Зьмiцер Бартосiк

Рэха непрамоўленага слова

 

Шэсьць гадоў таму, калi я толькi адкрыў для сябе наша Каралеўства, галоўнай i пачэснай задачай для сябе я бачыў поўны й беспаваротны паварот свайго языка на, так бы мовiць, 180 градусаў. Перавод мысьленьня й маўленьня на беларускую мову ўяўляўся мне актам кшталту пасьвячэньня ў рыцары, i ня менш захапляў, чым разьвiтаньне з Радзiмаю. Але ўвесь гэты патас азмрочвала пэрспэктыва размовы з праваднiкамi, таксiстамi ды дзяржгандляркамi, адным словам з тым кантынгентам людзей, у чый абавязак якраз i ўваходзiць лаўленьне ды выконваньне кожнага нашага слова.

Я разумеў, што рана цi позна такi крок зрабiць прыйдзецца. Самому сабе хлусiць заўсёды цяжэй, але нiчога. Колькi я тады знайшоў абгрунтаваных нагодаў для пераносу таго панядзелка, зь якога я й пачну новае жыцьцё ў новай краiне, у новым моўным рэжыме. Вось толькi пабачу наш сьцяг на галоўным флагштоку, вось толькi пакiну Лiтву, вось толькi дачакаюся нашай перамогi на прэзыдэнцкiх выбарах, вось толькi пачую вынiкi рэфэрэндуму... Я добра памятую той дзень, i памятую сваю першую рэакцыю на тыя лiчбы — я запiсаў iх на свой асабiсты рахунак. Пра «безгаловае быдла» было пасьля, але першая рэакцыя аказалася больш слушнаю. Перачакаў, недачакаўшыся. Я тады часта згадваў Брэдбэры зь ягонай прычынна-вынiковаю сувязяй. Няўжо ён меў рацыю, i нейкая дробязь, такая, напрыклад, як вымаўленае слова, можа павярнуць хаду гiсторыi. Галоўнае, каб тое краевугольнае слова было своечасова пачутае. Калi гэта сапраўды так, то чаму б таму слову ня быць маiм? Калi й ёсьць тут элемэнт абсурднага самаўзьвялiчваньня, то нядоўгi. Слова засталося мёртвым...

Чамусьцi мне здаецца, што з такiмi думкамi я сёньня не адзiн. Колькi разоў я назiраў, як мае аднамоўныя прыяцелi пераходзiлi пры сутыкненьнi з грубым жыцьцём на russian. Не дзеля таго, каб iх лепш зразумелi, а хутчэй у мэтах абароны. Ад чаго? Ад нежаданьня пачувацца меншасьцю, цi, можа, каб ня даць атаясамiць сябе з Пазьняком? Але тое, што мова можа стаць фактарам наступу й атаясамляюцца з больш прывабнымi рэчамi й асобамi, мне здаецца, толькi зараз пачынае ўсьведамляцца тымi, хто сам аднойчы парадзiў ды ажыцьцяўляў прынцып дзьвюхмоўя, цi бiлiнгвiзму, яшчэ да ўсялякiх рэфэрэндумаў. Тады гэта была памылка, за якую мы спраўна плацiм ужо якi год. Усё нiяк не даючы сабе рады — вакол каго ж гуртавацца? Вакол тых, што «ў вэртыкалi» — i брыдка, i недальнабачна. Вакол тых, што «ў гарызанталi» — сябе не паважаць. I пачынаецца дрыжаньне рук i мазгоў, а ўласная iнэртнасьць сьпiсваецца на адсутнасьць мiтычнага лiдэра. А лiдэр, мiж тым, ёсьць. Зь iм ня кожны знаёмы, ён ня ў кожнага на слыху, але яму не пагражае старэньне й сьмерць. Ягоныя магчымасьцi й стратэгiчныя якасьцi яшчэ не апрабаваныя ў нас i на адну адсотку. Мала каму прыходзiла ў галаву ставiць на яго, як на палiтычны, цi, тым больш, эканамiчны козыр. Што, зрэшты, нiяк ня зьменшыла ўсiх таямнiцаў гэтай зусiм не сакрэтнай зброi. Я ўсё пра НАШУ МОВУ.

