Лідэр дэмакратычных сіл Беларусі Аляксандр Мілінкевіч у Празе сумесна з прэзідэнтамі шэрагу краін, вядомымі палітыкамі і грамадскімі дзеячамі прыме ўдзел у міжнароднай канферэнцыі «Дэмакратыя і бяспека».

Акрамя ўдзелу ў агульным форуме ў лідэра дэмакратычных сіл Беларусі на працягу двух дзён запланаваныя двухбаковыя сустрэчы з прэзідэнтам ЗША Дж.Бушам, прэзідэнтам Эстоніі Тоомасам Хенрыкам Ілвесам, экс‑прэзідэнтам Чэхіі Вацлавам Гавэлам, міністрам замежных справаў Чэхіі Карэлам Шварцэнбергам, савецкім дысідэнтам і кіраўніком Інстытута палітычных даследаванняў пры Шалом Цэнтры — Натанам Шчаранскім, прэзідэнтам радыё Свабода Джэфры Гедмінам і іншымі.

Міжнародная канферэнцыя «Дэмакратыя і бяспека» праводзіцца напярэдадні саміту краін «Вялікай восемкі» і прысвечана дзейнасці ў падтрымку працэсаў дэмакратызацыі ў краінах з аўтарытарным і таталітарным рэжымамі. Па выніках ўплывовай канферэнцыі будзе прыняты адмысловы «Пражскі дакумент».

‑ Сёння, як ніколі, востра паўстае праблема абароны правоў чалавека ва ўсім свеце. Толькі павага да правоў чалавека, да правоў грамадзяніна, забяспечвае бяспеку і стабільнасць на нашым кантыненце. Мы павінны памятаць, што тыя краіны, якія не паважаюць правы сваіх грамадзян, не будуць паважаць правы іншых народаў. Дзяржаўная палітыка такіх аўтарытарных і таталітарных рэжымаў стварае атмасферу напружанасці і дэстабілізацыіі ў нашым рэгіёне, — заявіў Аляксандр Мілінкевіч напярэдадні свайго візіта ў Прагу.

Візіт Аляксандра Мілінкевіча ў Чэхію адбываецца па запрашэнні экс‑прэзідэнта Чэхіі Вацлава Гаўла.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0