Уладзiмер Арлоў

Прароцтвы Розы Герцыковiч

 

 

Гэта, вядома, паталёгiя, але мушу вам сказаць, што, зрабiўшы сваiм успамiнам рэвiзiю, я канчаткова пераканаўся: нi ў маленстве, нi потым я, па гамбурскiм рахунку, не пазайздросьцiў нiводнаму чалавеку.

У трэцяй клясе я быў апантаны мараю пасялiцца з аднаклясьнiцай Верачкай на ўласным атоле ў трапiчных шыротах, але чамусьцi анi не зайздросьцiў амэрыканскiм мiльярдэрам, якiя маглi купiць сабе дзе-небудзь у Iндыйскiм акiяне цэлы архiпэляг. Зь дзяцiнства маючы схiльнасьць да фаталiзму, я хваравiта не зайздросьцiў хлопцам, якiя «хадзiлi» з прыгажэйшымi за маiх дзяўчатамi. Я (што, наогул, проста недаравальна) нi разу —якiя б шэдэўры яны нi стварылi — не адчуў зайздрасьцi да калегаў-лiтаратараў.

Але шкадаваць мяне за абдзеленасьць адным з наймацнейшых, найдзiвосьнейшых i найшматфарбнейшых чалавечых пачуцьцяў вы ня сьпяшайцеся. Што такое зайздрасьць, я ведаў ня горай, а можа, i лепей за самых заўзятых зайздросьнiкаў. Iхныя эмоцыi скiроўвалiся на падобных да сябе самiх, мой жа дыяпазон быў непараўнальна шырэйшы: аб’ектамi зайздрасьцi мне служылi рэчы, расьлiны, жывёлы...

Я зайздросьцiў першаму на нашай вулiцы тэлевiзару i з радасьцю ператварыўся б у нязграбны i, зь сёньняшняга гледзiшча, убогi чорна-белы «Нёман», вакол якога зьбiралася ўвечары народу столькi ж, як у малой залi кiнатэатру «Радзiма». Яшчэ раней я адчуваў пякучую зайздрасьць да дзьвiнскiх самоў, якiя жылi такiм недасяжна цiкавым i таямнiчым жыцьцём, што ў параўнаньнi зь iм маё сухаземнае iснаваньне выглядала суцэльнаю недарэчнасьцю. Я не адмовiўся б ператварыцца ў аўтамабiль, альбо ў маю першую кнiжку «Русские богатыри», альбо ў цёплы скураны фатэль у бацькавым службовым кабiнэце. Кожная з гэтых зайздрасьцяў мела сваю гiсторыю, вартую навэлi, а мо й аповесьцi.

Аднак нiкому й нiчому я не зайздросьцiў так, як сабаку. Дакладней, сучцы.

Яе звалi Лайка. Яна, калi хто запамятаваў, была першым савецкiм касманаўтам.

Лайку запусьцiлi ўвосень, калi ў нашым садзе ападалi апошнiя, салодкiя, амаль як папяроўкi, антонаўкi, а ў суседкi Хведараўны, што жыла праз гарод ад нас, налiвалiся гаркавай слодыччу калiнавыя гронкi. Калiна разам з трыма маладымi вiшнямi пазначала пачатак суседчыных уладаньняў; плоту памiж гародамi ня ставiлi i, калi Хведараўна спускала з ланцуга пярэстага дварняка Дуная, той мог уяўляць сябе гаспадаром вялiзнага абшару.

Праўда, ён, гэты абшар, iмгненна мiзарнеў перад тым, якiм валодала хвастатая касманаўтка.

Задзёршы галаву, я стаяў на восеньскiм холадзе й намагаўся разгледзець у прасьветах хмараў касьмiчную будку зь вялiкiмi, ужо знаёмымi мне лiтарамi: СССР. У будцы ляцела да болю родная i блiзкая iстота.

