На мове помнiка

 

6 лютага ў Музэi Янкi Купалы адбылася працоўная вечарына клюбу «Спадчына». Старшыня клюбу Анатоль Белы даваў справаздачу аб сваiм вiзыце ў Злучаныя Штаты Амэрыкi, вiншавалi прафэсара Анатоля Грыцкевiча з абвяшчэньнем яго «Чалавекам году» паводле рашэньня Кембрыдзкага ўнiвэрсытэту, а таксама абмяркоўвалася iдэя стварэньня помнiка, зьвязанага з шанаваньнем роднае мовы.

Заўважана, што самыя заўзятыя змагары за беларускую мову як правiла валодаюць ёю далёка не дасканалым чынам. Гэтаксама, як тыя, хто «змагаецца за ўраджай», атрымлiваюць ня самыя ўдалыя па якасьцi й колькасьцi хлябы.

Колькi людзей, што калiсьцi адкрылi для сябе фэномэн беларускай мовы, ператварылi яе ў свайго «старога сабаку» з «Чумы» Альбэра Камю? Цi iснуе знак, якi мог бы сымбалiзаваць мяжу памiж жыцьцём i «змаганьнем за жыцьцё»? Магчыма, гэты знак i ёсьць — помнiк мове?

Вядома, што прэцэдэнты падобных скульптурных твораў iснуюць. Напрыклад, у Маскве на Вялiкай Грузiнскай вулiцы стаiць фаласападобны манумэнт, складзены нiбы зь мешанiны лiтараў грузiнскага й кiрылiчнага альфабэтаў. Ён сымбалiзуе пэўнае адзiнства. Фалас, як сымбаль узаемапранiкненьня?..

Пэўна, ня варта заглыбляцца ў гiсторыю пытаньня, дзеля таго, каб адшукаць выяўленчы вобраз беларускае мовы. На паседжаньнi, да прыкладу, было прапанаванае пяро. Трох- (дзесяцi, дваццацi-...) мэтровае гранiтнае (бэтоннае, мэталёвае...) пяро з надпiсам «Не пакiдайце ж...», якое нiбы абранiла «птушка шчасьця» нашае «шматпакутнае Бацькаўшчыны» з такiм жа посьпехам можа замянiць адпаведных парамэтраў летапiсны скрутак, якi разгортваецца, i прымае выгляд языка. Альбо, напрыклад, на месцах, дзе калiсьцi красавалi мэтровыя лiтары кшталту «мiру мiр» можна ўсталяваць па ўсёй краiне тыя ж «не пакiдайце...»

Зрэшты, большасьць прысутных на абмеркаваньнi, сярод якiх было багата вядомых прафэсiйных беларускiх культуролягаў, пагадзiлiся, што ставiць помнiк уласна мове двухсэнсоўна да змрочнасьцi — нагадвае могiлкi. Хаця, на мой погляд, калi б ужыць ня слова «помнiк», а слова «арка» (трыюмфальная, да прыкладу), мог бы атрымацца самы сапраўдны Трыюмфальны Аркуш. Але што мусiць сымбалiзаваць зьмест гэтага аркуша?

Слова, Сказ, Абзац, Страфа, цi Бiблiятэка? Можа, гэта мусiць быць помнiк невядомаму бiблiятэкару цi архiварыюсу, якi перахаваў асуджаныя на зьнiшчэньне беларускiя Тэксты? А можа, звычайнаму вясковаму дзядку, якi распавядаў «гарадзкому» ўнуку казкi свайго дзяцiнства?

Тады прагучала прапазыцыя аб ушанаваньнi «змагароў за беларускую мову». Iдэя прысутным спадабалася, а я закруцiў перад вачыма шалёнае кола магчымых сымбаляў: аўтамат, чарнiлiцу, сэрца, iзноў язык, пасьля мозг... сякеру, вiлы... аж урэшце з думкай пра будучыню вярнуўся да фаласа. Кола замкнулася. А дыскусiя зьвярнулася да пошуку постацяў, якiя маглi б сымбалiзаваць чын змаганьня за мову...

Чаму Анатоль Сыс, якi зьявiўся ў залi ў момант найбольшага накалу жарсьцяў, ня можа быць сымбалем, якi шукалi? Памiж жыцьцём i «змаганьнем за жыцьцё»... Блазен, скiраваны на самаразбурэньне, якi сваiм зьяўленьнем выклiкае цi то сьмешкi, цi то грымаскi, брунатна-брутальна-брудны Сыс падарыў публiцы свой новы чысты верш.

Але вялося аб мове. Дакладней, аб помнiку. Вядома, можна на кожным узгорку паставiць цi чарнiлiцу, гэтак сама як паэту — пляшку. Але ж...

Змагацца за мову дзеля сябе, цi за сябе дзеля мовы?

Сярод сяброў клюбу «Спадчына» багата асобаў, для якiх гэтыя пытаньнi нiколi не стаялi. Гэтыя людзi зрабiлi сваю справу, i робяць яе зараз. Што да абрысаў будучага помнiка, мы iх даведаемся зь верша. Якога — залежыць ад мяжы, якая для нас аддзяляе Жыцьцё ад усяго астатняга.

