Культурны «гвалт»

 

«У сучасным слоўнiку тэрмiн экспансiя азначае сынтэз усемагчымага зла, — пiша польскi дасьледнiк Нiкадым Бонча-Тамашэўскi. — Гвалт, кроў, вайна, псыхапатычныя правадыры i абдураныя iмi натоўпы, гатовыя да разьнi — вось стандартныя асацыяцыi, якiя выклiкае гэты патэтычны некалi тэрмiн... А мiж тым экспансiя ўвесь час вяртаецца, не дае пра сябе забыцца, яна стала прысутнiчае ў культуры... Мы мусiм прызнаць, што разам з галiнамi, традыцыйна экспансiянiсцкiмi — палiтыкай i вайной — практычна ўсе сфэры нашага жыцьця пазначаныя экспансiяй. Экспансiяй асобы i грамадзтва, навукi, якая ахоплiвае ўсё новыя аспэкты рэчаiснасьцi, мастацтва, якое шукае формаў экспрэсii. Технiка, iдэалёгiя, рэлiгiя — усё ажыцьцяўляецца праз экспансiю».

Калi пазбавiцца ад стэрэатыпу, якi бясконца звужае значэньне гэтага слова, трэба сказаць: тое, што ня творыць сваю экспансiю, тое не жыве. Дакладней, не выжывае. I гэта тая формула, якая змушае нас, магчыма, па-iншаму зiрнуць на наша нацыянальнае адраджэньне. Хоць насамрэч, гэтая размова — толькi працяг ранейшых гутарак пра волю i бязвольнасьць, пра сiлу i слабасьць, самазадаволенасьць i — экспансiю навонкi.

Зьвернемся да тэарэтычнага трактату Бончы-Тамашэўскага. Ён прапануе выразна адрозьнiваць бiялягiчную экспансiю, што вызначаецца жывёльным паходжаньнем чалавека, i экспансiю культурную, якая, як i ўсё ў культуры, не вызначаецца нiчым, апрача чалавечае волi.

Экспансiю (або новую рэчаiснасьць) творыць той, хто авалодаў праўдзiвай вiдзежаю сьвету. Вось, можа быць, галоўная думка, якая стаiць нам сёньня на перашкодзе. Мы, беларускае адраджэньне ў шырокiм сэнсе, ня ведаем, што дасягнулi праўдзiвае вiдзежы сьвету, не перакананыя ў гэтым, ня ўпэўненыя. Самыя падвалiны нацыяналiзму — ад назвы краiны да выбару правапiсу — страсаюцца кожным нэафiтам, а «старафiты» стамiлiся спрачацца, маўляў, ай, хлопцы, седзiмо, на чым ёсьць i гледзiмо на ўзоры дэмакратычных краiнаў. Гэта i ёсьць брак волi.

Спамiж тыпаў экспансii i экспансiянiстаў польскi дасьледчык найперш выяўляе ўнутраную экспансiю i пустэльнiка, засяроджанага на сваiм пагружэньнi ў рэчаiснасьць, бо толькi гэта дае яму магчымасьць цалкам рэалiзаваць свой чалавечы патэнцыял. Ён усьведамляе навакольны сьвет у найшырэйшым аспэкце: мэтафiзычным, гiстарыязафiчным, эсхаталягiчным i г.д. Гэты тып у беларушчыне цi ня самы пашыраны на самых розных iнтэлектуальных узроўнях. Мы ўсе гiсторыкi з чырвонага радка i паэты або мысьляры, словам — ПУСТЭЛЬНIКI. Самотнiкi. Згадаем дзейнасьць гiсторыка Мiколы Ермаловiча, палiтыка Зянона Пазьняка або фiлёзафа Iгара Бабкова, каб зразумець, што гэткi гераiчны тып найбольш пашыраны сярод нас. Гэта экспансiя ў сабе. Бонча-Тамашэўскi мяркуе, што «за адзiнкавай унутранай экспансiяй iдзе ўзмацненьне ўсяго грамадзтва, нават калi яго члены ня бралi ў гэтым непасрэднага ўдзелу». У якасьцi клясычных прыкладаў унутранай экспансii на грамадзкiм, так бы мовiць, узроўнi, дасьледчык называе кiтайскую супольнасьць зь яе саракавечнай традыяй i качавыя сэмiцкiя плямёны зь iх вандроўкаю ў Палестыну, зрэшты ўсю Бiблейскую гiсторыю жыдоў.