О, як мне праглася хоць на дзень апынуцца ў ейнай шкуры, каб таксама iмчаць над Зямлёй, нацiскаць лапамi кнопкi кiраваньня, радасна брахаць на зоркi i дасхочу есьцi з кансаровак кiлькi ў тамаце, якiмi — я быў непахiсна перакананы — Лайку шчодра забясьпечылi да канца касьмiчнае экспэдыцыi.

«Марш у хату! Хопiць аблокi пасьвiць!» — крычала мама.

Аўтарства другой фразы належала ня маме, а маёй бабулi Аўгiньнi, што жыла ў прыдняпроўскай вёсцы пад Шкловам, куды мяне адвозiлi ў траўнi на ўсё лета.

Улетку пасьвiць аблокi было больш прыемна. Я клаўся на гумнiшчы на растрэсенае шаматкое сена, мне пад бок падточваўся кот (бабуля нiколi не давала сваiм катам iмёнаў, называючы iх проста Катамi або Кошкамi), i мы гадзiнамi глядзелi на пухнатыя, белыя, быццам безьлiч дзьмуховых галовак, аблокi. З-за кустоў агрэсту й парэчак мядова пахла канюшына, галава цi то сам нагрэты сонцам дол прыемна плылi ў прасторы, безыменнаму кату сьнiлiся смачныя тлустыя мышы, i ён шчасьлiва вуркатаў, раз-пораз торгаючы абсечаным за нязводную збрадлiвасьць хвастом... Дрымота кралася й да мяне, але я балюча шчыкаў сябе за цыпкастую лытку, баючыся, што якраз тады, як на валасок засну, на адным з гэтых мяккiх, як узьбiтая пярына, аблокаў i праплыве паўз бабулiна гумнiшча Бог.

Бабуля Аўгiньня пасьпела ўжо ня толькi напалову легальна пахрысьцiць мяне ў Копыскай царкве, але й развучыць са мною «Ойча наш». Я ведаў, што «ойча наш» — гэта i ёсьць Бог, а «на небясi» — значыць, на небе.

Тлумачыць, што такое «iжэ ясi», бабуля, спадзеючыся на ўнукаву кемлiвасьць, палiчыла залiшнiм. Апраўдваючы ейныя надзеi, я й хацеў падвiжаваць, чым там «ойча наш» жывiцца. Можа, кiлькамi ў тамаце з бульбаю ў мундзiрах?

Выдатна памятаю, што зайздрасьцi да Бога — няхай сабе ён i харчаваўся б вылучна маёй улюбёнай гарадзкой страваю — у маёй маленькай душы i не начавала. Калi я яшчэ й не разумеў, дык адчуваў, што лёсы ў нас з Богам — зусiм розныя. Ён быў ужо дужа стары i мусiў, нягледзячы на добрае харчаваньне, хутка памерцi, а мяне перапаўняў кураж неўмiручасьцi. Ён быў вялiкi начальнiк, а я нiякiм начальнiкам рабiцца нiколi не зьбiраўся. Апрача ўсяго iншага, я страшэнна баяўся высачынi i меў слабы вэстыбулярны апарат: хапала двух кругоў на каруселях, каб рот напоўнiўся агiднай салодкаю асцой й мяне пачало нудзiць.

Тады, увосень, шукаючы ў небе касьмiчную будку, якую радыё мудрагелiста менавала бiялягiчным штучным спадарожнiкам Зямлi, пра вэстыбулярны недахоп я начыста забыўся, бо, мабыць падсьвядома быў перакананы, што пераўвасобiўшыся ў сабаку, iмгненна пазбаўлюся i ўсiх людзкiх хiбаў.

Пакуль Лайка лётала, а я пасьвiў сярод хмараў свае лятункi, на зямлi распачыналiся розныя зьвязаныя з космасам падзеi.

У нас першым непасрэдным вынiкам Лайчынага палёту сталася гераiчная гiбель Дуная.

Пасаджаны ў скрадзеную на пiўзаводзе пустую бочку суседчын сабака выправiўся ў космас са старой чырвонай пампоўнi на беразе Палаты.

