Залатая пятля

 

Апаратчыкi А.Лукашэнкi будуць рабiць свой бiзнэс на тым, ад чаго ня раз адракалiся публiчна — на нацыянальнай спадчыне Беларусi

 

Адрынуўшы каштоўнасьць нацыянальнае культуры i мовы, загнаўшы лепшых спэцыялiстаў у апазыцыю, рэжым А.Лукашэнкi апынуўся сам-насам з калясальнымi гуманiтарнымi рэсурсамi краiны. Нават ня любячы ўсё гэта, ня ведаючы мэтафiзычнае цаны ўсяго гэтага, прагматычны розум ня можа не заўважыць, што нацыянальная спадчына паўсюль у сьвеце — гэта залатая даходная жыла. За савецкiм часам абыякавае да беларушчыны чынавенства ня надта цiкавiлася i матэрыяльным бокам справы. Бо адкрыта, на вачах ва ўсiх разжыцца не выпадала. Сёньня ж тыя самыя па сутнасьцi сваёй чыноўнiкi пачынаюць разумець, што ўжо нiхто iх за руку ня схопiць. Яны будуць выпампоўваць грошы зь Беларусi, яе прыроды, спадчыны, нават зь яе мовы прагматычна i бяздушна, як з чагосьцi кiнутага, зусiм ня дбаючы пра наступствы. Нездарма i назву свайму праекту яны ўзялi «Залатое кальцо Беларусi» — што цалкам упiсваецца ў iхнае разуменьне нашай краiны як расейскай правiнцыi. Iх беспардоннасьць у стаўленьнi да нашых сьвятыняў можа абураць, але найперш мы мусiм ведаць усе дэталi гэтага заяўленага на заўтра доўгатэрмiновага злачынства. Дакумэнты «Залатога кальца», народжаныя ў нетрах лукашэнкаўскае вэртыкалi, днямi сталi даступныя нашаму карэспандэнту.

 

Гэты праект прыцягнуў маю ўвагу з трох прычынаў. Па-першае, ён сапраўды глябальны i мусiць ахапiць усю тэрыторыю краiны. Яго iдэя — стварэньне свабоднай эканамiчнай зоны з уключэньнем у яе прыродаахоўных i гiсторыка-культурных тэрыторыяў з помнiкамi прыроды, архiтэктуры i гiсторыi. Iдэя ня новая, але ўпершыню яна прапануецца як суцэльны комплекс з асаблiвым рэжымам гаспадараньня ў агульнанацыянальным маштабе.

Па-другое, праект нараджаўся ў сакрэтнасьцi яшчэ ў 1996 годзе, i да сёньня пра яго мала хто ведае. Летась у сакавiку на традыцыйных «Браслаўскiх чытаньнях», якiя зьбiраюць гуманітарыяў зь Беларусi, Лiтвы, Польшчы й Расеi, нечакана для ўсiх выйшаў дакладчык i з аплёмбам далажыў пра неаслабную рупнасьць адмiнiстрацыi Лукашэнкi аб ахове помнiкаў i прыроды Беларусi. На рукi слухачам была перададзеная пульхная тэчка са здымкам сям’i жабракоў ХIХ стагодзьдзя i залачоным подпiсам сынадальнага шрыфту «Золотое кольцо Беларуси». Ненадоўга зьнямелая публiка задала дакладчыку некалькi пытаньняў: «Як рыхтаваўся гэты праект?», «Хто будзе даваць дазвол на адчужэньне тэрыторыяў i помнiкаў?» i «Каму будзе падначаленая гэтая «свабодная зона»?» Дакладчык адказаў ня даў. Затое на сьцiплую заўвагу, што праект нават у такiм чарнавым выглядзе груба парушае заканадаўства, ён заўважыў: «Гэта дэталi. Спатрэбiцца — прымем закон!» Большага нiхто пра гэты таемны праект ня чуў...

Нарэшце, па-трэцяе, сам факт спробы ацанiць маштабы i стан нацыянальнае спадчыны, так бы мовiць, акiнуць гаспадарскiм вокам — зусiм новая рэальнасьць. Аўтарытарны рэжым дбае пра сваё выжываньне i iмкнецца знайсьцi новыя крынiцы фiнансаў, задзейнiчаць некранутыя рэзэрвы. Праект новай «зоны», з аднаго боку, мусiць вызначыць геапалiтычнае месца Беларусi, а з другога — абаперцiся на ўласна нацыянальныя рэсурсы.

