Ан Дынь Ко

Вiленскi байструк

 

Цяпер ужо нiхто ня скажа, што з Валадаркi нельга ўцячы.

Ад славутага менскага астрогу, галоўнае турмы краiны, усяго нейкiя сто мэтраў да цэнтральнае плошчы, пляцу Незалежнасьцi, i мэтраў пяцьдзясят да Дому Ўраду. Сваю першую назву вязьнiца атрымала з нараджэньня — па iменi губэрнатара-будаўнiка яе ахрысьцiлi Пiшчалаўскiм замкам. Цягам амаль паловы стагодзьдзя ён быў адзiным неразбураным замкам Беларусi. Крывой вулiцы, на якую выходзяць турэмныя муры, пасьля рэвалюцыi надалi iмя чэкiста (а мо й не чэкiста) Валадарскага, то ў турмы аб’явiлася й новая назоўка: Валадарка. За стагодзьдзе з Валадаркi не зьбягаў нiхто: нi за цара, нi за Керанскага, нi пры саветах, першых немцах, бальшавiках, паляках, за Сталiна, за Гiтлера, пры камунiстах, пры незалежнасьцi анi за Лукашэнкi. Першым i адзiным быў Максiм Крыварот, якi ўцёк 15.08.1996 з дапамогай сваёй сяброўкi Багданы i беларускай Самаабароны.

Няма лепшай экскурсii ў Менску, як прайсьцi тым шляхам, якiм уцякалi Крывароты.

Выцягаючы Багдану з кабiны раструшчанага грузавiка, якi зрабiў сваю справу, не падкачаў, Максiм ведаў, што цяпер, калi выкананы чацьверты i галоўны пункт пляну ўцёкаў, iх пэўная фора складае ня больш за дзесяць або дваццаць сэкундаў, пакуль не перайшоў шок вартаўнiкоў i не раве сырэна трывогi. Ён ведаў таксама, як шмат залежыць ад выпадковасьцяў: што за мiнакi апынуцца ў гэтую хвiлю побач, цi ня трапiцца ля турмы выпадковы патруль, цi прачнуцца ад грукату зруйнаванай сьцяны тыя мянты, што сьцерагуць турэцкую амбасаду, цi ня дасца ў вочы што падазронае нараду, якi па жыцьцi таўчэцца ў кутку плошчы Незалежнасьцi ля гатэлю «Мiнск». Ён перакiнуў пiсталет з Багданiнай кiшэнi сабе за пас; пацалаваў Багдану, злапаўшы за грудзi; ён падвярнуў нагу на цаглiне i ледзьве ня ўпаў; ён па-ранейшаму адчуваў сябе сьцятым, як спрынтэр перад стартам, але якi ён ужо быў шчасьлiвы, хвiлi цягнулiся для яго хвiлiнамi.

 

Адпачынкавая пустэча завулку, што вядзе ад Расейскага тэатру да неахайнай будоўлi музэю кiно ўспрымаецца як належнае.

Максiм Крыварот тут ня змог утрымацца, каб не падскочыць, не сарваць некалькi кiслых, дробных яблыкаў-жалезьнякоў i не надкусiць iх адно за адным на бягу. У сваiм стане звышканцэнтрацыi ён таксама ня мог не заўважыць памылкi на шыльдзе ўкраiнскага консульства «Прийом грамадян», i не зарагатаць таму, што вялебна-хрысьцiянскi штандар нунцыятуры Сьвятога Пасаду лунае пад маладзiковiстым чырвоным турэцкай амбасады — якая параза хрысьцiянства — а побач з шыльдай нунцыя вiсiць раўнаважная шыльда «Прадстаўнiцтва кампанii Philips». Ён зашпурнуў недагрызак у разьбiтую балонку вакна будучага музэю — большую безгустоўнасьць i эклектычнасьць рэстаўрацыi цяжка знайсьцi; зноў чмокнуў Багдану ў шыю, свабода, — падумаў ён, — можна пайсьцi i павячэраць у «Гасьцiнным двары», i засьмяяўся з цнатлiвай парнаграфii савецкiх фантанаў, з голых бронзавых дзеўкi й хлопца са сьцертымi полавымi прыкметамi, што «ўяўляюць сабой кампазыцыйны цэнтар прасторавага рашэньня сквэру». Чамусь у тыя часы аголеныя целы дазвалялася ўвабражаць толькi ў фантанах. Цi гэтыя статуі мелi заваблiваць людзей да купаньня?

