БІБЛІЯТЭКА


Пачатак бясконцай дарогi

Н.Илькевич. «Душа двоилась...» Повесть, рожденная в Смоленске. Бiблiятэка часопiса «Край Смоленский». — Смаленск, 1997. 36 С.

Ключ для прачытаньня чытач знойдзе ў падзагалоўку гэтай кнiгi. Аповесьць Максiма Гарэцкага «Дзьве душы» дасьледчык разглядае выключна як паўнавартасную i ў пэўнай ступенi праўдзiвую крынiцу гiсторыi Смаленска, сьведчаньне пра чорныя днi 1918-19 гадоў гэтага калiсьцi патэнцыйна беларускага места. На iншыя аспэкты аўтар нават не вядзе вокам.

Усьведамляючы ступень незнаёмасьцi сёньняшняга смаленскага (расейскага) чытача з творчасьцю Максiма Гарэцкага, дасьледчык вымушаны быў значны аб’ём сваёй брашуры прысьвяцiць пераказу аповесьцi «Дзьве душы». Пераказваючы фабулу, аўтар, рухомы «смаленскацэнтрызмам», апускае ладныя фрагмэнты, дзеi якiх адбываюцца па-за межамi горада N., якi дасьледчык катэгарычна называе Смаленскам. Таму ў цытатах раптам зьяўляюцца героi, пра якiх у сваiм пераказе Н.Iлькевiч не сказаў i паўслова.

Н.Iлькевiч не пасьлядоўны ў транскрыпцыi беларускiх прозьвiшчаў. Прыкладам, прозьвiшча галоўнага героя аповесьцi «Абдзiраловiч» дасьледчык падае як «Обдиралович», але са Зьмiтрака Бядулi «Бедулю» чамусьцi рабiць ня стаў. Чым «аканьне» горш за «яканьньне»? Дарэчы, газэта «Беларусь» (1919-20 г.), дзе Зьмiтрок Бядуля зрабiў крытычны разбор аповесьцi «Дзьве душы», выходзiла ў Менску, а ня ў Вiльнi, як сьцьвярджае аўтар кнiгi (С.6).

Сёньня гэта здаецца нерэальным, але твор Максiма Гарэцкага «Дзьве Душы» быў добра вядомы i папулярны ня толькi ў Заходняй, але i ў Савецкай Беларусi, дый сам факт падзелу краiны на той час iснаваў больш на мапах, чым у рэальнасьцi. Пацьверджаньне гэтаму можна знайсьцi ў кнiзе «Успамiны пра Максiма Гарэцкага», а калi ўжо падыходзiць да лiтаратурнага твору, як да гiстарычнай крынiцы, — то i ў самога Гарэцкага (гл. апавяданьне «У 1920 годзе»).

Цытаваныя ўрыўкi з аповесьцi падаюцца ў аўтарскiм перакладзе, але, на вялiкi жаль, мастацкi пераклад не зьяўляецца «каньком» Н.Iлькевiча, i тэкст нашага вялiкага стылiста выглядае на старонках расейскай кнiгi як творапiс малапiсьменнага школьнiка зь беларуска-расейскага памежжа. Адзiнае, чым можа гэтая брашура ў нейкай ступенi дапамагчы расейскаму чытачу прачынiць заслону гiсторыi Беларусi — гэта тая лiтаратура, на якую спасылаецца аўтар у сваiх заўвагах. Але яна ў большасьцi выпадкаў выходзiла на беларускай мове i як была, так i застаецца, насуперак тэзам рамантыкаў ад панславiзму, для суседзяў на ўсходзе недаступнаю.

У прадмове да кнiгi я вычытаў: «Шлях да Гарэцкага працягваецца». Што ж, шанец асiлiць дарогу ёсьць толькi ў таго, хто iдзе.