Я не надаў тады гэтаму здарэньню ў Браславе вялiкае ўвагi, але празь нейкi час на маiм стале зьявiлiся дакумэнты, якiя пралiлi крыху больш сьвятла на гэтую справу. Адныя зь iх патрапiлi ў мае рукi ажно зь Пецярбургу, другiя — ад старых знаёмых з МЗС. Лiшне казаць, што тыя, хто даваў мне гэтыя паперы, прасiлi ня згадваць iхныя прозьвiшчы. Пакрысе справа «Залатога кальца» набыла iншы ракурс, зусiм далёкi ад таго, як гэта было пададзеная дакладчыкам на «Браслаўскiх чытаньнях»...

Падрыхтоўка першага мiнi-праекту «Залатога кальца Беларусi» распачалася ў лiстападзе 1996 году за горшы Арганiзацыi Аб’яднаных Нацыяў у межах праграмы «Садзеяньня сацыяльна-эканамiчнаму разьвiцьцю Рэспублiкi Беларусь у пераходны пэрыяд», i была даручаная творчай майстэрнi Чадовiча. Аляксандар Чадовiч прыехаў у Беларусь з Курганскае вобласьцi. Яшчэ не атрымаўшы адукацыi, ён з 1980 году ўжо быў галоўным iнжынэрам праектаў у iнстытуце «Менскпраект», а з 90-га кiруе пэрсанальнай творчай майстэрняй.

На тры месяцы для падрыхтоўкi прапановаў было выдаткавана 25 тысячаў даляраў на 17 чалавек кансультантаў. Пад дакумэнтамi стаяць подпiсы намесьнiка мiнiстра эканомiкi Зайчанкi, кiраўнiка праекту ПРААН Даўгавечнага i мэнэджэра майстэрнi Чадовiча Прыбыля. У прэамбуле чытаем:

«... Из общего количества памятников истории и культуры, представляющих интерес для туристско-экскурсионного показа (около 11 тысяч), используется около 5%. Значительное число памятников не реставрировано, к ним отсутствуют подъездные пути, их территории неблагоустроены».

Мэты праекту гучалi амаль высакародна. Яны, як дэкляруецца, накiраваныя «... на возрождение национальной культуры, историко-культурного наследия; на более полное и эффективное использование природных комплексов...; на развитие туризма; на выпуск экологически чистых продуктов...» i гэтак далей. Ну што тут кепскага мог угледзець Сталы Прадстаўнiк ААН у Беларусi спадар Крал, якi даў згоду Мiнiстэрству эканомiкi на гэты кантракт i на прызначэньне кiраўнiком нейкага Парфiяновiча?

Але ўжо Парфiяновiч на гэтым не спынiўся. Праз тыдзень на стол Дзяржаўнага сакратара Савету бясьпекi Шэймана лёг дакумэнт на блянку нейкае «Беларускае Маладзёжнае Палаты»: «Золотое кольцо Беларуси»:

«Глубокоуважаемый Виктор Владимирович! Прошу Вас рассмотреть предложение о создании при Совете Безопасности Республики Беларусь координационного Совета (Департамента) по проблемам сохранения и рационального использования историко-культурного и природного наследия Республики Беларусь (далее Совет). Необходимость такого Совета диктуется также всевозможными фальсификациями истории белорусского народа, республики, которая в настоящее время приобретает черты независимого европейского государства. Руководствуясь (...) личной гражданской позицией, полагаю своевременным создание органа, способного консолидировать интеллектуальный и духовный потенциал Республики Беларусь по достижению следующих целей и задач: (...)

3. Осуществление контроля за ведущимися и планируемыми программами, мероприятиями, направленными на использование природно-биологической среды, памятников истории, культуры, науки, традиций народа Республики Беларусь; (...)

7. Освоение и сохранение аутентичных форм фольклора;

8. Возрождение и развитие народных промыслов и ремёсел;

9. Формирование здоровых моральных ценностей, идеалов и традиций белорусов...

Приложения на 5 листах: 1. Проект Указа Президента Республики Беларусь, 2. Проект положения о Совете и 3. Копия письма Министерства культуры в адрес Министерства внешних экономических связей. С глубоким уважением...»

