ГОЛАС КАМБЕДАЎСКАЕ ГАРДЫНІ

У афiцыёзных менскiх газэтах, дзе цэлыя развароты забiтыя рынкавай рэклямай мэталапракату, кампрэсараў i аўтапагрузчыкаў, побач, на рэдакцыйных старонках, кiдаецца ў вочы заўзятае ганьбаваньне капiталiзму. Вядома, iлюзiя спажывецкага рынку шчодра аплочваецца рэклямадаўцамi, якiя ня могуць не даваць у прэзыдэнцкую газэту. У сваю чаргу, публiка атрымлiвае менавiта тое, што яна хоча чытаць. Вайна з iлюзiяй рынку аплочаная падпiсчыкамi. Загалоўкi артыкулаў накшталт «Заложники мафиозного капитализма» ствараюць iлюзiю адзiнства газэты i пакрыўджанага гэтым самым капiталiзмам чытача.

Мiж тым, у Беларусi няма анi калiва нiякага капiталiзму. Тут пануе мадэль лiбэральнага антыкапiталiзму, г.зн. стрымана ўвасабляюцца ў жыцьцё камбедаўскія ўяўленьнi i стэрэатыпы. Затое ў афiцыёзным друку, у дзяржаўнай iдэалёгii гэтая стрыманасьць зьнiкае i пакрыўджаная камбедаўская душа разгортваецца на ўсю шырыню.

Нагадаю, што камбеды — гэта камiтэты беднаты, якiя пасьля рэвалюцыi 17-га году ўвасаблялi трыюмф поўнай i безумоўнай фiзычнай перамогi пралетарыяту над усiмi астатнiмi.

***

Капiталiзм — гэта павага да капiталу, заробленага цяжкай працай i талентам. Камбедаўшчына — гэта высьмейваньне капiталу, а разам i ўскоснае гыгыканьне з таго, хто гарбацiцца, укалвае, працуе. Вось пасаж са старонак прэзыдэнцкай газэты:

«Хоць i спрытныя хлопцы — перагоншчыкi замежных аўтамабiляў, але i яны нярэдка трапляюць у пастку. Калi ўдалося адкупiцца цi ўцячы ад рэкецiраў на дарогах Польшчы, то тут, на мытнi, можна адным махам пазбавiцца нажытага».

У падобных цытатах мяне найперш цiкавiць iнтанацыя. Аўтар iранiзуе зь перагоншчыкаў i праз гэта салiдарызуецца хутчэй з польскiмi рэкецiрамi або з мытнiкамi, якiя гатовыя нахрапам адабраць нажытае майно. Што да перагоншчыкаў, якiя трапiлi ў бяду, то зь пяра журналiста ледзь не зрываецца лягiчнае: так iм i трэба!

Я анi разу не сустракаў у газэтах хоць бы самага малога спачуваньня гэтым самым перагоншчыкам, якiя бясконца рызыкуюць, начамi прастойваюць на мытнях i даходы якiх не назавеш звышдаходамi. Так мазольна нажываецца капiтал, у прынцыпе, капiтал Беларусi, бо грошы мусяць укладацца дома. Зь iншага боку большым, разнастайным i якасьнейшым робiцца аўтамабiльны парк краiны. Але пра гэта камбедаўцы ня думаюць. Яны чытаюць пра польскi рэкет i прыгаворваюць: ага, а чаго лезьлi, сядзелi б, як я, дома i чакалi палёгкi ад прэзыдэнта.

Лiтаральна такiм духам прасякнутыя радкi з адкрытага лiста Лукашэнку, якi прэзыдэнцкая газэта зьмясьцiла на першай старонцы пад назвай «Пусть все знают, кто по-настоящему помогает людям!» Зьвярнiце ўвагу на пасыл: «Пусть все знают», так iм i трэба. Але вось сам лiст. Дэпутат жодзiнскага гарсавету пiша:

«Паважаны Аляксандар Рыгоравiч!