Андранiк


ДЗIЦЯЧАЕ СЬВЯТА

Яраслаў Гашак. Прыгоды бравага салдата Швэйка. Пераклад А.Мажэйкi. — Менск: Ураджай, 1998. 5000. (Сэрыя «Школьная бiблiятэка»)

Першае беларускае выданьне «Швэйка» адбылося ў 1931-32 гадох. Перакладчыкi — Зарэцкi, Лужанiн, Крапiва. Мовы арыгiналу — нямецкая, расейская й чэская. Бiблiяграфiчны статус кнiгi — рарытэт. Культурны i грамадзкi — амаль нiякi, бо беларусы дагэтуль ўпрысёрб зачытваюцца расейскiм варыянтам рамана.

19 лютага ў Менскiм Доме дружбы народаў прадстаўлялi першы беларускi пераклад «Швэйка», зроблены з чэскага арыгiналу. Я ня ведаю, зь якiмi канкрэтна народамi «дружыць» наш вядомы культурны асяродак, але атмасфэра вечарыны была сапраўды сяброўскай, з кавай i кветкамi. Да таго ж, больш «дружнай» i «дружалюбнай» атмасфэру сустрэчы ў Доме рабiла экспазыцыя эратычнага фота славутага Рымантаса Дзiхавiчуса, што атачала прысутных.

Аўтар перакладу Аляксандар Мажэйка адразу шчыра паведамiў, што насамрэч першым беларускiм лiтаратарам, якi ўзяўся за пераклад «Швэйка» быў Уладзiмер Жылка. Ён пераклаў другую частку рамана, якая патрапiла да Кандрата Крапiвы, якi, у сваю чаргу, «пажартаваў», паставiўшы пад рукапiсам уласнае iмя. Праўда, спадар Мажэйка пасьпяшаўся суцешыць прысутных: будучы «чэсным чалавекам», Крапiва пераслаў ганарар сапраўднаму аўтару...

Аляксандар Мажэйка адразу зацiкавiў прысутных iнфармацыяй аб тым, што ягонай працай выпраўленыя памылкi вядомага нам расейскага перакладу, якiя вынiкалi зь няправiльнага разуменьня расейцамi некаторых «схожих» чэскiх словаў. Але расчараваў тым, што не займаўся перакладам нямецкiх фразаў, якiя ствараюць калярыт твора. Зрэшты, нераспрацаванасьць у новым перакладзе нямецкiх вайсковых прымавак i выслоўяў пачатку стагодзьдзя, якiя маюць самадастатковую значнасьць i цiкавасьць, у гэтым выпадку ня мае вялiкага значэньня. Рэч у тым, што новая кнiга зробленая для сур’ёзнага чытаньня школьнiкамi ўсiх узростаў, а таму ў ёй няма месца ня толькi сапраўднай нямецкай размоўнай лексыцы, але й сцэнам i дыялёгам, якiя робяць «несур’ёзнага» Швэйка «Швэйкам».

На жаль, я ўжо выйшаў зь дзiцячага ўзросту. А таму напрыканцы сустрэчы пераключыў увагу на выкшталцоныя здымкi «ню». А ў думках пажадаў аўтару плёну ў далейшай працы над рукапiсам поўнага перакладу, у якiм усё будзе сапраўднае i прыгожае, без наватвораў, кшталту «поезд» цi «дом вар’ятаў».

Севярын Квяткоўскi


АПОШНI КАМЕНЬ

DEVIATION. [...] або, таталiтарызм ня прйдзе. DEVIATION, MBA prod., 1998.

З усiх лёзунгаў, што я бачыў накрэсьленымi на плякатах дэманстрантаў мiнулых менскiх вёснаў-зiмаў, толькi адзiн уразiў мяне сваёй прастатой, выразнасьцю й шчырасьцю: «Дыктатура — гаўно». Мяркую, юнак, якi трымаў плякат, стоячы насупраць толькi адкрытага McDonalds’а, у пiкеце салiдарнасьцi з палiтвязьнямi, выразна iлюстраваў патэнцыйную аўдыторыю гарадзенскага гурта «Dеviation».