Пачаткi вонкавае экспансii дасьледчык зьвязвае са зьяўленьнем пiсьма. А першым тыпам такога экспансiянiста называе АДКРЫВАЛЬНIКА. Эпоху Вялiкiх Геаграфiчных адкрыцьцяў 15-16 ст. распачалi гiшпанцы i партугальцы — чаму?

Крынiца экспансii iбэрыйскiх адкрывальнiкаў — у той самай значнай для грамадзтва ўнутранай экспансii. Найперш, у рэлiгiйнасьцi, арыгiнальным i дынамiчным каталiцызьме. Зьвярнiце ўвагу на доўгатэрмiновыя пасты, малiтвы i iншыя рэлiгiйныя практыкi гiшпанцаў перад выхадам у вандроўку. На жаль, звычайна гэтага не заўважаюць. Хоць аналiз мiту Эльдарада цi мiстычнае крынiцы «жывое вады», якая мусiла знаходзiцца ў Флорыдзе i прывяла да стварэньня гiшпанскай вэрсii легенды пра сьвяты Грааль, пацьвярджае такую думку.

Адкрывальнiцкiя экспансii працягваюць ажыцьцяўляцца i сёньня. У аблiччы навукi. У гэтым выпадку экспансiянiсты пашыраюць межы рэчаiснасьцi. Але цi можам мы казаць, што гэта тычыцца i сучаснае беларушчыны? Наўрад цi. Хiба што з ранейшага часу, з 70-80-х гадоў жыва згадваецца прарыў у галiне гiсторыi лiтаратуры, калi дзясятак адкрывальнiкаў лiтаральна засыпаў публiку невядомымi фактамi.

Наступны герой вонкавае экспансii — заваёўнiк. Iм рухае тое самае, што i адкрывальнiкам, але ягоныя дзеяньнi чыста дэструктыўныя. Ён не пашырае межы рэчаiснасьцi, а зьнiшчае стары лад нiбыта дзеля таго, каб усталяваць новы. Тут згадваюцца сярэднявечныя набегi гунаў альбо мангола-татараў. Iстотна, што заваёўнiк таксама падрыхтаваны практыкамi ўнутранае экспансii, ён таксама дзейнiчае ў iмя пэўных сваiх iдэалаў. I нават бальшавiцкiя руйнавальнiкi старога сьвету зьбiралiся, прынамсi ў песьнях, будаваць сьвет новы. Праўда, узьнiкае пытаньне — якой унутранай экспансiяй была падрыхтаваная iхная дзейнасьць? Хiба што выношванай доўгiмi гадамi нянавiсьцю да iсных парадкаў, а таксама — да культуры, адукацыi, дастатку.

Калi з клясыфiкацыяй бальшавiкоў як заваёўнiкаў яшчэ можна пагадзiцца, то расейская экспансiя на Беларусь у ХIХ ст. выпадае з клясыфiкацыйнай таблiцы польскага дасьледчыка. Iнакш яму давялося б увесьцi яшчэ адзiн тып экспансiянiста — марадзёр. Бо гэта не была заваёва i сьцьвярджаўся тут ня новы лад, а звычайны для расейскай правiнцыi бюракратычны хаос. Заўважу, што гэты пэрыяд, другая палова ХIХ ст., калi ў Беларусь з Расеi толькi паводле статыстыкi прыбыла ня менш за мiльён чалавек, яшчэ чакае свайго дасьледаваньня i ацэнкi.

Наступны ў шэрагу экспансiянiстаў — пiянэр. У беларускай традыцыi гэтаму паняцьцю адпавядае пачынальнiк. Заваёўнiк нiчога не будуе, толькi руйнуе. Будуе ПIЯНЭР. Ён не такi калярытны i харызматычны, як папярэднiя тыпы. Бадай толькi амэрыканцы здолелi зрабiць яго героем эпасу. Дзiкi Захад ХIХ ст. стаўся найлепшым тэатрам дзейнасьцi пiянэра. Задача пiянэра — усталяваньне ня столькi новага ладу, колькi старога ў найлепшых ягоных праявах. Пiянэр — стабiлiзатар, якi супрацьстаiць хаосу бандытаў i iндзейцаў.

