У вельмі бурнай атмасфэры прайшлі ў панядзелак у парлямэнце Турцыі дэбаты наконт прапанаваных урадам выбараў прэзыдэнта. У пэўны момант дайшло да рукапрыкладства.

Бойка пачалася, калі адзін з дэпутатаў востра раскрытыкаваў прэзыдэнта Ахмэта Нэджэта Сэзэра, праціўніка непасрэдных прэзыдэнцкіх выбараў. Прыхільнікі сьвецкага разьвіцьця краіны палічылі, што гэта была абраза кіраўніка дзяржавы і вырашылі адразу ж пакараць віноўнікаў. У бойцы ўдзельнічалі некалькі дэпутатаў. Дэбаты, безумоўна, давялося спыніць.

Прэзыдэнт наклаў у пятніцу вэта на папраўку ў кастытуцыю, што ўводзіць выбары кіраўніка дзяржавы ўсеагульным галасаваньнем замест выбараў праз парлямэнт, што функцыянавалі да гэтага часу.

Укаранелая ў ісламскай ідэалёгіі кіруючая Партыя справядлівасьці і разьвіцьця (AKP) вырашыла правесьці гэтую папраўку, калі ейны кандыдат у прэзыдэнты, міністар замежных справаў Абдула Гюль, не атрымаў дастатковай падтрымкі парлямэнту. Дэпутаты, якія выступаюць за сьвецкі характар дзяржавы, не прымалі ўдзел у галасаваньні, што пазбавіла Гюля неабходнага кворуму.

Пасьля вэта прэзыдэнта праект папраўкі вярнуўся да парлямэнту. Прадстаўнікі AKP маюць намэр паўторна правесьці сваю канцэпцыю непасрэдных прэзыдэнцкіх выбараў. Другі раз прэзыдэнт ня зможа накласьці на яе вэта, затое ён можа прызначыць рэфэрэндум.

22 ліпеня ў Турцыі пройдуць датэрміновыя выбары ў парлямэнт. Урад прэм’ера Рэджэпа Эрдагана хацеў бы спалучыць іх з прэзыдэнцкімі выбарамі па новым прынцыпе ўсеагульнага галасаваньня.

Вольга Данішэвіч паводле gazeta.pl

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0