Неўзабаве Парфiяновiч ужо ня просiць, а даводзiць да ведама Вiцебскага аблвыканкаму пра ўключэньне ў праект «Золотое кольцо» дэмiлiтарызаваных аб’ектаў на тэрыторыi Вiцебскай вобласьцi:

«... в результате проведённых исследований... считать целесообразным и возможным включение бывшей авиационной базы «Журжево» — г. Витебск, военных городков «Костени», «Тешелово», «5-й городок» — Поставский район, «Плисса» — Глубокский район... в число объектов СЭЗ «Золотое кольцо Беларуси».

Да кожнага аб’екту дадаюцца кароткiя тлумачэньнi — што яны сабою ўяўляюць. Але што да базы «Журжава», то ёсьць нарэшце, i красамоўнае самавыкрыцьцё:

«... коллектив разработчиков СЭЗ «Золотое кольцо Беларуси» обратил внимание на следующие... возможности объекта: 1) Транзит грузов с фруктами через Витебск по маршруту Южная Америка — порт Санкт-Петербурга — Витебск — центральные районы России нуждается в обработке груза, а именно: таможенная обработка груза, перепаковка, расфасовка, и т.д. Пример тому — коммерческое предложение от российской компании «МКМ», общий объем поставок которой, по вышеуказанному маршруту, составил за 1996 г. — 150 млн. долларов США».

Цiкава, навошта вазiць садавiну з Расеi на мытню ў Беларусь i назад у Расею? I цi чуў хто-небудзь, што за год, як высьвятляецца, толькi адна расейская фiрма пракруцiла празь Вiцебск 150 млн. даляраў! А колькi праварочана гэткiх апэрацыяў летась? Сапраўды, праект Парфiяновiча можа апынуцца «залатым» без усялякiх мэтафараў. Натуральна, толькi на карысьць народу!..

«Кроме того, к нам поступила копия письма от Витебской городской организации ветеранов локальных войн, адресованное ряду министерств и ведомств, с инициативой создания свободной экономической зоны на базе военного городка «Журжево», на правах правопреемника ветеранских организаций авиагарнизона «Журжево».

Летась у сакавiку мiнi-праект для Праграмы Разьвiцьця ААН быў гатовы. У iм — даўжэзны й непiсьменны пералiк помнiкаў гiсторыi й дойлiдзтва. Чэрыкаў названы «Черниковым», Iшкальдзь — «Ишкольцами» i гэтак па тэксьце далей. Да «праекту» дадаюцца прэамбула, накiды пастановаў i ўказаў, варыянты назвы свабоднай эканамiчнай зоны: «Золотое кольцо Беларуси, Белорусский меридиан, Белорусский экватор, Белорусский треугольник (дарма што не Бэрмудзкi), Альба-Руссия, Белая Русь, Вайс Руссен (як гучыць!), Из варяг в греки, i нарэшце Альба Ротсман (от старонемецкого «вясьляр, гребец» — морской человек)». Усё толькi за 25 тысячаў даляраў!

Зусiм нядаўна я дазнаўся, што ў саноўных калiдорах Парфiяновiча не ўспрымаюць усур’ёз i пацiскаюць плячыма: «Адкуль ён узяўся?» Мiж тым, увесь апошнi год усе мiнiстэрствы Беларусi разам з Кiраўнiцтвам справамi Лукашэнкi паглыблялi й разьвiвалi праект. У вынiку гэтага сьпiс тэрыторыяў i аб’ектаў, асуджаных на адчужэньне на карысьць новае зоны iстотна павялiчыўся. Сёньня, апроч узятых наўздагад помнiкаў па ўсёй Беларусi, у iм ужо фiгуруюць усе помнiкi i ахоўныя тэрыторыi Менску, Бярэзiнскi запаведнiк, цэлыя групы азёраў, заказьнiкаў, паркаў. Звыш таго, уключаюцца агулам вайсковыя базы «расположенные в Поставском, Гродненском, Глубокским и других районах». Вы мяркуеце, што ўжо досыць? Не! Падлучаюцца 7 гiдраэлектрастанцыяў, вузкакалейных дарог, уся фiрма «Беларуськурорт», аб’яднаньне «Белтурыст», «Мiжкалгасздраўнiца» i — сьцiпла — «другие объекты хозяйствования»... Хто ж гэтым усiм будзе распараджацца?