Мiж iншым, экспансiянiсцкiя памкненьнi пiянэраў адлюстваныя i ў беларускiм эпасе — «Новай Зямлi» Якуба Коласа. Можа быць, гэта самы сьветлы i канструктыўны вобраз нашае нацыянальнае экспансii. На доўгi час гэты тып быў страчаны ня толькi беларушчынай, але i ўсёй нацыяй. Кiнутыя вёскi i землi сьведчаць пра гэта. Пiянэра ў чалавеку забiла савецкая ўлада i працягвае забiваць цяперашнi рэжым.

Калi распачынае шэраг экспансiянiстаў пустэльнiк, дык завяршае яго iншы герой, зьвязаны з сакральнай сфэрай — мiсiянэр. Сьвятыя сталi патронамi многiх эўрапейскiх народаў. Нямала прыкладаў мiсiянэрскае дзейнасьцi ведае i беларушчына зь яе, напрыклад, ксяндзамi-паэтамi мiжваеннага часу. Дарэчы, гэткая практыка, пiша Бонча-Тамашэўскi, характэрная толькi для хрысьцiянаў. Iслам надае ролю мiсiянэра заваўнiку, а рэлiгii Ўсходу наогул засяроджаныя на ўнутранай экспансii. Хрысьцiянскi мiсiянэр усталёўвае свой лад на трансцэндэнтных падставах.

Так у агульных рысах выглядаюць праявы культурнай экспансii, без разуменьня якой, на думку польскага дасьледчыка, немагчыма зразумець уласную культуру.

Сучасная беларушчына ў гэтым сэнсе не складае выключэньня. Адно кiдаецца ў вочы пераблытанасьць нашых памкненьняў, слабасьць волi i адсюль — бяскрайнi абсяг нескарыстаных яшчэ магчымасьцяў.

Сяргей Паўлоўскi


 

Бязвольныя не выклiкаюць жалю

 

У альбанскага пiсьменьнiка Iсмаiла Кадару ёсьць апавяданьне пра турэцкага караваншчыка, якi выконвае дзяржаўную замову — вязе са сталiцы на заходнiя межы Асманскае iмпэрыi незвычайны груз — чорныя накiдкi з чадрамi. У гэтыя самыя чадры мусяць быць убраныя жанчыны Грэцыi, Альбанii, Сэрбii. Турак-караваншчык, просты шчыры чалавек, вельмi дзiвiцца чужым норавам, раскаванасьцi й адкрытасьцi балканскiх жанчынаў. Мiжволi сьцiплы караваншчык аказаўся праваднiком асманскае культуры, iдэалёгii... За ягонымi плячыма застаецца колер ночы. За ягонымi плячыма моўкне сьмех. Але... гарэзьлiвыя, сьветлыя вочы эўрапеек закiдваюць у ягонае сэрца зерне сумневу...

Зьнямелыя народы Балканаў, спынiўшы разьбег уласнае цывiлiзацыi, страцiлi ня толькi сваю дзяржаўнасьць, але i культурную самастойнасьць. Адбыўся глябальны пераварот — з цэнтра ўсходнехрысьцiянскага мэсiянiзму Балканы ператварылiся ў аб’ект цюрцкае акультурацыi.

Антычная Грэцыя пасьля страты ўласных дзяржаўных формаў яшчэ бясконца доўга слала сьвятло свае цывiлiзацыi ў Эўропу i Азiю. Заваёўнiкi самi былi паняволеныя элiнскай культураю i накiнулi яе многiм народам аж да Аральскага мора i аўганскiх гор. Высокi кшталт грэцкае скульптуры дайшоў да нас пераважна... у безьлiчы рымскiх копiяў, а антычная фiлязофiя зьбераглася... у мудрагелiстых арабесках мусульманскiх перапiшчыкаў... I сёньня любы па колькасьцi народ можа прымусiць цэлы сьвет спажываць прадукт свае культуры, калi ў народа ёсьць воля. Нас можа не абыходзiць нi колькасьць iрляндцаў нi нават лёс iхнае мовы, але мы чытаем Джойса i слухаем iрляндзкi рок, бо яны паняволiлi сьвет. Гэта значыць, што i мы можам зьняволiць сваёй культураю сваiх заваёўнiкаў, а можам i заваяваць сьвет, калi толькi нам ня здрадзiць воля.