Далей яны зьмяшалiся ў натоўп парафiянаў з кветкамi — быў дзень Усьпеньня Дзевы Марыi — у Чырвоным касьцёле зь ягонымi так безгустоўна размаляванымi ў бэзавы й ружовы колеры скляпеньнямi, зь ягонымi тандэтнымi скульптурамi, сьлязьлiвымi надпiсамi, гiпсавымi расьпяцьцямi, лубочнымi абразамi, усiм рознастылёвым, кiдкiм, быццам бы купленым у камiсiёнцы i перафарбаваным. Нездарма кажуць, стойкi цмок заплацiў жыцьцём за сваё стойкае маўчаньне на допыце ў арханёла, якi спрабаваў дазнацца iмя аўтара гэтага дэкору.

Вясёлы ўсхваляваны ксёндз правёў iх у касьцёльныя лёхi, выдаў ключы i лiхтарык i наказаў усюды трымацца праваруч, а за дзьвярыма, на якiх будзе вiсець дагары нагамi мэнора, павярнуць па сходах наверх. Яны мелi пражыць пад домам масонаў, дзе ў падзямельлях маецца маленькi пакойчык з двума — сувора й жартаўлiва акцэнтаваў ксёндз — ложкамi, лямпамi i бiблiятэкай, да дваццаць восьмага жнiўня. Дваццаць восьмага а сёмай ранiцы, на Гандлёвай набярэжнай супраць Выстаўкi iх меў чакаць рудаваты хлопец з рыбацкiм рыштункам i павуком. Iм рэкамэндавалася выйсьцi праз вакно ў Камунальны завулак, але не спускацца на Гандлёвую адразу ж за домам Ваньковiча, дзе строма, а абысьцi дом масонаў на захад да бiтай сьцежкi. Яны мелi запытацца ў хлопца: «Ну што, шчэ не перавялiся ў Сьвiслачы шчупакi?» Хлопец з павуком мусiў адказаць «шчупакоў ня ем, ем толькi стронгу». Iхны водгук «Мы ня ведаем смаку стронгi». Калi б iм не адказалi «Ем толькi стронгу», яны мусiлi адразу павярнуць назад i сядзець у катакомбах яшчэ дваццаць чатыры гадзiны да сёмай ранiцы наступнага дня.

 

Краты на невялiчкiм вакенцы ў касьцёльным падзямельлi адчыняюцца лёгкiм поцiскам далонi. Крокi тых, што наверсе, тукацяць глуха, покi не згасаюць зусiм.

Падземная галерэя забiрае ўсё данiзу й данiзу. Ад холаду пачынаюць шморгаць насы. Адусюль даносiцца роўны гук падзеньня кропляў. Недзе поддаль цурчыць вада. Сьвятло лiхтарыка расплываецца па грубых сьценах. Сюд-туд нага чапляе грудку друзу або засохлага цэмэнту, раз-пораз з-пад рукi, а то й на плечы зьверху цi збоку зь непрыветным сiпеньнем прамыкае струменьчык жарствы. Распростацца няма як: галава ўпiраецца ў кант нейкiх рыштаваньняў. Ад пляча да сьцяны таксама застаецца можа якi крок. Даводзiцца рушыць сагнёнымi.

Далёка наверсе маўчыць Менск, кляты Менск наш шэранькi, закляклы ў разложыстай прасторнасьцi, змучаны клiматам, фiзыялёгiяй i ампiрам, але поўны загадкавых знакаў i таемных намёкаў. Менск нарадзiўся з паразы на Нямiзе i ў вечнай паразе жыве. Перамогi тут немагчымыя, бо немагчыма напоўнiць гэты неакрэсьлены горад, у якiм не пабудуеш барыкадаў, якi патанае ў абшары, у ляноце паркаў, што плаўна пераходзяць у батанiчныя сады. Места адвечнага падпольля i партызаншчыны, дзе за кожным рогам калi не Марат Казей з гранатай, дык дзед Талаш з ружжом, дзе нават на цэнтры высокай моды вечную варту нясуць народныя мсьцiўцы, а звычайны сталёвы танк ператвараецца ў прыжыцьцёвы манумэнт ганароваму старшынi таварыства абароны манашак. Горад колеру шкляных пэрлаў; поўны будынкаў, несправядлiва забiтых, што сталiся прывiдамi i срэбнымi зданямi струменяць у неба месячнымi начамi, i поўны будынкаў-саркафагаў, несправядлiва пабудаваных. Горад-тралейбус.

