БЕЛАРУСКI ПРАЕКТ

 

Учора, 28 сьнежня ў Тэатры Юнага Гледача «Наша Нiва» прэзэнтавала «Народны Альбом»

 

«Народны Альбом» — адмысловы музычны праект, створаны Лявонам Вольскiм, Касяй Камоцкай, а таксама вялiкiм колам iншых вядомых менскiх выканаўцаў: музыкаў, сьпевакоў, гукарэжысэраў i радыё-ды-джэяў...

Праект нарадзiўся з цыклю вершаў Мiхала Анемпадыстава, у якiх паўстаюць вобразы й пэрсанажы Заходняй Беларусi мiжваеннага часу з 20-га па 40-ы год: ад песьнi байцоў Слуцкага паўстаньня да песенькi «беларускай дзевачкi Надзенькi», падманутай савецкiм афiцэрам. Але большасьць герояў «Народнага Альбому» жыве цалкам мiрным жыцьцём, ня маючы дачыненьняў зь якiмi-кольвек вайскоўцамi. Фанабэрысты вiленскi прадпрымальнiк Казiк; «просты хлопец» зь вясковай пiларамы Юзiк; местачковая аўдавелая красуня Адэлька; ракаўскi настаўнiк Рагойша, якi «калiсьцi вучыўся ў Ратэрдаме»; «выкшталцоная й далiкатная» панна Алiцыя; славутыя ўжо праз выступы «Новага Неба» «два польскiх шпiёны» Лёлек i Болек... Гэтыя людзi «пад прыгнётам панскiм» танчаць, забаўляюцца, часам сварацца мiж сабою, але найперш гадуюць дзяцей, «будуюць дамы й саджаюць дрэвы», i, нягледзячы на рознага кшталту праблемы, iмкнуцца да Жыцьця.

«Альбом» аб’ектыўна стварыўся як кабарэтны праект, у якiм пэрсанажы сьпяваюць на разнастайныя матывы — ад вальсу й танга да рэпу й харду. Гэта свайго кшталту м'юзыкл, якi можна ўвасобiць i на сцэне, i ў кiно; паводле якога можна намаляваць дзiцячы комiкс, альбо нават напiсаць вялiкi раман... Пакуль першы крок да пазамузычнага жыцьця «Альбому» аўтары плянуюць зрабiць у выглядзе кнiжачкi з выявамi герояў, а таксама з тэкстамi песень.

... Заходняя Беларусь «мiжваеннага пэрыяду» — краiна, якой няма, але якая мiстычным чынам жыве, i ўплывае на нашае жыцьцё. Краiна-мiт, а для вялiкай часткi беларусаў-усходнiкаў амаль невядомая краiна-прывiд. Аўтары «Народнага Альбому» зьнiшчылi прывiды, i ажывiлi мiты.

Стаўленьне да таго, што было «за польскiм часам» дагэтуль падзяляе беларусаў, акрэсьлiваючы вэктары нашай культурнай скiраванасьцi. Iх тры — на Захад, на Усход, альбо...

28 сьнежня ў Тэатры Юнага Гледача рэпрэзэнтаваўся праект, народжаны ня зь мiтаў, не з прывiдаў, i, тым больш, не са штампаў.

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0