Ня ўсiм дадзена

 

Пiсьменнiк i кiнадраматург Георгi Марчук год таму ўзначалiў выдавецтва «Мастацкая лiтаратура». Цi зьмянiлася што-небудзь у жыцьцi выдавецтва за мiнулы год. Напрыклад, цiкавасьць чытачоў да беларускае лiтаратуры? Пра гэта карэспандэнт «НН» спыталася ў спадара Марчука.

 

Г.М.: Цiкавасьць да беларускiх кнiг, я лiчу, трохi зьнiзiлася. Можа, у свой час iх было выдадзена, як кажуць, зашмат. Ды й не заўсёды пiсьменьнiкi змагалiся за якасьць лiтаратуры. Ужо й абмежаваньнi iдэалягiчныя зьнiклi: толькi пiшыце! Пiшыце сьмела, цiкава, фiлязафiчна... Пiшыце ды прыносьце. Думаеце, за гэты год i чатыры месяцы, што я тут працую, прынесьлi шмат новых рукапiсаў? Не, памыляецеся. Калi паэты яшчэ, так бы мовiць, змагаюцца за духоўнасьць, дык празаiкi адмоўчваюцца, яны, галоўным чынам, просяць перавыдаць тое, што ўжо было выдадзенае. Вось перад вамi другi том Сiпакова, зь цяжкасьцю выдалi. Другi том Навуменкi, якi таксама чакаў тры гады. I зараз, у плянах на 1998 год, як бачыце, стаяць зборы Крапiвы, Купалы, Барадулiна, Гiлевiча. Мы адначосова працуем над двухтомнiкам Мiцкевiча ды над аднатомнiкам Пушкiна — да iхных юбiлеяў. Як толькi да нас у выдавецтва паступiць рукапiс ксяндза Чарняўскага, выдадзiм ягоны «Мудраслоў», перакладзены на беларускую мову зь Бiблii (а ён змагаецца за гэтае выданьне ўжо 25 гадоў). Мы падрыхтавалi цудоўную сэрыю «Паэзiя XX стагодзьдзя», гонар адкрыцьця якой належыць Еўдакii Лось. У гэтай сэрыi выйдуць кнiгi Раiсы Баравiковай, Алеся Разанава. У празаiчнай сэрыi будуць надрукаваныя аповесьць Уладзiмера Караткевiча «Каласы пад сярпом тваiм», творы Вiктара Казько й Анатоля Кудраўца. Зьбiраемся выдаць усё, што складае гонар беларускага пiсьменства. Напрыканцы наступнага году, спадзяюся, у гэтай сэрыi выдадзiм зборнiкi Янкi Брыля й Васiля Быкава. Ёсьць у нашых плянах iмёны пiсьменьнiкаў, якiя працуюць на расейскай мове. Дэбютуе Цмых зь Пiнску, гатовая да выданьня кнiга Сульянава, якi чакае ўжо чатыры гады.

 

«НН»: Чаму ўсё ж здарылася гэтак, што зборнiк Васiля Быкава «Сьцяна» ў апошнi момант выпаў з плянаў выдавецтва?

Г.М.: Упершыню я пачуў пытаньне наконт «Сьцяны» Быкава на зьездзе беларусаў сьвету, калi распавядаў пра цяперашнi стан «Мастацкай лiтаратуры». Я прыйшоў у выдавецтва пасьля таго, як Васiль Быкаў ужо забраў свой рукапiс. На той момант, сапраўды, гады з два цi з год ён чакаў выхаду ў сьвет. I ня толькi тая ягоная кнiжка. Зараз мы перажываем пераходны пэрыяд: пачынаючы з 1994 году i па сёньняшнi дзень, мы ўсе яшчэ знаходзiмся ў нэрвовым стане. Таму што, ня маючы замоваў на беларускую лiтаратуру, мы ня можам нiшчыць выдавецтва ды лезьцi ў пазыку. Акрамя твораў Быкава, мы не змаглi выдаць творы Ўладзiмера Арлова, вэтэрана журналiстыкi Сьвiрыдава, паэтаў Спрынчана, Зуёнка, а таксама чарговыя тамы Адамчыка i Гiлевiча. Прытарможаныя былi, калi можна так сказаць, 18 кнiг. Iх нiхто не выкрэсьлiваў з плянаў — проста iхнае выданьне часова адклалi. Зараз мы ўзмацнiлi службу маркетынгу, выйшлi на абласныя бiблiятэкi. Спадзяемся, што нас уратуюць бiблiятэчныя замовы. Я гатовы пагадзiцца нават з Васiлём Уладзiмiравiчам, якi сказаў у адным з iнтэрвiю, што некаторыя рэчы паздымаў i адшлiфаваў час, i яны страцiлi сваю злабадзённасьць. А «ЛiМ» раптам заяўляе — нiбыта, рэжым забараняе выданьнi. Я не люблю гэтага слова, таму што слова «рэжым» звычайна ўжываецца адносна турмы альбо да псыхiчна хворых у шпiталi. Сёньня мы ня можам дазволiць, як у часы сацыялiзму, выдаваць кнiгi, што па чатыры гады ляжалi на складзе. Бо выдавецтва толькi ледзь-ледзь выкараскалася з даўгоў, якiя складалi 1,5 млрд. рублёў. I мы, дзякуючы падтрымцы дзяржкамдруку, якi ў той час узначальваў Замяталiн, дзякуючы ягоным намесьнiкам, Нiчыпаровiчу й Прыгодзiчу, якiя любяць яшчэ беларускую кнiгу, выпаўзьлi з гэтых даўгоў. Зараз кнiжка набывае асаблiвую якасьць. Можа, некаторыя творы дастаткова выдаць i ў часопiсе.