Тут тратуары шырокiя як маставыя. Тут помнiк Ленiну прамаўляе на мове, забароненай камунiстамi. Адкормленыя гiпсавыя калгасьнiцы на дахах прыносяць сьпелыя снапы ў ахвяру птушкам. Умоўная Нямiга сымбалiчна ўлiваецца ва ўмоўна шырокую Сьвiслач (хоць не такую ўжо й вузкую, раз па ёй у бэрнардынскiя муры прыплыло столькi бiзантыйскага хараства). Бронзаваму Багдановiчу тут вiдаць пяць храмаў, а маладым, што прыносяць яму кветкi — толькi два. Зданi з разбураных i апаганеных Залатагорскiх, Старажоўскiх, Жыдоўскiх, Нямецкiх i Татарскiх могiлак носяцца ўздоўж старых трактаў, не даюць спаць менскiм дыктатарам, i тыя таксама — паяжджане — мусяць бясьсiльна лётаць уначы туды-сюды праспэктам, у якога дарма забралi iмя Сталiна (Джугашвiлi належыць да цiмалкага шэрагу тых, каму ў Менску не пашанцавала: назвы зь ягоным iмем зьнiклi, i помнiкi былi зруйнаваныя, а нават на будынку Сувораўскай вучэльнi ягонае iмя старанна пасьцiралi з кнiжак, што аздабляюць фасаду, i дзе раней было напiсана Маркс—Энгельс—Ленiн—Сталiн, засталася толькi тройка цнатлiвых клясыкаў; так i вымелi чыста з усяго горада, перабудаванага ў ягоны гонар i да ягонага густу). Паяжджане нясуцца да мiтрапалiта цi кардынала вымольваць адпушчэньне грахоў, шукаць збавеньня ад прывiдаў, фантомы борзда хаваюцца ў паддашшы опэры, жабракi збрыдаюцца на вакзал, ноч агортвае паскудзтвы i агаляе вабноты, топiцца ў Сьвiслачы вар’ят Лё Карбюзье, i адразу запальваецца комусь патрэбная зыркая зорка манумэнта перамогi. Ноч накрывае змрокам усё, апроч фасадаў, менавiта таму Менску так пасуе ноч: пабудаваны ў ХХ стагодзьдзi горад фасадаў ня зносiць сьвятла i ня хоча, каб яму лезьлi ў душу, бо ня ведае слова «душа». Ягоная «душа» хаваецца там, дзе вартуюць вежы двухгаловых сабораў, пульсуюць жылы завулкаў, напятыя нэрвы катакомбаў; яна чакае паўстаньня зь мёртвых.

Усё ж той, хто бачыў ломкiя ценi клёнаў на бледным тле царквы сьвятога Язэпа, ня можа не палюбiць няўпэўненага хараства старога Менску, горада неспатоленых жаданьняў. Гэтаксама як той, хто ў першую кастрычнiцкую сьцюжу саграваўся ля вечнага агню на плошчы Перамогi, наўрад цi забудзе бяздушную красу Менску, пабудаванага пасьля апошняй вайны, падобнага на пакрыўджаную i недагледжаную, але шчодра падфарбаваную правiнцыйную панi з гонарам i парасонам.

