Кангрэс дэмакратычных сілаў скончыўся прыняцьцем памяркоўнае стратэгіі, якая прадугледжвае элемэнты супрацоўніцтва з уладамі і ня ставіць задачай далучэньне да Эўрасаюзу. Сустаршынямі Палітычнай рады Аб'яднаных дэмакратычных сілаў сталі Вінцук Вячорка, Сяргей Калякін, Анатоль Лябедзька, Анатоль Ляўковіч. Нязгодны з прынятай стратэгіяй Аляксандар Мілінкевіч ад пазыцыі сустаршыні адмовіўся. Рэпартаж Зьмітра Панкаўца і фотарэпартаж Юліі Дарашкевіч.

Субота, 26 траўня. Праца Кангрэсу пачалася з гімну. Усталі ўсе. Праўда, як пазьней высьветлілася, большасьць ня ведала, што за музыка грае. Тлумачэньні Станіслава Шушкевіча пра тое, што гэтую старажытную кампазыцыю некалі знайшоў Віктар Скарабагатаў былі не самымі пераканаўчымі. Заставалася гадаць, ці то «Полацкі сшытак», ці нешта яшчэ.

З уступным словам выступіў старшыня аргкамітэту Аляксандар Бухвостаў. Выступаў на вельмі кепскай беларускай мове. Бухвостаў падвёў вынікі Кангрэсу двухгадовай даўніны, ён адзначыў, што важна захаваць адзінства апазыцыі, а для гэтага трэба прыняць агульную стратэгію дзеяньня. З раніцы на ўдзел у Кангрэсе было зарэгістравана 568 дэлегатаў, пасьля абеду колькасьць узрасла яшчэ дзесьці на сто чалавек. Гэтага хапіла для кворуму.

Першую частку Кангрэсу пачалі весьці Валер Ухналёў і Валянціна Сьвяцкая. Першым слова папрасіў толькі вызвалены з «хіміі» Мікола Статкевіч. Ён сказаў: «Дайце мне тры хвіліны. Думаю, гэта ня так шмат пасьля двух гадоў». Статкевіч заклікаў першым пунктам праграмы разгледзіць стратэгію апазыцыі. Плянавалася, што галасаваньне за стратэгію пройдзе назаўтра, але Статкевіч настойваў на сваёй прапанове.

Сьледам за ім слова ўзяў яшчэ адзін нядаўні палітвязень Павал Севярынец. Ён цалкам падтрымаў пазыцыю Статкевіча. Трэба вызначыцца, ці мы зьбіраемся перамагаць пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, ці бязь іх, каб не злаваць камуністаў, сказаў ён. Пасьля гэтых выступаў у залі пачаліся скандаваньні «Жыве Беларусь», зьявіліся бел-чырвона-белыя сьцягі. Заля была надзвычай узрушаная пасьля такіх прамоваў.

Каб адказаць Севярынцу і Статкевічу слова ўзяў камуніст з Талачына палкоўнік Мікалай Петрушэнка. Ужо пасьля некалькіх словаў заля загукала «Ганьба». Абражаны выступоўца, які пачаў быў гаварыць па-беларуску, перайшоў на расейскую. Словы прафэсара Хадыкі таксама былі сустрэтыя «Ганьбамі».

Стала відавочна, што Ўхналёў, які нэрваваўся, не кантраляваў сытуацыю ў залі. Тады Станіслаў Шушкевіч вызваўся ўзяць кіраўніцтва сходам на сябе. Людзі яго падтрымалі і Шушкевіч здолеў навесьці парадак у залі.

Сяргей Скрабец заклікаў дэлегатаў Кангрэсу прыняць два дакумэнты: 1. Прызнаць цалкам нелегітымнай уладу Лукашэнкі; 2. Сфармаваць урад народнага даверу, якому перадаць усе паўнамоцтвы. Прапановы Скрабца таксама паабяцалі разгледзець.

