ПОШТА

Жыцьцядайныя тэмы


“Наша Нiва” атрымлiвае шмат лiстоў, прычым гэты паток моцна адрозьнiваецца ад звычайнае газэтнае пошты. Нам ня пiшуць пра камунальныя збоi i кепскага дырэктара саўгасу (зрэшты, пра аднаго пiшуць, i зашмат), не пытаюцца юрыдычных парадаў i пра рыбалоўскi каляндар. Найбольш допiсаў у “НН” — гэта развагi пра гiсторыю i цяперашнi стан культуры ў краiне. Зь цягам часу друкаваць усе лiсты, нават найцiкавейшыя робiцца ўсё цяжэй, таму iншым разам мы будзем практыкаваць паштовыя агляды — выбарку найбольш цiкавых месцаў з Вашых допiсаў. Сёньня гутарка пойдзе пра рэакцыю чытачоў на публiкацыi ў папярэднiх нумарах “НН”.

Але найперш — усё ж водгук пра падзеi ў краiне. Сяргей Званар зь Менску пiша пра падаткi, якiя ўлада зьбiраецца ўвесьцi для людзей творчых прафэсiяў.

“Мiж тым, — працягвае ён, — iнтэлiгенцыя нiколi не вызначалася заможнасьцю. I тут з пэдагогаў, журналiстаў, мастакоў, музыкантаў, навукоўцаў i мэдыкаў, якiя зьяўляюцца залатым фондам нацыi, зь iхных маленькiх заробкаў ды напружанай працы на карысьць Беларусi стануць спаганяць велiзарныя грошы, нашмат большыя за рэальна iснуючыя ў кiшэнi. Не дамо прайдзiсьветам зьдзеквацца над носьбiтамi Спадчыны!” — сканчае свой лiст Сяргей Званар.

 

“Пара скончыць беларуска-лiтоўскi канфлiкт”

Уладзiмер Мароз з Чонак пад Гомелем ня згодны з тым, што “Пара скончыць беларуска-лiтоўскi канфлiкт” (“НН” №1, 1998). На думку сп. Мароза, гэты канфлiкт па вялiкiм рахунку яшчэ нават i не пачынаўся. Але...

“Сварка заўчасная. Увогуле сытуацыя з вышэйзгаданым канфлiктам падобная да становiшча, калi ў вашую хату ламаюць дзьверы людзi ў чорных масках, а вы кiдаецеся да тэлефона сварыцца з суседам, што той не аддаў пазычаную лямпачку.

Усе папяровыя тэорыi дзеяньняў выглядаюць выкручанымi, калi справа даходзiць да ўвасабленьня ў жыцьцё. Выконваць iх даводзiцца звычайным людзям, не абцяжараным вялiкiм жыцьцёвым досьведам, веданьнем пастулятаў Дэйла Карнэгi цi неабходнай колькасьцю часу на абмысьленьне сваiх учынкаў. Простыя жыхары дзейнiчаюць болей iнстынктыўна, нiж сьвядома. Да таго ж, мы ня ў роўных вагавых катэгорыях зь летувiсамi. Па такiх пытаньнях лепш спрачацца пры наяўнасьцi ў бакоў незакамплексаванага элiтнага фонду мазгоў. З нашага боку яго бракуе.

“Нацыянальную барацьбу ў спробах прыцягнуць на свой бок безнацыянальных жыхароў хоць бы ў частцы Вiленшчыны, якая дасталася Лiтве, i лiтоўцы, i беларусы прайгралi”. Аўтар, пан амэрыканец, падобна, ня ведае, адкуль у Летуве ўзялося столькi Iванаўскасаў, Баранаўскасаў, Сакалаўскасаў, Паўлаўскасаў i Буракявiчусаў. Прабачце за празьмерную зьедлiвасьць (Костас Калiнаўскас).

Калi з усяго артыкула сп. Гурэцкаса паспрабаваць вылучыць асноўную думку, то яна будзе гучаць прыблiзна так: “У гiсторыi ВКЛ было столькi паскудзтваў. Нашто вам гэты бруд — пакiньце яго нам. Лепш прыходзьце, дамо вам тое-сёе пачытаць. А на Вiльню нават не пазiрайце — не аддамо. Ну а канфлiкт... Трэба наладжваць”.