Паўтара года таму на Петрапаўлаўскай царкве шчэ званiлi не ў званы, а ў рэйку. Каталiкi тады толькi-толькi адваявалi ў таэквандыстаў i дзюдаiстаў сваю катэдру, якая пяцьдзесят гадоў праслужыла спартзаляй: ценi ўсходу ляжалi на спустошанай сьвятынi, i ад былых гаспадароў заставаўся на сьцяне надпiс-дэвiз Mors Tua Vita Mea, але каталiкi доўга не счышчалi яго... Твая Сьмерць Маё Жыцьцё... Праспэкт, калi памятаеце, па савецкай старынцы заставаўся адзiнай галоўнай сталiчнай вулiцай на сьвеце, на якой амаль не было кавярняў, i залатая менская моладзь цiснулася, бессаромна падрабляючы квiткi, на якогась Гадара цi Джармуша з рэтраспэктывы пад фанабэрыстай назвай «Элiтарнае кiно» ў Альтэрнатыўным. Па сцэне опэры ўпершыню ў яе гiсторыi зь лёгкай рукi Пiнiгiна сэнсацыйна каталася просьценькае, але ж старое аўто. Гэта было ўсяго паўтара года таму. Адным тады здавалася, што Менск прагне зьдзяйсьненьня, насычэньня знакамi. Iншыя па-ранейшаму лiчылi, што шчэ доўга ў Менску можна будзе толькi пражываць цi спыняцца, але не прырастаць каранямi: мець няўтульны начлег, сьцiснуўшыся, як на сядзеньнi аднаго з тых тралейбусаў, што стаўляюць начаваць ля перапоўненага дэпа недзе на Чырвонай, на колiшняй вулiцы ружовых лiхтароў, лiтасьцiва пакiдаючы адчыненымi вiльготныя пярэднiя дзьверы.

Калi жыцьцё было больш геамэтрычным, цяпер цi тады? Калi было больш дабрачынцаў i менш нахлебнiкаў, цяпер цi тады? Невядома.

Рэстаўрацыя толькi недзе з краёў, ад базыльянскага кляштару, падбiралася да палацыкаў Верхняга горада, а ў закiнутых i разгромленых дамах цалавалiся закаханыя, спраўлялi фэсты наркаманы, тулiлiся вар’яты i валацугi. Мiж вялiкiх руiнаў швэндалiся вясёлыя студэнты, спадзеючыся пабачыць тое, чаго ня бачыў нiхто. Брыдкаму гмаху крамлёўскага палаца шчэ можна было адпомсьцiць надпiсам на бэтонным плоце вакол будоўлi. Як жа хутка ўсё зьмяняецца ў Менску, гэтай выпадковай, процi волi сталiцы!

Уласьцi тады давалi рады за вечар арыштаваць сто, а то й дзьвесьце чалавек. Але на гэта яны й цяпер здольныя. Сёньня мала хто й згадае, што ўвесну 1996 году мiж арыштаванымi быў i Максiм Крыварот: пра яго не пiсалi ў газэтах, ягонае прозьвiшча не выгуквалi шматлюдныя шэсьцi, у яго абарону не выказвалiся расейскiя i амэрыканскiя ўрадоўцы, i платы не блiшчэлi гучным «Свабоду Максiму». Нават тыя нешматлiкiя праваабаронцы, што спачатку мелi зьвестку пра ягоны арышт, у мiтусьнi драматычных i фэерычных вясны й лета выпусьцiлi яго з вачэй. У адрозьненьне ад прафэсара Хадыкi, нацыяналiста Сiўчыка, Славамiра Адамовiча, сумленнага аматара пiва Рамашэўскага, украiнцаў, якiя ўсе адчувалi за сабой падтрымку тысячаў, ён стаяў сам-насам з карнай машынай.

Чаму так здарылася? Ён быў сiратою, адзiнаком, з дальшымi сваякамi асаблiва не кантачыў. У сяброў былi важкiя прычыны, каб да часу не ўсчынаць галасу, i толькi ягоная дзяўчына магла б стаць тым чалавекам, якi не даў згубiцца жывой душы, але яны былi паспрачаўшыся, разыйшоўшыся, ён зьнiк, маўчаў, не адгукаўся, сябры загадкава дурылi ёй галаву — ну што дзяўчына ў такой прыгодзе мела рабiць?

З Крыварота хацелi раскруцiць супэрпрацэс, зноў зьняважыць i апляваць увесь рух зь яго дапамогай: таму яго трымалi ў iзаляцыi i не афiшуючы, таму ў ягонай кватэры «абнаружылi» наркотыкi й зброю, а сьледчыя тры месяцы дзень пры днi пазьменна апрацоўвалi яго, таму яны ўрэшце выйшлi на Багдану, каб нацiснуць i з гэтага боку. Не была б то Багдана!

 

У менскiм падпольлi неўзабаве страчваеш пачуцьцё зямнога, уяўленьне пра рэчаiснасьць паверхнi. Падпольле прыцягвае магнiтам, п’янiць галаву. Пад зямлёю ўмомант забываеш ня толькi надворныя тлум i нявыкруткi, але i ўсе засьцярогi зь перасьцярогамi, страчваеш iнтуiцыю, чуйнасьць зацкаванага зьвяра, зь якiмi гадуецца любы чалавек у гэтай пастцы Эўропы i безь якiх тут не пражыць.

