На Беларускiм шляху

 

Пратакол з пасяджэньня Рады БНР у ноч з 24 на 25 сакавiка 1918 году, калi была абвешчаная незалежнасьць Беларусi, 26 сакавiка надрукавала менская газэта «Беларускi шлях». Гэты пратакол практычна не выкарыстоўваўся сучаснымi гiсторыкамi. Тэкст яго перадаў у «НН» спадар Вiталь Скалабан.

 

З пасяджэньня Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi 24/III

Пасяджэньне адкрылася заяваю Старшынi I.Н.Серады аб прысутнасьцi на пасяджэньню дэлегатаў Вiленскай Беларускай Рады п.п. А.Луцкевiча, I.Луцкевiча, Я.Станкевiча, i Г.Туркевiча.

Рада прывiтала гасьцей вопляскамi. Пасьля таварыш Старшынi I.Я.Варонка сказаў прамову аб значэньнi Вiльнi ў гiсторыi беларускага нацыянальна-культурнаго адраджэньня i заслугах перад iм нiкаторых прысутных дэлегатаў Вiленскай Рады. «Беларусы! — закончыў прамову п. Варонка, — сягоньня маем Вялiкдзень, сягоньня зноў духоўна аб’ядналiся Вiльня i Менск, душа i цела, сягоньня беларус уваскрос!»

Адказваў на прывiтаньне старшыня Вiленскай Беларускай Рады п. А.Луцкевiч, каторы зрабiў вялiкае паведамленьне аб чыннасьцi беларускiх арганiзацыяў у Вiленшчыне i Гродзеншчыне i даў здавальняючы адказ на ўсе запытаньня, зробленыя членамi Рады ў зьвязку з паведамленьнем.

Пасьля гэтага Рада ўставаньнем аддала пашану памяцi вядомай беларускай пiсьменьнiцы, культурнага i палiтычнага дзеяча — Цёткi-Пашкевiч.

Далей у парадку дзённым стаяла прапазыцыя Беларускай Сацыялiстычнай Грамады разглядзець праект аб’яўленьня незалежнасьцi Беларускай Народнай Рэспублiкi. Прапазыцыя, выклiкаўшы пратэст адной часьцi Рады, была прынята большасьцю галасоў.

Паведамленьне аб цяперашнiм становiшчу Беларусi i тых прычынах, якiя вымагаюць аб’яўленьня яе незалежнай Рэспублiкай зрабiў Старшыня фракцыi Белар. Сац. Грамады А.А.Смолiч.

Нарада па гэтым пытаньням цягнулася 10 гадзiн. З абоiх бакоў выступiла 26 прамоўцаў.

Пры наэлектрызваным паветры была прынята пераважнай большасьцю галасоў пастанова, пададзеная «незалежнiкамi»: «РАДА БЕЛАРУСКАЙ НАРОДНАЙ РЭСПУБЛIКI АБ’ЯЎЛЯЕ РЭСПУБЛIКУ НЕЗАЛЕЖНАЙ I АБ ГЭТЫМ ВЫДАЕ СТАСОЎНУЮ ЎСТАЎНУЮ ГРАМАТУ».

Местовая група падала голас процiў пастановы, але засталася ў Радзе. Земцы, у лiку дзевяцi чалавек, на чале с старшынёю Менскага Губэрнскаго Земства заявiлi аб выходзе. [п.п. Злобiн, Мацюш, Шыманскi, Мiлановiч, Жылiнскi i др.]

Ад падачы голасу ўтрымалiся прадстаўнiкi аб’яднанай Гэбрэйскай С.П. i «Поалэй-Цiон».

Прыняцьце пастановы спаткала шумнае прывiтаньне Рады ў словах: «Няхай жыве Незалежная Беларуская Народная Рэспублiка».

А.С.

"Беларускi шлях". 1918, 26 сак. №3.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0