На маю думку, Вiленскi край — луста адрэзаная. Для ўсiх лепш пагадзiцца з гэтым раз i назаўсёды. Але ад самых развагаў пра вырашэньне беларуска-лiтоўскiх спрэчак на нямецка-францускi манер патыхае крывадушнасьцю.

Летуве дасталося ў набытак адабранае ў ляжачага i непрытомнага суседа трэцiм бокам. А Францыя зь Нямеччынай высьвятлялi адносiны памiж сабой самi. Таму, калi вырашаць канфлiкт памiж Лiтвой i Беларусяй у рэчышчы, прапанаваным сп. Гурэцкасам, ён не налагодзiцца нiколi.

Чаму спадчына ВКЛ патрэбная i нам, i iм?

Дзеля ўладкаваньня дзяржавы пасьля Кастрычнiцкiх катаклiзмаў i падобных да такiх, як нi круцi, патрэбна нешта, што аб’ядноўвае нацыю. Найперш гэта гiсторыя i мова. Хай гэта гiсторыя часта бiтага i крыўджанага, але — свая, зь якой можна рабiць пэўныя высновы на будучыню. Яна будзе тым каменем, на якi можна сесьцi i раздумацца.

Летувiсы зараз маюць такую магчымасьць. Вельмi да часу iм мець пад бокам дурнаватага суседа, якi раздае направа i налева ўсё, што мае, i адмаўляецца ад самога сябе: “Забiрайце свайго каня з чалавекам, а мы людзi балотныя, у нас нават шаблi нiколi не было”...

Калiсьцi пачынаць прыйдзецца й нам. I каб той “нуль”, ад якога мы зрабiлi першы крок, быў як мага меншых памераў, трэба назапашваць факталягiчны матэрыял. Баранi нас божа пры гэтым ад якiх бы там нi было спрэчак зь летувiсамi — моўчкi сапцi, грабцi i дзяўбцi — проста займацца сваiмi справамi i не зважаць нi на каго, тым болей нiкому нiчога не даводзiць.

Калi я ў межах гэтага лiста буду даводзiць пра неабходнасьць народу мець сваю сапраўдную i праўдзiвую гiсторыю, гэта будзе гучаць зьняважлiва ў адносiнах да тых, хто займаўся гэтым грунтоўна i не шкадаваў нi часу, нi нават жыцьця.

Але, на мой погляд, вельмi неабходным для краiны быў бы такi стан рэчаў, калi б у прынцыпе было немагчымым зьяўленьне ў дзяржаўных памерах забiякi зь вясковых танцаў, каторы, трохi падчытаўшы Маркса i наўмеўшыся рабiць “Боевой листок”, ужо ўсё ведае, а куды iсьцi, паказвае пальцам.

Трэба зазначыць, што яшчэ большыя канфлiкты чакаюць нас з усходнiмi i заходнiмi суседзямi. Гэтыя ў гiсторыях пра сябе нават лiтары пералiчылi, а гледзячы на нас, пацiскаюць плячыма: “Из какого цеха люди?”

“Лютеранское Радио” адной з маскоўскiх радыёстанцыяў пад час леташняга гасьцяваньня галоўнага маскоўскага папа ў Вiльнi знаходзiла, напрыклад, “корни российского протестантизма” “в Литовском городе Нэсвиж” (добра, што ня “Нэсквiк”).

Калi тубыльцам перастане хапаць адно кнiжак, пiсаных пад дыктоўку, i яны пачнуць сапраўды цiкавiцца, дзе жывуць i што тут было даўней, то выпаўзе непрыемнае... Высьветлiцца, што адзiн славянскi народ спачатку абабраў да нiткi свайго братана, а пасьля высмактаў зь яго ўсе мазгi. Прычым да гэтае пары не стамiўся паўтараць, што так i было.

Перапала тое-сёе i другому, з больш шляхетным выглядам i далiкатнымi манерамi, суседу-народу. Ну а трэцi, не славянскi, але й сапраўды калiсь братнi, падабраў што засталося — чужое iмя. Зараз ён выхваляецца, паказваючы фотакартку ў старым пашпарце: якi ён быў самавiты i дагледжаны, а важыў... Ну проста ў пяць разоў болей, чым цяпер.

Вядома, i мы таксама не анёлы, але дзе пачуць пра гэта i адкуль даведацца, каб з густам i дыхтоўна. Замоўчваньне i выцягваньне на сьвет божы адных прыемнасьцяў сканчалася цiха толькi калi не заставалася суразмоўцы. А мы ж пакуль ёсьць.

