Армiя, што не належыць рэжыму
Колькi салдату трэба для поўнага жывата
«Прывiтаньне! Мы вось тут зь Вiцьком вырашылi аб’яднаць свае магчымасьцi ў гэтай нялёгкай справе (напiсаньнi лiста. —С.А.). Па-першае, называй мяне проста Джыга, альбо Яша Безнадзёга. Сапраўднага прозьвiшча я ўжо ня памятаю. Прабач, даўно не размаўляў па-беларуску, таму будуць трапляцца перакручаныя словы. Сам я зь вясёлай мясьцiны пад назвай Бяроза. Прыкметны гарадок, ёсьць там i жывыя людзi, як i паўсюль. Панк я, чорны нефармал-ненармал. Чакаю, калi ж мяне адпусьцяць дахаты. Засталося ня вельмi многа. Цэлы дзень мы сядзiм, нiчога ня робiм. Толькi прыкалваемся з гэтага б... I «папяровы дзед» зусiм распусьцiўся, прыходзiцца дзембелю пiсаць. Просiць прыслаць газэту «Свабода».
... А колькi салдату трэба для поўнага жывата? Сёньня дзянёк выхадны. Да ўсiх мамкi з таткамi пад’яжджаюць. Вось i перабiваемся мы цэлы дзень з кiлбасы на печыва, з сала на сочыва з катлетамi. Ня дзiва, што пасьля такой пякельнай сумесi сьцiскае дыханьне. А кабеты тут зьяўляюцца, як той казаў, стой i ня падай. Адразу сумна робiцца. Вось i Вiцёк наш адкiнуўся на сьпiнку крэсла, заплюшчыў вочы i задумаўся. Ну а я думаю, што пара завяршаць сваю пiсанiну... Няхай жыве Беларусь! Якушык Андрэй».
Гэты лiст мне даслалi два салдаты N-скай часткi сучаснай беларускай армii. Адзiн ужо вярнуўся ў цывiльнае жыцьцё, у другога дзембель сёлета ў лiпенi. Ад аднога зь iх я даведаўся пра iснаваньне ў нашым войску своеасаблiвых «арыштанцкiх ротаў» — баявых падразьдзелаў, укамплектаваных асобамi, якiя маюць судзiмасьць, гэта значыць, што ў пераважнай большасьцi яны прайшлi праз турму.
Цяпер у беларускай армii прызыўнiкi служаць усяго васямнаццаць месяцаў. Пры гэтым кожныя выхадныя родныя могуць наведваць свайго салдата ў часьцi, калi толькi ён не на дзяжурстве. Калi салдат спраўляецца па службе, начальнiк часьцi можа адправiць яго ў кароткi альбо доўгатэрмiновы — дзён на 20 — адпачынак. Тым ня менш, усе гэтыя даброты службы не здымаюць праблемы дзедаўшчыны: нарастае дэградацыя радавога i сяржанцкага саставу. Зрэшты, як i афiцэрскага корпусу. I калi сярод салдат i сяржантаў застаюцца актуальнымi суiцыд, дэзэртырства з захопам зброi i расстрэл саслужыўцаў, то матэрыльная нястача афiцэраў штурхае апошнiх на злоўжываньне службовым становiшчам, што прыводзiць iх на лаву падсудных. Цяпер у турмах рэжыму акрамя бардаў, паэтаў, бутлегераў, прадпрымальнiкаў, банкiраў ды iншай гарапашнай публiкi сядзяць i афiцэры ад старлея да палкоўнiка. Можна сказаць, што гэтыя людзi, афiцэры беларускай армii, страцiлi гонар. А можна i iнакш разважыць: беларуская армiя (за выключэньнем генэралiтэту) застаецца адзiнай структурай, на якую сёньня ня можа разьлiчваць рэжым Лукашэнкi. I таму рэжым iмкнецца падавiць армiю матэрыяльна. Рэжыму ўвогуле не патрэбная баяздольная кадравая армiя. Рэжыму патрэбная армiя ўнутраная — мiлiцыя, якая ўяўляе сабой дэклясаваны элемэнт з iндульгенцыяй на ўседазволенасьць. Гэтыя высновы пацьвярджае мая размова з афiцэрам былой Вiцебскай паветрана-дэсантнай дывiзii.