З часоў позьняга Адраджэньня нацыянальныя культуры, якiя колiсь былi экспансiянiстамi i накiдвалi свой кшталт культуры ўсяму вядомаму сьвету, але пачалi дбаць толькi пра кансэрвацыю ўласных здабыткаў, непазьбежна пераўтваралiся ў рэцыпiентаў — спажыўцоў чужых культурных уплываў i на стагодзьдзi сыходзiлi з арэны. Напрыклад, Нарвэгiя выйшла зь летаргii толькi ў другой палове мiнулага стагодзьдзя, а напачатку нашага ўжо ўвесь сьвет ведаў музыку Грыга, лiтаратуру Гамсуна, мастацтва Мунка. Iхным памкненьнем найперш было скарыць Эўропу, а ўжо нарвэжцамi iм было наканавана застацца.

Iндыкацыя жывой культуры — яе гатовасьць даць сьвету адказы на агульначалавечыя пытаньнi. Тады праявы культуры становяцца не падпоркамi маста, а самiм мастом, па якiм мы пераходзiм у заўтра...

Беларусь за часамi Адраджэньня вяла рэй у славянскiм сьвеце. Сымбалем нашае цывiлiзацыi стала друкаваная кнiга. Яскравы прыклад нашае экспансii — славутая Берасьцейская Бiблiя, выдадзеная Мiкалаем Радзiвiлам Чорным адмыслова па-польску, каб iскры Рэфармацыi закiнуць нашым суседзям на Захад. Лягiчным працягам фэерычнае эпохi беларускага кiрылiчнага друку быў сталы ўплыў на Ўсход, якi выявiўся ў самых розных формах культуры: ад разьбы па дрэве i кахлярства да тэатра i вершаскладаньня. Тым шрыфтам, якi вырабiў пастар са Слуцку Галяш Капiевiч да сёньня паслугоўваюцца сэрбы i ўкраiнцы, асэтыны й манголы.

Ад часоў каралевы Боны ў 16 ст. сама Беларусь стала аб’ектам iтальянскай культурнай экспансii. Па вынiках мы атрымалi ня толькi рэформу землекарыстаньня й эўрапейскую урбанiстычную культуру, але i высокi кшталт дойлiдзтва. Беларусь стала цэнтрам барока, апошнiм яго фарпостам на краю цывiлiзацыi. А ўжо напачатку 17 стагодзьдзя Беларусь рэтрансьлявала гэты стыль, адаптаваны й зьбеларушчаны, у розныя краi. Перанос вонкавага ўплыву далей стаў эфэктнай i эфэктыўнай формаю ўласнай экспансii.

Беларусiзацыя формаў барока i iх экспарт — цi ня самы вялiкi ўнёсак Беларусi ў гiсторыю сусьветнага мастацтва. Вiцебская пара пачатку стагодзьдзя — яшчэ адзiн прыклад. Вiцебск выправiў у сьвет не беларускае мастацтва, а самiх беларускiх мастакоў. Яны перайшлi мост, якi за iхнымi сьпiнамi ахутала ноч.

А сёньня мы йзноў гародзiм падпоркi, цешымся з пацьвiлых паляў, што засталiся ад тых мастоў. Засяроджаныя на самадастатковасьцi, на ўнутраным спажываньнi, на хатнiм ужытку... Ня дзiўная рэч — упэўнiваць самога сябе ў сваёй перавазе над астатнiмi. Той, хто гэтым займаецца, звычайна носiць на сабе чужую рацыю, як чорную турэцкую чадру.

... Стары караваншчык, герой апавяданьня Кадару, спакутаваўся ад сумневаў. Пакрысе ў iм высьпела адчуваньне жалю да тых жанчын, якiх ягоная дзяржава спавiла ў колер жалобы. Праз гэтае неакрэсьленае адчуваньне жалю караваншчык кепска скончыў свой шлях. Выходзiць, ня вартыя жалю тыя, хто ня мае волi на тое, каб сьцьвярджаць сваю перавагу iншым.

Сяргей Харэўскi


 

Ахвяра экспансii

 

«Беларускя культурная экспансiя». Большасьць тых, каго ў нашым грамадзтве прынята называць iнтэлектуаламi, аднясуць гэтую фразу да абсурдных. Што да мяне, то я не кручу пальцам ля скронi, калi чую гэты выраз, бо сам армянiн Андранiк Антанян стаў ахвяраю гэтай экспансii. Ахвяраю далёка ня першай i зусiм не апошняй. I гэта цешыць.