 

«НН»: Лiтаратурныя часопiсы «Нёман» i «Полымя» iмкнуцца публiкаваць арыгiнальныя творы, другасныя ўзоры iх не цiкавяць. Гэта агульнае правiла. Наколькi я ведаю, яго трымаецца i часопiс, «хросным бацькам» якога Вы зьяўляецеся. Я маю на ўвазе часопiс «Всемирная литература». Але беларускiя аўтары друкуюцца тут эпiзадычна. На першы нумар 98-га году не заплянаваны нiводзiн беларускi твор...

Г.М.: Так, гэты часопiс — наш боль. Але каб iндывiдуальна замовiць пераклад, патрэбны час, якога ў нас спачатку не было. Што тычыцца беларускай лiтаратуры, то яна цяпер знаходзiцца ў страшэннай iзаляцыi. Мы нават нiкога ня можам сёньня прадставiць да Нобэлеўскай прэмii, таму што ў сьвеце ня ведаюць беларускiх пiсьменьнiкаў. Але ж у часопiсе месца не хапае...

 

«НН»: Тым ня менш, у некалькiх нумарах запар знайшлося месца для публiкацыi эзатэрычных твораў, якiя анi ў мастацкiм, анi ў якiм iншым сэнсе нельга аднесьцi да лiтаратуры сусьветнага ўзроўню. I гэта зьдзiўляе пiсьменьнiкаў i перакладчыкаў, зь якiмi я размаўляла. Яны адмаўляюцца друкавацца побач з творамi такога гатунку. Таксама ў iх выклiкае пытаньне пэрсанальны склад рэдкалегii, ад якое залежыць твар часопiса.

Г.М.: Я не разумею, што вы маеце на ўвазе?

 

«НН»: Тое, што ў рэдсавет уваходзяць пiсьменьнiкi, палiтычны iмiдж якiх прымушае Быкава альбо Сёмуху пазьбягаць супрацоўнiцтва з часопiсам...

Г.М.: Скажыце, калi ласка, у якi час працавалi Быкаў, Барадулiн, Жук? Цi ўзьдзейнiчалi палiтычны лад цi структура ўлады на мастацкасьць «Нiжнiх Байдуноў» альбо «Халоднай птушкi»? Палiтыка палiтыкай, але мастак — ён як бы над палiтыкай, ён толькi каля Бога. Я ня ведаю, цi народзяцца пры, як зараз кажуць, татальнай свабодзе й пераходзе да капiталiзму творы, якiя нараджалiся ў «цiхай затоцы» сацыялiстычнага разьмеркаваньня сродкаў. Нехта напiша пра ўсё гэта з надрывам цi зь мiнорам. А нехта i наадварот: пачакае, а пазьней асэнсуе наш час. Але пакуль што няма твораў, роўных тым, што былi зробленыя, пачынаючы з пасьляваеннага часу да дзевяностых гадоў.

Зараз пачынаецца штучны падзел у грамадзтве. У нас няма звычаю дараваць адно аднаму — i з таго боку i з другога. Усё дзелiцца на «чырвоных» i «белых». Калi нехта робiць нейкiя палiтычныя заклiкi да нечага, тады ты можаш яму рукi не падаць. Але ж ёсьць факты. Я ж нiколi ня згадваю пра тое, што Быкаў некалi падпiсаўся за выгнаньне Салжанiцына з Савецкага Саюзу. (Больш за дваццаць гадоў таму Васiлю Быкаву патэлефанавалi дахаты й папярэдзiлi, што ў ранiшнiм нумары «Правды» пад лiстом супраць Салжанiцына стаiць i ягоны подпiс. Патрабаваньне пiсьменьнiка спынiць нумар i зьняць ягоны подпiс былi цынiчна праiгнараваныя. Да сёньня пiсьменьнiк ня ведае, хто праявiў iнiцыятыву, жадаючы «дагадзiць» яму. — А.Л.) Калi б я помнiў гэта ўвесь час, я такама гаварыў бы: а што Быкаў, ён таксама кан’юнктуршчык, ён з падвойным дном. Адмаўляйся ад таго часу, ад Ленiнскай прэмii, каб ня быць «чырвоным». Падтрымаў некалькi разоў Шамякiн прэзыдэнта Беларусi, i яму кажуць, што ён ужо «ня зь iмi». А хто такiя «яны», куды iдуць? Але ж я люблю ўсiх. Для мяне галоўнае — беларускi пiсьменьнiк, якi жыве на маёй зямлi, цягнецца да дабра й справядлiвасьцi. Пiсьменьнiк — не вар’ят, якi будзе заклiкаць да забойства цi сеяць варожасьць. А калi такое здараецца, дык на ўзроўнi памфлету, калi нехта выступае па тэлебачаньнi, дзе можна дапусьцiць нейкiя кпiны. Але татальнага зьдзеку над сутнасьцю беларускага народа я нi ў кога ня бачыў. А калi нехта марыць пра мiнулае, ну, дык ня ўсiм дадзена адчуць час.

Гутарыла Алена Лукашэвiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0