Кангрэс’2007 быў увэрцюрай да змаганьня за пасаду кандыдата’2010. На першы погляд, раскол у дэмакратычных сілах выкліканы чыста амбіцыямі лідэраў. У глыбіні рэчаў за ім стаіць канфлікт культураў.

Зьвярнула ўвагу на тое, як асьцервянела перад кангрэсам і на ім імкнуліся здыскрэдытаваць Мілінкевіча прарасейскія публіцысты. Справа тут не ў асабістай непрыязі і тым больш не ў імкненьні знайсьці мацнейшага лідэра. Аслабіць Мілінкевіча значыла для іх падарваць эўрапейскі выбар апазыцыі.

Аднак адкрыта прарасейскія сілы, ня маючы людзкой базы і нацыянальнай ідэі, ніколі ня будуць дамінаваць у апазыцыі.

Нашмат мацнейшымі застаюцца дзьве галоўныя плыні. У 2001 годзе адну зь іх рэпрэзэнтаваў Домаш (і Мілінкевіч быў начальнікам ягонага штабу), другую — Ганчарык (і Калякін быў часткаю розыгрышу, які яго вызначыў адзіным). У 2006-м Мілінкевічу ўдалося пашырыць сваю кааліцыю, аднак другая плынь спарадзіла Казуліна.

Абодва кірункі разнародныя, у прыхільнасьцях да першага ці другога гурту сапраўды нямала асабістага. Усё ж у цэлым першы — хутчэй правацэнтрысцкі і нацыянальны. Другі — пераважна левацэнтрысцкі, з сувязямі ў Расеі, з каранямі ў намэнклятуры. Тыя і другія аднолькава маюць вочы на Захад, аднак беларускасьць адных і рускасьць другіх стварае культурны бар’ер і выклікае ўзаемны недавер.

Балянсам паміж дзьвюма плынямі цяпер сталі АГП, БНФ і нацыянальна настроеныя актывісты сацыял-дэмакратыі. Па сваёй беларускасьці яны натуральна бліжэйшыя да «Руху за свабоду», але іхныя лідэры ня бачаць сабе побач зь Мілінкевічам месца. Апроч таго, яны баяцца рэбрэндынгу, які дазволіў бы пакінуць у мінулым аджылыя партыйныя брэнды, але часова панізіў бы статус некаторых лідэраў. Думаю, гэтыя яшчэ павандруюць з кааліцыі ў кааліцыю. А можа павядуць уласную гульню ў ролі цэнтрыстаў.

Да 2010 году (у адпаведнасьці з Канстытуцыяй выбары павінны адбыцца пры канцы 2010 году) многае зьменіцца. Заўважыўшы ўзмацненьне Калякіна, улады могуць выпусьціць Казуліна. Свае сілы ў прэзыдэнцкай гонцы яшчэ ніколі не спрабаваў Статкевіч. А вось Севярынцу ў 2010-м яшчэ ня споўніцца 35-ці, патрэбных для кандыдаваньня. У любым разе, Кангрэс-2007 быў толькі першым актам складанай кулюарнай гульні, у якой пераможа той, хто будзе здольны яднаць вакол сябе і рабіць неардынарныя крокі.

Барыс Тумар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0