Аднак сёньня ў Беларусi пануе iншая думка — пра неабходнасьць супрацiву культурнай экспансii з Усходу (Захаду). Лiчыцца, што гэта ледзьве не галоўны лёзунг усяго нацыянальнага адраджэньня ХХ ст. Насамрэч, гэты лёзунг — плён нашага часу.

Пераглядаючы гадавiкi старых пэрыёдыкаў, я заўважыў, што беларускiя публiцысты першай паловы стагодзьдзя ўжывалi слова «абарона» толькi ў дачыненьнi да сваiх правоў: палiтычных, эканамiчных, сацыяльных. Абараняцца ад якiх бы там нi было ўплываў не ўваходзiла ў iхныя пляны. Задача стаяла адваротная — афарбаваць у адзiн беларускi колер усё шматпляменнае насельнiцтва на землях акупаванага Вялiкага Княства. Беларуская Сацыялiстычная Грамада перакладала свае ўлёткi на лiтоўскую мову й распаўсюджвала iх пад сваiм партыйным подпiсам па ўсёй Аўкштоце, Жмудзi й Сувалкii. I лiтоўскiя сяляне, якiя раней i ня чулi пра iснаваньне Беларусi, рабiлi страйкi, так, як раiлi iм гэта рабiць беларускiя сацыялiсты, бо сваiх, лiтоўскiх тады яшчэ не было. Рэвалюцыйныя вершы Алаiзы Пашкевiч-Цёткi, якiмi нас так мучылi на ўроках беларускай лiтаратуры, у 1905-07 гадах шматразова друкавалiся-перавыдавалiся цi ня ўсiмi партыйнымi арганiзацыямi левага накiрунку, што iснавалi тады ў шматнацыянальнай Вiльнi.

Ахвярамi гэтай экспансii сталi Максiм Багдановiч зь берагоў Волгi й жыд Самуiл Плаўнiк, якi замест таго, каб адрошчваць пэйсы й сьпяваць вясёлыя хасыдзкiя песьнi, стаў беларускiм лiтаратарам. Ды хто скажа, колькi людзей пад час руйнаваньня Расейскай iмпэрыi паставiлi сваё жыцьцё на беларускую карту, стаўшы беларусамi-нэафiтамi? Цi адчувалi сябе агрэсарамi настаўнiкi з младабеларусаў, што гвалтам i пагрозамi прымушалi жыхароў лiтоўскiх i польскiх анкляваў краю запiсваць сваiх дзяцей у беларускiя школы? Наўрад цi.

Апошнiя дзесяць гадоў са старонак беларускiх выданьняў сто разоў на дзень паўтараецца тэзыс пра вымiраньне беларускай нацыi, мовы. Паўсюдна шукаюцца й знаходзяцца ворагi, але гэта робiцца выключна дзеля таго, каб застрашыць самiх сябе. Тыя людзi ня ўцямiлi, што культура, якая ажыцьцяўляе экспансiю, сама ставiць сябе пад удар. I што адзiная культурная прастора — гэта месца, дзе сустракаюцца экспансii. Беларусы ж чамусьцi баяцца наносiць удары па сваiх ворагах, а калi такое адбываецца, то разглядаецца як выпадковасьць, сьмешная показка па палёх гiсторыi.

Прыклады таго, як магла б праявiць сябе Беларусь па-за межамi тэрыторыi дзяжавы, ёсьць. Гэта хоць бы й мiльённыя наклады кружэлак «Песьняроў». Дарэчы, днямi я знайшоў яшчэ адзiн сьлед гэтай культавай каманды 70-х, i ў самым нечаканым месцы, на вокладцы кампакт-дыску найпапулярнейшага ўкраiнскага рок-гурта «Воплi Вiдоплясова» «Краiна Мрiй», дзе музыкi кажуць вялiкi дзякуй Iсусу, «Пiсьнярам» i чарнiгаўскаму пiву. Яшчэ адзiн прыклад — раманы, напiсаныя ў Менску беларускiмi лiтаратарамi паводле вiдэа-тэлехiтоў i прызначаныя для спажыўца «за Ўралам». Iх аўтары й працадаўцы былi абвiнавачаныя ў амаральнасьцi. Але цi маральна марыць пра вялiкi кiтайскi мур, якi б адгарадзiў нас ад польскiх ксяндзоў i расейскай папсы?

Андранiк Антанян

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0