Таму лiчу, што лепш казаць проста i называць рэчы сваiмi iмёнамi, каб пазьбегнуць непрыемнасьцяў у будучынi.

I на заканчэньне зноў пра галоўнае.

Паважаныя сябры, калi маеце хоць якую магчымасьць, калi ласка шукайце, захоўвайце, перакладайце, гаварыце ўголас пра вашыя набыткi. Падумайце таксама i пра нас, тых, хто стаiць уверх дупай i грабецца ў роднай зямельцы, здабываючы харч — чым мы можам i ў стане дапамагчы нашай агульнай цяжкай справе. Не падумайце, крый Божа, што я тут заклiкаў слухаць ворагаў. Гэта ня наша справа. Лепш будзем сябрамi хаця б самi сабе, а ворагi знойдуцца”.

Свае думкi наконт “беларуска-лiтоўскага канфлiкту” даслаў нам мянчук Марат Гiрко.

 

“Аўтар мае рацыю, што з суседзямi трэба сябраваць i супрацоўнiчаць. Хто ж супраць гэтага? Аднак сяброўства патрабуе роўнасьцi i ўзаемнай павагi. Агульную гiстарычную спадчыну абодвух народаў недапушчальна, як нейкую коўдру, перацягваць на сябе. Бо стаўленьне да сваёй гiсторыi зьяўляецца часткаю любовi да Радзiмы. Нельга верыць у падманную гiсторыю i не iмкнуцца спазнаць сапраўдную. Калi нейкi народ i выйграе штосьцi ад гiстарычнага падману, ён прайграе маральна”.

Далей спадар Гiрко падрабязна палемiзуе з аўтарам нашанiўскае публiкацыi, але, на жаль, часта безапэляцыйна i неабгрунтавана сьцьвярджае, што тое i тое ў нашай гiсторыi было так, а ня йнакш. Увогуле, па вялiкiм рахунку, калi няма адназначных сьведчаньняў, дык хто яго ведае, што там было i як. Мы можам толькi дапускаць...

 

***

Чарговы лiст даслала нашая сталая дапiсчыца з Койданава Ганна Матусэвiч.

 

“Сёньня, — пiша яна, — я хачу зрабiць вам падарунак. Мой выхаванец, Вiця Шацiла, напiсаў верш... Гэта не адзiны ягоны верш. 26 вершаў ён занес у рэдакцыю раёнкi. Санэты, трыялеты, пераклады Лермантава... Хлопец самастойна вывучае польскую мову, зьбiраецца перакладаць Мiцкевiча. Увесну ў яго выйдзе другая кнiга вершаў. 7 мiльёнаў на ейнае выданьне дапамог яму сабраць ягоны спагадлiвы начальнiк, дзе ён працуе звычайным рабочым. Вiця прызнаўся мне, што яму было прыемна, калi ягоныя вершы надрукавала “Наша Нiва”.

 

Вiктар Шацiла

ГРУГАН

Нехта ўвёў мяне ў зман:

Я — на могiлках груган,

Вартаўнiк сваёй Лiтвы,

Дзе крыжы нiжэй травы.

Усё сяджу сярод крыжоў —

Сярод даўнiх, даўнiх сноў.

Успамiнаю ваяроў,

Усё гукаю я Сыноў...

Нехта ўвёў мяне ў зман:

Я — на могiлках груган,

Вартаўнiк сваёй Лiтвы,

Дзе крыжы нiжэй травы”.

 

“Рэспублiка Радзiма”

Дарэчы, наконт Лiтвы. Здавалася, у другiм нумары сёлета мы завяршылi дыскусiю пра зьмену назвы нашае краiны. Ажно працягваюць iсьцi лiсты ад “лiцьвiнскай” i “крывiцкай” партыяў, у якiх апантанты настойваюць на сваёй рацыi, не прыводзячы, праўда, нiякiх новых аргумэнтаў. Сытуацыю пракамэнтаваў наш супрацоўнiк Паўлюк Канавальчык:

 

“Недзе напрыканцы 80-х у беларускай афiцыйнай i незалежнай прэсе зьявiлася вялiкая колькасьць публiкацыяў па гiсторыi Беларусi, якiя адкрывалi невядомыя датуль масаваму чытачу старонкi нашае мiнуўшчыны. Тады ўпершыню я даведаўся й пра iдэю зьмянiць назву краiны. Тады гэта ўсё было ў навiну, цiкава...

