За болевым парогам

Фальклёр у запiсах Яна Чачота i братоў Тышкевiчаў. — Менск: Навука i тэхнiка, 1997. Сэрыя «Беларуская народная творчасьць».

Кнiга «Фальклёр у запiсах Яна Чачота i братоў Тышкевiчаў» нядаўна выйшла ў акадэмiчнай сэрыi «Беларуская народнай творчасьць». Усе творы запiсаныя ў пачатку мiнулага стагодзьдзя i зьяўляюцца першакрынiцай сьведчаньняў пра тое, што было з нашай краiнай i нашымi продкамi амаль дзьвесьце гадоў назад, калi Беларусь была захопленая Расеяй, але яшчэ ня страцiла свайго ўласнага аблiчча.

На жаль, для многiх сучасных беларусаў такая кнiга — як бы за болевым парогам. У галовах усё яшчэ сядзiць тэза пра тое, што да 17-га году гэта была дзiкая краiна, дзе панавала бязьлiтасная эксплуатацыя, а чарназёмны народ у аборах i з каўтуном у галаве сядзеў па зямлянках. I толькi рэвалюцыя вызвалiла яго з жабрацтва i цемнаты. Уся гiсторыя да 17-га году нiбы адрэзаная хiрургiчным спосабам. Гэта значыць, чалавек не праектуе яе сьведчаньнi на сваё ўласнае жыцьцё. Бо да рэвалюцыi не было нiчога. А калi што й было, то да нас або да нашага жыцьця гэта ня мае нiякага дачыненьня. Гэта —казкi, прыгожыя прыдумкi. А калi не прыдумкi, то што тады нам усiм трэба зрабiць з сабою, якi перажыць грандыёзны пераварот уяўленьняў пра сябе i свой край, фактычна — перарадзiцца.

У новым выданьнi фальклёру з запiсаў Чачота i братоў Тышкевiчаў кiдаецца ў вочы высьмейваньне няздараў i ўсялякай бядоты! Тут няма працяглых журботных песень пра тое, што няма чаго есьцi, няма ўва што абуцца. Такiя песьнi зьявяцца пазьней. У гэтых жа няма нi лапцей, нi каўтуна. А вось казловых боцiкаў ды шаўковых хустачак — колькi заўгодна.

Тут амаль пануе сацыяльны мiр. Часам можна падумаць, што гэтыя песьнi складалiся панамi. I толькi род заняткаў — жнiво, касьба i г.д. выдае, што панамi выглядаў наш працоўны люд.

Кiдаецца ў вочы i мiр рэлiгiйны, цi, можа, рэлiгiйная непрынцыповасьць. «Ды няма ксяндза дома, Ды паехаў да Альбова Ключыкi купавацi, Цэркаўку адмыкацi». Цэркаўку адмыкае ксёндз.

Геаграфiя ў песьнях — уся Беларусь, часта сустракаецца Вiльня — хутчэй iдэальны, чым рэальны беларускi горад. Гэтаксама як i найбольш частая рака — Дунай — iдэальная беларуская рака.

Iмёны таксама мяшаныя — каталiцкiя i праваслаўныя: Казюшка i Андрэйка, Юрась з Габрусём, Гарыслаўка i Яначка, Настулька, Ульлянка i Люсечка, Барыска, Кузёмка ды Анатолька, Адолька, Славачка i Тамашок. Суфiксы пераважна памяншальныя. Гэтаксама ласкава апяваюцца i побыт i прырода i абрадавыя сьвяты. Гэтыя бязьбедныя людзi, паселеныя Богам у бязьбедным краi мелi клопаты хiба што псыхалягiчнага характару, зьвязаныя з дачыненьнямi ў сям’i або на глебе п’янства i глябальнымi фiлязофскiмi праблемамi.

Чамусьцi бяз дай прычыны мне ўсё гэта пачынае нагадваць фiльмы Бергмана, дзе чалавека турбуюць не праблемы быту, а праблемы быцьця. Гэткаю паўстае Беларусь зь песень пачатку ХIХ ст. Зусiм Эўрапейская краiна, ужо анэксаваная Расеяй, але яшчэ не разбураная, не абрабаваная, яшчэ жывая. Адзiнае, бадай, сьведчаньне новай рэальнасьцi — рэкруцкiя наборы ў расейскую армiю, якiя зь песень паўстаюць сапраўднымi аблавамi на моладзь.

Своеасаблiва гучаць у песьнях патрыятычныя матывы, амаль невядомыя нам у пазьнейшых песьнях:

Старана мая, староначка,

Не магу цябе пазабыцi,

Ды нi ўдзень ходзячы,

А нi ўначы сплючы.

Увогуле радзiма зьвязваецца ня столькi з краем, колькi з родам, зь сям’ёю.

Усё, што было пасьля, — быў гвалт прыхадняў i змаганьне патрыётаў менавiта за гэтыя традыцыйныя падмуркi iснаваньня. «Нашы дзяды ня зналi бяды, але ж унукi набралiся мукi». —Запiсаў Яўстафi Тышкевiч у Барысаўскiм павеце ў пачатку мiнулага стагодзьдзя. Аналiз беларускае гiсторыi падказвае, што такая прыказка суправаджае нашую нацыю на працягу ўсяго ейнага iснаваньня. Маўляў, усё прайшло мiнула, няма таго, што раньш было. Няма — гэта праўда, але няма не фатальна, а таму што лепшае жыцьцё ў Беларусi сёньня трэба ў вялiкiм i малым адбудоўваць з нуля. Толькi мала хто ведае, паводле якiх узораў. Новая кнiга «Фальклёр у запiсах Яна Чачота i братоў Тышкевiчаў» такiя ўзоры дае.

Крыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0