Падаюць сьняжынкi, дыямэнты-росы...

Бывае, выходзiш з хаты i, у залежнасьцi ад таго, што перад сабой бачыш, мiжволi згадваеш паэтычныя радкi. Або шпацыруеш зь сябрамi па Вiльнi i незнарок пачынаеш дэклямаваць: «Скажы мне, Вiльня, хто твой сын законны»... У Менску напяваеш: «Родны мой горад, любоў мая». I кожнага разу адно тое самае не надакучвае. А бывае, iдзеш удваiх i, не дамаўляючыся, не пераглянуўшыся нават, дэклямуеш дуэтам тыя самыя словы. Памятаю, выходзiм са школы ў першы сьнег i пачынаем на розныя лады: «Зима, крестьянин торжествуя»... Школа была насупраць ЦК КПБ, таму можна ўявiць сабе ўмоўнасьць гэтых словаў, апрача хiба слова «зiма». Гэтак глыбокае адчуваньне таго, што адбываецца ў прыродзе, змушае казаць паэтычнымi словамi. Пазьней, з набыцьцём беларускай тоеснасьцi, гэты працэс ускладнiўся. Бо словы школьнае праграмы яшчэ й самi сабою перакладалiся на беларускую мову. «Зiма, вясковец урачыста на санках абнаўляе шлях, ягоны змораны канiска цягнецца цугам абы як»... i далей якая-небудзь ужо поўная абракадабра, але з захаваньнем ранейшага настрою.

Нашыя аўтары выйшлi ранiцою ў свае засьнежаныя за ноч двары i кожнага зь iх асянiла свая думка. Зьмiцер Бартосiк разважаў якраз пра цытаты.

 

... Але вернемся да цытатаў. Мне раптам прыгадаўся Адамовiч. Апошнiм часам менавiта ягоныя радкi мiжволi прыходзяць у галаву з нагоды ўсялякiх атмасфэрных зьменаў. «Канчаецца лета, яблычны спас, пра афрыку мараць птушкi»... Або: «Каляды, посная куцьця, ня пiша пiсем арганiстка»... Не спатрэблiваецца нават страфы, дастаткова аднаго-двух радкоў. Можа, iх увогуле дастаткова? Але да монавершаў у нас ставяцца насьцярожана. Яны прачытваюцца хутка, таму хутка i забываюцца.

Славамiр Адамовiч цытуецца часта, дарма што ён пакуль ня клясык са школьнае праграмы, а толькi былы сядзелец Вiцебскага цэнтралу, галадоўшчык. Ягоныя вершы згадваюцца, хоць iх i не сьпявалi. Вось Глёбуса сьпявалi i шмат. Праўда, цi менавiта гэтым выклiканая запамiнальнасьць ягоных радкоў, а такiх таксама нямала? «Мы стаялi ў чарзе па хлеб»... — пры стаяньнi ў любой чарзе або «Я стаю на крыжы беларускiх дарог» — часта згадваецца на скрыжаваньнях.

Пачаўшы свае развагi з пары найбольш выразных прыкладаў, якiя самi прасiлiся ня толькi на язык, але i ў гэты тэкст, я паступова выйшаў на цэлыя россыпы прыкладаў, зь якiх ужо цяжка выбiраць. Добра яшчэ, што абмежаваўся надвор’ем, якое сустракае нас на выхадзе з хаты. А колькi ўсялякiх прыказак усплывае ў галаве з тысячы iншых нагодаў. Прыказак, прымавак ды iншых устойлiвых фразэалягiзмаў, некаторыя зь якiх тут жа на языку i нараджаюцца. Наступная думка здаецца мне вартаю ўсiх папярэднiх развагаў. Мы гаворым пра фальклёр. Абсалютна жывы i паўнакроўны беларускi фальклёр, якi самi ж з дапамогаю нейкае вышэйшае волi i ствараем. Паводле тых самых рэцэптаў, якiмi карысталiся нашыя продкi.

Пасьля таго як фальклёрныя скарбы нацыi былi сабраныя, апiсаныя i трывала прывязаныя да старажытнага або колiшняга вясковага быту, для ўсяе наступнае народнае творчасьцi сталi прыдумляць усялякiя адрозныя азначэньнi. Гарадзкiм фальклёрам называлi як правiла вусную творчасьць пралетарыяту або так званы чорны гумар, г.зн. зьявы так цi iнакш маргiнальныя, не ўсеагульныя. Але з канцом камунiзму i Савецкага Саюзу, дзе вусная народная творчасьць часьцяком пiсалася ў мэтадычных кабiнэтах аддзелаў прапаганды i агiтацыi, такiя азначэньнi перасталi выглядаць пераканаўча. I цяпер усё паступова вяртаецца на свае месцы.

Натуральна, iнфармацыйная рэвалюцыя дае фальклярыстам большыя магчымасьцi прасачыць паходжаньне той цi iншай прыказкi. Паданьнi часьцей выдаюцца за мэмуары. А песьнi яшчэ не зрабiлi свайго адрыву ад аўтарскага выкананьня да масавага. Але затое зьявiлiся iншыя фальклёрныя жанры: чуткi з пагалоскамi, мiстыфiкацыi... Наш горад i наш час, аказваецца, нiяк не запыняюць разьвiцьцё спрадвечнае традыцыi — вуснае народнае творчасьцi. Гэта толькi камунiзм i эсэсэсэр запынiлi яго на 70 гадоў. Але ж не назаўсёды. Наша вёска застанецца музэем фальклору, дзе перахоўваюцца i ўзнаўляюцца старыя скарбы. Так будзе датуль, пакуль яна не прачхнецца ад савецкага i постсавецкага прыгону. Тымчасам жывым расплодзiшчам фальклёрных пэрлаў неўпрыкмет становiцца горад. I цяпер справа за малым — за зьяўленьнем новых Насовiчаў i Федароўскiх, якiя з ранейшай стараннасьцю будуць апiсваць гэты працэс.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0