Севярын Квяткоўскi


 

Калi б ня тая нагода, я б i ня ведаў аб iснаваньнi клюбу «Спадчына». Паседжаньне якога адбылося ў пятнiцу ў музэi Янкi Купалы, i дзе зьбiралiся абмяркоўваць праект помнiка беларускай мове й змагарам за яе. Я б нiколi не дараваў сабе — не пайдзi на такую iмпрэзу. Прынамсi, маёй фантазii не хапала, каб уявiць помнiк Мове. Зрэшты, як i змагарам.

Ад самага пачатку паседжаньня я пранiкся цеплынёю радзiннае атмасфэры «Спадчыны», дзе адзiн, герой дня, распавядае ўсялякiя цiкавыя рэчы, а астатнiя члены вялiкае сям’i ўважлiва яго слухаюць, час ад часу перапыняючы распавядальнiка гоманам задавальненьня. У пятнiцу героямi былi Валянцiн Грыцкевiч, якому Кембрыдж прысвоiў пачэснае (i, галоўнае, справядлiвае) званьне «Чалавек году», i Анатоль Белы, што вярнуўся з Амэрыкi. Гаворку распачаў Белы. Спачатку шаноўнай грамадзе было паведамлена аб тым, якая прыгожая краiна Злучаныя Штаты й горад Клiўленд у прыватнасьцi. Усе прысутныя задаволена закiвалi. Пасьля грамада даведалася, якi цудоўны дом набыла дачка спадара Белага ў цудоўнай краiне. Пасьля кожнага паведамленьня чарговых дэталяў гул зачараваньня толькi ўзмацняўся. Дом за 140 тысяч даляраў. У-у-у... 300 квадратовых мэтраў карыснай плошчы. О-о-о... Дзьве прыбiральнi, дзьве лазенькi, безьлiч кухняў! Э-э-э... Але ўсiх больш цiкавiлi два пытаньнi. Як там пакутуе на чужыне Пазьняк, i калi эмiграцыя пачне даваць грошы на сьвятую справу адраджэньня. На помнiк нашай мове, напрыклад. Адзiн лiтаратар, не стрымаўшыся, зь месца закляймiў «вялiкага дзеяча» Янку Запруднiка. «Яшчэ ў 94-м годзе я аддаў пану Запруднiку свой рукапiс для радыё «Свабода», — абураўся выступоўца, — дык аж да гэтай пары слухаю, i бяз толку. Ёсьць у мяне падозраньне, што пан Запруднiк выкiнуў мой рукапiс у гатэльную сьметнiцу!» — ня мог стрымаць эмоцыi лiтаратар. Цяжка было знайсьцi словы апраўданьня нашай эмiграцыi спадару Беламу. Але пытаньне грошай плаўна пералiлося ў пытаньне выгнаньнiка. Пры iменi якога наступiла паважная цiшыня. Аказваецца, беларуская грамадзкасьць ЗША ўсiм мiрам падтрымлiвае жыцьцёвыя сiлы галоўнага змагара за Бацькаўшчыну. Пра тэлефонныя рахункi перамоваў з усiм Сусьветам лепш увогуле не гаварыць. «Адным словам, Захад нам з радасьцю дапаможа па вяртаньнi Зянона Станiслававiча на радзiму», — аптымiстычна скончыў прамоўца. Напэўна ўсе, у тым лiку й я, у сэрцы пажадалi Пазьняку найхутчэйшага вяртаньня.

Пасьля ўсе даведалiся, што рада БНР жыве, абнаўляецца й яе ўплыў расьцякаецца па плянэце. Эўропу курыруе спадар Навумчык. СНГ дасталося спадару Нюньку зь Вiльнi. «А Пазьняку трэба бало б даць Афрыку. Так i падзялiлi б увесь шарык», — адкамэнтаваў мой сусед.

Затым пачалося самае цiкавае — абмеркаваньне помнiка Мове. Найбольшую ўвагу прысутных прыцягнулi два праекты. Першы ўяўляў сабою вялiзную чарнiлiцу з устаўленым пяром. Калi ўявiць масштаб чарнiлiцы 1 да 200, то пяро ператваралася ў вялiзную стэлу на пастамэнце. Я чамусьцi згадаў, як адзiн мой знаёмы ўсялякую воданапорную вежу называў помнiкам Гранаце. Другi праект быў больш клясычны. Жанчына (мацi Беларусь) трымала на руках дзяўчынку (Мову) перадаючы ёй пяро (неўмiручасьць нашага пiсьменства). На пастамэнце ж павiнны быць барэльефы змагароў за матчыну мову. Абодва праекты настолькi спадабалiся прысутным, што вырашана было «Мацi» усталяваць у Менску, а «Чарнiлiцу» падараваць Полацку. Зь дзяржаўным фiнансаваньнем, як высьветлiлася, таксама праблемаў быць не павiнна. Як кажуць, хто хавае, той i заказвае надмагiльле.

Але падчас самага разгару дыскусii зьявiўся той, хто павiнен быў зьявiцца. Адсутнасьць каго, прынамсi мне, не давала спакою. Адным словам, прыйшоў Анатоль Сыс. I прапанаваў мне бутэльку пiва. Я ня здолеў адмовiць. На што мой сусед дакарыў мяне: «Вы жа журналiст». Пасьля Сыс прапанаваў усiм працягнуць дыскусiю ў ягонай хаце. А паколькi ахвочых, акрамя мяне й суседа, не знайшлося, то далейшая хада паседжаньня клюбу «Спадчына» мне невядомая.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0