28 мая Савет Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі ўхваліў законапраект «Аб дзяржаўных сацыяльных ільготах, правах і гарантыях для асобных катэгорый грамадзян», прыняты Палатай прадстаўнікоў адразу ў двух чытаннях 23 мая. За ўхваленне законапраекта прагаласавалі ўсе 47 членаў Савета Рэспублікі, якія знаходзіліся ў зале.

Прадстаўляючы законапраект, старшыня пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і гуманітарных пытаннях Анатоль Новікаў зазначыў, што сацыяльная палітыка павінна быць «адраснай, сацыяльнай». У безумоўнай абароне, паводле яго слоў, маюць патрэбу інваліды, адзінокія старыя, дзеці‑сіроты, дзеці, якія жывуць у зонах радыеактыўнага забруджання. Прадугледжана захаванне сацыяльных ільготаў і гарантый для грамадзян, якія маюць выдатныя заслугі перад дзяржавай, сказаў А.Новікаў.

Парламентарый зазначыў: цяпер амаль дзве трэці насельніцтва Беларусі маюць права на сацыяльныя льготы і гарантыі, «што вядзе да распылення бюджэтных сродкаў і перакосаў у размеркаванні льготаў». «Як паказвае аналіз, льготы не аказваюць адчувальнага ўплыву на сацыяльна‑эканамічнае становішча малазабяспечаных людзей і скарачэнне ўзроўню беднасці. Шырокае распаўсюджанне льготаў вядзе да таго, што нават пры ўнушальных памерах фінансавання сума льготаў і датацый складае менш за 20 тыс. рублёў у разліку на адну сям’ю. Трэба ўлічваць і тое, што пры гэтым пераважная сума льготаў трапляе да больш забяспечанай часткі атрымальнікаў», — сказаў Новікаў.

Парламентарый паведаміў, што законапраект у выпадку яго падпісання можа ўступіць у сілу 1 студзеня 2008 года, а на працягу трох месяцаў будзе падрыхтаваны ўказ прэзідэнта аб адраснай сацыяльнай падтрымцы. «Прадугледжваецца паэтапна давесці гэтую падтрымку да 100 працэнтаў бюджэту пражытачнага мінімуму, спрасціць працэдуру яе атрымання», — сказаў кіраўнік камісіі.

Варта зазначыць, што аб тым, якія льготы і для якіх катэгорый грамадзян законапраектам скасоўваюцца, а якія захоўваюцца, старшыня парламенцкай камісіі не сказаў. Парламентарыі не задалі выступоўцу ніводнага пытання, як і прысутнаму ў зале пасяджэння міністру працы і сацыяльнай абароны Уладзіміру Патупчыку. Працэдура прадстаўлення і ўхвалення законапраекта заняла чатыры хвіліны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?