Стары савецкi гардэробчык
Мы сустрэлiся зь iм у купэйным вагоне цягнiка «Баранавiчы — Полацак». Я ехаў забiраць зь Вiцебскага аблсуда свае арыштаваныя рэчы, мой сусед па купэ вяртаўся ў сваю родную «Баравуху-1», на тэрыторыю, дзе i сёньня функцыянуюць казармы, пабудаваныя яшчэ ў 1940 годзе, i ў якiх зiмой тэмпэратура апускаецца да плюс сямi градусаў паводле Цэльсiя. На думку трыццацiтрохгадовага капiтана ВДВ, сёньня беларуская армiя налiчвае ўсяго каля сямiдзесяцi тысячаў вайскоўцаў, у той час як у органах унутраных справаў «пад ружжом» знаходзiцца каля ста пяцiдзесяцi тысячаў чалавек. Кадравую армiю будуць i далей скарачаць. Мiлiцэйскi корпус мае тэндэнцыю да далейшага павелiчэньня.
Калi я згадваю пра ППРБ, капiтан рэагуе адназначна нэгатыўна. Ён сьцьвярджае, што армiя ня любiць свайго «галоўнакамандуючага», а калi настане час «Ч», яна не дазволiць уцягнуць сябе ў вайну супраць уласнага народа.
I яшчэ распавёў мне капiтан. Некалi, чакаючы, што хутка старую савецкую вопратку заменяць на новую ваенную форму новай беларускай армii, ён пасьпяшаўся аддаць некаторыя рэчы свайго афiцэрскага гардэробу на даношваньне ўласнаму бацьку. Аднак новай формы капiтан так i не атрымаў. Цяпер свой стары савецкi гардэробчык капiтан даношвае сам. Побач зь iм шыракаплечыя амонаўцы ў сьвежай дыхтоўнай форме выглядаюць антычнымi героямi. Дарэчы, як паведамiў капiтан, цяпер мiлiцыi нададзеныя правы вайсковых патрулёў. Вось чаму апошнiх вельмi рэдка можна ўбачыць нават у раёне Прывакзальнай плошчы нашай сталiцы. Затое тройкi ў форме попельна-фiялетавага колеру ня ўпусьцяць момант, каб зацягнуць у камэндатуру падвыпiтага салдата альбо афiцэра, альбо проста ў цёмным кутку адбiць вайскоўцу ныркi, не абцяжарваючы сябе фармальнасьцямi прававога характару ды службовымi iнструкцыямi.
Iнтэндант
З палкоўнiкам N. мы сустрэлiся ў ягонай двухпакаёвай кватэры, у доме, пабудаваным турэцкiмi рабочымi для афiцэраў з ГСВГ. Некалькi старых дываноў, канапа ў залi, два мяккiя крэслы з абшарпанымi падлакотнiкамi, гаўбец, на якiм стаяць скрынi зялёнага колеру, нешта падобнае цi то на сэрвант, цi то на модную сярод абываталя 80-х «сьценку» з палiцай, запоўненую кнiгамi, якiя былi выдадзеныя таксама ў мiнулым дзесяцiгодзьдзi. Зь беларускiх выданьняў сiратлiва пазiралi толькi «Легенды i паданьнi» з сэрыi «Беларуская народная творчасьць».
Нельга не заўважыць, што такi сьцiплы iнтэр’ер знаходзiцца ў кватэры палкоўнiка, якi зьяўляецца намесьнiкам начальнiка адной з базаў захаваньня рэчавай маёмасьцi. У 1995 годзе ўсё ранейшае кiраўнiцтва базы было арыштаванае, тылавiкi атрымалi розныя тэрмiны пакараньня. Але хто дасьць гарантыю, што i новыя работнiкi не паквапяцца на матэрыяльныя каштоўнасьцi, якiя iм даручана захоўваць? Той жа палкоўнiк N. сёньня атрымлiвае зарплату ў суме тры мiльёны пяцьсот тысячаў, а матэрыяльную адказнасьць нясе за маёмасьць, якая каштуе не адзiн мiльярд нашых беларускiх рублёў. Я яшчэ не сказаў, што ў майго знаёмага начбазы ёсьць стары «Масквiч», на якiм ён возiць сваiх жонку, дачку й сына ў вёску да бацькоў. Сын дапамагае бацькам па гаспадарцы, бацькi дапамагаюць сыну прадуктамi. Праз паўтары гады сын можа пайсьцi на законную вайсковую пэнсiю. I будзе ён мець няпоўныя трыццаць восем. А пакуль што палкоўнiк N. набывае ў калегаў самагон, каб потым зь яго дапамогай агораць для свайго аўтамабiля гараж, а пасьля Вялiкадня, калi адтане й прагрэецца грунт, пачне рыхтаваць цяплiчку пад новы ўраджай пад вокнамi сваёй турэцкай кватэры.
