Брытанскiя закладнiкi ў Чачэнii

 

Усе ўжо сталi прызвычайвацца да таго, што ў пасьляваеннай Iчкерыi зьнiкаюць людзi. У ноч на 3-га лiпеня з раёну Ташкала ў Грозным былi выкрадзеныя двое ангельцаў — Джонатан Джэймс i Камiла Кар. Я сустрэў iх за два тыднi да гэтага ў Маскве, куды яны прыяжджалi, каб падоўжыць расейскую вiзу. Таму, калi мiнiстар унутраных справаў Чачэнii Казьбек Махашаў назваў iх ангельскiмi шпiёнамi, я шмат што зразумеў у паведамленьнях пра iншых закладнiкаў: спачатку людзi зьнiкалi, затым яны аказвалiся таемнымi агентамi ФСБ альбо нейкай iншай разьведкi.

Хто ж такiя Джонатан Джэймс i Камiла Кар? Гэтая пара — валанцёры з Англii, якiя працавалi бясплатна, што вынiкае зь iхнага добраахвотнага статусу, у дзiцячым псыхалягiчным рэабiлiтацыйным цэнтры «Зорачка» ў Грозным. Яны апекавалiся прыкладна 250 чачэнскiмi дзецьмi, якiя атрымалi стрэс у часе беспрэцэдэнтна жорсткай расейска-чачэнскай вайны. У сваёй працы па псыхалягiчнай рэабiлiтацыi яны зьвярталiся да выяўленчых мастацтваў, драматычнай творчасьцi й гульневай тэрапii. Яны працавалi ў Грозным з пачатку чэрвеня i зьбiралiся заставацца там да канца жнiўня. Затым, як расказваў мне Джонатан, яны хацелi вярнуцца ў Англiю i шукаць там спонсарскую падтрымку для падаўжэньня сваёй дзейнасьцi ў Чачэнii. Джонатан i Камiла — незаможныя людзi, i ў Англii ў iх не было сталай працы. Пасьля зьверскага забойства супрацоўнiкаў Чырвонага Крыжа яны сталi першымi ахвярамi разбойнага нападу на асобаў зь лiку замежных сяброў гуманiтарных i мiратворчых арганiзацыяў у Iчкерыi. Амаль адначасова зь iмi ў Назранi (Iнгушэцiя) быў скрадзены францускi лекар з арганiзацыi «Лекары бязь межаў», а ў жнiўнi былi скрадзеныя ў Махачкале i перавезеныя ў Чачэнiю 4 супрацоўнiкi францускай гуманiтарнай арганiзацыi «Экiлiбр».

Пазьней, напрыканцы кастрычнiка, францускаму лекару пашчасьцiла вызвалiцца, скарыстаўшы хібу ягонай варты, але практычна адразу ж у Грозным былi скрадзеныя два супрацоўнiкi Вугорскай Мiжнароднай Арганiзацыi. Пра замежнiкаў яшчэ паведамляюць, але пра тое, што больш за 40 дагестанцаў сталiся закладнiкамi ў Чачэнii, мала хто ведае. «Пасьля расейска-чачэнскай вайны, — пiша карэспандэнт «Таймс» Нiкалас Вуд, — Грозны, якi яшчэ ўчора апiсваўся як другая Хiрасiма, стаў сусьветнай сталiцай закладнiцтва».

Варта аднак адзначыць, што скрадаюць ня толькi ў Чачэнii альбо паблiзу ейных межаў. Апошнiм часам у закладнiкi бралi людзей у Емэне, Самалi i Басконскай правiнцыi ў Гiшпанii. Калi я абмяркоўваў праблему закладнiцтва з адным маiм сябрам з Калумбii, ён мне распавёў, што калумбiйцы, у большасьцi, маюць iмунiтэт супраць страху стаць закладнiкам. Зусiм нядаўна закладнiцтва ў Калумбii мела масавы характар, бралi ж закладнiкаў, як i ў Чачэнii, дзеля таго, каб атрымаць добры выкуп. Таму меркаваць, што закладнiцтва — унiкальная чачэнская цi паўночнакаўкаская зьява, няслушна.

Думаецца, што асноўныя прычыны ўзрастаньня колькасьцi закладнiкаў у Чачэніi палягаюць у сфэры эканомiкi. За 21-га месяц найцяжэйшай вайны з Расеяй квiтнеючая дагэтуль эканомiка краiны была зруйнаваная. Беспрацоўе дасягнула жахлiвага ўзроўню — 70%. Вялiкая колькасьць узброеных людзей i скрайняя мiзэрнасьць вытворчасьцi тавараў i паслугаў — гэта ёсьць, на мой погляд, пажыўнае асяродзьдзе крымiнальнага бiзнэсу праз захоп закладнiкаў, пры гэтым спрацоўваюць старыя савецкiя ўяўленьнi пра тое, што кожны замежнiк — бясспрэчна багаты чалавек.

Чачэнская дзяржаўнасьць вытрымала выпрабаваньне вайной, але затым яна сутыкнулася, як бачна, зь ня менш складанымi праблемамi. Ужо сёньня многiя ўрады настойлiва раяць сваiм грамадзянам ня езьдзiць у Чачэнiю. Вiдавочна: захоп закладнiкаў вядзе да ўсё большай iзаляцыi рэспублiкi. Здагадваюся, што часткова крымiнальны хаос падаграецца звонку, але ўсё ж пасьля таго, як фэдэральныя расейскiя войскi пакiнулi Чачэнiю, чачэнская дзяржава мусiла выказаць больш мужнасьцi i рашучасьцi ва ўсталяваньнi такога парадку, калi i чачэнцы (а iх таксама бяруць закладнiкамi), i замежнiкi ня будуць увесь час думаць пра тое, што iх могуць скрасьцi.

Якi ж лёс зьнiклых брытанцаў? Ужо мiнула 5 месяцаў з часу iхнага скраданьня, але па-ранейшаму амаль нiчога не вядома. Ёсьць даволi пэўныя зьвесткi, што яны жывыя, i што за iх патрабуюць выкуп — 2 млн. даляраў. Былы скарбнiк Кансэрватыўнай партыi лорд Макэлпайн у сярэдзiне лiстапада зрабiў заяву, што група былых афiцэраў брытанскага антытэрарыстычнага падразьдзяленьня рыхтуецца да паездкi ў Чачэнiю, каб дапамагчы чачэнскаму спэцатраду па барацьбе з тэрарызмам вызвалiць брытанскiх закладнiкаў, i ён спадзяецца, што гэта спраўдзiцца дастаткова хутка.

Мiхаiл Рошчын, Бірмінгэм

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0