БІБЛІЯТЭКА


 

Дробязi мiнiятураў

 

Ирина Масленицина, Николай Богодзяж. Радзивиллы — несвижские короли. (Исторические миниатюры). — Менск: Триоль, 1997

У Польшчы пра Радзiвiлаў напiсана шмат. Традыцыю лiтаратурных аповедаў пра славуты лiцьвiнскi род пачынаюць яшчэ ў пачатку мiнулага стагодзьдзя Ходзька i Жавускi, працягваюць Крашэўскi, Сянкевiч, Васiлеўскi. «Навукова-папулярныя» цi «навукова-мастацкiя» «гавэнды», якiя сталi папулярнымi ў другой палове нашага стагодзьдзя, стваралi Мацкевiч, Сайкоўскi, Куховiч — iх кнiгi досыць вядомыя i ў Беларусi — ва ўсялякiм разе, для некаторых гiсторыкаў яны часам iшлi за «крынiцы». Пiшуць пра Радзiвiлаў i ў нас. У папулярным жанры рэй дагэтуль водзяць опусы, аўтары якiх ператвараюць выхапленыя ў Сыракомлi, Катлубая цi Жавускага зьвесткi ды байкi ў кульгава-рамантычныя «баляды», якiя натхняюць ня надта ўнiклiвых студэнтаў ды экскурсаводаў. Апатэозам гэткай «радзiвiлаўшчыны» для мяне стаў выпадак, сьведкам якога быў некалькi гадоў таму: у аўтобусе, якi праяжджаў па тады яшчэ «плошчы Ленiна», нейкая дзяўчына на запыт свайго хлопца, пэўна госьця, «Што гэта за будынак?» (меўся на ўвазе Чырвоны касьцёл) — шчыра адказала: «Замак Радзiвiлаў!»

Новы ўнёсак у беларускую «радзiвiлiяну» зрабiлi аўтары «Несвижских королей». Жанр «гiстарычных мiнiятур», зь ня надта акрэсьленай доляй «навуковасьцi» i «мастацкасьцi», мусiў даць прастору аўтарскаму пяру, ня сьцiснутаму жорсткаю рамкай дакумэнта, гiстарычнага факту. Расейскамоўнасьць кнiгi, напэўна, павiнна была адкрыць ёй шырокую аўдыторыю, уключаючы й яшчэ не заангажаваных праблемамi беларускай гiсторыi й культуры чытачоў. Выбраўшы абмежаваны гiстарычны пэрыяд для сваiх мiнiятур, — 16 i 17 стагодзьдзi — аўтары пайшлi не зусiм традыцыйным шляхам: абмiнулi (цi адклалi на наступны том) прыгоды Пане Каханку i дасягненьнi Нясьвiскага тэатру i паказалi буйным плянам менш вядомыя ў нас постацi Януша Радзiвiла Барадача, Мiкалая Чорнага, Сiроткi, Крысьцiны Эўфiмii. Не абышлося, зразумела, i бяз Барбары Радзiвiлянкi, якую паэтычна пайменавалi «Джульеттой белорусского средневековья». Не зусiм зразумела мне толькi, чаму «средневековья», калi на двары быў тады самы разгар беларускага рэнэсансу. I як гэта «историю любви которых современники будут сравнивать с историей Ромео и Джульетты», калi «сучасьнiкi», нават самыя прагрэсiўныя, даведаюцца ад Шэксьпiра пра сумную гiсторыю каханьня толькi праз гадоў шэсьцьдзесят. Але гэта, вядома, дробязi. Праўда, што нi кажы, з гэтых дробязяў складаецца цэлая кнiга на дзьвесьце зь нечым старонак. Напрыклад, вельмi малаверагодна, што Лукас Кранах Малодшы наведваў вiленскi двор; а як гучыць фраза аб тым, што «Миколай Радзивилл Рыжий и Миколай Радзивилл Черный вызвали Сигизмунда Августа на мужской разговор» (гэта караля й вялiкага князя!). Непавага да мовы, на якой пiшацца (тыпова выглядае, напрыклад, такая фраза: «Иван IV в то время не успел еще приобрести славу Синей Бороды, что расправляется со своими женами, как только те ему надоедят») цi зь якой перапiсваецца (цытата з «Пэрэгрынацыi» Сiроткi: «снасти рвались, катвага (лодка — Авт.) утонула» — паважанаму Авт. невядома, на жаль, што й па-польску й па-беларуску катвiга, котва — гэта па-расейску якорь; далей: «в Далматии, в венецианском городе Заре он вместе с местным простором смотрел на стены» — у «Пэрэгрынацыi» маецца на ўвазе прэтар — прадстаўнiк улады), аказваецца, можа датычыць ня толькі беларушчыны. Наш брат, беларус, як бачым i зь iншых прыкладаў, на любой мове аднолькава гаворыць — i за цывiлiзаваным сьветам упарта ня йдзе.