Касэта — добры гук, выдатная палiграфiя й арыгiнальны дызайн вокладкi. З трынаццацi песьняў прадстаўлена дванаццаць тэкстаў. Цалкам беларускi альбом. Дзьве расейскамоўныя i дзьве польскамоўныя piоsenki (выкананыя ў стылiстыцы пераасэнсаванага польскага андэграўнду часоў вайсковага становiшча) натуральна ўпiсваюцца ў сытуацыю полiкультурнасьцi Беларусi, якая ў беларускiм року канцэптуальна была прадстаўленая нядаўна ў «Народным Альбоме».

«Dеviation» — мэдычны тэрмiн. Ён азначае прамежкавы стан арганiзму, якi скiраваны да эрэкцыi. Упэўнены, што назва з гэткiм самакрытычна-няпэўным сэнсам абраная гуртам ня зь сьцiпласьцi, а адно дзеля намёку-«падсьцёбу» слухачоў — расслабляцца нельга! Прынамсi, на тое выглядае сёньня...

Упершыню я пачуў i пабачыў «Dеviation» летась на фэсьце «Басовiшча». На кантрасьце з выступамi «монстраў» беларускага року зрэдчасная iгра «мiма касы» й празьмернасьць немудрагелiстага патасу некаторых тэкстаў выразна «вiсьлi на вушах». Тым ня менш, панк-хардавы выступ гарадзенцаў пакiнуў найбольшы эмацыйны ўспамiн ад фэсту. Праз што: непасрэднасьць i жывасьць вакалiста Стаса ў iмкненьнi кантактаваць з аўдыторыяй? Цi вiдавочнае неразуменьне палякамi-беларусамi «праблематыкi» тэкстаў аб «жырных мiнiстрах i тупых амапаўцах» i «расейскiх кратах i дарозе на Курапаты»? Аб тым, што трэба «змагацца, не здавацца»...

Калi ў маладосьцi ў цябе не ўзьнiкала жаданьне «перакулiць аўтамабiль», дык цi будзе аб чым паразмаўляць з табою ў старасьцi? Сваiм зьяўленьнем «у нашых жыцьцях» ППРБ спарадзiў новую хвалю маладзёжнага «пратэсту, зьмяшанага з абсурдам нянавiсьцi», жаданьне «перакулiць аўтамабiль, разьбiць крамную шыбу...», жаданьне «невыноснае, як родавыя схопкi» («НН» №1, 1994). Але шмат хто з гэтай хвалi так i ня выйшаў на вулiцу, альбо, выйшаўшы раз, больш не спрабаваў. Усё гэта не датычыць «Dеviation». Яны пачалi зь «перакульваньня» ў простым i ўскосным сэнсе: з запiсу песень i вiзытаў у «дэманстрацыйныя» камэры мiлiцэйскiх пастарункаў.

На складзе «НН» маецца касэта, якая аб’ядноўвае альбомы гуртоў «КальЯн» i «Dеviation» пад назовамi «Ў краiне цудаў» i «Lukashenko... uber alles» 1996 i 1997 гадоў стварэньня адпаведна. Свайго кшталту пункт адлiку іхнай вядомасьці ў Менску. На мой погляд, касэта мае адно архiўную вартасьць.

Заўжды iснуе пагроза «зблытаць жаданьне пратэсту з натхненьнем, з творчай задумай», якое ўрэшце скiроўваецца да прадукаваньня «дзiцячай паэзii». Мяркую, «брат па панку» дывэйшанцаў «КальЯн» так i застаўся ў зьмiлавальна-непасрэдным «дыскурсе» сьпеваў «адна палка два струна — ненавiджу савецкую ўласьць», прыдатных адно для ўжываньня ў «сямейным альбоме», альбо для стварэньня масавасьцi «пяцiдзесяцi беларускiх гуртоў» пры адборы кандыдатаў на «агульнанацыянальны» рок-конкурс. Што да «Dеviation», апошнi альбом паказвае, што дзейнасьць гурта хiснулася менавiта ў той бок, якi робiць сэнс саманазвы адно сьцiпла-хулiганскiм «прысьцёбам», адбiткам пэрыяду «пошукаў шыбiны для камяня».

