Матор! Дубаль два...

25 сакавiка споўнiцца 80 гадоў з дня абвяшчэньня незалежнай Беларускай Народнай Рэспублiкi

Чарговы юбiлей ужо сёньня не выглядае такiм, як заўсёды. Толькi за мiнулы год iдэя БНР, што раней успрымалася як надзвычай паважны, але ўсё ж архiўны дакумэнт, зрабiла адразу некалькi крокаў да жывое рэальнасьцi. Абнавiлiся кiраўнiчыя структуры, куды прыйшло багата маладых палiтыкаў. Пасьля лiпеньскай нарады ў Вiльнi, дзе старшыняваў Барыс Рагуля, была ўтвораная Эўрапейская сэкцыя Рады БНР, расплянаваная дыпляматычная дзейнасьць прадстаўнiкоў Рады, прагучала i пачала ажыцьцяўляцца iдэя прыёму ў грамадзянства БНР.

У Беларусi гэтыя зьмены выклiкалi як станоўчы, так i супярэчлiвы розгалас. Некаторыя людзi ўспрынялi iдэю грамадзянства БНР як штосьцi надта экзатычнае. Сёй-той нават пасьмяяўся з БээНэФу, якi, маўляў, «будзе раздаваць пашпарты»...

Я згадваю гэткiя сьмяшкi ў яшчэ падсавецкай Лiтве, калi патрыятычна настроеныя лiтоўцы дэкляравалi свой намер уступiць у грамадзянства будучай незалежнай рэспублiкi i атрымлiвалi адпаведныя пасьведчаньнi.

Зразумела, што нашмат цяжэй разбураецца той Бэрлiнскi мур, якi ў сьвядомасьцi народа, чымся той, што фiзычна падзяляе Захад i Ўсход. Пачаць думаць шырэй, чым толькi катэгорыямi ўласнага кутка — на гэта народу патрэбны час. Але гэты час мiнае.

I вось ужо... бачыў я тых лiтоўскiх насьмешнiкаў. Яны, колiшнi электарат камунiстаў i амону, прынялi новыя парадкi, як свае, i пра колiшнi сьмех ня згадваюць. А людзi, якiя колiсь атрымлiвалi пасьведчаньнi, а пасьля стаялi з транспарантамi супраць савецкiх танкаў генэрала Усхопчыка, першыя атрымалi рэальнае грамадзянства. I больш за тое. Сёньня найблiжэйшая суседка Беларусi Лiтва выбрала на прэзыдэнта амэрыканскага лiтоўца Адамкуса, чым засьведчыла, што мысьлiць шырокiмi катэгорыямi, што насельнiцтва пачувае сябе ў кантэксьце разьвiтых краiнаў i прагне стабiльнасьцi, а ня стрэсаў. Канкурэнту не дапамаглi анi малады ўзрост, анi «гiпнатычныя» страсныя прамовы, анi мясцовае паходжаньне. Не заваражыў.

Нiшто не перашкаджае думаць, што падобная пэрспэктыва, няхай са спазьненьнем, чакае i нас. Рана цi позна людзi самi ўбачаць сваю краiну зь яе атавiстычнымi парадкамi ў кантэксьце суседнiх дзяржаваў. Рана цi позна проста захочуць жыць, як усе. Рана цi позна лясьнецца Бэрлiнскi мур у галовах электарату. I iдэя Беларускай Народнай Рэспублiкi паспрыяе гэтаму.

Гэта першае. Другое, чаму яна паспрыяе, — вяртаньню ў сьвядомасьць гiстарычнае пэрспэктывы.

Як чалавек зьвязвае кожным сваiм буднем нiтку лёсу памiж дзедам ды бацькам i сынам ды ўнукам, так i дзяржава ня выстаiць, калi не разумее, адкуль яна i куды. Мы ўсе жадаем лепшае будучынi, i гэта — вэктар разьвiцьця. Але мы самi без папярэднiкаў — кропка, ня болей. З кропкi няма вэктара. А самае сьветлае, што ў нас было ў мiнуўшчыне сваё — гэта iдэя БНР. Не замазаная анi скрайнасьцямi, анi ксэнафобiяй, анi самаедзтвам.

Рэспублiка Беларусь — адзiная ў рэгiёне краiна, якая не адбудоўвае нажытае продкамi, а быццам перабывае невядома кiм адведзены тэрмiн. Таму з году ў год не зьмяняецца нiчога.

Страчаная пераемнасьць абярнулася страчанаю пэрспэктывай. Сучасны палiтычны рэжым за тры гады панаваньня так i не прапанаваў народу яснага ўяўленьня пра заўтрашнi дзень. Уся дзейнасьць у гэтым накiрунку зьвялася да вяртаньня бээсэсэраўскiх шаблёнаў — сымболiкi, грмадзкай i культурнай герархii, прыярытэту ўсяго расейскага над беларускiм. Такая мадэль «рэанiмаванае» БССР выклiкала раскол у нашым грамадзтве i прывяла да палiтычнае iзаляцыi краiны памiж суседзямi i ўсiм цывiлiзаваным сьветам.