«Мова — гэта ж як мама!», — гледзячы проста ў вочы праваднiцы, гучна «дзiвiўся» мой сябра зь яе неразуменьня «шклянкi гарбаты». Я ж шчыра быў зьдзiўлены той прыемнай пераменай у абслугоўваньнi менавiта нашага купэ пасьля тае «мамы». Сапраўды, што можа быць лепшым за такi аргумэнт? Ды яшчэ з адкрытаю усьмешкаю. Меў рацыю Жаглоў — людзi любяць, калi iм усьмiхаюцца.

Не франтавыя лiнii дэмакраты-камунiсты, цi правыя-левыя, цi прызнаныя-непрызнаныя, цi незалежныя-дзяржаўныя, а цьвёрда пастаўленая намi БЕЛАРУСКА-САВЕЦКАЯ гранiца можа выратаваць нашыя iмёны й нашыя справы. Гранiца перш за ўсё па мове. Той, што, хутка як дзесяць гадоў, прысутнiчае ў беларускай палiтыцы. Мове, як нашаму кансалiданту, нашаму культурнаму полю, як галоўнай прыкмеце нашай «нашасьцi», ды нават мове, як фактару эканомiкi. Мяжа-прынцып, перш за ўсё ўзьведзеная ў сьвядомасьцi, дзе шмат хто з нас ахоўвае сваю «сьвятую» мову ад зямнога ды банальнага, баючыся выпусьцiць словы на волю, каб яны нарэшце працавалi.

«Куда едем?», — нахабна запытаў гомельскi таксiст, не пасьпеў я падысьцi да машыны. «Дамоў», — адказаў я, сядаючы ў салён. Больш ён да самага дому не прамовiў нi слова, не забыўшыся ўключыць лiчыльнiк. Мы абодва былi трохi не ў сваёй талерцы. Ён ад таго, што ня ведаў, як сябе са мной, рэдкаю птушкай, паводзiць. Я — ад таго, што ўпершыню ехаў у таксi звычайным пасажырам, гэта значыць тым, хто плацiць i паказвае дарогу. Ад заплянаванага хамства закрыўшыся словам, нiбы шчытом.

Разьбiтыя расейска- ды ангельскамоўныя вiтрыны й рэклямныя стэнды, выбiтыя зубы няздольных адказаць на простае пытаньне «Колькi часу?», страх адкыта i ўголас станоўча выказвацца ў коле сваiх аднагодкаў у бок уладаў — можа, на чыюсьцi думку гэта сюжэты маёй узбуджана-хворай фантазii, на маю ж — цалкам магчымы занятак будучых гаўрошаў з Чыжоўкi ды Шабаноў. «Залатая моладзь» ужо дастаткова навыказвалася за мiнулыя гады, слова за дзецьмi рабочых кварталаў. За тымi, хто, прыйдзе час, апране лейтэнанцкiя й капiтанскiя пагоны, каб прымусiць панi Гiсторыю зноў стаць да нас i да нашай будучынi тварам. Але каб генэралы нашых кар’ераў пераходзiлi на наш бок, яны ж павiнны чуць наша слова. Прычым чуць амаль штодня й безь мiнорных таноў. Так, каб iм захацелася атаясамляць сябе з намi. Каб iм захацелася перайсьцi на наш бок тае Мяжы.