Прайшло зь дзясятак гадоў, “НН” пасьпела выпусьцiць свой 100-ы нумар. Але тэма саманазвы працягвае “муцiць народ”. Шмат у каго гэтая тэма ўжо выклiкае агiду, а нехта яшчэ толькi заангажаваўся “праблемай” i лiчыць сваiм абавязкам уставiць свае пяць капеек. З году ў год аўтары-нэафiты паўтараюць ня раз ужо аспрэчаныя гiпотэзы й канцэпцыi, анi не прымушаючы сябе хаця б азнаёмiцца з аргумэнтамi папярэднiкаў: мы чуем адно маналёгi”.

“Наша Нiва” зусiм не закрывае на сваiх старонках тэму Iмя краiны, але, сапраўды, цi варта паўтараць тыя самыя факты i аргумэнты.

 

“Мы не “беларусяборцы”, — палемiзуе з артыкулам у другiм нумары “НН” М.Кiрэйчык з Гомеля, — мы — Лiцьвiны. Навошта змагацца з тым, што само сыходзiць у нябыт з кожным годам? Народжанае зь недарэчнасьцi крывое дрэўца нiколi ня дасьць пладоў. Так, у нас агульная матка. Вось толькi Беларусяй мы яе назвалi дзеля варожага сыканьня, не спытаўшы ейнае згоды. Дык цi трэба наракаць, што на iншае iмя не адгукнецца, i хто вiнен у гэтым?”

Эмацыйны пасаж нашага чытача супярэчлiвы сам у сабе. “Навошта змагацца?” — сапраўды, навошта? “Ня дасьць пладоў” — а ўсе нашыя плады ў ХХ стагодзьдзi — хiба ня з гэтага крывога дрэўца? “Дык цi трэба наракаць, што...” — цi трэба ўвогуле наракаць i шукаць некага вiнаватага?

Напрыканцы допiсу М.Кiрэйчык запрашае “ўсiх, каму не абыякавая дыскусiя што да нашага этнiчнага й дзяржаўнага iмя, лiставаць (246012, Гомель-12, а/с 124) альбо йначай уваходзiць у кантакт”.

 

“На мове помнiка”

Дарэчы, наконт нараканьня. Два абураныя лiсты мы атрымалi ў водгук на справаздачу карэспандэнтаў “НН” Севярына Квяткоўскага i Зьмiцера Бартосiка зь вечарыны клюбу “Спадчына”. I хiба з адным абурэньнем дапiсантаў можам пагадзiцца: З.Бартосiк пераблытаў iмёны шаноўных братоў Грыцкевiчаў. За памылку выбачаемся. Але, мiж iншым, асабiста ўва мне такая блытанiна пасяляе i пэўны аптымiзм. Гэта ж не Iванам або Пятром назваў Бартосiк шаноўнага спадара Анатоля, а iмем Брата. Тым больш, абодва Грыцкевiчы сапраўды вартыя называцца i чалавекамi года i культурнымi героямi свае Бацькаўшчыны на ўсе часы.

Што да астатнiх эмацыйных закiдаў, то яны ня вартыя ўвагi. Таму я нават ня буду называць iмёны карэспандэнтаў. Гэта не пазыцыя, а хвiлiнавае засьляпленьне. Няўжо каму сапраўды прыйдзе ў галаву вiнавацiць “НН” у непавазе да спадара Анатоля Белага i клюбу “Спадчына”, зь якiмi мы даўна i плённа супрацоўнiчаем i супрацоўнiчаць будзем. Зусiм адваротная ад непавагi рэч (што i знаходзiм у Квяткоўскага з Бартосiкам) — нязлобны жарт i самагiронiя, якiх гэтак не стае ўсяму нашаму адраджэнскаму бытнаваньню. Пакуль мы здольныя жартаваць зь сябе — мы гэтым дужыя. Мы жывыя. А нянавiсьць, сарказм i “протчыя” гадасьцi пакiнем для непрыяцеляў.

