МРОЯ зьмянiла дзяржаўны лад

 

«Незалежная Рэспублiка Мроя» — лепшы рок-гурт 1997 году. Вось галоўная ацэнка, якую зрабiлi аглядальнiкi дваццацi восьмi СМI i прад’юсары шасьцi шоў-фiрмаў. Такая супольная выснова была прадстаўленая менскай публiцы 29 студзеня ў кiнатэатры «Москва» ў выглядзе iмпрэзы «Рок-Карона’97».

Рашэньне журы фэстывалю аб каранаваньнi мроеўскiх «рэспублiканцаў» ня сталася неспадзеўкай, бо папросту не магло быць iншым. На мiнулай «Каранацыi» «NRM» атрымалi прыз за «Песьню году» дзякуючы ўласнай прынцыповасьцi й шчырасьцi гледачоў, якiя на «гура» прынялi раптоўную замену прапанаванай спачатку бяскрыўднай «Мела мамка тры сыночкi» на сапраўдны хiт — «Партызанскую». Дэ факта «N.R.M.» ужо тады была гуртом году, бо стварыла больш, чым музычную падзею...

Народжаная ў 1994 годзе iмпрэза пад назовам «Рок-Карона», сталася традыцыйнай. Гэтак, як традыцыйнай застаецца праблема выбару лепшых выканаўцаў з кола, якое за апошнiя пяць гадоў павялiчылася адно на калiва. Традыцыйна й тое, што якасныя зьмены адбываюцца толькi сярод фаварытаў, якiя адначасова зьяўляюцца ўдзельнiкамi «спаборнiцтва» за «карону» беларускага року. Таму iнiцыятарам «Каранацыi» штораз даводзiцца прыдумляць адмысловую намiнацыю, каб мець падставу адзначыць той цi iншы з гуртоў, якiя аб’ектыўна ня горшыя адзiн за другi. Гэтак у 1995 годзе асабiста для Касi Камоцкай была прыдуманая намiнацыя «Рок-Князёўна», для «Крамы» — «За адданасьць жанру» ў 1996, а летась для «Нейродюбеля» — «За лепшую iнтэрпрэтацыю эстраднага шлягера». I толькi сёлета фiрма «Дайнова» выкараскалася з пасткi, у якую патрапiла на першай «каранацыi», прапанаваўшы ў якасьцi намiнацыi свой фiрмовы слоган — «Традыцыі й сучаснасьць». Толькi дзякуючы леташняму фэерычнаму ўварваньню гурта «Крывi» ў музычнае жыцьцё краiны, «Палац» нарэшце скiнуў з плячэй «традыцыйна-сучасны» цяжар «гурта адной намiнацыi», i атрымаў спадзеў быць адзначаным у iншых.

Ня дзiва, што пры такой тэндэнцыi апошняя «Каранацыя» падарыла новы прадукт у пошуку намiнацыяў — «Надзею году». Ёю стаўся гурт «Happy Face». Як для мяне, дык шанцы ў гурта ня большыя, чым у «Адкрыцьця году» гомельскага «VooDoo». Зь першымi акордамi сталася ясна, што ягоныя музыкi вельмi любяць «Deep Purple», але асабiста ў мяне няма анiякае надзеi, што гурт калi-небудзь падорыць нам Рычы Блэкмара цi Яна Гiлана... Цi можа на маю думку ўплывае традыцыйная беларуская адсутнасьць спадзяваньня?

на дзесяць намiнацыяў фэсту прыйшлося 16 выканаўцаў, зь якiх толькi пяцёра выступалi ў якасьцi гасьцей: Iван Маркаў, «Крама», «Ляпис Трубецкой», «Улiс», «Палац». Амаль усе госьцi выканалi старыя хiты...

Адна зь неспадзяванак фэсту — адсутнасьць сярод гасьцей цi ўдзельнiкаў «Новага Неба». Пэўна, у якасьцi «суцяшэньня» Касi Камоцкай прапанавалi рэпрэзэнтаваць «Альбом году» — «Народны Альбом».

Наўрад цi такi вялiкi й шматплянавы праект, як «Народны Альбом» можна рэпрэзэнтаваць адной песьняй. Па сутнасьцi, «Народны Альбом» мог бы прэтэндаваць i на «Адкрыцьцё», i на «Традыцыi й сучаснасьць», i на «Падзею году»... Тым больш заканамерна, што праект у асобе Мiхала Анемпадыстава атрымаў прыз за «Лепшыя тэксты». Зрэшты, цi толькi за «народныя» тэксты быў уручаны прыз? Калi я глядзеў, як мастацкi рэдактар «Нашай Нiвы» Сяргей Харэўскi дорыць Касi ад iмя рэдакцыi кветкi «зь Вiльнi», я ведаў, што падзяка сьпявачцы — менавiта за тыя песьнi, празь якiя «Новае Неба» сталася «небясьпечнай» зьявай.

... Пэўна, ня варта шукаць анiякае сымболiкi ў тым, што сёлетняя, самая вялiкая па колькасьцi ўдзельнiкаў i гледачоў «Каранацыя», адбылася ў кiнатэатры «Москва», бо незалежна ад волi арганiзатараў, найбуйнейшыя канцэртовыя пляцоўкi сталiцы дагэтуль носяць iмёны «з акцэнтам», недастасоўным да беларускай культуры ўвогуле, а да беларускага року пагатоў. Тым ня менш, арганiзатары «Рок-Кароны’97» спраўдзiлi пастаўленае калiсьцi на мэце пераўтварэньне iмпрэзы ў буйны фэст — «Москва» была запоўненая амаль цалкам.

Публiка й сталася самым вялiкiм сюрпрызам фэсту. Я зразумеў гледачоў, калi яны не «пранiклiся» капрызна-пакрыўджаным, хаця й «мiлым» i «гарэзьлiвым», прывiтальна-разьвiтальным выступам леташняга караля iмпрэзы «Ляписа Трубецкого», якi песьняй «пра самы лепшы гурт, i самага лепшага сьпевака Сярожу» даў адказ «злапыхацелям», што не прызнаюць «ляпiсаў» за рокавую каманду. Таксама вiдавочна, што вядучым праграмы, «зоркам» радыё Бi-Эй, было складана разьвесялiць публiку жартамi, створанымi ў стылiстыцы радыёперадачы для «нармальных пацаноў» з Камароўкi... Але ж публiка не «завялася» нават тады, калi на сцэну выйшаў «цьвiк» iмпрэзы — адноўлены толькi на некалькi хвiлiнаў адмыслова для «Рок-Кароны» гурт «Бонда».

Мяркую, што тыя, хто мог зразумець маё зьдзiўленьне, не патрапiлi на «Карону», бо не адужалi коштавы бар’ер квiтка —выкласьцi больш за пяць даляраў за адзiн канцэрт для сёньняшняга падлетака, на жаль, складана... Зь iншага боку, я не паверу, што «дарослая» публiка ймкнулася ў кiнатэатар «Москва» адно дзеля таго, каб паслухаць сьпявачку, якая ў аднайменным горадзе патрапiла ў «ляўрэаты конкурсу «Утренняя звезда».

Калi ў намiнацыi «Падзея году» быў названы леташнi праект «Песьнярок», дык на званьне «Падзеi» новага рок-сэзону, на мой погляд, ужо цяпер можа прэтэндаваць менавiта выступ «Бонды».

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0