавалі новыя дамкі, якія мясцовыя, праз іхныя габарыты, празвалі «шпакоўнямі». Емельяновічы спрабавалі неяк перашкодзіць разбурэньню, але марна.

Дзякуючы Емельяновічам у Паплаве ды навакольных вёсках скалалася суполка маладых беларускамоўных сем’яў.

***

...Аглядаючы вульлі, Сяргей знаёміць са сваімі крылатымі выхаванцамі: тут аўстрыякі, там маскалі, а вось тутэйшыя. Распавядае, што сёлета будзе багата трутняў: «Бачыш, якія ячэйкі ў сотах вялікія, значыць мае пчолкі хочуць мужыкоў». Вульлі ў паплаўскага пчаляра шматпавярховыя. Ён кажа, што савецкія вульлі-шпакоўні трапілі да нас з Амэрыкі: «Амэрыканцы іх нам спэцыяльна далі, каб мы ня мелі мёду». Мёду сёлета небагата, таму пчаляр частуе гасьцей леташнім — рапсавым. Дарэмна гаспадары называюць яго ня вельмі смачным. Разьліваючы па кілішках трохгадовую медавуху, Сяргей прыгадвае ліцьвінаў ды іх слаўныя традыцыі. Каштуючы духмяны напой, міжволі пачынаеш зайздросьціць продкам.

Сямён Печанко

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0