Стома прайшла хутка, i, вядома, уцекачы ня ўседзелi пад зямлёй. Спачатку яны пайшлi агледзець славуты палац, пад якiм iм выпала жыць. Графiцi Whitesnake i «Всё запрещено» на сьценах вялікай залі дома масонаў не напалохалi каханкаў, i яны выправiлiся далей на шпацыр каханым горадам, местам эпохi магчымасьцяў, абыйшлi ўвесь Верхнi горад, усё, што засталося ад шчырага Менску.

Мы таксама можам моўчкi пастаяць у двары дома №31 па Хрышчэнскай, перакручанай камуністамі ў Iнтэрнацыянальную — тут нарадзiўся Крыварот, — вузенькiм, з рэшткамi бруку на зямлi, глухой сьцяной аддзеленым ад суседняга палаца, дзе месьцiцца ваенная частка. На муры сiнее надпiс «Жыву i памятаю». Колькi жыў Максiм, столькi быў на сьцяне гэты надпiс. Цэлыя манастыры i гарады ўзрывалi саветы, а невядомая рука штогод паднаўляла й паднаўляе гэты сьцiплы рэквiем. Хто прыдумаў гэта, хто даглядае? Дробныя менскiя таямнiцы, дробны менскi супрацiў.

 

I ўжо iм схацелася выпiць кавы ў кавярнi на Малой сцэне Купалаўскага, дзе яны калiсь мелi звычку сустракацца. Яны не маглi адмовiць сабе ў гэтай прыхамацi. Дамiнiканская-Энгельса i самая эклектычная на сьвеце «Кастрычнiцкая» плошча ў тыя часы шчэ былi цалкам перагароджаныя пачварнай будоўляй, iсьцi вулiцай Ленiна яны збаялiся — там заўжды таўчэцца поўна мiлiцыянтаў. Мiстычнымi дварамi па-за музэем Вялiкай вайны, паўз танкi, гарматы i самалёты, што застыглi ў вечнай засадзе, яны выйшлi да Белсаўпрафу.

Горад увесь чыста быў ачэплены густой сеткай патрулёў. Мiлiцыя, амон, спэцназ, служба аховы прэзыдэнта, кгб, унутраныя войскi, слуханцы мiлiцэйскiх i спэцыяльных вучэльняў — усiх iх вывелi на вулiцы, каб схапiць i пакараць дзёрзкiх уцекачоў. У змрочным падземным пераходзе ля Белсаўпрафу таксама правяралi дакумэнты. Крывароты заўважылi гэта запозна, разгубiлiся, кiнулiся ў палац. Гэта не маглi не заўважыць. У фае грукацела дыскатэка. Рванулi налева, на лесьвiцу ўнiз, направа праз вэстыбюль зноў на лесьвiцу, па калiдорах паўз залi i кабiнэты: дзесь паказвалi фiльм, недзе сьпявалi сэктанты. Далей празь лесьвiцу, паўз тупiк, да незамкнёных дзьвярэй на гарышча. Бегучы, Багдана ўсё ж не забылася пару разоў сыпануць за сабой перцу. З вэнэцыянскага даху палацу можна было ацанiць абстаноўку.

Яны ўзьлезьлi на дах сама каб пабачыць, як да палацу з-пад цырку пад’ехалi чатыры машыны. Плямiстыя формы, сабакi. Грукат дыскатэкi раптам сьцiх. Вызiраючы з-за бадзёрых статуяў, яны зноў глядзелi на свой горад згары, а не з падмосьця. Панарама расьсьцiлалася як пасыпаная блакiтнымi мундзiрамi: каля Дому афiцэраў i каля цырку, нават ля фантану зь лебедзем i пад танкам ля прэзыдэнцкага палацу варушылiся патрулi. Максiм асьцярожна перагнуўся празь лядашчы вадасьцёк: пад калёнамi на рагу паўночнага i заходняга бакоў Белсаўпрафа нерухома стаяў, шырока расставiўшы ногi ў важкiх чорных ботах, дзябёлы амонавец. Ратавацца не было куды.