На маё «калi ласка» лiдзкая буфэтчыца прыязна перапытала — «цi ня зь Менску я?» Так разам з найлепшым нашым пiвам я пакаштаваў смак сваёй нечаканай сталiчнасьцi, дзякуючы белмове. Колькi разоў пасьля гэтага выпадку я з прыемнасьцю аднаўляў гэты смак пры выпадковых дарожных размовах. Зрэшты, нiчога дзiўнага я ў такой абгортцы нашае мовы не знаходжу. Словаў «калхоз» i «дзяроўня» я ня чуў даўно. Цi яны памёрлi, цi, можа, яшчэ дзе жывуць у калхозах? Адным словам, калхозу — калхозава.

Не магу сказаць, што асабiста мне хапае сёньня культурнай ды жыцьцёвай прасторы па наш бок мяжы. Але жыць можна, хоць i прыходзiцца абмяжоўвацца. Хай я занадта мала важу ў ступенi ўплыву на навакольную рэальнасьць, але мой грош таксама рэальны. I нiшто не прымусiць мяне «пить» яго «Сoca-Cola», калi побач прадаецца «Траецкае пiва». Я не прымушу сябе доўга выбiраць памiж «Биг-Маком» i беларускiм хат-догам. Таксама як не пайду слухаць нiякую беларускую рок-групу на юбiлейным «празьнiке Мiнска». Трэба адчуваць мяжу дазволенага. Але якраз з культурнаю ежай, прадчуваю, голаду на блiжэйшы час не намячаецца. Прыстойнага чытва мне хопiць, я ўжо не кажу пра тэатральныя ды мастацкiя iмпрэзы. Вось толькi што рабiць з рэстарацыямi? Была б мая воля, адкрыў бы ўстанову пад назваю «Толька для БЕЛ». Тыя ж, хто сьвядома рушыў на савецкi бок, першае, што павiнны пачуць — гукi нашых, некалi адчыненых, дзьвярэй, што зачыняюцца для iх назаўсёды. Яны павiнны адчуць жалезную халодную заслону. З нашага боку.

Ёсьць у Менску крама «Просто джинсы». Там сапраўды добрыя джынсы ня самых «наварочаных» фiрмаў i па людзкiх коштах. На маё слова там адказалi маiм жа словам, i нашымi словамi разьвiталiся. Блiжэйшым часам я пайду ў гэтую краму й набуду сабе джынсы чым даражэй, вядома, не забыўшыся параiць iм памяняць пару лiтараў на шыльдзе. А пасьля зайду ў адну кавярню, дзе абмыю пакупку стопкай «Белай Русi» пад селядзец i шчырае «калi ласка» бармэна. Можа, даць адрасок тае крамы i таго шынка? А чаму гэта я ўвогуле павiнен займацца справамi Таварыства Беларускай Мовы?

Зь нядаўняга часу я перастаў радавацца зь дзiцячым захапленьнем кожнаму пачутаму ў адказ цi прачытанаму беларускаму слову. Канчаткова зрабiўшы свой выбар на ягоную карысьць, я ўсё часьцей пераконваюся ў ягоных чарах ды выгодах. Я даўно ўжо не прадстаўнiк пераможанага боку. Наадварот, я чалавек з глыбокай глебаю пад нагамi, зь цёплаю вераю ў сэрцы й пэўнымi прынцыпамi ў галаве. Я жыхар з усiх бакоў зручнай для жыцьця эўрапейскай краiны, i нават зь нядаўняга часу яе сталiчны абiтальнiк. Да таго ж, як высьветлiлася, у мяне цудоўнае менскае вымаўленьне, якое ў спалучэньнi з маiм чароўным голасам абяззбройвае нават тралейбусных кантралёраў. Калi ж яшчэ дадаць, у якiм кантэксьце я працую ды зь якiмi людзьмi побач, то мне становiцца нават перад самiм сабою крыху няёмка. I хай у мяне ў гэтую хвiлiну няма грошай на тыя джынсы, я не ўяўляю — што можа прымусiць чалавека перайсьцi тую мяжу, якая ўсё больш вiдавочна становiцца мяжой памiж «учора» й «заўтра».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0