СТО ТВОРАЎ МАСТАЦТВА ХХ СТАГОДЗЬДЗЯ

 

Клаўдзi Дуж-Душэўскi. Сьцяг

 

... Сьцягi не iснуюць самi па сабе. Людзi, далёкiя ад гiсторыi з геаграфiяй, надаюць iм часам неўласьцiвы сэнс. У 80-я адзiн мой знаёмец пажартаваў, што ступень дэмакратыi вызначаецца колькасьцю палосаў на сьцягу, маючы на ўвазе Кiтай i СССР. У тыя гады модным дэкаратыўным элемэнтам быў сьцяг ЗША. Яго наляплялi паўсюль, дзе было магчыма: на штаны, рамянi, торбы... У гэткай любовi да нацыянальнага сымбалю Амэрыкi было, вядома, ня столькi эстэтычнага захапленьня, колькi жаданьня задэманстраваць сваю апалiтычнасьць. Нiкога тады не абыходзiла гiсторыя й сэмантыка сьцяга ЗША. Гэта быў сымбаль памкненьняў, тады яшчэ цьмяна ўяўных...

... Гiсторыя й сэмантыка нацыянальных сьцягоў часьцяком пакручастая й парадаксальная. Сьцяг рэспублiканскае Францыi, узьняты ў 1789 годзе, як ні дзiўна, увабраў у сябе самыя старажытныя фэадальныя й клерыкальныя сымбалi. Сiнi — колер плашча Сьвятога Марцiна, якi адсек мячом ад яго кавалак, каб ухутаць жабрака. Аж з часоў Хлёдвiга, з 496 году гэты колер нязьменны францускi сымбаль. Чырвоны — колер сьцяга iмпэрыi Карла Вялiкага, прыняты ў 800 годзе. А ў 1498-м францускi сьцяг стаў белым — фамiльным сьцягам Арлеанскае дынастыi каралёў. Злучаныя ў роўначасткавы трыкалёр — сымбаль Сьвятое Тройцы, сiнi, белы й чырвоны сталi сьцягам... рэвалюцыi. Натуральна, народ не зьбiраўся паглыбляцца ў выкрунтасы дрымучае гсторыi, папросту гэты сьцяг паўстаў зь нетраў ягонае душы, як натуральна дадзены ад прыроды...

... Большасьць сьцягоў сьвету была створаная на мяжы ХIХ i ХХ ст. Дасьледчык Вячаслаў Насевiч заўважае: «Паколькi далёка ня ўсе эўрапейскiя нацыi ў ХIХ стагодзьдзi мелi сваю дзяржаўнасьць, тады ж узьнiкае паняцьце нацыянальнага сьцяга як сьцяга нацыi, якая на гэткую дзяржаўнасьць прэтэндуе. Такую ролю выконваў, у прыватнасьцi, новы бела-чырвоны польскi сьцяг цi эстонскi сiне-чорна-белы, якi ўзьнiк у 1881 г.» I ў кожнага зь iх быў свой аўтар. Мастакi абагульнялi легенды, удасканальвалi традыцыю, кампанавалi ў эталён. Стварэньне нацыянальных сымбаляў — асобны разьдзел у гiсторыi мастацтва. Напрыклад, Мсьцiслаў Дабужынскi стварыў сёньняшнi сьцяг Лiтвы. Праўда, лiтоўцы ўсё ж настаялi, каб жоўтая паласа была не пасярэдзiне, а зьверху. Аргумэнтам Дабужынскага было тое, што ў эўрапейскай геральдыцы колеры (эмалi) павiнны разьбiвацца белым цi жоўтым (мэталам). Аргумэнт лiтоўцаў быў нечаканы — студэнты-лiтоўцы насiлi на фуражках жоўтую стужку толькi ўверсе. З таго часу сьцяг Лiтвы падобны да сьцягоў Этыёпii, Габона i Ганы...

