26 мая на тэрыторыі гісторыка‑культурнага комплексу «Лінія Сталіна» ў Мінскім раёне пройдуць урачыстыя мерапрыемствы, прымеркаваныя да Дня пагранічніка.

Як паведамілі ў Дзяржкампагранвойскаў, ва ўрачыстасцях возьмуць удзел кіраўнікі рэспубліканскіх органаў дзяржаўнага кіравання, вайскоўцы, члены іх сем’яў, а таксама ветэраны пагранічных войскаў.

Пасля ўрачыстага пастраення яго ўдзельнікі ўскладуць вянкі да мемарыяльнага знака, устаноўленага ў памяць аб загінулых, але не пераможаных абаронцах Мінскага ўмацаванага раёна.

Плануецца, што ў гэты дзень на «Лініі Сталіна» будзе адкрыта экспазіцыя элементаў інжынерных збудаванняў, што ўзводзяцца на дзяржаўнай мяжы.

Праграмай мерапрыемства прадугледжаны таксама тэатралізаваная рэканструкцыя першых баёў на дзяржаўнай мяжы ў чэрвені 1941 года, паказальныя выступленні пагранічнікаў па ліквідацыі ўзброенай групы кантрабандыстаў, па рукапашным боі. Парадуюць гасцей і кінолагі са сваімі чацвераногімі сябрамі.

Закончацца ўрачыстасці святочным канцэртам майстроў мастацтваў беларускай эстрады і аглядам фартыфікацыйных збудаванняў гісторыка‑культурнага комплексу. Усім жадаючым ваенныя кухары прапануюць пакаштаваць прыгатаваную ў палявых умовах салдацкую кашу.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?