Цяпер хлопцам ня трэба насiць камянi ў кiшэнях, бо яны самi сталiся «камянём», якога так не хапала, каб расшаволiць пададзеную на «Рок-Кароне’97» «ва ўласным соку» менскую рок-тусоўку. Як ні дзiўна, з майго гледзешча, сёньня «Dеviation» найбольш поўна адпавядае панятку «традыцыi i сучаснасьць». А менавiта — традыцыi ў беларускай рок-музыцы, запачаткаванай «Мрояй». У «Dеviation» выразна адчуваецца «старамроеўскага» кшталту «прыпанкаванасьць», i адначасова — «сярэднемроеўская» «хардавасьценькасьць». Але гэта ўспрымаецца не як плягiят, а менавiта як пераемнасьць, бо дывэйшанцы працуюць у цалкам аўтэнтычнай сучаснасьцi. Можна нават зазначыць блiзкасьць тэкставай патасна-патрыятычнай лiрыкi «старога» i «малога» гуртоў. Гэта не зашкодзiць, бо аб’ектыўна немагчыма «закасiць» пад гурт пачатку васьмiдзясятых. Досьвед папярэдняга, амаль цалкам англамоўнага i «англастылёвага» альбому «Dеviation», засьведчыў марнасьць такiх высiлкаў.

Старая «Мроя» iмкнулася падкрэсьлiць постмадэрнiсцкую самагiронiю да патэтыкi ў тэкстах, i пры гэтым вельмi сур’ёзна ставiлася да музычных, крыху наiўных, але неабходных як сродак «узрываньня прасторы» формаў песень. «Dеviation» наадварот. Ягоны тэкставы «сьцёб-выклiк» (пра мачэньне мянтоў i «забiць яны хочуць надзею») — той самы «камень», а музычныя пошукi, ня гледзячы на недастатковае (мяркую, пакуль што) майстэрства выкананьня, лёгкiя й непрымусовыя.

Сёньня «Мроя» (NRM) апранула пiнжачкi a la «Beatles», i гатовая даць канцэрт нават у клюбе КГБ. Але ня варта наракаць на «дыназаўраў». Калiсьцi яны папрацавалi так, што калi сёньня ў клюб iмя Дзяржынскага запусьцiць «Dеviation» i сотню-другую iхных слухачоў, дык праблема з жаданьнем «кiнуць камень» вырашыцца iмгненна.

Гэта будзе апошнi камень.

Севярын Квяткоўскi


СТО БЕЛАРУСКIХ КНIГ ХХ СТ.

«Наша Нiва» працягвае фармаваць рэйтынг лепшых беларускiх кнiг ХХ стагодзьдзя паводле допiсаў нашых чытачоў. Сёньня ў агульным рэдакцыйным сьпiсе ўжо 630 назваў. За апошнi час гэты сьпiс папоўнiлi:

— Андрусь зь Менску, якi першы згадаў нядаўна выдадзеную кнiгу Янкi Запруднiка «Беларусь на гiстарычных скрыжаваньнях»;

— Вадзiм Гайдалёнак таксама зь Менску, ён прыгадаў 33 найменьнi, але зь iх у нашым сьпiсе не было толькi трох: гэта творы Янкi Брыля «Вячэрняе» i Васiля Быкава «Пайсьцi i не вярнуцца» i «Сьцюжа»;

— сям’я Судзiлоўскiх з Гомеля даслала некалькi сьпiсаў. Зь неназванага раней там згадваюцца «Што, сябры» i «Навошта Радзiма паэту?» Нiла Гiлевiча, «Патрыёт» i «Фанаты» Сяргея Грахоўскага.