Каб правесьцi поўную iнвэнтарызацыю базы, кажа палкоўнiк N., паводле ягоных падлiкаў, спатрэбiцца два гады. А iнвэнтарызаваць на складах ёсьць што. Напрыклад, тысячы жаночых станiкаў i бандажных паясоў, вырабленых яшчэ ў пачатку шасьцiдзясятых. Што рабiць з гэтым маральна састарэлым прычындальлем, вайсковае начальства ня ведае. Калi ж я расказаў гэтую навiну адной знаёмай, яна заўважыла, што станiкi 60-х сёньня сапраўды нiкога не зацiкавяць, а вось паясы — гэта актуальна, гэта, бадай, дэфiцыт. Словы жанчыны, прытым мэдыка, мне ў гэтым пытаньнi аспрэчваць не выпадае.
Акрамя станiкаў спарахнелым грузам ляжаць на складах палаткi — яшчэ з сорак трэцяга, а таксама салдацкiя гiмнасьцёркi, галiфэ i нацельнае той самай пары. Некалькi гадоў таму назад гэткiя «ўборы» спрабавалi прадаваць у краме «Паляўнiчы», што на праспэкце iмя Ф.Скарыны ў Менску.
На маё пытаньне да палкоўнiка, як ён расцэньвае нядаўнiя заявы дзяржаўнага тэлебачаньня пра наяўнасьць у Беларусi матэрыялу, прыдатнага для стварэньня ядзернай зброi, афiцэр адказаў, што ўсё можа быць. I потым, хiба ў свой час не маглi з нашай Краiны вывезьцi толькi ракетаносьбiты i пакiнуць пару-тройку ядзерных боегаловак? Зрэшты, калi ўзьнiкне пiльная патрэба, то на тэрыторыю Рэспублiкi можна вельмi хутка вярнуць са смаленскiх лясоў ракетныя комплексы «Тополь».
Так мяркуе палкоўнiк N.
Iншая iнфармаваная крынiца сьцьвярджае, што цяпер у Беларусi над стварэньнем чагосьцi кшталту расшчапляльных матэрыялаў працуе некалькi былых супрацоўнiкаў расейскiх ядзерных цэнтраў. Застаецца толькi даведацца, чаму яны пакiнулi тыя цэнтры? Хiба ППРБ паабяцаў большыя ганарары?
Афiцэры з Саратава,
Лiпецка, Тулы...
Армiя не належыць рэжыму. Нават i цяпер, калi зь яе шэрагаў звольнiлi шмат прыстойных афiцэраў i прапаршчыкаў, прафэсiяналаў сваёй справы.
Армiя яшчэ не падпала пад волю «галоўнакамандуючага», таму ў яе здаровы арганiзм актыўна iмкнуцца пранiкнуць паразiты — носьбiты расейскага iмпэрыялiзму.
Летась прайшоў першы афiцэрскi сход Узброеных Сiлаў Беларусi. З дакладам выступiў мiнiстар абароны генэрал-палкоўнiк Аляксандар Чумакоў, прысутнiчалi Лукашэнка i ягоны памагаты ў справах нацыянальнае бясьпекi Шэйман. У сваiм дакладзе ППРБ выказаў «удзячнасьць за разуменьне сытуацыi, за адданасьць Айчыне», а таксама «за падтрымку на леташнім рэфэрэндуме, актыўнасьць у працэсе iнтэграцыйнага зблiжэньня Беларусi i Расеi». На прэзыдэнцкiя камплiмэнты афiцэрскаму корпусу генэрал-палкоўнiк адказаў сваiмi. Намаганьнi Лукашэнкi як найхутчэй i спрытней давесьцi Беларусь да iнкарпарацыi ў суседнюю краiну, на думку Чумакова, «поўнасьцю падтрымлiваюцца асабовым складам Узброеных Сiлаў».
Увогуле даклад мiнiстра абароны не вытрымлiвае нiякай крытыкi, бо зроблены з адзiнаю мэтаю — каб спадабалася «галоўнакамандуючаму». Таму i заяўляе не зьмiргнуўшы вокам таварыш Чумакоў, гаворачы пра праблему нестатутных узаемаадносiн памiж вайскоўцамi, што «на сёньняшнi дзень у цэлым па Ўзброеных Сiлах Рэспублiкi Беларусь яна практычна зьнятая з парадку дня». Так што калi заўтра, ня дай Бог, беларускi навабранец ускрые сабе вены, абараняючыся такiм чынам ад гвалту «дзядоў», то гэты выпадак ня стане фактам статыстыкi. I калi iншы салдат загiне ад пабояў у 5-й «арыштанцкай» роце адной з танкавых часьцей у сумнавядомых «Печах», што пад Барысавам, то бацькам напiшуць: памёр ад вострай сардэчнай недастатковасьцi.