На апошнiм зямным прыстанку касманаўта №2 было таксама напiсана «СССР» i яшчэ некалькi кароткiх, часта сустраканых на сьценах i плоце словаў, чый сэнс у тыя часы заставаўся для мяне загадкаю.

Трагiчнае Дунаева прызямленьне, мушу сказаць, выклiкала ў мяне болей усьцехi, чым смутку. Рэч ня ў тым, што ад нараджэньня я быў хлопчыкам нядобрым i злосным. Проста за месяц да таго Хведараўнiн дварняк зьеў на падвячорак майго прывезенага зь вёскi зайца Колю, што пару тыдняў пажыў у скрынцы з-пад яблыкаў, а потым уцёк i днi тры дыхаў воляй, грызучы на гародзе капусту й моркву.

Запуск Дуная ажыцьцявiлi Iльлюша Шэф i Вiця Бундзель. Яны ўжо хадзiлi ў школу i ў iх прачыналiся таленты, што потым прывядуць абодвух у турму. Вiця абрабуе ў Лепелi кватэру i атрымае першы тэрмiн у дзясятай клясе, а Iльлюша сядзе за нешта ўжо ў Iзраiлi, куды ад’едзе з бацькамi i са сваёй адметнаю магамэтанскаю мянушкаю — Мустафа.

Гэта Iльлюша Шэф навучыць мяне вершыка, празь якi я ўпершыню спасьцiгну сiлу паэтычнага слова.

У той вечар бацька прывядзе на вячэру правяральнiка з вобласьцi i за сталом, каб пахвалiцца сынам, мама папросiць пачытаць чужому дзядзьку што-небудзь напамяць. Я выстаўлю адну ножку наперад, закладу рукi за сьпiну i гучна й выразна прадэклямую:

 

Вот к чему пришла наука:

В космосе летает сука,

Прославляя до небес

Мать твою капээсэс.

Бацька зьменiцца з твару i, ня зводзячы з госьця вачэй, выцягне з форменных пракурорскiх штаноў дзягу. Але дзядзька зарагоча, параiць мне не чытаць гэты вершык у дзiцячым садку i конча здыме напругу, падлiўшы ў чаркi.

Апярэджваючы час, заўважу, што посьпехi СССР у дасьледаваньнi космасу будуць у маiм жыцьцi й надалей зьвязаныя з паэтычнай творчасьцю — або народнай, або маёй уласнаю.

Пасьля палёту Церашковай на дошцы ў нашай клясе зьявiцца новы твор невядомага аўтара. Буйнымi лiтарамi i без памылак хтосьцi вывеў крэйдаю чатыры дастаткова прафэсiйныя радкi:

 

Валентине Терешковой

За полёт космический

Подарил Хрущев Никита

... автоматический.

Якi падарунак прыпас касманаўтцы Хрушчоў, было, вядома напiсана цалкам.

Гэты вершык бацька знайшоў у маiм скончаным арыфмэтычным сшытку. Мы насiлi тады прывязаныя да партфэляў торбачкi з чарнiлiцамi-каламаркамi i пiсалi драўлянымi асадкамi з жалезнымi пёрамi. Гэтыя пёры вечна заядалi, плявалiся й пырскалiся, i старанна перапiсаны мною твор на касьмiчную тэму аздабляла з паўтузiна кляксаў.

Гiстарычныя крынiцы сьведчаць, што за часамi Вялiкага Княства Лiтоўскага памежная варта айчыны нашых продкаў, каб захаваць у памяцi грамадзянаў дакладную лiнiю мяжы, практыкавала наступны мэтад. Мясцовых падлеткаў з усёй шчырасьцю секлi бiзунамi дакладна на рубяжы дзяржавы. Як пасьля той экзэкуцыi ў сьвядомасьцi да скону заставалiся «сфатаграфаваныя» пад бiзуном межавыя камянi й дрэвы, так пасьля цяжкой бацькавай рукi з папругаю недзе ўва мне назаўжды аддрукавалася старонка з кепскiм словам i падобнай да незнаёмага касьмiчнага сузор’я чародкаю кляксаў.

