Паўль Целян

 

ФУГА СЬМЕРЦI

 

Чорнае малако сьвiтанку мы п’ем яго ў прыцемках

мы п’ем яго ў поўдзень i ранiцай мы п’ем яго ўночы

мы п’ем яго п’ем

мы рыем у паветры могiлкi там ляжаць ня так цесна

У доме жыве чалавек ён бавiцца з гадамi пiша

ён пiша калi ўжо зьмяркаецца над ягонай Нямеччынай

твае валасы залатыя Маргарэт

ён пiша iх i выходзiць з дому туды дзе зоркi

блiшчаць ён клiча сваiх сабак ён клiча сваiх гэбраяў

мусiце рыць у паветры могiлкi

загадвае каб гралi тут i скакалi

 

Чорнае малако сьвiтанку мы п’ем цябе ўночы

мы п’ем цябе п’ем

У доме жыве чалавек ён бавiцца з гадамi пiша

ён пiша калi ўжо зьмяркаецца над ягонай

Нямеччынай твае валасы залатыя Маргарэт

попел тваiх валос Суламiт мы рыем у паветры моглiкi

тут ляжаць ня так цесна

А ён крычыць рыйце зямлю глыбей i вы i тыя i гэтыя

каб сьпявалi i гралi

вымае з похвы клiнок махае ў яго блакiтнае

вока яшчэ глыбей у зямлю далакопы а вы

тыя i гэтыя грайце яшчэ каб усе пусьцiлiлся ў скокi

 

Чорнае малако сьвiтанку мы п’ем цябе ўночы

мы п’ем цябе ў поўдзень i ранiцай мы п’ем цябе

увечары

мы п’ем цябе п’ем

у доме жыве чалавек твае валасы залатыя Маргарэт

попел тваiх валос Суламiт ён бавiцца з гадамi

 

Крычыць грайце пяшчотней да сьмерцi сьмерць

Майстра зь Нямеччыны

крычыць дадайце скрыпак каб узьняцца

як дым у паветра

сярод аблокаў там вашыя могiлкi там

ляжаць ня так цесна

 

Чорнае малако сьвiтанку мы п’ем цябе ўночы

мы п’ем цябе ў поўдзень

сьмерць майстра зь Нямеччыны

мы п’ем цябе ўвечары й зранку мы

п’ем цябе п’ем

сьмерць — майстра зь Нямеччыны ў яго блакiтнае вока

ён цэлiць сьвiнцоваю куляй ён цэлiць у цябе дакладна

у Доме жыве чалавек твае валасы залатыя Маргарэт

спускае сваiх сабак дае нам у паветры могiлкi

ён бавiцца з гадамi й сьпявае сьмерць майстра

зь Нямеччыны

 

твае валасы залатыя Маргарэт

попел тваiх валос Суламiт

 

Пераклад зь нямецкай Iгара Бабкова


 

Паўль Цэлян (Лео Паўль Анчэль) — адзiн з самых легендарных сярэднеэўрапейскiх паэтаў дваццатага стагодзьдзя. Нарадзiўся ў Чарнаўцах у 1920 годзе, пiсаў па-нямецку. Пасьля другой сусветнай вайны жыў у Бухарэсьце, Вене, Парыжу. Скончыў жыцьцё самагубствам у 1970.

У сваёй паэзii iшоў ад «цёплага сярэднеэўрапейскага экспрэсіянiзму» да «трагiчнай мэтафiзыкi» слова.

Верш «Фуга сьмерцi» (Todesfuge) перакладзены з кнiгi «Мак i памяць» (Mohn und Gedachtnis, Stuttgart, 1952).

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0