Нагадаю, што праект «СТО БЕЛАРУСКIХ КНIГ» будзе працягвацца да канца стагодзьдзя, i ўзяць удзел у iм зможа кожны, хто зацiкаўлены ў паўстваньнi ў Беларусi герархii сапраўдных культурных каштоўнасьцяў. Пакуль жа сьпiс лiдэраў нашага рэйтынгу выглядае наступным чынам (лiчба ў дужках паказвае на колькасьць згадак гэтае кнiгi нашымi чытачамi):

 

Багдановiч Максiм. Вянок (29)

Быкаў Васiль. Знак бяды (26)

Генiюш Ларыса. Споведзь (25)

Караткевiч Уладзiмер. Дзiкае паляваньне караля Стаха (24)

Колас Якуб. Новая Зямля (23)

Тарашкевiч Бранiслаў. Беларуская граматыка для школаў (23)

Сагановiч Генадзь. Невядомая вайна (22)

Ермаловiч Мiкола. Старажытная Беларусь (21)

Быкаў В. Сотнiкаў (20)

Караткевiч Ул. Каласы пад сярпом тваiм (20)

Купала Янка. Спадчына (20)

Смолiч Аркадзь. Геаграфiя Беларусi (20)

Арсеньнева Натальля. Пад сiнiм небам (19)

Караткевiч Ул. Чорны замак Альшанскi (19)

Ластоўскi Вацлаў. Кароткая гiсторыя Беларусi (19)

Туронак Юры. Беларусь пад нямецкай акупацыяй (19)

Аляхновiч Францiшак. У кiпцюрох ГПУ (18)

Iгнатоўскi Усевалад. Кароткi нарыс гiсторыi Беларусi (18)

Мележ Iван. Людзi на балоце (18)

Купала Янка. Жалейка (18)

Гарэцкi Максiм. Рунь (17)

Тарасаў Кастусь. Памяць пра легенды (17)

Вiцьбiч Юрка. Плыве з-пад сьвятое гары Нёман (16)

Ермаловiч М. Па сьлядах аднаго мiта (16)

Колас Якуб. На ростанях (16)

Караткевiч Ул. Хрыстос прызямлiўся ў Гароднi (15)

Маўр Янка. Палескiя рабiнзоны (15)

Энцыкляпэдыя гiсторыi Беларусi I i II т. (15)

Арлоў Уладзiмер. Таямнiцы полацкай гiсторыi (14)

Караткевiч Ул. Зямля пад белымi крыламi (14)

Ластоўскi В. Падручны расейска-крыўскi (беларускi) слоўнiк (14)

Чаропка Вiтаўт. Iмя ў летапiсе (14)

Гарэцкi М. Гiсторыя беларускай лiтаратуры (13)

Беларусь. Энцыкляпэдычны даведнiк (12)

Гарэцкi М. Дзьве душы (12)

Генiюш Л. Ад родных нiў (12)

Ткачоў Мiхась. Замкi Беларусi (12)

Абдзiраловiч Iгнат. Адвечным шляхам (11)

Адамовiч Алесь, Брыль Янка, Калесьнiк Уладзiмер. Я з вогненнай вёскi (11)

Гарун Алесь. Матчын дар (11)

Даўнар-Запольскi Мiтрафан. Гiсторыя Беларусi (11)

Кiпель Вiтаўт. Беларусы ў ЗША (11)

Колас Якуб. Сымон-музыка (11)

Ластоўскi В. Гiсторыя беларускай (крыўскай) кнiгi (11)

Разанаў Алесь. Вастрыё стралы (11)

Цётка. Хрэст на свабоду (11)

Алексiевiч Сьвятлана. У вайны не жаночае аблiчча (10)

Архiтэктура Беларусi. Энцыкляпэдыя (10)

Быкаў В. Альпiйская баляда (10)

Гiлевiч Нiл. Родныя дзецi (10)

Дайнека Леанiд. Сьлед ваўкалака (10)

Калубовiч Аўген. Крокi гiсторыi (10)

Сямашка Я. Армiя Краёва на Беларусi (10)

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0