Зьвернемся да «Концепции функционирования СЭЗ — сферы благоприятной экономической деятельности (СБЭД) «Золотое кольцо Беларуси», толькi нядаўна завершанай:

«Администрация специальной зоны — СБЭД является распорядителем и владельцем от имени государства (!) соответствующих объектов культуры, памятников истории, природы...»

Калi просьба Парфiяновiча аб падначаленьнi гэтай зоны ведамству Шэймана будзе задаволеная, няцяжка здагадацца, хто будзе адзiным у краiне гаспадаром усёй спадчыны Беларусi. Чытаем далей:

«Администрация зоны является полномочным представителем государства, с которым имеют отношения все инвесторы по всем вопросам деятельности...»

Для кiраваньня гэткай глябальнай «зонай» спатрэбiцца не адзiн легiён апаратчыкаў. За якi кошт яны будуць iснаваць? Чытаем задачы, параграф 1, пункт б): «Легализация национального капитала, вкладываемого в соответствующие отрасли производства»: «Первоначальные расходы для открытия и становления Сферы Благоприятной Экономической Деятельности берёт на себя Администрация зоны». Пра культуру, мастацтва, помнiкi таксама не забылiся:

«... через прямую систему финансирования... преодолевается царящяя до сих пор обезличенная система финансирования объектов культуры и природы, что несомненно, сдерживает присущее славянству меценатство в области искусства, науки, культуры...»

Найбольш складанай i «фундамэнтальнай» праблемаю для пражэкцёраў уяўляецца наступная:

«... отсутствие какого то ни было стабилизатора страны в виде традиций, института монархии, правящей элиты и т. п. История, культура, идеология и т.п. пишутся как бы с «чистого листа».

Як жа iм, бедым, патрапiць у гэты струмень невядома яшчэ якой iдэалёгii, iзноў перапiсаць гiсторыю i як-небудзь усё стабiлiзаваць, каб спакойна гойсаць па нашых пушчах i баляваць у нашых замках за кошт «легалiзаванага» свайго капiталу?...

Калi ў iх усё атрымаецца, то ў новым годзе сотнi цэркваў i касьцёлаў, замкi i палацы, музэi i паркi, лясы i азёры будуць ужо ня нашыя а iхныя. Яны самi будуць вырашаць лёс музэяў у Строчыцах i ў Ракуцёўшчыне, касьцёлаў у Нясьвiжы й Наваградку, замкаў у Крэве i Гораднi i нават лёс бярэзiнскiх баброў... Прычым — з чыстага лiста, не заглыбляючыся ў гiсторыю. Як бы далей нi разьвiвалася сытуацыя ў краiне, «зона» разам са сваiм тайным бюджэтам, чыгункамi, аэрадромамi, сувязьзю й энэргетычным комплексам ператвараецца ў суцэльную крэпасьць, за мурамi якое будуць дзейнiчаць свае законы. Сытуацыя можа стаць катастрафiчнаю, калi на гэта ўсё й сапраўды паквапяцца iнвэстары, ведаць якiх будуць толькi ў кабiнэтах Адмiнiстрацыi. Па-першае, як i ўсе часовыя людзi, якiя адчуваюць злачыннасьць сваiх учынкаў, яны будуць iмкнуцца выцiснуць з нашае зямлi па-максымуму, а гэта азначае, што прэс на прыроду i гiстарычнае асяродзьдзе ўзрасьце шматкроць. З-за закрытасьцi «зоны» пра рэальны стан рэчаў у краiне будуць ведаць адзiнкi. Пра незалежны кантроль на гэтых тэрыторыях нават няма гаворкi. Па-другое, калi вернецца ў Беларусь канстытуцыйны парадак, тыя сотнi, магчыма тысячы новасьпечаных суб’ектаў гаспадараньня ў «зоне» застануцца... Пры спробе ўнармаваць iхную дзейнасьць канфлiкт непазьбежны. Прычым у маштабе краiны глябальная праблема справакуе менавiта глябальны канфлiкт, выбiрацца зь якога нам або нават нашым дзецям давядзецца не адзiн год...

Гары Куманецкi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0