Армiя не належыць рэжыму. Што ж да генэралiтэту, дык тут больш складана: генэралам у iх веку хочацца спакою. У нашых умовах такое жаданьне вядзе да калябарацыянiзму, калi так выразна ўяўляецца, быццам яшчэ некалькi дзясяткаў гадоў таму ты даў прысягу не народу, а асабiста ППРБ.
Гаворачы аб праблемах нашай армii, як не пацiкавiцца нацыянальнай прыналежнасьцю таго цi iншага афiцэра, якi займае тую цi iншую адказную пасаду. Напрыклад, беглы аналiз прэзыдэнцкiх прызначэньняў у 1997 годзе дае наступную карцiну.
Аляксандар Сяргеевiч Хрыстафораў, генэрал-маёр, народжаны 9.09.1946 у в. Енгалычава Саратаўскай вобласьцi —прызначаны начальнiкам тылу Ўзброеных Сiлаў Беларусi.
Аляксандар Iльiч Скачкоў, палкоўнiк, народжаны 23.07.1950 у пас. Птань Тульскай вобласьцi —прызначаны камандзiрам Мабiльных сiлаў.
Сяргей Васiльевiч Жыцiхiн, палкоўнiк, народжаны 8.02.1955 у г. Кабанску, Буратыя — прызначаны начальнiкам упраўленьня зьнешнiх сувязяў Мiнiстэрства абароны Беларусi.
Аляксей Васiльевiч Мудрак, палкоўнiк, народжаны 1.04.1951 ў сяле Нова-Мiхайлаўка Амурскай вобласьцi — прызначаны камандзiрам 6-й гвардзейскай асобнай мэханiзаванай брыгады 28-га армейскага корпусу.
Аляксандар Аляксандравiч Новiкаў, палкоўнiк, народжаны 7.10.1951 году ў г. Чаплыгiн Лiпецкай вобласьцi —прызначаны начальнiкам штабу — намесьнiкам камандзiра 65-га армейскага корпусу...
Танкi
Сёньня беларуская армiя налiчвае 1778 танкаў. Арганiзацыйна яны ўваходзяць у склад двух танкавых палкоў 120-й гвардзейскай мотастралковай дывiзii, танкавых батальёнаў асобных мэханiзаваных брыгад i базаў захаваньня ўзбраеньня i тэхнiкi. Галоўнай баявой машынай танкiстаў зьяўляецца танк Т-72.
У верасьнi 1995 году на базе 103-й гвардзейскай паветрана-дэсантнай дывiзii i 38-й гвардзейскай асобнай паветрана-дэсантнай брыгады створаныя Мабiльныя сiлы Рэспублiкi, якiя складаюцца з трох мабiльных брыгад, дысьлякаваных у Вiцебску, Баравусе, што пад Полацкам, i ў Берасьцi.
Менавiта ў гэтых Мабiльных сiлах служыць мой знаёмы капiтан, якi ня носiць форму з годнасьцю афiцэра, а мусiць даношваць тое, што яшчэ ацалела.
Менавiта ў адной з танкавых часьцей Барысава рэзаў вены знаёмы мне салдат Вiктар.
I ўсё ж армiя выклiкае да сябе павагу. Перш за ўсё за тое, што не ваюе супраць уласнага народа. I ня будзе, як бы нi заiгрывалi зь ёю камiсары рэжыму.
***
2 лiпеня мiнулага году надвечар было чыста i сьвежа пасьля дажджу. Публiка гуляла ў сталiчным Купалаўскiм сквэры. Здаецца, аб гэтым днi каля помнiка Янку Купалу паэты чыталi вершы. Мы з групай яшчэ не зусім старых лiтаратараў пiлi пiва, празаiк расказваў сюжэты сваiх будучых апавяданьняў.
I раптам цiшыню надвячорка ўзарваў моцны, нязвыклы для вуха грукат, з боку Круглай плошчы iшлi баявыя машыны: цяжкiя прыземiстыя танкi, цягачы з ракетнымi ўстаноўкамi, бронетранспарцёры, камандзiрскiя «ўазiкi». Мы забылiся пра пiва i рынулi да праспэкту. Кожны з нас успомнiў сваю савецкую армiю, свой род войскаў...
Хацелася перакулiцца ў жанчыну ды кiдаць кветкi пад ногi ваенным. Ды i было за што: хлопцы шчыра ўсьмiхалiся, а некаторыя ў адказ на нашыя прывiтальныя воклiчы гукалi «Жыве Беларусь!»
Як сабе хто, а я люблю вайсковую форму, зладжаны рух салдацкiх калён i сьцягi над iмi, i барабанны бой. Люблю сапраўдную зброю. Бо мы служылi i навучылiся трымаць яе ў руках як сьлед.
Славамiр Адамовiч