“Эратычныя занатоўкi”

Наш часты карэспандэнт з Дубровы Мiкола Бусел гэтым разам даслаў саркастычны водгук на “Эратычныя занатоўкi” Адама Глёбуса ў другiм сёлетнiм нумары “НН”. Шаноўны Мiкола настолькi “ўзбудзiўся” Глёбусавым творам, што пераблытаў усё на сьвеце. Па-першае, Глёбус пiша пра эротыку не ўпершыню. Па-другое, “Добры дзень, мая шыпшына” — першы ня Глёбусаў, а Арловаў зборнiк, а “Толькi не гавары маёй маме” — Глёбусаў, але не апошнi. Далей спадар Бусел прыступае да пажаданьняў празаiку:

 

“Найперш, аўтар цалкавiта абмiнае праблему пэтынгу ў нацыянальнай эротыцы. Можа, таму ягоным творам уласьцiвыя пэўныя сухасьць i чэрствасьць, залiшняя скiраванасьць на хутчэйшае зьяднаньне з аб’ектам каханьня.

Мiж тым, пэтынг, цi, па-народнаму, цiсканьне, ёсьць альфа i амэга эротыкi. Гэта, можна казаць, вышэйшы пiлятаж эрасу. Цi ж у дастатковай ступенi валодае сучасны беларус, i найперш малады, тэхнiкаю пэтынгу? Хутчэй за ўсё ён iдзе ўсьлед за iнстынктам, адвяргаючы сухую клясыфiкацыю. Вось тут бы аўтару i паказаць на ўласным досьведзе памылковасьць такiх падыходаў, даць станоўчы ўзор выкарыстаньня эрагенных зонаў, прыёмаў пазьбяганьня непрыемных наступстваў працяглага застою, паказаць пэрспэктыву дачаснага эскапiзму, раскрыць прыёмы прарыву да вялiкага Эрасу праз чорны ход. На жаль, гэтага нямашака. Але будзем спадзявацца, што будзе.

Цалкам абыходзiць аўтар i загадкавую таямнiцу пэпэрэбэ. Ягоныя сэксуальныя паводзiны як быццам бы нелягiчныя. Што гэта? Tedium sexi? Абулiя? Зьмена сэксуальнай арыентацыi? Фiзыялягiчная няўпраўка? Сумнеўны ўплыў пэрсанальнага патрыярха? Мiтрапалiт Трафарэт? Пытаньняў шмат, адказу пакуль няма. Магчыма, тут патрэбнае ўмяшаньне новага Зьбiгнева Фройда, але й нацыянальнаму творцу справа знойдзецца.

Заслугоўвае на ўвагу спроба аўтара рэканструяваць прыёмы i позы спрадвечна нацыянальнага сэксу, я маю на ўвазе сьмелую позу “Хлопец пашаньку пахае...” Але, заўважу, карыстацца такой вострай позаю можна не заўсёды i далёка ня ўсюды. Яшчэ цёзка пiсьменьнiка этнограф А.Багдановiч выказаў меркаваньне, што такая пастава належала да абрадава-каляндарнага цыклю веснавых сьвятаў i магла ўжывацца толькi пад час веснавой перадбiтвы за ўраджай непасрэдна ў баразьне пры зацугляным канi. Чаму ж раптам А.Глёбус рэкамэндуе яе расцуглянае выкарыстаньне без належных падставаў?

Тэма, узьнятая А.Глёбусам, надзвычай прывабная, каб ад яе можна было лёгка адцурацца цi iгнараваць. Нельга думаць, што не было сэксуальнага супрацiву брэжнеўскаму застою. У адной зь менскiх вучэльняў напрыканцы 60-х гадоў узьнiкла група па вывучэньнi ананiзму. Група прыйшла да высновы, што i савецкая ўлада, i камунiзм — усё гэта праявы ананiзму. Была праведзеная канфэрэнцыя па праблеме з выпускам маляванай газэты. Аднак нядрэмнае вока кэйджыбi высачыла сяброў групы, а ейны iдэйны натхняльнiк патрапiў дачасна ў салдаты — за экспэрымэнтальную генэтыку, як жартавалi сябры. Вось такi пакручасты лёс нацыянальнае эротыкi. Таму i заслугоўвае падтрымкi iдэя правядзеньня нацыянальнага конкурсу эратычнае мiнiятуры пад гадавiну беларуска-расейскага сангаму. Якраз супадае з каляндарна-абрадавым цыклем братэрскага яднаньня. Прапаную ў старшынi конкурсу сп. А.Глёбуса.

Мы, чытачы i прыхiльнiкi таленту Адама Глёбуса, чакаем ад яго новых жыцьцядайных твораў, а што яны будуць — сумневу няма”.

Рэдактар

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0