ПОШТА


Успамiны аб будучынi

Ня тое мы робiм! Далоў пiкеты, мiтынгi, тусоўкi, сэмiнары, курсы!.. Пакiнем Лукашэнку сам-на-сам зь ягоным электаратам. Няхай злучае Менск з Масквой, а Беларусь з Расеяй. Ня трэба «ўводзiць» гiстарычную тапанiмiку «Лiтва», як прапануе Аляксандар Моргун з Баранавiчаў. Ага, шустры! Баранавiчы —сталiца Лiтвы! Маё Глыбокае — ня горш. Напалеон назваў яго «другiм Парыжам»!

Некалi я таксама хварэў на рамантызм. Вось прыйдзем да ўлады, паедзем у Гаагу, у мiжнародны арбiтраж, адсудзiм у летувiсаў Вiльню i назоў Лiтва, а ў расейцаў — усе землi нашыя, якiя «ляжаць у 107-мi вярстах» не даходзячы Масквы. Цяпер разумею: дарэмна, нiколi гэтага ня будзе! Тады навошта жыць? — пытаю я сам сябе. Пятлю на шыю? Цi можа перажыць усё гэта сапраўдны беларускi нацыяналiст? Няўжо зноў у акопы? У лясы? Змагацца!

Ужо ня першы год, ня першы раз у розных газэтах чытаю, што хутка будзе канец сьвету. Вось прыклады: газэта «Звязда» за 31 кастрычнiка г.г. прарочыць канец сьвету ў 2014 годзе, а газэта «Сенсация» №11 (31) за г.г. iдзе яшчэ далей (прабачце! блiжэй!) i прарочыць словамi Настрадамуса: «Год 1999, седьмой месяц, с неба придёт великий царь Ужаса...»

«Той, хто мае вушы, няхай пачуе». А што, калi гэта ўсё ёсьць праўдай! Вернецца, як заўсёды, праз 1728 гадоў мiтычная плянэта Фаэтон, якая колiсь пахавала Атлянтыду, «замардавала» дыназаўраў, мамантаў i краманьёнцаў... Казалi ж эгiпецкiя жрацы Саламону: «... ужо былi i яшчэ будуць шматкроць i розныя выпадкi пагiбелi людзей, i прытым самыя жахлiвыя — з-за агню i вады...»

Засталося, як кажуць, з «гулькiн нос». Гады паўтары! Беларусы, прытым сьведамыя, павiнны быць разумнейшымi. Кiдайма пiкеты i мiтынгi! Будуйма каўчэг! Няхай лукашэнкi, шэйманы, цiцянковы i замяталiны са сваiм разумным электаратам змагаюцца зь землятрусамi, патопамi i цунамi. Гэта ня наша справа.

Запiсвайма на касэты, дыскеты, мiкрафiльмы ўсю беларускую спадчыну: гiсторыю, мiты, паданьнi, помнiкi пiсьменства, архiтэктуры i ўсё астатняе, што можна задакумэнтаваць, пакласьцi ў прабiркi i колбы, закаркаваць у бутэлькi.

Мы вернемся, можа, нават з космасу, на лятальных талерках (вобразны «Ноеў каўчэг»), i над пустэльнымi скалiстымi выспамi ўзьнясём бел-чырвона-белыя сьцягi. Мы створым новы мiт пра «белых русаў» з плянэты Лiтва, якiя сышлi зь нябёсаў i стварылi пасьля патопу на Зямлi цывiлiзацыю. Усё будзе нашым — ад мора да мора! Паўсюль — адна толькi беларуская мова (хай сабе яе назавуць лiтвiнскай), i бел-чырвона-белыя сьцягi , i «Пагонi» — на палацах, на ратушах, над пляцамi, над хатамi i хмарачосамi. I так бясконца, тысячы гадоў далей.

Вось якая наша стратэгiчная задача! Не пiкеты, ня мiтынгi, а — КАЎЧЭГ! Хай А.Г. са сваiм электаратам праводзiць выбары, рэфэрэндумы, славянскiя рынкi (цi базары), саюзы i хаўрусы. Ня лезем, мальцы, туды! Ня наша справа. Нам трэба сьпяшацца, а то атрымаецца, як у тым анэкдоце. Пачынаецца патоп. Рабiн стаiць ля сынагогi. Плыве човен зь людзьмi, яны гукаюць: «Рабiн, садзiся ў човен, бо патопiсься!» «Не! Бог мяне любiць, ня дасьць загiнуць,» — кажа Рабiн. Вада падступае ўжо да вакон. Плыве другi човен: «Рабiн, давай хутчэй у човен! Патопiсься!» «Не! Бог мяне любiць! Ня дасьць загiнуць!» Рабiн ужо на даху бажнiцы. Плыве трэцi човен: «Рабiн, давай хутчэй у човен!» «Не! Бог мяне любiць! Ня дасьць загiнуць!» На тым сьвеце Рабiн кажа: «Божа, я ж цябе так любiў! Чаму Ты даў мне загiнуць?» Бог кажа:«Я ж табе тры разы човен пасылаў, а ты не схацеў ратавацца! Чаго цяпер гневаесься!»

Жыве супэр-беларуская цывiлiзацыя!

Мiкола Самавiты

Глыбокае


Шаноўныя спадарове!