Яны глядзелi туды, дзе сонца дапякае сьцiплыя крыжы сабораў, парныя шпiлi якiх правальваюцца ў бяздонныя, бяскрайнiя, бязьлiтасныя новыя кварталы. Цела Верхняга горада дыхала iм у твар духам пабуджаных камянёў. Гэта быў iх горад, ён увесь памятаў iх. Сярод руiнаў яны пратэставалi супраць разбурэньня саветамi будынку першага менскага тэатру, у iншым месцы курылi цёплымi травеньскiмi вечарамi, марачы пра заўтра, пра «сонца, якое ўзыходзiць». Ля кляштару калiсь упершыню было вымаўлена нязвыклае слова «незалежнасьць», а пад адным з грувасткiх вязаў, на купе будаўнiчага друзу напiлiся да пiску, як швэды, у дзень ягонага паўналецьця: чарку па коле за незалежнасьць, чарку за беларускую птушку бусла, шчэ адну, каб кулi мiналi, каб шаблi ня бралi, каб здыхалi ворагi, чарку за каханьне, порцыю за новую культурную сытуацыю... Iм ураз прыгадалiся дзесяць гадоў праўдзiвага шчасьця як адзiн уздых, як адзiн узьлёт, ад першага да дзясятага, толькi iх што й было ў iснаваньнi, ад восемдзесят шостага да дзевяноста шостага цi ад шаснаццатага да дваццаць пятага, як нi вылiчай. Цi перанясе старое места гэтую цяжэйшую, чым апэрацыя на сэрцы, адбудову? Урэшце, што... У турму Крыварот вяртацца не зьбiраўся нi ў якiм разе.

 

Куды падзецца, куды падацца з даху? Перац вывядзе з гульнi сабак, украдзе ў пагонi колькi хвiлiнаў. Прарывацца? Шаленства.

Палымяны й горды розум падказваў вырашэньне, адзiнае выйсьце. Тады ў апошнюю хвiлю мог здарыцца цуд. Тады на астатнiм кроку iх падхапiлi б анёльскiя крылы i панесьлi па-над тупымi палацамi i стомленымi дахамi, комiнамi i платамi, пароднымi лiхтарамi купалаўскага моста, празь Сьвiслач, уваччу таямнiчай сяброўкi стагодзьдзя, шэрай спаруды Опэры, а зайздросныя паэты, а нават задуменны вечнай недавыказанасьцю празаiк Гарэцкi з свайго ўтульнага рогу далёкай саборнай плошчы Свабоды доўга глядзелi б за iмi, i незьлiчоныя сьвятадухаўскiя багародзiцы паказвалi адзiную найлепшую дарогу...

Разагрэтыя бляхi даху даносiлi водгук далёкiх крокаў. Але ўжо праз хвiлю ўся фiлязофiя, усе жудасныя супярэчнасьцi i сумневы, жаданьне жыць i дыхаць, якое толькi можа зьведаць дваццацiпяцiгадовы мужчына, што ўпершыню па трох месяцах вашывага сьмярдзючага астрогу адтхнуў на поўныя грудзi, трохi паеў i ўсiм нутром адчуў знаёмы пах пухкіх валасоў, знаёмую поўню жаночай плоцi — усё зьмяшалася ў Крывароце, усё пасьлiзнулася на мярзотным ёлкiм жалi. Жыць! Хоць у зьвярынцы, але жыць! Будуць бiць, але не заб’юць. Вытрымае. Не заб’юць, ён iм спатрэбiцца. Будуць паказваць па сваiм тэлебачаньнi, але не замардуюць. Празь дзесяць, праз дваццаць гадоў можна будзе зноў дыхаць, зноў глядзець на простыя крыжы i нягеглыя вязы. Пляваць, што няволя. Пляваць, што здача. Абы жыць. Ён ня здрадзiць, не пакаецца, не пацешыць прысатых гебiстаў. Ён проста зробiць усё, каб не сканаць, — думаў ён, але Багдана цiха i цьвёрда сказала, што сядзе на краi даху, каб, калi тыя выйдуць сюды, ён стрэлiў ёй у скроню.