Мой уласны вершык, складзены з нагоды кружляньня вакол зямное кулi першага трохмясцовага карабля «Ўзыход», вылучаўся першабытнай iдэалягiчнай i лексычнай цнатлiвасьцю. Але пра тое трохi пазьней. Вернемся ў восень, над якою лунала водгульле брэху знакамiтай савецкае сучкi.

Сярод тых, каго ейны палёт уразiў, я перадусiм згадваю яшчэ адну нашую суседку — Розу Саламонаўну Герцыковiч, якая часта заходзiла да маёй мамы паскардзiцца, што яе нявестка, жонка цёткірозiнага сына Фiмы, «пагульвае» i якая ўпарта клiкала мяне ня Вовам, а Бобам.

Цяпер лiтаральна зь неба звалiлася новая тэма.

Тоўстая, як дзьве цi нават дзьве з паловаю мамы, цётка Роза Герцыковiч не любiла размаўляць стоячы i велiчна апускалася на нашую зялёную канапу, што пад раптоўным цяжарам скурчвалася i жаласна енчыла, быццам жывое стварэньне.

Выгодна ўладкаваўшыся, Фiмава мацi бралася апавядаць неверагодныя рэчы. Яна чула, што неўзабаве ў космас запусьцяць спадарожнiк з мухамi, камарамi, прусакамi й блышчыцамi. На гэта мама зазначала, што прусакоў i блышчыцаў у нас, дзякуй богу, няма. Закрыўшы на нетактоўную заўвагу вушы, цётка Роза Герцыковiч распрацоўвала касьмiчнае радовiшча далей. Паводле яе словаў, усьлед за жамярой у мiжплянэтную прастору стартане спадарожнiк з катамi, потым, як яна казала, «зафугуюць» казу.

Я нясьмела цiкавiўся пра акварыюмных рыбак. «Вада расплюхаецца», — адмахвалася суседка i пасьля казы прадракала палёт карове.

У ейных словах я адчуваў пэўную супярэчнасьць, бо — калi выводзiць на арбiту ўсiх па парадку — пачаць лягiчна было б ня з Лайкi, а сапраўды з мухаў цi нават зь мiкробаў. Але суседку гэткiя тонкасьцi не бянтэжылi, i яна прадказвала, што сьледам за каровамi ў космас пачнуць «фугаваць» крымiнальнiкаў.

Цётка Роза ня ведала, што празь некалькi гадоў Фiма ў адзiн нешчасьлiвы вечар засьпее жонку з палюбоўнiкам i зарэжа нявернiцу кухонным нажом, а таму не ўтаймоўвала сваёй фантазii й сьцьвярджала, што над крымiнальнiкамi ў космасе будуць ставiць разнастайныя экспэрымэнты: кармiць адной кукурузаю цi адным часныком з цукрам, высьвятляць, колькi дзён чалавек вытрымае бязь ежы i колькi без вады; алкашоў будуць нiбыта трымаць на адной гарэлцы, а гвалтаўнiкоў — падвешваць у касьмiчных караблях за яйцы.

Змрочнае суседчына ўяўленьне шырока распроствала крылы, i наступнага дня на дадатак да ранейшых жудасьцяў мы даведвалiся, што касьмiчныя спадарожнiкi з крымiнальнiкамi стануцца мiшэнямi для савецкiх лётчыкаў альбо што яна, цётка Роза Герцыковiч, напiша куды сьлед, каб да крымiнальнiкаў дзеля нейкiх незразумелых мне дасьледаваньняў запусьцiлi ейную нявестку.

На жаль цi на шчасьце, натхнёныя прароцтвы Фiмавай мацi ня спраўдзiлiся. За Лайкай у космас паляцелi ня мухi цi козы, а Белка й Стрэлка. («I доўга брахалi сабакi Над нашай савецкай зямлёй...» — напiша вядомы дзiцячы паэт.) Катоў, кароў i злачынцаў таксама абмiнулi i на арбiту адразу закiнулi проста чалавека.

