Урад Беларусі зацвердзіў Палажэнне аб парадку падрыхтоўкі і правядзення рэспубліканскага фестывалю‑кірмашу працаўнікоў вёскі «Дажынкі».

У пастанове Савета Міністраў (ад 30 мая гэтага года нумар 712) гаворыцца, што «Дажынкі» праводзяцца ў мэтах узнагароджання пераможцаў рэспубліканскіх спаборніцтваў у вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі.

Як адзначана ў пастанове ўрада, сродкі на фінансаванне мерапрыемстваў па падрыхтоўцы і правядзенню фестывалю‑кірмашу прадугледжваюцца пры фарміраванні праектаў рэспубліканскага і мясцовых бюджэтаў на чарговы фінансавы (бюджэтны) год і выдзяляюцца ў межах планавых асігнаванняў.

Кантроль за мэтавым і эфектыўным выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, якія выдзяляюцца на падрыхтоўку і правядзенне фестывалю‑кірмашу, ажыццяўляюць Міністэрства фінансаў і абласны выканаўчы камітэт, на тэрыторыі якога праводзіцца фестываль‑кірмаш.

Як рэспубліканскі фестываль‑кірмаш «Дажынкі» ў Беларусі сталі праходзіць з 1996 года. З таго часу месцамі іх правядзення былі Столін, Масты, Нясвіж, Шклоў, Мазыр, Полацк, Пружаны, Ваўкавыск, Слуцк, Бабруйск. У 2007 годзе «Дажынкі праводзяцца ў Рэчыцы. У гэтым годзе на заахвочванне пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва, у тым ліку на арганізацыю фестывалю, плануецца выдзеліць з рэспубліканскага фонду падтрымкі сельгасвытворцаў Br8 млрд.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?