Пошук стратэгiяў

 

Сьнежань у Менску атрымаўся багаты на розныя канфэрэнцыi й сэмiнары ў трэцiм сэктары. Шмат у чым такая актыўнасьць зьвязаная з канцом фiнансавага году — многiя замежныя фундатары й iнстытуцыi, зацiкаўленыя ў супрацоўнiцтве зь незалежнымi беларускiмi арганiзацыямi, сьпяшаюцца выкарыстаць грошы. 5 сьнежня таксама было з чаго выбiраць. Эўрапейскiя структуры й Хэльсынскi камiтэт ладзiлi канфэрэнцыю па рэгiёну ад Чорнага да Балтыйкага мора. Прадстаўнiцтва там сапраўды было на высокiм узроўнi.

Але я выбраў больш камэрную iмпрэзу - сэмiнар «Беларусь, Польшча, Сярэдняя Эўропа», якi арганiзавалi ЭўроФорум i Польскi iнстытут у Менску. Сэмiнар адбываўся 5-6 сьнежня пры садзеяньнi і ў памяшканьнi Беларускага Гуманiтарнага Адукацыйна-Культурнага Цэнтру (БГАКЦ).

Удзельнiкамi сэмiнару з польскага боку былi Акаш Энгельмаер - нядаўнi пасол Вугоршчыны ў Польшчы й Беларусi, якi настала жыве ў Польшчы, а таксама доктар Станiслаў Брындза-Стабро - выкладчык Ягелонскага ўнiвэрсытэту, спэцыялiст у польскай культуры сучаснай эпохi.

Даклады й дыскусіi нечакана ажывiлi тэмы й успамiны пра вугорскае паўстаньне 1956 году, пра нонканфармiзм у культуры, пра па-зацэнзурныя лiтаратурныя выданьнi за часамi камуны. Беларускiя ўдзельнiкi (Iгар Бабкоў i Павал Церашковiч) узьнялi новую беларускую тэму - няскончаную мадэрнасьць.

Названы сэмiнар быў першаю акцыяй у рамках толькi што распачатага й абвешчанага на гэтым сэмiнары праекту «Беларускi Калегiюм», за якi салiдарна бяруцца некалькi незалежных беларускiх iнстытуцыяў - ЭўроФорум, БГАКЦ, Беларускi Iнстытут Цэнтральна-Ўсходняй Эўропы. Сярод стратэгiяў сучаснага беларускага грамадзтва адукацыйная стратэгiя была найменш апрабаванаю. Цяпер ёсьць перакананьне ў неабходнасьцi адукацыйных праектаў, зь якiх адным з самых значных стане «Беларускi Калегiюм».

Алег Дзярновiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0