Аднойчы на некаторых дамах нашае цiхае вулiцы памянялi шыльдачкi з назваю. Цяпер i наш дом, i школа, дзе я вучыўся ў першай клясе, стаялi, як казала настаўнiца, на вулiцы першага савецкага касманаўта, i таму мы павiнны былi ганарыцца i быць дастойнымi.

Можа, з тае прычыны, што выразаны з часопiсу «Огонёк» Лайчын фотапартрэт па-ранейшаму вiсеў у мяне над ложкам, несправядлiвасьць настаўнiчыных слоў успрымалася асаблiва абвострана. Я атрымаў першы ўрок афiцыйнае хлусьнi. Усе цудоўна ведалi, што першым касманаўтам была Лайка.

(Паколькi кантрапунктам у нас iдзе тэма зайздрасьцi, заўважу, што, думаючы пра Юрыя Гагарына, я не знаходзiў у душы нi драбочка згаданага пачуцьця. Праз тое самае я чуў глыбокую чалавечую сымпатыю да цёткi Розы Герцыковiч. Ейныя прысьвечаныя касманаўтыцы аповеды неабвержна сьведчылi, што суседка таксама анiразу не пазайздросьцiла захмарнаму герою i нiколi не пажадала ягонай долi ўлюбёнцу Фiму.)

Улетку ў мяне зьявiлiся дадатковыя аргумэнты: ад свайго стрыечнага дзеда, а мамiнага роднага дзядзькi Грышы я даведаўся, што Гагарын ня быў першым касманаўтам i сярод людзей.

Папярэднi раз дзед Грыша пераведваў родную вёску, калi ня быў мне нiякiм дзедам, бо мяне яшчэ не iснавала на сьвеце, а мой тата жыў ня з мамаю, а зь першай жонкаю, бо тая пакуль не хварэла на невылечную сухотку. Дарослыя казалi, што дзед Грыша «засакрэчаны», i, каб пераканацца ў гэтым, досыць было ўбачыць пасылкi, якiя ён прысылаў нам з Масквы перад кожным новым годам. Уходаўшы тую таўшчэзную чырвоную рыбiну зь вясёлкавым пералiвам на зрэзе, я цэлы месяц не ўспамiнаў пра кiлек, а буйныя разынкi ў першаклясным шакалядзе побач з абсыпанымi цукрам крамнымi «падушачкамi» выглядалi прывiтаньнем зь iншае плянэты, якая ў сваiм разьвiцьцi апярэдзiла нашую не на стагодзьдзе, а назаўсёды.

Дзед Грыша быў абсалютна лысы, i я любiў спотайку разглядваць ягоную сьпярэшчаную сiнiмi, чырвонымi й зялёнымi жылкамi кавунаватую галаву, якая моцна выдавала на глёбус. Сваякi сьцьвярджалi, нiбыта пра сваю маскоўскую працу дзед не прамовiць нi слова i на Страшным судзе. У памяць урэзалася, як сувора зiрнуў ён на маю цётку, а сваю пляменьнiцу Вольгу, калi тая, пачуўшы з радыё папулярнае тады абяцаньне дагнаць i перагнаць Амэрыку, пацьвердзiла, што так, дагонiм, бо босым бегчы лягчэй. Аднак я добра запомнiў i тое, як перад бабуляй Аўгiньняй дзед аднойчы крышку рассакрэцiўся, паведамiўшы, што мае справы зь нябеснай канцылярыяй.

Другi раз дзед Грыша рассакрэцiўся перада мною, калi, паслухаўшы радыёперадачу пра Гагарына, раптам хапянуў бяз закусi шклянку двойчы перагнанай бабулiнай самагонкi i прыцiшана сказаў — праўдзiвей не сказаў, а ўсхлiпнуў: «Эх, Воўка, колькi рабят да Гагарына на запусках папалiлi...» i дадаў яшчэ некалькi словаў, якiя мяне вучылi не казаць нiколi.