Беларусь ня ўпiсваецца ў геапалiтычны расклад рэгiёну i не прыймаецца разьвiтымi краiнамi не з-за папулiсцкага аўтарытарызму А.Лукашэнкi (такiх «дыктатараў» у сьвеце хапае) i нават не з-за камандавай эканомiкi (тут таксама, як бачым, супрацоўнiцтва магчымае). Беларусь не прымаюць менавiта з-за яе нацыянальнага самаедзтва. Аксыяматычныя ў краiнах-суседзях паняцьцi пра нацыянальную годнасьць, любоў да роднае мовы, шанаваньне ўласнай гiсторыi i сьвятыняў у нас патрабуюць бясконцага даказваньня i абвяргаюцца на кожным кроку. Паступова наша краiна безь пераемнасьцi ператвараецца ў карабель-прывiд, «лятучы галяндзец» на эўрапейскiх хвалях. Нiхто ня ведае, адкуль ён i якую нясе небясьпеку. Адно бачна, што ён нiкуды не кiруе i, нясомы ветрам, паступова прыходзiць у заняпад.

У такiх умовах расколатае беларускае грамадзтва колецца далей на ўсё драбнейшыя аскепкi, усё больш варожа настроеныя памiж сабою. Бедныя i багатыя, беларускамоўныя i русiфiкатары, канфармiсты i апазыцыя, — ня бачачы пэрспэктывы, увесь сэнс свае дзейнасьцi зьмяшчаюць у сам раскол. Нiводная з прапанаваных iдэяў не аб’яднала народ, не пасялiла грамадзянскага мiру. Мiж тым, досьвед усiх без выключэньня краiнаў рэгiёну паказвае, што такая iдэя ёсьць, i яна яшчэ не скарыстаная намi.

Iзноў, калi працягваць аналёгiю зь iншымi краiнамi да ўласнае дзяржавы, якую ў нас адабраў камунiзм i якую сёньня мы мусiм адбудоўваць, то прыйдзем мы да Беларускай Народнай Рэспублiкi. А ня прыйдзем, дык у днi, калi Расея з пашанаю перахоўвае свайго апошняга цара, мы можам пачувацца адно як Северо-Западный край зь неадчэпнаю чыста мясьнiкоўскаю мараю пра адноўлены СССР.

Трэцi iстотны момант, якi стварае iдэя БНР зь яе грамадзянствам — гэта, калi хочаце, маральны камфорт. Чалавек ня толькi пачаў думаць у катэгорыях разьвiтага сьвету i ў гiстарычнай пэрспэктыве ўласнае нацыi, але замацаваў за сабою гэтыя нованабытыя каштоўнасьцi фармальна. На сёньняшнiм этапе мы яшчэ ня можам казаць пра працэдуру грамадзянства, гэта хутчэй абрад. Але ў параўнаньнi з ранейшымi часамi гэта вялiкi зрух наперад.

Праз фармальную далучанасьць чалавек найперш сам сабе сьведчыць пра тое, што ўзяў на сябе адказнасьць. А як мы ведаем зь фiлязофii, чым больш ён за сябе адказвае (ён, а ня хтосьцi за яго), тым больш ён свабодны.

Зь цягам часу (i, бадай, вельмi хутка) iнстытут грамадзянства БНР, папулярнасьцi якога нiчога не замiнае, разгорнецца на поўную моц, стане рэальнай грамадзкай сiлай, якая разьмесьцiцца па-над партыйнымi, сацыяльнымi, этнiчнымi падзеламi. Гэтак паўстане самое беларускае грамадзтва — адказнае i прагнае свабоды.

Вось чаму ўжо сёлета перад 80-мi ўгодкамi БНР болей думаецца не пра колiшняе, як думалася ў папярэдня гады, а пра рэальныя справы i зьмены заўтра.

... 80 гадоў таму п’яны бальшавiцкi камiсар Крывашэiн уварваўся з сваiмi салдатамi на Ўсебеларускi кангрэс. Так пачалося супрацьстаяньне, якое ў Расеi падзялiла белых i чырвоных, у нас — бел-чырвона-белых i чырвона-зялёных. Як i тады, з гэтага боку, як правiла, — адукаваныя тутэйшыя, сяляне i прафэсура, мiрныя людзi. Як i тады, з таго боку — невукi i наежджыя гэбiсты-камiсары.

Нiчога не зьмянiлася ў Беларусi пасьля такога, здавалася б усезьмяняльнага стагодзьдзя. Засталiся ранейшыя людзi i ранейшы канфлiкт. Быццам у 18-м нехта нацiснуў на стоп-кадар. Быццам у 91-м той нехта зьняў палец з кнопкi. Карцiнка абнавiлася — строi, мiмiка, iнтэр’ер. Але людзi тыя самыя. Сцэна разгону Ўсебеларускага кангрэсу п’яным камiсарам Крывашэiным... Дубаль два.

Сяргей Паўлоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0