Аляксандар Мілінкевіч у сваім выступе адзначыў, што леташняя прэзыдэнцкая кампанія была найлепшай кампаніяй апазыцыі за апошнія гады, што яна здолела даць людзям надзею, заглушыць іх страх. Кампанія не была прайграная, адзначыў А.Мілінкевіч, бо не было спаборніцтва. Мілінкевіч адзначыў, што сёньня трэба стратэгія дзейснай барацьбы, а не яе імітацыі й падтрымаў стратэгію «Эўракааліцыі». Таксама ён падкрэсьліў, што апазыцыя перажывае глыбокі крызыс, выкліканы ўнутраным змаганьнем за ўладу. «Для тых, хто мне давярае, я гатовы заставацца адзіным лідэрам апазыцыі», адзначыў ён. Мілінкевіч яшчэ раз пацьвердзіў, што не зьбіраецца вылучацца ў сустаршыні.

Сяргей Калякін пагадзіўся з Мілінкевічам у ацэнцы выбараў 2006 г., таксама адзначыў, што ня бачыць прынцыповай розьніцы між стратэгіяй «Эўракааліцыі» і стратэгіяй аб’яднанай апазыцыі: і там, і там вядзецца пра канстытуцыйную зьмену ўлады. Лідэр камуністаў адзначыў, што ўлада пойдзе на перамовы толькі з моцнай апазыцыяй, і заклікаў да кансалідацыі.

Пасьля абеду жарсьці ў залі відавочна супакоіліся. Быў заслуханы тэлезварот ад амэрыканскага Кангрэсмэна Джона Шымкуса, а таксама зачытаныя лісты падтрымкі ад эўрапейскіх палітычных структураў.

Першым у другой палове дня выступаў лідэр АГП Анатоль Лябедзька. Ён сказаў, калі б Лукашэнка глядзеў гэты Кангрэс у жывым эфіры, то ён бы задаволена паціраў бы рукі. Лябедзька сказаў, што таксама гатовы адмовіцца ад пасады сустаршыні, але тэрмінова неабходна вызначыцца, хто ў апазыцыі будзе адказваць за якую дзейнасьць. Лябедзька сказаў, што таксама хацеў бы, каб у апазыцыі быў ярка выражаны лідэр, але яго пакуль няма.

Вінцук Вячорка ў сваёй прамове засяродзіўся на міжнародным прызнаньні дзейнасьці беларускай апазыцыі.

Станіслаў Шушкевіч прапанаваў паставіць на галасаваньне альтэрнатыву. Першы бюлетэнь – за абраньне сустаршынямі палітычнай рады аб’ядных дэмакратычных сіл (АДС) мусяць быць Вячорка, Калякін, Ляўковіч і Лябедзька. Другі бюлетэнь – старшынём палітрады АДС мусіць быць Мілінкевіч.

Вельмі эмацыйным аказаўся выступ Людмілы Гразновай, якая пераконвала, што ў апазыцыі мусіць быць адзіны лідэр. «Апазыцыя ня можа быць абезгалоўленай». – сказала яна. Унутрыкааліцыйныя разборкі яна зьвязвае з умяшальніцтвам Расеі, «якая адчувае хуткія зьмены ў Беларусі і ня хоча, каб яны адбыліся».

Праца Кангрэсу скончылася а 19:00. Паўлу Севярынцу і Міколу Статкевічу так і не ўдалося павярнуць хаду Кангрэсу з заплянаванага ходу. Такім чынам, вырашальным стане заўтрашні дзень. Павал Севярыне ц кажа, што сілы прыхільнікаў дзьвюх стратэгіяў пакуль падзеленыя амаль пароўну. Вырашальнымі будуць галасы тыя, хто пакуль ня вызначыўся ў сваёй пазыцыі.

Нядзеля, 27 траўня. Віною таму праліўны дождж, які з раніцы прайшоў над Менскам, ці што іншае, але жарсьці ў нядзелю былі непараўнальна меншымі, чым у першы дзень Кангрэсу.