Я перажыў iмгненьне, якое называюць момантам iсьцiны. Маёй дзiцячай душы адкрылася, што сьлёзы на дзедавых, таксама лысых, амаль бязь веек, вачах накруцiлiся не ад магутнага бабулiнага самагону, а ад таго, што дзед ня толькi ведаў тых «рабят», але й сам — страшна падумаць — палiў iх...

Зьлякаўшыся сваёй шчырасьцi, дзед Грыша папрасiў мяне забыць пачутае, iначай яго могуць выгнаць з працы, а то й пасадзiць у турму. Я хацеў i надалей атрымлiваць перад Новым годам маскоўскiя пасылкi, а таму даў «чэснае акцябрацкае» i падмацаваў яго тым, што перахрысьцiўся, як вучыла бабуля, на абраз Мiколы-цудатворцы.

Пасылкi з прысмакамi прыходзілі яшчэ гадоў пяць. Вярнуўшыся зь дзедавых хаўтураў у вёску, цётка Вольга абвясьціла, што на памінкі прывезьлі аднекуль два аўтобусы генэралаў.

Ні тады, ні пазьней, калi лёталi Быкоўскi зь Церашковай, i цётка Роза Герцыковiч, апавядаючы, што iх запусьцiлi дзеля касьмiчнага размнажэньня, абяцала абавязковае нараджэньне ўродцаў, я так i не адчуў анiякай ахвоты хоць на момант зрабiцца касманаўтам. Тым ня менш, папусьцiўшыся агульнаму псыхозу, пасьля палёту першага шматмясцовага карабля, я напiсаў свой першы вершаваны твор:

 

Мчится тройка, мчится быстро

В корабле «Восход»,

И ведет его уверенно

Капитан вперед,

Там инженер-полковник,

Врач, ученый,

Отчизны верные сыны.

Вокруг земного шара

Вперед летят они.

Потым я даведаюся, што некалькi вядомых замежных палiтыкаў, у тым лiку i адзiн былы амэрыканскi прэзыдэнт, увогуле ня верылi ў рэальнасьць некаторых касьмiчных караблёў з сэрыi «Ўзыход», успрымаючы iх як звычайную iдэалягiчную туфту. У адрозьненьне ад гэтых мацёрых антысаветчыкаў, я быў артадаксальным патрыётам, што магу давесьцi вершыкам, складзеным тады пра Амэрыку i яе насельнiкаў. Вершык меў гучны назоў «Эмiгранты» i пачынаўся (даруйце мне, неразумнаму, мае амэрыканскiя суайчыньнiкi i ўсе астатнiя жыхары ЗША) так:

 

В переулках трущобных

И на мусорных кучах

Вспоминаешь невольно

О Родине...

Неўзабаве па палёце трохпiлотнага «Ўзыходу» Фiма Герцыковiч i зарэзаў жонку. Вiдаць, ад перажываньняў бiялягiчны мэханiзм, ад якога залежала паўната цёткi Розы, пачаў нарошчваць ейныя кiляграмы з катастрафiчнай хуткасьцю. З такiм самым эфэктам, як яна, на нашую гаротную канапу, мог, напэўна сесьцi сам прывакзальны жалезны Ленiн. Карацей, канапе, нягледзячы на маштабныя посьпехi СССР у асваеньнi космасу, надыйшоў гамон, а на новую ў бацькоў бракавала грошай.

Калi ў часе выпрабаваньня цяжкагрузнага карабля «Саюз» загiнуў касманаўт Камароў, цётка Роза Герцыковiч да нас ужо не завiтала. Яна не чытала гiсторыка Фэрнана Брадэля, якi аднойчы сфармуляў свой славуты пастулят, паводле якога «калi габрэi прыяжджаюць у нейкую краiну, гэта адзначае, што жыцьцё там iдзе добра альбо пойдзе лепей, а калi ад’яжджаюць, — што яно ідзе дрэнна альбо зьменiцца на горшае». Фiмава мацi проста дачакалася сына з турмы i зьехала зь iм у Iзраiль.