Яна пасьпела зрабiць два асьцярожныя, нячутныя крокi, азiрнулася, i раптам яе вочы спынiлiся недзе ззаду Крываротавага цела, шыя абмякла, цела пачало абсядаць, а босыя — каб не было чуваць крокаў — ногi мiжволi папаўзьлi па схiле да парапэту. Крыварот управiўся падхапiць яе, адчайна шукаючы вачыма нябачнага снайпэра. Але яна самлела не ад параненьня: на гачку, на шыi гiпсавага бугая-геадэзiста — (а мо’ й землямера) калi прыгледзецца, на iм застаўся сьлед ад вяроўкi — вiсеў труп у зашмуляным стракатым ватным халаце i высокiх белых шкарпэтках. Акуляры на носе стваралi ўражаньне, што ён усё шчэ сочыць за гасьцямi. З нагруднай кiшэнi тырчэла мятая паперка. «Зьнiшчаю сваё жыцьцё сваёй уласнай воляй i ахвотай, каб нiкога не вiнавацiць». Канец даўжэзнай вяроўкi валяўся, скручаны, пад нагамi шыбенiка.

Максiм моўчкi паклаў сяброўку на бляхi, адвязаў вяроўку з гачка i ледзь не кульнуўся пад нечаканай вагой зiмнага трупа. Гiдзiцца не было калi. Ён хутчэй штурхануў цела за выступ вэнтыляцыйнага комiну, абы не было вiдаць Багдане, якая там пацiху ажывала, i пасьпеў зацiснуць ёй рот, баючыся, каб яна ня ўскрыкнула, апрытомнеўшы. На iх шчасьце, гэты бок даху нiадкуль не было вiдаць: далягляд перакрывалi будоўля палацу, музэй, а нiжэй цямнелi бязьлюдныя адмiнiстратыўныя двары.

Канец вяроўкi, якой абкруцiлi нейкую жалязяку, а для страхоўкi шчэ й падперазалi задуменную невыразную статую, быццам незадаволеную тым, што яе паставiлi сьцерагчы заднi рог палацу, завiс у якiх мэтрах двух над наетым амонаўцам, i калi той малойца пачуў над сабой сьвiст паветра, ён нават i не пачуў, а толькi зьбiраўся падумаць, што чуе, падумаць, што недзе голуб паляцеў, то ў яго ў тую ж хвiлю зьнiкла здольнасьць думаць, бо менавiта яе найперш адбiў Крыварот, грузна прызямлiўшыся на здаравяцкi карак.

 

Праз знаёмы пералаз у бэтонным плоце за музэем вайны можна выйсьцi да пары сiратлiвых дамоў, адзiных, што засталiся ад былой Юраўскай вулiцы. Мiленькiя балкончыкi з кветачкамi. Аскепак зацiшнага места. Нiбы Верхнi горад скiнулi зь неба, i ён цяжка прызямлiўся, крыху раструшчыўшыся аб сваю гару так, што ягоныя асколкi паляцелi ў розныя бакi, урэзалiся ў мёртвую тканку калянiяльных кварталаў. Такое ўражаньне складаецца тут, i ў былым Захар’еўскiм праезьдзе, а цяпер i на Ракаўскай...

На гаўбцы другога паверху самага нiжняга дому па былой Юраўскай ёсьць надпiс «Незалежная Рэспублiка Мроя». Можа, з хвiлiну стаялi Крывароты, ня могшы адарваць вачэй ад гэтага балькону. Дзе мы? Дзе мроi? Божа, запынi нам наш салёны час! — прасiлі яны. — Сёлета Менску споўнiлася дзевяцьсот трыццаць, але гэта шчэ не юбiлей. Юбiлеем, салодкiм i пампэзным, будзе тысячагодзьдзе. Блiзкая дата, да яе ўсяго семдзесят гадоў, семдзесят жнiўняў, семдзесят асьвячэньняў кветак. Блiзкая, але мы ўжо пры любым раскладзе, пры любым лёсе не дажывем. Божа! Што будзе празь семдзесят гадоў? Якiм будзе гэты горад? Божа! Нашыя пацалункi, клятвы, нашыя ночы й вечары, беларуская птушка бусел... Хто будзе хадзiць тут празь семдзесят гадоў? Хто маўчаць? Як блiзка i як далёка... Каханы горад, роспачныя праспэкты... Божа, спынi час. Быць, чуць гэты рваны гарадзкi гул, пакласьцi далонь на цёплы вечаровы асфальт, зноў пералезьцi праз пабiтую цэмэнтовую агароджу, хоць хвiлiну пасядзець — маладым, галодным, да шчымленьня ў грудзёх — сярод студэнцтва на лаўках ля ўнiвэрсытэтаў, жыва згадаць першыя пацалункi ў духмяным закутку Батанiчнага саду, падурэць на сходах да Сьвiслачы пад вальяжным вокам Мiнiстэрства абароны. Нам, якiя вырасьлі з «Жыву i памятаю», нам, якiя сьпiсалі палову менскiх платоў любiмымi радкамi з Цэляна й Сыса, падары нам шанец пачытаць графiцi ў Менску тысячагадовым, зьесьцi акраец «Нарачанскага», выпiць пляшку «Старажытнага», сесьцi ў вагон мэтро з натоўпам i выйсьцi з натоўпам, выбегчы з падземнага пераходу i заблукаць у тумане. Самыя простыя, банальныя, немагчымыя жаданьнi. Хочацца патрымаць мяккi туман у далонях, калi Менску будзе тысяча, а нам ня будзе нiколькi.

