Каля 20 тысяч подпісаў сабрана зь сярэдзіны сакавіка пад зваротам да кіраўніка дзяржавы за вяртанне вернікам комплексу будынкаў мінскага кляштара бернардзінцаў, размешчаных па вуліцы Кірыла і Мяфодзія, 4, 6, 8.

Як паведаміла БелаПАН член камітэта рымска-каталіцкай абшчыны святога Язэпа Івона Мацукевіч, толькі праз абшчыну прайшло 10.126 подпісаў, адрасаваных Адміністрацыі прэзідэнта. "Прыкладна такая ж колькасць подпісаў была сабрана ў розных гарадах краіны і накіравана кіраўніку дзяржавы, мінуючы нашу абшчыну", - расказала І.Мацукевіч.

Паводле яе слоў, 28 мая члены камітэта абшчыны сустракаліся са старшынёй Мінскага гарвыканкама Міхаілам Паўлавым. "З гутаркі нам сталі вядомыя вынікі пасяджэння міжведамаснай камісіі для вывучэння пытання аб запланаванай рэканструкцыі аб'ектаў былога кляштара, створанай рашэннем Адміністрацыі прэзідэнта, і абследавання будынкаў спецыялістамі Міністэрства культуры. Так, у прыватнасці, чыноўнікі Мінкульта вынеслі рашэнне, што комплекс можа быць рэканструяваны па меркаванні ўладаў, паколькі 142 гады будынкі кляштара выкарыстоўваліся не па прызначэнні. Далей Міхаіл Паўлаў запэўніў нас, што рэканструкцыя будынка касцёла не пацягне за сабой апаганьвання рэлігійных пачуццяў вернікаў", - сказала І.Мацукевіч. На яе ж думку, у культавым будынку заўсёды прысутнічае Бог і ён навечна застанецца святыняй для вернікаў.

Збор подпісаў пад зваротам да прэзідэнта пачаўся пасля таго, як стала вядома аб планах Мінгарвыканкама перадаць будынкі кляштара інвестарам для іх рэканструкцыі і прыстасавання пад гасцінічны комплекс і аб'екты гандлёва-бытавога прызначэння. Кляштар, пабудаваны на сродкі дабрачынцаў, а не казны, быў канфіскаваны ў 1864 годзе ўладамі Расійскай імперыі пасля падаўлення нацыянальна-вызвольнага паўстання супраць рускага царызму пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. У будынку былога храма дагэтуль размяшчаюцца Беларускі дзяржаўны архіў навукова-тэхнічнай дакументацыі і Беларускі дзяржаўны архіў-музей літаратуры і мастацтва. З будынкаў кляштара выселены службы ваеннай камендатуры і пракуратуры.

З 19 сакавіка 2005 года абшчына святога Язэпа праводзіць штодзённыя малебны за вяртанне святыні вернікам.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?