Маёй цётцы Вользе, той самай, што некалi афарыстычна выказалася наконт нашага бегу навыперадкi з Амэрыкай, не было куды зьяжджаць, i яна воляй-няволяй мусiла заняць нейкае месца ва ўсесаюзных шматмесяцавых размовах аб лёсе касманаўта Камарова.

Лёталi чуткi, што камандзiр «Саюзу» не загiнуў пры пасадцы, а толькi пакалечыўся. Адны бачылi людзей, што на ўласныя вочы бачылi, як Камароў прызямлiўся на полi пад Новасiбiрскам, вылез з кабiны i папрасiў пiва. Другiя бажылiся, быццам чулi тое самае праз «варожы голас»...

Я быў пэўны, што падзея гэткага сумеру не абмiне на яе гiстарычнай радзiме i носьбiтку старажытнага й слаўнага полацкага прозьвiшча Герцыковiч. Мне ўяўлялiся смуглявыя жыхары бэтлеемскiх ваколiцаў (зрэшты, вельмi падобныя да нашых нядаўнiх суседзяў), якiя чуюць з алейных цёткiрозiных вуснаў, што калi Камароў i ацалеў, дык яго ўсё адно зловяць i заб’юць альбо, у лепшым разе, назаўсёды куды-небудзь заканапацяць, каб нiхто не падумаў, што савецкiя газэты, радыё i тэлебачаньне схлусiлi савецкаму народу.

Пазыцыя цёткi Вольгi ва ўсёй гэтай гiсторыi вызначалася яшчэ большай бескампрамiснасьцю. Iканапiсна падцяўшы вусны, мамiна сястра сказала, што Бог нарэшце ўзяўся караць летуноў, якiя безь ягонага дазволу панарабiлi ў небе дзiрак i сапсавалi надвор’е дый жыцьцё наогул. Зраблю нотабэнэ: зь цёткаю была салiдарная большасьць кабетаў зь яе шклоўскае вёскi Капысiца, што квiтнела пад сонцам калгаснага ладу за тры кiлямэтры ад тады яшчэ невядомай нiкому Александрыi, чые жыхары гналi ня горшую ад капысiцкае самагонку i не падазравалi, што праз чвэрць стагодзьдзя адзiн iхны землячок узначалiць усенароднае змаганьне зь нейкай страшнай замежнай Натай.

Не, нiкому зь iх — нi колiшняму александрыйцу, нi першаму касманаўту-беларусу Клiмуку, нi другому, Кавалёнку, у якога ў дэбютным палёце нешта ня зладзiлася i назаўтра ж з хаты ў ягонае мацi забралi прывезены напярэдаднi тэлевiзар — я, хоць забiце мяне, не зайздросьцiў.

Калi нейкая кропля зайздрасьцi i атруцiла маю iстоту, дык гэта да зусiм нянаскага касманаўта Нiла Армстронга. Вось у яго быў сапраўдны палёт. Гэта, ведаеце, як круцiцца вакол несусьветнае прыгажунi безьлiч залётнiкаў, цалуюць ручкi, падносяць падарункi, нехта за бачок ушчыкне i ня болей, а потым зьяўляецца той, што бавiць зь ёю ноч i застаецца першаадкрывальнiкам.

I кволiцца недзе ў заканурках душы мара — знайсьцi, калi зноў патраплю ў Амэрыку, старыну Нiла й запытацца, што ён там такое на Месяцы, у тым Моры Спакою, убачыў цi адчуў, што, кажуць, завязаў з космасам i нават схаваўся ад людзей i жыве самотнiкам.

Разумею, што шанцы на адказ блiзкiя да нуля. Але мне падабаецца думаць, што — калi б яшчэ жыла бабуля Аўгiньня — старына Нiл мог бы, замест iхнага нядошлага вiскi, хапянуць са мною чыстага, нiбыта сьляза дзiцяцi, перагону i, як некалi дзед Грыша, раскалоцца ды паслаць усю гэтую касманаўтыку на...

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0