Вітаўт Кіпель нарадзіўся 30 траўня 1927 г. у Менску, у сям’і Яўхіма Кіпеля і Марыі Зубкоўскай.

В. Кіпель — адзін з найвядомейшых беларусістаў сьвету — толькі восем год жыў у Беларусі: першыя шэсьць год ад нараджэньня і потым два гады за нямецкай акупацыяй. У 1933 г. Марыя Кіпель з шасьцігадовым сынам выехалі ў Расею, дзе адбываў пакараньне бацька. Вярнуліся толькі ў вайну. У 1944 г. сям’я Кіпеляў выехала на Захад. «Нас чакала альбо сьмерць, альбо Сібір», ‑‑ кажа сп. Вітаўт. Выбар аказаўся слушным.

У паваеннай Нямеччыне В. Кіпель далучыўся да грамадзкае працы. Разам са скаўтамі Бутам, Марговічам выдаваў «Інфармацыйны лісток штандару «Баварыя» — «Ганец». Першы нумар выйшаў 14 красавіка 1947 г. Потым быў пераезд у Бэльгію, сканчэньне Лювэнскага ўнівэрсытэту. Але папрацаваць па спэцыяльнасьці «геалёгія» шмат не атрымалася, і ў хуткім часе Вітаўт Кіпель стаў супрацоўнікам Нью‑Ёрскай публічнай бібліятэкі.

Адначасова з працай у бібліятэцы ёнь супрацоўнічаў зь беларускай службай Радыё Свабода, браў удзел у выданьні квартальніка «Беларуская моладзь», потым — газэты «Беларус». Браў актыўны ўдзел у грамадзкім жыцьці беларусаў ЗША, а таксама быў кіраўніком Фэдэрацыі рэспубліканскіх клюбаў.

У 1976—1979 гг. пад старшынствам Вітаўта Кіпеля ладзіліся Беларускія фэстывалі, якія зьбіралі па некалькі тысяч чалавек і прыцягвалі ўвагу амэрыканскіх палітыкаў. Першы такі фэстываль прывітаў тэлеграмай прэзыдэнт Дж.Форд.

У 1982 г. сп. Кіпель узначаліў Беларускі інстытут навукі й мастацтва, зьмяніўшы на гэтай пасадзе іншага Вітаўта — Тумаша. Плённая праца ў якасці кіраўніка гэтай ўстановы працягваецца і да сёньня. Колькасьць выдадзеных кніг за дырэктарствам Кіпеля вырасла ў некалькі разоў. Адбываецца гэта, у тым ліку, дзякуючы і мэнэджэрскім здольнасьцям кіраўніка, які разумее, што праца над кнігай не сканчаецца пасьля таго, як яе забралі з друкарні. Трэба, каб кніга трапляла да чытача, а значыць яе трэба распаўсюджваць дзе толькі магчыма, каб атрыманыя сродкі пайшлі на наступную кнігу.

«Усюды, — пісаў Я.Запруднік, — дзе адбываліся якія‑небудзь грамадзкія падзеі — фэстывалі, пікнікі, юбілеі, большыя ці меншыя ўрачыстасьці, рэлігійныя сьвяты, — дзе толькі зьбіралася грамада суродзічаў, можна было пабачыць Вітаўта з раскладзенымі на стале кнігамі. Гэта пашыральніцкая сыстэматычнасьць ідзе ад падвойнага разуменьня: 1) беларуская кніга патрэбная беларускаму чалавеку, бо ў ёй закладзена любасьць да свайго роднага, і 2) беларус павінен падтрымоўваць сваё выдавецтва, бо беларуская кніжка — гэта паказьнік нашай нацыянальнай жывучасьці».

Сёньня дзясяткі бібліятэк у Беларусі маюць у фондах эміграцыйныя калекцыі дзякуючы таму, што Вітаўт Кіпель сам асабіста іх туды перадаваў ці дасылаў, часта за свае ўласныя грошы. А колькі кніжак у Беларусі выйшла, дзякуючы фінансаваньню сям’і Кіпеляў і БІНІМу!

Плённай працы доўгія гады спрыяла верная спадарожніца — жонка Зора. Гэтая пара сталася, напэўна, самым пасьпяховым беларускім творчым тандэмам на эміграцыі. Зора і Вітаўт Кіпелі шмат зрабілі для зьбіраньня эміграцыйных беларускіх пэрыёдыкаў і друкаў. Найбагацейшая калекцыя, якую яны стваралі цягам паўстагодзьдзя, склала 171 скрыню і была аддадзеная на захаваньне ў Нью‑ёрскую публічную бібліятэку. Гэты збор стаў асновай унікальнай і фундамэнтальнай працы «Беларускі друк на Захадзе: Бібліяграфія». Бібліяграфія вытрымала два выданьні: у 2003 г. яна выйшла ў двух кнігах: асобна пэрыёдыкі, асобна — кнігі. Праз чатыры гады, дапрацаваная, ужо пад адной вокладкай.

Былі таксама і іншыя кнігі: «Byelorussian‑Americans and Their Community in Cleveland», у суаўтарстве з Зорай Кіпель: «Янка Купала і Якуб Колас на Захадзе. Бібліяграфія», «Byelorussian Statehood. Reader and Bibliography», «Беларускія слоўнікі і энцыкляпэдыі».

Гісторык Захар Шыбека неяк сказаў: «Вітаўт Кіпель належыць да тых, хто радуецца посьпехам іншых. І многія з нас тут, на Бацькаўшчыне, зразумелі, што нечага вартыя, дзякуючы яго здольнасьці радавацца нашым дасягненьням. Ён не будуе ўласнага дабрабыту, ён разбудоўвае беларускасьць. ... Цяжка пералічыць тых, хто меў ласку ад сям’і Кіпеляў».

Газэта «Беларус»

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0