Алег Латышонак

Пра новую кнігу Алега Латышонка піша Генадзь Семянчук.

Існуюць тры этымалёгіі паняцьцяў «Беларусь», «беларусы»:

1) этнаграфічна‑антрапалягічна‑культуралягічная;

2) палітычна‑ідэалягічная;

3) загадкава‑невытлумачальная.

Існуе і ўяўленьне, што гэта расейцы (палякі?) накінулі нам наша ўласнае імя. Мо гэта і так, толькі дзе і кім увесь час былі носьбіты «беларускага імя»? Гэта галоўнае пытаньне, якое паставіў перад сабою Алег Латышонак, пішучы кнігу «Od Rusinów Białych do Białorusinów».

Яго тэзы зводзяцца да наступнага:

І. Паняцьце «Белая Русь» нарадзілася ў канцы ХІІ — сярэдзіне ХІІІ ст., у эпоху рэлігійна‑культурнай і вайсковай экспансіі заходняга сьвету на ўсход Эўропы з мэтай хрышчэньня паганцаў і перахрышчваньня «схізматыкаў»‑праваслаўных. Сымбалічны сэнс і значэньне назвы «Белая Русь» А.Латышонак прапануе шукаць ў сымбалях колераў каталіцкага касьцёлу, канон якіх усталяваў Папа Інакенці ІІІ (1198—1216). Белы колер сьведчыць пра апостальскі посьпех сьвятара ў місіянэрскай дзейнасьці, белы колер мог сымбалізаваць права ўладараньня Папы над усходняй царквой. Аўтар не выключае, што ў сэмантыцы назвы «белыя русы» знойдзем пераносны сэнс лацінскага слова albus — «сяброўскі». У вачах каталіцкіх місіянэраў тыя русы прызнавалі верхавенства Папы, у супрацьлегласьць ад русаў‑»схізматыкаў». А на сярэдзіну ХІІІ ст., калі ў геаграфічным трактаце Descriptiones terrarium упершыню зьяўляецца назва «Белая Русь», рэгіёнаў, населеных «белымі русамі», існавала тры: Пабужжа з цэнтрам у Драгічыне часоў Данілы Раманавіча Галіцкага, Панямоньне з цэнтрамі ў Наваградку, Ваўкавыску, Слоніме і Горадні часоў Міндоўга і, перадусім, Полаччына часоў Таўцівіла. Алег Латышонак лякалізуе «Белую Русь» на яцьвяска‑літоўска‑рускім памежжы. Нашыя землі ў ХІІІ ст., вольныя ад мангольскага ярма, былі адкрытыя для каталіцкай рэлігійнай і культурнай экспансіі. Празь яе сьвет усходняга хрысьціянства, на які актыўна прэтэндавалі татары, далучаўся да Эўропы. Вось і маем першыя праявы ідэалёгіі агульнай Эўропы і першыя спробы вызначыць межы паміж Эўропай і Эўразіяй.

ІІ. У ХІІІ—ХV ст. назвы «Белая Русь» і «белыя русы» мелі выключна літаратурна‑эрудыцыйны характар і пераносіліся з твору аднаго аўтара ў іншы. Аўтар абгрунтавана піша пра вугорскія карані тэрміну «Белая Русь». А дзякуючы хроніцы Канстанцкага сабору (1414—1418), аўтарства Ульрыка Рыхенталя, імя «Белая Русь» стала вядомым па ўсёй Эўропе, праўда, без тэрытарыяльнага значэньня.

ІІІ. На думку аўтара, продкі прынялі імёны «Белая Русь», «белыя русы» як уласныя толькі ў другой палове XVI ст. пад уплывам польскай гістарычна‑геаграфічнай літаратуры. Менавіта польская інтэлектуальнае асяродзьдзе XVI ст. максымальна спазнае навакольны сьвет. Гарманічнай яго часткай зьяўляюцца «беларускія» тэрыторыі. Маскоўскімі яны не маглі быць з палітычна‑адміністрацыйнага гледзішча, польскімі — з культурна‑рэлігійнага, украінскімі — бо стваралі адзінства, літоўскімі — бо больш разьвітыя. Паляк Ян з Стабніцы Белай Русьcю абазначае ўсе рускія землі ВКЛ і Ноўгарад Вялікі. А дзякуючы Марціну Кромеру, які выключыў зь Белай Русі Ноўгарад, Валынь, Падляшша і Кіеўшчыну, абрысы яе набылі амаль сучасныя контуры. Землі Падзьвінскія і Падняпроўскія, населеныя пераважна «рускім», «праваслаўным» людам, пасьля вызваленьня Полацку ў 1579 г. ад маскоўскай акупацыі ўсё часьцей у сьвядомасьці тубыльцаў асацыяваліся зь «Белай Русьсю». І ўжо на пачатку XVII cт. можна вызначыць яе межы ў гэтым рэгіёне: «Вярхоўе» з Полацкам, Віцебскам, Магілёвам і «панізоўскія землі» з Гомелем, Крычавам, Прапойскам. Так «Белай Русьсю» стала ўся тэрыторыя Русі XVI ст. у ВКЛ пасьля Люблінскай уніі.

ІV. Эпоха Рэфармацыі. Кардынальныя перамены ў этнічна‑рэлігійных стэрэатыпах у ВКЛ, рост нацыянальных пачуцьцяў. Пра прыналежнасьць да Беларусі заявілі пратэстанты. Першы акрэсьліў сябе «беларусам» кальвініст Саламон Рысінскі: 2 снежня 1586 г. ён запісаўся на навуку ў Альтдорфскі ўнівэрсытэт як Solomo Pantherus Leucorussus. Падобныя погляды ахоплівалі ўсё шырэйшыя колы адукаванага насельніцва ВКЛ, асабліва «беларускай» часткі. Замацаваньне сармацкай культуры ў жыцьці Рэчы Паспалітай не абмінула і ўсходнія тэрыторыі. Менавіта ў сармацкай культуры карані беларускай нацыянальнай ідэі, мяркуе А.Латышонак.