А 9:00 прайшла прэс-канфэрэнцыя кіраўнікоў фракцыяў, сфармаваных у першы дзень Кангрэсу. Як высьветлілася, найбольшай стала фракцыя «Рэгіёны за свабоду» ў якую ўвайшоў 201 чалавек. Агулам было сфармавана 8 фракцыяў. Кіраўнікі фракцыяў АГП і БНФ заявілі, што на наступных соймах будзе разгледжанае пытаньне аб выключэньні сяброў партыі, якія ўвайшлі ў «Рэгіёны за свабоду», бо гэта супярэчыць статуту дадзеных партыяў.

Пасьля гэтай канфэрэнцыі пачалася ўласна праца Кангрэсу. Першым слова папрасіў народны паэт Беларусі Ніл Гілевіч. У сваёй прамове Ніл Сымонавіч адзначыў, што шлях да лідэрства не перакрыты ні для кога, галоўнае — годна працаваць. Гілевіч сказаў, што ўжо сёньня, на ягоную думку, лідэрскімі здольнасьцямі валодае Павал Севярынец. Могуць да статусу лідэра дарасьці і некаторыя іншыя маладыя палітыкі. «Лідэр — гэта ня Папа Рымскі», — сказаў Гілевіч. Словам паэта заля пляскала стоячы.

Пасьля слова ўзялі кіраўнікі фракцыяў. Нічога істотна новага яны не сказаліа, амаль усё гэта прагучала яшчэ ў суботу, кожны заставаўся на сваёй пазыцыі. Таксама трымалі слова Аляксандар Валчанін (ад чарнобыльскіх ліквідатараў), Анатоль Ляўковіч (БСДП) і прадпрымальнік з Барысава Віктар Гарбачоў Гэты сказаў, што «апазыцыя мае шмат правадыроў, але мала індзейцаў». На гэтым першая частка другога дня скончылася.

Адразу пасьля перапынку слова ўзяў «маладафронтавец» Зьміцер Хведарук, які зачытаў прывітальны ліст да ўдзельнікаў Кангрэсу ад Артура Фінькевіча. Палітвязень рашуча падтрымаў у сваім звароце стратэгію «Эўрапейскай кааліцыі». Фінькевіч адзначыў, што спадзяваньні на эвалюцыю рэжыму — гэта абсалютная ўтопія.

У чарговым сваім выступе Павал Севярынец заявіў, што стратэгія Аб’яднаных дэмакратычных сілаў— гэта стратэгія чаканьня. Ён выступае за актыўныя выступы супраць рэжыму, перацягваньне на свой бок тых грамадзянаў, хто крытыкуе рэжым, але не набраўся моцы, каб выступіць. Адзін Севярынец успомніў, што другі дзень Кангрэсу прыпадае на хрысьціянскае сьвята - Тройцу і павіншаваў усіх прысутных.

Генэрал Фралоў быў шматслоўным, большасьць ягоных заўвагаў практычна ніяк ня тычылася працы Кангрэсу. Пасьля таго як Аляксандар Дабравольскі сказаў, што час ужо скончаны і, як былы вайсковец, Фралоў мусіць паказаць прыклад іншым, генэрал адзначыў: «Я ўжо не вайсковец, я вышэй — я дэмакрат». Урэшце, Валер Фралоў заклікаў усіх прагаласаваць за стратэгію, прынятую Палітрадай.

Рэгіянальны актывіст з Горак Эдуард Брокараў адзначыў, што Кангрэс абсалютна нічога не вырашае. «Усе будуць рабіць тое, што рабілі дагэтуль»,— сказаў Брокараў. Жанна Літвіна ў сваім выступе засяродзілася на праблемах незалежных СМІ.