Зьвяртаецца да Вас старшыня ЖБК-19 горада Жодзiна. Дзякуючы Вашаму актыўнаму ўдзелу ў Жодзiне пабудаваны шматкватэрны дом, якi быў заплянаваны яшчэ пры Шушкевiчы, але тады далей словаў справа ня зрушылася. Куды толькi мы не зьвярталiся, нiхто нам не дапамог. Я добра памятаю нашу сустрэчу з Вамi, Аляксандар Рыгоравiч, калi Вы прыяжджалi да нас у Жодзiна як кандыдат у прэзыдэнты. I ў асабiстай гутарцы адзiн на адзiн, i пры звароце да Вас у зале ДК БелАЗу мы, члены ЖБК, адразу зразумелi, што Вы абяцаньнi на вецер ня кiдаеце».

У чым менавiта выразiлася дапамога прэзыдэнта жыльлёва-будаўнiчаму каапэратыву з Жодзiна — не гаворыцца. Можа быць, ЖБК быў вызвалены ад падаткаў? Цi можа атрымаў iльготны крэдыт? Не, пра такiя рэчы размовы няма. Бо тады б не было часу пiсаць чыста палiтычныя падзякi, трэба было б зарабляць, каб разьлiчыцца з крэдыторам. Але ў сфэры камандавай эканомiкi прэзыдэнцкая дапамога паступае праз тэлефон. Аказваецца iм, жэбэкоўцам, супрацьдзеіў нейкi кiраўнiк горада. Вось што пiша старшыня ЖБК. Зьвярнiце ўвагу на антытэзу:

«Нягледзячы на актыўнае процiдзеяньне з боку тагачаснага кiраўнiка горада, я цьвёрда сказаў Вам, што Вы будзеце прэзыдэнтам».

Сам эканамiчны мэханiзм, як i за савецкiм часам, схаваны за шырмай намэнклятурных гульняў. Камбедаўцы грэблiва пазьбягаюць згадваньня грошай i фiнансава-крэдытных дачыненьняў. Новыя дамы паўстаюць або не паўстаюць з тэлефоннага званка прэзыдэнта, ва ўсiм прысутнiчае дух чараўнiцтва, казка ператвараецца або не ператвараецца ў рэчаiснасьць.

Народ не адчувае патрэбы ў рэформах, у шырэйшых магчымасьцях гаспадараваньня, у скiдках i крэдытах, у неўмяшальнiцтве дзяржавы. Наадварот, у краiне мусiць быць начальства зь неабмежаванымi, фантастычнымi магчымасьцямi. Народ прыйдзе, заб’е чалом, а добры джын-прэзыдэнт здыме слухаўку i скажа ў тэлефон: крыбле-крабле-бумс. Грошы — рублi, маркi, даляры — сапраўды выглядаюць як абраза для такiх дачыненьняў.

Гэта пацьвярджае i аўтар сучаснага беларускага ладу — камбедаўшчыны. На нядаўняй вiленскай прэсканфэрэнцыi назаўтра пасьля лiквiдацыi Беларускага Фонду Сораса Лукашэнку спыталi: «Як Вы думаеце, цi зможа фонд Сораса калi-небудзь працягнуць дзейнасьць у Вашай краiне?» Адказ быў такi:

«Знаеце, мы яго не закрывалi. Пусьць заплацiт у казну 3 млн. долараў, каторыя должан, i работает. Часта паўтарают, што фонд аказаў гуманiтарную помашч Беларусii на 30 млн. долараў. Магу севодня афiцыальна заявiць: не нужны нам большэ мiлiоны долараў, не нужны, спасiба за благатварыцельнасьць».

Так гучыць голас чыстае камбедаўскае гардынi. «Нам не нужны вашы грошы». Згадваецца iншае Лукашэнкава выказваньне: «беларускi народ будзет жыць плоха, но не долга».

Джордж Сорас даваў грошы на мэдыцыну, экалёгiю i культуру, якiя ня можа забясьпечыць дзяржава. За гэта дзяржава яшчэ й абклала Сораса падаткамi. Сорас зачынiўся, разам зь iм скончылiся i многiя культурныя iнiцыятывы. Прычым скончыцца iм зноў жа дапамагае дзяржава. Менавiта за Лукашэнкам непамерныя падаткi леглi на плечы ўсiх нацыянальных культурных выданьняў i iнстытуцыяў, паводле прыроды сваёй датацыйных i несамаакупных.