 

Яны не маглi, як звычайна рабiлi, бываючы тут, выпiць някепскай кавы ў безгустоўнай кавярнi «Радзiвiл». Цёмнымi задамi лiнгвiстычнага лiцэю яны прабралiся на Гандлёвую, а там, якраз там, дзе бульбаеды зараз паставiлi мэмарыял Вiктара Цоя, сутыкнулiся зь няшчасным юнаком-мiлiцыянтам, і той запатрабаваў:

— Вашы дакумэнты, маладыя людзi!

Што ж, Крыварот палез па дакумэнты, выйграў сэкунду i зблiзiўся, а тады трасянуў мянта раз, другi, перакiнуў, даў нагою, i шчэ раз высьпятка, i лобам, лобам у жвiр. Раптам яму стала так прыкра за ўласную жорсткасьць. Магчыма, гэты сумленны мiлiцыянцiк родам зь нейкай прыгараднай вёскi адпусьцiў бы iх i так. Крыварот аж пачырванеў ад раптоўнай прыкрасьцi.

Другi з залётнага патруля, сяржант, выйшаў з двара лiцэю — якога лiха яму было там трэба, невядома — калi Крывароты ўжо падбiралiся за домiк Ваньковiча. Сяржант стрэлiў тройчы, стрэлiў у сьвет, на тупатлiвы шоргат крокаў. Багдана толькi якбы спатыкнулася i войкнула, ды бегла далей, але праз тры крокi, быццам папяровы самалёцiк... Крыварот абняў яе, заўважыў, што яна ня чуе ягонага дотыку, падхапiў пад рукi, ступiў, упаў, настрамiўшы далонь на нейкi дрот, выцяг пiсталет i стрэлiў у паветра для пастрашкi, каб iх не спрабавалi дагнаць. Грымнуў стрэл у адказ, i грукнуў тынк. Крыварот прапоўз колькi мэтраў, цягнучы Багдану, прыўстаў i, хiстаючыся, зноў узьняў яе. З-пад Багданiных пальцаў, счэпленых на баку, з-пад ягонай зьнясiленай пясьцi чорна-чырвоным струменьчыкам на зарослую быльлём зямлю сыпаўся зь белага мяшэчка перац, парашок кансьпiрацыi. Недзе ззаду, ужо за рогам, зноўку нацiснуў на курок мiлiцыянт.

Тут, за вакном старога будынка вольных муляроў, знаходзiцца кавалак сьцяны, якi трэба павярнуць, каб трапiць у схоў.

— Дзе мы, Максiмка?.. Ратуй, ня кiдай... ой, як мне пячэ, Максiмка... — прашаптала Багдана, не расплюшчыўшы вачэй.

— Ня бойся, пташачка, сэрца маё, мы ўжо пад зямлёй, каханая, па-пад зямлёй, далёка ад iх... Усё будзе добра. Галоўнае, мы пад... — пацалаваў яе Крыварот.

 

Пару месяцаў таму пры кiраўнiцтве справамi прэзыдэнта створана спэцыяльная камiсiя па вывучэньнi i выкарыстаньнi новаадкрытых менскiх катакомбаў. А на Нямiзе нехта сапсаваў аквiтны шчыт «Минску — 930. Цвети родной город». Чыясь цьвёрдая рука вывела зьнiзу чорным «мая сьмерць тваё жыцьцё». Хоць за паўтара года ўсё перамянiлася, але нiчога не мiнула. Ўсё мiне празь семдзесят гадоў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0