На сайце ФПБ разьмешчана інфармацыя пра міжнародную падтрымку беларускіх афіцыйных прафсаюзаў у сувязі з магчымым пазбаўленьнем Беларусі гандлёвых прэфэрэнцый. Міжнароднае аб’яднаньне прафсаюзаў мэталістаў (МАП) заявіла, што подпісы яго чальцоў пад зваротам у падтрымку ФПБ сфальшаваныя.

Пра фальшаваньне подпісаў чальцоў МАП паведаміў старшыня гэтай арганізацыі Мікалай Шатохін. У сувязі з гэтым старшыня Фэдэрацыі незалежных прафсаюзаў Расеі Міхаіл Шмакаў накіраваў ліст кіраўніку Фэдэрацыі прафсаюзай беларускай Леаніду Козіку. На думку М. Шмакава, выдаленьне Беларусі зь ліку карыстальнікаў Абагуленай сыстэмы тарыфных прэфэрэнцыяў Эўразьвязу стала магчымым дзякуючы «непрыхаванаму нежаданьню ўраду Беларусі выконваць Канвэнцыі Міжнароднай арганізацыі працы, прыслухацца да рэкамэндацыяў Камісіі па расьледаваньні», і таму «вастрыё нашай прафсаюзнай акцыі павінна быць, найперш, скіравана супраць такой пазыцыі ўраду, у абарону агульнапрызнаных ва ўсім сьвеце правоў прафсаюзаў». Старшыня ФНПР лічыць адзіна магчымым выйсьцем з сытуацыі выкананьне ўсіх патрабаваньняў Камісіі Міжнароднай арганізацыі працы.

Паводле «Салідарнасці»

Фатаздымак кіраўніка ФПБ Леаніда Козіка з сайту Палаты прадстаўнікоў

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0