Як гэта яшчэ можна назваць, як не самаедзтвам у дзяржаўным маштабе? Але камбедаўшчына нiколi не сябравала з культурай. Яе, культуру, так сказаць, на хлеб не намажаш. I тут я прывяду яшчэ адну цытату са згаданае прэсканфэрэнцыi менскага прэзыдэнта. Пытаньне: «Саюз пiсьменьнiкаў Беларусi паведамiў лiтоўскiм калегам, што ў яго зьбiраюцца адняць дом лiтаратараў для патрэбаў дзяржавы. Цi так гэта?» Адказ:

«Мы нiкагда нiчыво нi у каво не аднiмалi. В том чысьле i у беларускiх пiсацелей. Хацелась бы знаць, аткуда вы палучылi такую iнфармацыю. Вiдзiма кто-та заiнцерэсован в ее распрастраненii».

***

Мiж iншым, камбедаўшчына мае ня толькi сацыяльнае i палiтычнае, але i псыхалягiчнае вытлумачэньне. Гэта стан апрыёрнай пакрыўджанасьцi, дарэчы, шырока распаўсюджаны сярод беларусаў. Вас яшчэ нiхто не пакрыўдзiў, але штосьцi такое ўжо ўявiлася, нейкi намёк i вы прымаеце ня тое што неадэкватныя, але максымальныя меры ў адказ. Такое часта бывае ў дзяцей. Хлопчыку робяць вельмi тактоўную заўвагу, а ён рэзка адварочваецца, надзiмае губы i кажа: вось памру, будзеце тады плакаць.

Згаданы вышэй прэзыдэнт электарату мiжволi агучвае i праводзiць у жыцьцё тое, што глыбока схавана ў народнай душы — самаадмаўленьне, якое складаецца з адмаўленьня любой маёмасьцi — цi то грошай, цi то роднай мовы. Прычым гэта датычыць ня толькi афiцыёзнае прэсы i прэзыдэнта. Апазыцыйныя палiтыкi i газэты, якiя дбаюць пра рэйтынг i тыражы, таксама прасякаюцца згаданым нацыянальным самаедзтвам. У загалоўках i iнтанацыях незалежнай прэсы мы ня знойдзем анi пашаны перад тым, хто цяжкай працай зарабляе свой капiтал, анi вымоўных прыкладаў — як гэты капiтал можаш зарабiць ты, чытач. Затое i на гэтых старонках побач з ганьбаваньнем прэзыдэнта колькi заўгодна той самай усепаглынальнай пакрыўджанасьцi, вельмi часта, паўтаруся, апрыёрнай i беспрычыннай. Пакрыўджанасьцi, якая апярэджвае саму крыўду.

Увогуле беларус — чалавек вельмi тонкай душэўнай арганiзацыi. Ён даўно i глыбока пакрыўджаны на капiталiзм, або, скажам, на NATO. Сёньня ён разьвiвае ў сабе глыбокую ўнутраную пакрыўджанасьць на расейцаў.

Камбедаўшчына — гэта ўвогуле расейская вынаходка. Як i сацыялiстычны iнтэрнацыяналiзм. Але найлепш яны прыжылiся менавiта на нашай нацыянальнай глебе i менавiта з-за нашай унутранай схiльнасьцi да самазьяданьня i самапрынiжэньня. Бо i камбеды, i iнтэрнацыянал — гэта нi што iншае, як сацыяльнае i нацыянальнае самаадмаўленьне.

Усё вышэйсказанае тлумачыць, чаму ў Беларусi так дрэнна засвойваюцца антыкамунiстычныя, дэмакратычныя i рынкавыя iдэi i рэформы. Прычына, магчыма, ня ў цёмнасьцi i забiтасьцi народа, а ў ягоных глыбiнных псыхалягiчных характарыстыках. Гэтыя дзiцячыя рысы сьведчаць пра нясталасьць таго, што Лукашэнка часта называе «менталiцетам».

У кантактах з вонкавым сьветам мы — i афiцыёз, i апазыцыя —часта адварочваемся сьпiнаю i кажам да месца цi не да месца: вось памрэм, будзеце тады ведаць.

Што праўда, у псыхалёгii такая пакрыўджанасьць нiколi не сканчаецца суiцыдам. Наадварот, у дзяцей яна выклiканая нi чым iншым, як эгацэнтрычнай любоўю да сябе i жаданьнем зьвярнуць на сябе ўвагу. Гэта нi што iншае як пашыраны ўзроставы iнфантылiзм. У нашым выпадку — нацыянальны. Рана цi позна ён перарастаецца i дзiця становiцца дарослым чалавекам.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0