V. Усходнія палкоўнікі ў сярэдзіне XVIІ ст. на мяжы Казаччыны, Маскоўшчыны, ВКЛ, Польшчы зразумелі ідэалягічную патрэбу вылучацца сярод іншых. Зьяўленьне беларускай дзяржаўнай ідэі А.Латышонак зьвязвае з асобай палкоўніка Канстанціна Паклонскага, якога прапануе назваць першым, па сутнасьці, беларускім палітыкам. У сярэдзіне XVIІ ст. ён намагаўся стварыць на тэрыторыі Белай Русі аўтаномную дзяржаўную адзінку накшталт Запароскай Сечы. На жаль, К.Паклонскі быў самотным у сваіх памкненьнях, яго не падтрымала насельніцтва і праігнаравала шляхта.

VI. У XVIІІ ст. «Беларусь, беларускі» — пашыраны палітыка‑адміністрацыйна‑культурны назоў: «беларускія войскі», «беларускія адміністрацыйныя і канфэсійныя адзінкі». А.Латышонак мае рацыю: расейцы ў акупацыйнай палітыцы выкарысталі мэнтальна‑ідэалягічную сытуацыю доўгачасовага (ад сярэдзіны XVIІ ст.) існаваньня «беларускасьці» на землях, далучаных да Расейскай імпэрыі ў 1772 г. Аднак беларуская сьвядомасьць у катэгорыях нацыянальнай самаідэнтыфікацыі яшчэ не сфармавалася ў той час. Гэта было адкладзена на ХІХ ст.

VIІ. Сучасны беларускі народ сфармаваўся як з праваслаўных нашчадкаў русаў, так і каталіцкіх нашчадкаў ліцьвінаў. Таму падзел на праваслаўных і каталікоў быў адной з галоўных перашкод у стварэньні мадэрнага народу. Падвалінамі беларускай нацыянальнай ідэі зьяўляюцца агульная мова, культура і агульная гісторыя, якая пачынае канструявацца з другой паловы ХІХ ст. Якраз фармаваньне супольнай гістарычнай візіі ў новы час было самым цяжкім. На думку А.Латышонка, у адрозьненьне ад ліцьвінаў і каронных русаў (украінцаў), беларускае насельніцтва ВКЛ ня мела тады моцнай гістарычнай традыцыі. Для ліцьвінаў — гэта віленская традыцыя, для украінцаў — кіеўская. Для беларусаў лягічнаю была б полацкая з выбранымі фрагмэнтамі віленскай і кіеўскай. Аднак ужо на пачатку XVI ст. ліцьвіны напісалі ўласную гісторыю ВКЛ, вынішчаючы зь яе ўсялякія ўзгадкі пра полацкую дзяржаўнасьць. Літоўскую вэрсію гісторыі беларускіх земляў спапулярызаваў Мацей Стрыйкоўскі ў сваёй «Хроніцы», якая доўгі час была адзінай крыніцай гістарычных ведаў і для русінаў ВКЛ. Пададзеныя вышэй разважаньні прыводзяць А.Латышонка да канстатацыі: галоўнай прычынай, чаму беларускі народ не сфармаваўся ў найноўшы час, была не слабая нацыянальная сьвядомасьць насельніцтва Беларусі, а наадварот — моцная руская ці літоўская нацыянальная сьвядомасьць.

Кожная з названых тэзаў павінна яшчэ не аднойчы быць прааналізаваная, адчутая, нават адмоўленая. Застаецца неверагодна прыемны фрагмэнт: пра Беларусь зноў напісана сапраўдным беларусам. А як мы баімся пра гэта сказаць ва ўнівэрсытэцкіх аўдыторыях, у акадэмічных інстытутах, на тэлебачаньні і радыё.

Кнігі пра Канстанціна Паклонскага, Саламона Рысінскага, гістарычную памяць і гістарычную сьвядомасьць шляхты, мяшчанства, сьвятарства ВКЛ, сутнасьць і формы сармацкай культуры павінны быць першачарговымі заданьнямі для дасьледчыкаў. Для беларускай гісторыяграфічнай традыцыі важнейшым зьяўляецца дасьледаваньне позьнесярэднявечнага зладзейства Аляксандра Гваньіні, які скраў тэкст у Мацея Стрыйкоўскага, чым сучаснае прызнаньне, што акадэмічны Інстытут гісторыі гэтым фактам не цікавіцца.

Oleg Łatyszonek. Od Rusinów Białych do Białorusinów. U źródeł białoruskiej idei narodowej. – Białystok 2006.

Кніга Алега Латышонка — прыклад рэалізацыі натуральнай прагі ведаць пра сябе больш, чым прапануе афіцыйная ідэалёгія. Генадзь Сагановіч, Алесь Белы, Ігар Марзалюк, Алесь Краўцэвіч, Павал Церашковіч, Алесь Смалянчук, Валерка Булгакаў — сваёй творчасьцю ўзбагацілі ўласна беларускую гістарыясофію па пытаньнях паходжаньня, станаўленьня і праяўленьня «беларускасьці». Але толькі А.Латышонак, у гэтай кнізе, дадаў упэўненасьці беларускай нацыянальнай ідэі.

Генадзь Семянчук, Горадня

Глядзі яшчэ:
Латышонку — паўстагодзьдзя
Палямон. Коды легенды

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0