На жаль, па-за гэткiмi дробязямi ад кнiжкi застаецца толькi графаманская кампiляцыя з усё тых жа даўно вядомых польскiх папулярызатараў гiсторыi з натужнымi намаганьнямi на прыгожую лiтаратуру. За гэтым канчаткова губляецца ў прынцыпе пахвальная спроба стварыць папулярную i вольную ад забабонаў савецкага часу кнiжку пра гiсторыю «для народа». А шкада, такiя кнiжкi патрэбныя.

Вацлаў Арэшка


 

Умоўная паэзiя

Iгар Сiдарук. Моўкнасьць. Вершы. — Берасьце: Выдавецтва С.Лаўрова, 1997. — 36 с.

Цi ня самае цiкавае, што ёсьць у гэтай кнiзе — назва. Мяркую, што Iгар Сiдарук можа са мною пагадзiцца:

зборнiк вершаў назваць... i нiчога болей ня ўмець i ня памятаць болей нiчога

Што я маю сказаць пра вершы. Яны бляклыя. Аўтар у сваёй палiтры мае ўсяго дзьве фарбы, наздвычай папулярныя сёньня сярод паэтаў — чорную й белую. Iншым колерам на старонках кнiгi не знайшлося месца. Як iх нi мяшай-камбiнуй, у вынiку ўсё адно атрымаецца тое цi iншае адценьне шэрага. Неахайнасьць i выпадковасьць ужываньня тых цi iншых вобразных сродкаў, няўдаласьць ды недарэчнасьць эпiтэтаў патыхае звычайнай бязглузьдзiцай: «у вадзе / над вадою / лiлея — / як ластаўка» або «нехта / растопча абцасам / твой голас» цi «... i такi цяжкi грузавiк / як пацалунак у вусны / Юды...» i гэтак далей. Цалкам магчыма, што Iгар Сiдарук разглядае гэтыя вершы як «Факт-Мяне». Вольнаму — воля. Але я не псыхiятар, а фiлёляг. Мяне цiкавiць выключна тое, што публiкуе Iгар Сiдарук. Ён публiкуе неапрацаваныя чарнавiкi.

Пiша Iгар Сiдарук пра кроў. Кроў, шмат крывi на старонках танюсенькага зборнiчка. Яна не пужае й ня ўражвае, яна анi цёплая анi стылая, ня мае анi водару анi смаку. Кроў, як неабходная паэтычная ўмоўнасьць, дэталь, безь якой верш нiбыта перастае быць вершам. Як ружы ў паэзii XIX-га стагодзьдзя, як буры з грымотамi паэтаў маладнякоўскага часу. Такiмi ж умоўнымi муляжамi са старонак кнiжкi на чытача высыпаюцца «каханьне», «сьмерць», «Багi». I гэтай умоўнасьцi зусiм не дадаецца сэнсу й цеплынi ад празьмернага ужываньня шматкроп’яў. Вершы, пабудаваныя на абыгрываньнi фразэмаў «добра / там / дзе няма нас...», паводле сваёй прыроды належаць хутчэй да мовазнаўства, чым да лiтаратуры.

Што б там нi было, гэтая кнiжка можа служыць яскравай iлюстрацыяй пашыранага сярод маладых (i ня вельмi) зьнiшчальнiкаў паперы забабону, што пiсаць «ня ў рыфму» варта хаця б таму, што да цябе не прыстане слава вэрсыфiкатара.

Андранiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0