Калi пытаю ў сябе, што выбраць: закасьнеласьць i заскарузласьць, «заiмшэласьць» саўковабеларускiх тэкстаў цi эквiлiбр новабеларусаў, то выбiраю апошняе, бо ёсьць надзея, што эквiлiбрыст пройдзе свой тэкст да канца i пройдзе прыгожа.

Гэта значыць, я выбiраю стыль «Нашай Нiвы». Але балянсаваньне на канаце ня можа быць нормай надоўга. Пара ўжо сталець i хадзiць па зямлi, а экспэрымэнтальным тэкстам адводзiць адпаведную рубрыку. Скажам, «Рызыкоўны эквiлiбр» альбо «Мастацкае катаньне на каньках — адвольная праграма паводле Зыгмунта Фройда». Тады будзе зразумелым падзеньне альбо шэраг падзеньняў пры выкананьнi супэрэлемэнтаў.

Ну вось узялiся Вашыя аўтары раскручваць тэму аднаполага каханьня. I так адразу вобзем! Згадзiцеся, пэўная афарыстычнасьць ёсьць у формуле: «У адрозьненьне ад сэксуальных меншасьцяў, беларуская меншасьць у Беларусi мае шанец стаць большасьцяй».

Аднак у «НН» мы чытаем пра натуральны стан таго, што сэксуальныя меншасьцi, як i ўсялякiя iншыя, маюць вэктар, скiраваны ў бок пераўтварэньня ў большасьць (№27-28 за г.г.).

Пойдзем ад адваротнага. Калi гэтае няшчасьце з намi здарыцца, i геi ды лесьбiянкi стануць большасьцяй — чалавецтва ж вымра праз колькi дзясяткаў гадоў. Што ж тут натуральнага?

Здаровы сэнс — вось крытэр усялякага эквiлiбру.

Яўген Бяласiн,

Берасьце


Паважаная рэдакцыя,

Ня маючы належнага таленту для напiсаньня артыкулу, прапаную Вашай увазе некаторыя матэрыялы. Прашу зацiкавiцца нiжэйзгаданым, бо лiчу ўсё вельмi важным, тым, што адлюстроўвае цяперашняе рэлiгiйнае i палiтычнае становiшча.

У в. Сёмкаў Гарадок пад Менскам iснуе паўразбураны касьцёл. Некалькi дзесяцiгодзьдзяў таму Сёмкаў быў Хмарыным гарадком — ад iмя ўласьнiка Хмары. Да II-й сусьветнай вайны касьцёл перадалi Расейскай Праваслаўнай Царкве, а потым, недзе ў пачатку 70-х будынак быў той жа РПЦ разрабаваны, усё начыньне вывезенае ў сабор Сьвятога Духа (тады плошча 8-га сакавiка). Помнiк пачаў разбурацца.

Улетку 1996 году ў Сёмкавым Гарадку зьявiлiся два сьвятары, прадстаўнiкi Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы. Цэлы год яны плённа працавалi, абудзiлi значную частку жыхароў ад атэiстычнага сну. Будынак быў расчышчаны людзкiмi рукамi, падрыхтаваны да прафэсiйнай працы рэстаўратараў. У нядзелi i сьвяты iшлi набажэнствы. Далей пачынаецца цiкавае. Да ўладаў даходзяць зьвесткi, што мае адбыцца аднаўленьне самога будынку, што на гэта зьбiраюцца сродкi. Некалькi мясцовых замбiраваных беларусафобаў прывозяць у Сёмкаў Гарадок нейкага «законнага» сьвятара з паперамi ад «властей». Асноўная частка жыхароў не прыняла яго i не пусьцiла да крыжа нават тады, калi расейскi поп прыехаў з брыгадай малойцаў з СС «Белая Русь» i спрабаваў прарвацца праз агароджу могiлак. Самi разумееце, што паглядзеўшы на тое, як цэлымi мiкрааўтобусамi прывозяць невядомых «змагароў за расейскую веру», людзi зьвярнулiся па дапамогу да БНФ. Прыехаўшы ў адну зь нядзеляў да касьцёлу, кiраўнiк адной з дружынаў БНФ паглядзеў на ўсё сваiмi вачыма i сказаў: «У вас тут гарачэй, чым у Менску». Абяцаў далейшую дапамогу. Дарэчы, некалькi разоў пытаньне ўздымалася на Соймах БНФ. Але ўсё загаворваецца кiмсьцi. Падтрымкi нiякай. У той жа час па Сёмкавым Гарадку езьдзяць агiтатары на iншамарках i раздаюць агiткi з фальсыфiкацыямi як пра сьвятароў БАПЦ, так i пра царкву ўвогуле.

У канцы лiста адзначу, што, на маю думку, ёсьць сувязь памiж ахалоджаньнем адносiнаў Фронту да людзей у Сёмкавым Гарадку i да БАПЦ як альтэрнатывы РПЦ i саборам у Маскве, дзе Фiларэт некалькi гадзiнаў даваў адказ на пытаньне Алексiя: «Што там у вас у Беларусi робiцца?»

Так што чакаем Вас, калi ласка. Сёмкаў Гарадок, кожная нядзеля, 10.00, каля царквы.

Вадзiм

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0