Чалавек, якi можа сумленна глядзець у вочы любому беларусу...

6 лiстапада ў Рэзыдэнцыi Беларускага Народнага Фронту «Адраджэньне» адбылася вечарына, прысьвечаная 60-м угодкам мастака й грамадзкага дзеяча Яўгена Кулiка. Я.Кулiк нарадзiўся ў Менску, скончыў Менскую мастацкую вучэльню i Беларускую акадэмiю мастацтваў (аддзяленьне жывапiсу) ў 1963 годзе. Сябра Беларускага Саюзу мастакоў. Працуе ў галiне кнiжнай i станковай графiкi. Тэма твораў — беларуская гiсторыя i культура. Аўтар шэрагу хрэстаматыйна вядомых твораў.

Вялi вечарыну Аляксей Марачкiн i Мiкола Купава. Юбiляра вiншавалi Васiль Быкаў, Лявон Баршчэўскi, Юры Хадыка, Рыгор Барадулiн ды іншыя.

Вiнцук Вячорка: «... Вы бралi на сябе мiсiю iдэйнага натхненьня беларускага нацыянальнага вызваленьня... Iдэальны мастацкi густ. Калi мастацкую зьяву ацанiў Яўген Кулiк, ухвалiў яе, то гэта рэч вартая жыцьця, вартая Беларусi... I, напэўна, самы важны ўрок, якi я ўзяў ад Вас — гэта вернасьць, каменная цьвёрдасьць i адданасьць беларускай iдэi».

Уладзiмер Вiшнеўскi, мастак-графiк, акадэмiк Беларускай акадэмii мастацтва: «Для нашага пакаленьня Яўген Сяргеевiч Кулiк быў як бы патрыярхам найноўшага адраджэньня беларускай сьвядомасьцi. Ва ўсякiм разе для нашага пакаленьня мастакоў, якiя прыйшлi зь вядомай школы-iнтэрната Ахрэмчыка. Быў як бы зоркай для нас».

Нiл Гiлевiч: «Каб мне прыйшлося знаёмiць некага зь Яўгенам Кулiком, я сказаў бы: вось чалавек, якi можа зусiм спакойна, сумленна глядзець у вочы любому беларусу i ўсяму беларускаму народу, i ўсёй сiнявокай нашай Беларусi. I я думаю, што мы будзем жыць. Зыйдзе ўся гэтая шумапена, уся шумамець, гэты бруд. Можа быць, пройдзе вялiкi час, доўгi час. 100 гадоў... I тады глянуць на партрэт Кулiка i скажуць: вось чалавек, якi ўсiм сваiм жыцьцём заслужыў права сумленна глядзець у вочы нам, нашчадкам, у нашай новай свабоднай навек Беларусi. Гэта нямала. Я ганаруся нашым знаёмствам, тым, што мы разам змагаемся».

Анатоль Кляшчук, фатограф-мастак: «... Лiчу яго сваiм духоўным настаўнiкам. Гэты чалавек навучыў мяне цанiць каштоўнасьцi. Калi мне нешта ўдаецца ў фатаграфii, то ў лепшых здымках ёсьць часьцiнка ягонае навукi».

Эдуард Агуновiч, мастак-музэограф: «Успамiнаецца ягоная майстэрня, там ня толькi зарадзiлася ядро выставак, iдэi выставак. Яўген Кулiк iх задумваў. А мы iх выконвалi. Успамiнаюцца тыя пытаньнi, якiя мы абмяркоўвалi. Памятаю, як гадзiньнiк, якi не працаваў, раптам забiў на сьцяне. Я дзякую лёсу, што сустрэў яго ў сваiм жыцьцi, i ён адыграў вялiкую ролю ў тым, што я стаў мастаком-музэйнiкам».

Мая Янiцкая, гiсторык мастацтва: «Вы стаялi ля вытокаў нашага адраджэньня. I я ўдзячная Ўладзiмеру Караткевiчу, што ён пазнаёмiў мяне з Валянцiнам Ждановiчам, а той з вамi... вы выдатны беларускi мастак. Я параўноўваю Вас з Напалеонам Ордам».

Сулкоўскi Ўладзiмер: «... Як цяжка арганiзаваць другога мастака. Трэба прыкласьцi шмат энэргii, свайго ўласнага часу...»

Леў Мiрачыцкi, гiсторык: «Вы прадаўжальнiк справы Драздовiча i Сергiевiча, Паўловiча i Орды».

Рыгор Барадулiн, паэт: «... Мая мама цябе дужа любiла. Ты аформiў адну маю кнiжку з партрэтам мамы».

Яўген Кулiк: «... У маiм жыцьцi гэта вялiкая падзея, i вашае слова выклiкае ў мяне гордасьць i шчасьце. Я ўсiм рады. Усе мы за адну справу. За культуру, за нашу мову. I галоўнае — за нашу незалежнасьць. Салодкае слова свабода, але яно горкае, калi не свабодная бацькаўшчына. Дык за вольную бацькаўшчыну, за вольную Беларусь. Жыве Беларусь вольная, незалежная i дэмакратычная. А перамога будзе за намi. Што датычыцца майго юбiлею, дык юбiлеi прыходзяць i адыходзяць, а заўтра мы ўпрагаемся ў працу, заўтра ў нас сойм i зноў наша барацьба. Няхай яна доўжыцца да таго часу, пакуль мы не пераможам. А мы пераможам. А мы пераможам».

Генадзь Сакалоў-Кубай

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0