Толькі што абмяняўся думкамі з палітолягам Валерам Карбалевічам, які быў у ліку ганаровых гасьцей мерапрыемства.

"Кангрэс стаў падзеяй для апазыцыі, але не для грамадзтва", — сказаў мой суразмоўца.

Палітоляг ня згодны, што водападзел на кангрэсе праходзіў, як сьцьвярджалі некаторыя палітыкі, між "левай" і "пранезалежніцкай" (або "прарасейскай" і "праэўрапейскай") плынямі. Бо ў той бальшыні, што галасавала за ўхваленыя Палітрадай праекты стратэгіі, эканамічнай плятформы і "малой канстытуцыі", былі ня толькі камуністы ды казулінцы, але і прадстаўнікі БНФ, АГП. Так што хутчэй можна казаць пра змаганьне ў пытаньні аб каааліцыйнай гіерархіі.

У выніку перамагла ідэя сустаршынства (шматгаловага цмока, паводле Севярынца). "Адбылася таксама дэлегітымацыя Мілінкевіча як адзінага лідэра", — канстатуе Валер Карбалевіч. Разам з тым, на ягоную думку, цяжка сказаць, ці вырашана задача перафарматаваньня кааліцыі з мэтай падвысіць эфэктыўнасьць яе працы.

Як вядома, сам Мілінкевіч у сустаршыні не пайшоў, але ягоныя прыхільнікі ў Палітрадзе будуць. Дык ці не прадоўжыцца перацягваньне коўдры? Тым болей што Мілінкевіч на кангрэсе казаў: адзінства — не фэтыш. Ва ўсякім разе, відавочна, што з камуністамі ягонаму руху не па дарозе.

Дарэчы, прыхільнікі Мілінкевіча складалі на мерапрыемстве каля 40%. Гэта немалая лічба. Відавочна, што рух "За свабоду!" мае патэнцыял. Іншая рэч, што, на думку асобных экспэртаў, толькі цяпер, па выніках расколу, лідэр спрабуе падвесьці пад рух ідэйны грунт у выглядзе трыяды: незалежнасьць, дэмакратыя, інтэграцыя ў Эўропу (апошні складнік, пэўна, прадыктаваны інтарэсамі альянсу з "Эўрапейскай кааліцыяй").

Шэраг назіральнікаў лічыць, што супрацьпастаўленьне "стратэгіі барацьбы" і "стратэгіі чаканьня" выглядала ў пэўнай ступені штучным, нават дэмагагічным: маўляў, такім чынам хто-кольвек з палітыкаў хацеў болей выгадна пазыцыянаваць сябе на тле апанэнтаў. Вінцук Вячорка ў інтэрвію "Свабодзе" зазначыў: дыскусіі ў пытаньні стратэгіі фактычна не адбылося — адно што абмен ярлыкамі.

Наколькі маюць рацыю прыхільнікі кансьпіралёгіі, сьцьвярджаючы, што за бясконцымі звадкамі — рука Масквы і КДБ? На думку Карбалевіча, гэтыя чыньнікі ня варта перабольшваць. Хутчэй, згубна адбіваецца шматгадовае знаходжаньне па-за сыстэмнай палітыкай. У гэтай замкнёнай прасторы міжасабовыя дачыненьні пачынаюць дамінаваць, лічыць палітоляг. Са слоў Карбалевіча, гісторыка паводле адукацыі, некалі гэтак сама жорстка змагаліся між сабой ў эміграцыі пазбаўленыя магчымасьцяў удзелу ў рэальнай палітыцы бальшавікі, меншавікі, эсэры і г.д.

Дык ці ня трапілі вярхі тытульнай апазыцыі ў становішча палітычных эмігрантаў ва ўласнай краіне?

Тое, што ў пытаньнях стратэгіі не было сэнсоўнага абмену думкамі, а іншыя дакумэнты праштампавалі ўвогуле ледзь ці не аўтаматам, лішні раз сьведчыць, што канцэптуальныя рэчы апынуліся не на першым пляне. Хаця і да эканамічнай плятформы, і да "малой канстытуцыі" ў экспэртаў таксама былі сур'ёзныя пытаньні.

Варта нагадаць, што энтузіясты кангрэсу абяцалі даць грамадзтву "пазытыўную альтэрнатыву". Але цяжка ўявіць, каб распаўсюд іхніх аб'ёмных напрацовак у масах рэзка пашырыў базу апазыцыі. Наўрад ці выклічуць вялікі рэзананс і прынятыя кангрэсам звароты ды рэзалюцыі, сфармуляваныя цалкам у традыцыях жанру.

То бок абяцанага моцнага мэсыджу грамадзтву не атрымалася. Не разабраліся нават з супярэчнасьцямі ў сваіх шэрагах. Агульных арыентыраў, прымальнага для ўсіх альгарытму дзейнасьці не намацалі. Так, жарсьці часам аж сягалі праз край, але гэта была, на жаль, бура ў шклянцы вады.

Магчыма, найболей трапна падсумаваў вынік мерапрыемства, якое "нічога не вырашае", рэгіянальны актывіст Брокараў: "Усе будуць рабіць тое, што рабілі дагэтуль".

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?