Напрыканцы яшчэ раз слова атрымаў Аляксандар Мілінкевіч. Ён зазначыў, што нельга аб’ядноўвацца толькі супраць аднаго канкрэтнага чалавека. «Трэба аб’ядноўвацца на грунце наступных наступных каштоўнасьцяў: дэмакратыя, незалежнасьць і інтэграцыя ў Эўропу». Сп. Мілінкевіч яшчэ раз адзначыў, што ня верыць у дзейснасьць той стратэгіі, якая выносіцца на разгляд Кангрэсу, таму адмаўляецца ад сустаршынства ў кааліцыі.

Старшыня мандатнай камісіі спн.Ваніна абвесьціла, што ў залі магчымыя фальсыфікацыі зь дэлегацкімі мандатамі і прапанавала ўсім прайсьці перарэгістрацыю. Канчатковая лічба ўдзельнікаў Кангрэсу склала 611 чалавек, ці дзьве траціны ад колькасьці абраных дэлегатаў.

Ужо пасьля перапынку, зьвязанага зь перарэгістрацыяй, на сцэну вырываўся прадпрымальнік зь Віцебску Сяргей Парсюкевіч, якога стрымлівала ахова. Урэшце, яму далі слова. Парсюкевіч сказаў, што нягледзячы на любое рашэньне Кангрэсу кансалідацыя між усімі апазыцыйнымі сіламі ўжо немагчымая і гэта абсалютна відавочна.

Адразу па гэтым выступе пачалося галасаваньне. Эканамічная плятформа і Малая канстытуцыя былі падтрыманыя дэлегатамі практычна адзінагалосна. Ніякіх пытаньняў ня выклікала і прыняцьцё звароту да беларускага народу і міжнароднай супольнасьці.

Самым напружаным момантам другога дня Кангрэсу стала галасаваньне за стратэгію дзеяньня апазыцыі. Апроч агульнай стратэгіі Палітрады і «Эўрапейскай кааліцыі», сваю стратэгію прапанавала і Партыя БНФ, але ў хуткім часе зьняла яе з разгляду. Стратэгію «Эўрапейскай кааліцыі» таксама не разглядалі — рэдакцыйная камісія вырашыла, што стратэгія, прынятая Палітрадай, цалкам закрывае стратэгію Статкевіча.

Першае галасаваньне адносна стратэгіі скончылася канфузам, бо агулам «за» і «супраць» прагасавала больш дэлегатаў, чым было зарэгістравана. Станіслаў Шушкевіч прапанаваў правесьці тайнае галасаваньне, але ягонай прапановы не паслухаліся.

Другая спроба дала наступныя вынікі: «за» стратэгію АДС прагаласавала 365 дэлегатаў, «супраць» — 185. Адразу па абвяшчэньні вынікаў большасьць дэлегатаў, якія галасавалі «супраць», пакінулі залю.

Яшчэ былі разгарэліся спрэчкі адносна таго, ці варта ўключаць у склад Палітрады адразу дзьве прадпрымальніцкія арганізацыі, але яны мала тычыліся непасрэдна працы Кангрэсу.

На першым паседжаньні Палітрады было вырашана, што сустаршынямі Палітычнай рады стануць старшыня Партыі БНФ Вінцук Вячорка, старшыня ПКБ Сяргей Калякін, старшыня АГП Анатоль Лябедзька і в.а. старшыні БСДП Анатоль Ляўковіч.

Мілінкевіч жа ў сваю чаргу зазначыў, што надалей зьбіраецца засяродзіцца на працы з рухам «За Свабоду». Таксама ён сказаў, што зьбіраецца балятавацца ў прэзыдэнты на наступных выбарах.

На Кангрэсе'2007 супярэчнасьці ў шэрагах апазыцыі выплеснуліся, але ня вырашыліся. Калектыўнае кіраўніцтва звычайна практыкуецца на пераходных этапах, і можна чакаць працяглае барацьбы за ўплыў між групоўкамі кансэрватараў, нацыянал-дэмакратаў, лібэралаў, сацыял-дэмакратаў і камуністаў.

Зьміцер Панкавец
















Глядзі яшчэ:
Рэпартажы Андрэя Лянкевіча:
Кангрэс. Дзень першы
Кангрэс. Дзень другі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?