... Напрадвесьнi свае дзяржаўнасьцi, да 1917 году беларусы пэўна ведалi, што iхны знак — белая Пагоня на чырвоным тле. Аднак эталёну Сьцягу не iснавала. Iснавалi паданьнi, iснавала народная сэмантыка арнамэнту. У часе лютаўскае рэвалюцыi беларусы паслугоўвалiся чыста белым сьцягам, на якiм зьмяшчалi лёзунгi. Аднак неўзабаве гэткi варыянт падаўся недасканалым. Пытаньне пра Сьцяг паўстала рубам. Як i ўсе пытаньнi ў тым годзе... Беларускiя арганiзацыi Пецярбургу зьвярнулiся да маладога архiтэктара, выпускнiка Пецярбурскага горнага iнстытуту, Клаўдзiя Дуж-Душэўскага, актывiста-выдаўца й тэатрала. За сябе сьведчыць сам Дуж-Душэўскi ва ўспамiнах за 1934 год, напiсаных па-лiтоўску: «Цiкава адзначыць, што беларусы ўважалi сваiм дзяржаўным сьцягам той, што i лiтоўцы, гэта значыць белую Пагоню на чырвоным полi, але нацыянальнага сьцяга не было. Мне давялося зрабiць некалькi праектаў нацыянальнага сьцяга, i адзiн зь iх быў прыняты, менавiта: бела-чырвона-белы. Ад таго часу гэты сьцяг i лiчыцца за беларускi». На жаль, аўтар не назваў даты зацьверджаньня свайго эскiзу i хто менавiта яго зацьвярджаў. Мне асабiста было б цiкава ўявiць i iншыя варыянты магчымага Сьцяга. Праўда, сёньня гэтага ўявiць немачыма... Паводле запiсаных у 1968 годзе Адамам Мальдзiсам успамiнаў Язэпа Дылы, на Ўсебеларускiм зьезьдзе выкарыстоўваўся чырвона-бела-блакiтны сьцяг. Што гэта? Фальсыфiкацыя? Памылка? На жаль, сёньня гэтага ўжо ня спраўдзiць...

Пра тое, што менавiта Душэўскi быў аўтарам Сьцяга, я часта чуў у Вiльнi, i нi ў кога гэта не выклiкала сумневу. Сын Дуж-Душэўскага Сьцяпан падрабязна выкладаў бацькаву канцэпцыю. Паводле яе, бел-чырвона-белыя кукарды й стужачкi на фуражках насiлi студэнты-беларусы ў Пецярбургу яшчэ да 1915 году. У гэтыя ж колеры спавiвалiся розныя ўрачыстыя аздобы, сымбалiзуючы ў стылiзацыi народны арнамэнт. Праўда, гэткiя ж колеры былi i ў латышоў. А таму беларусы з-за сваёй прыроднае сьцiпласьцi не сьпяшалiся «тузануць на сябе коўдру». Гэтак цягнулася датуль, пакуль латыскi мастак Янiс Гросвалдс не зрабiў праект бела-чырвона-белага сьцяга для латыскiх стралкоў, якi яны мусiлi б узьняць над Мiтаваю ў выпадку вызваленьня яе ад немцаў... З гэтае прычыны беларусы былi ў разгубленасьцi, пакуль у 1917 годзе латышы не спынiлi свой выбар на кармiнавым палотнiшчы зь белай паласою. Такi варыянт нацыянальнага сьцяга Латвii быў зацьверджаны канчаткова ў траўнi. З гэтай беларуска-латыскай спрэчкаю зьвязаны й славуты iнцыдэнт падчас адкрыцьця Ўсебеларускага зьезду: нейкi латвiйскi бальшавiк заклiкаў беларусаў адмовiцца ад гэткага сьцягу. Заля ўскалыхнулася ад абурэньня. Латыскi таварыш, напэўна, даўно не бываў на радзiме й ня ведаў, што ўсё ўжо залагоджана.

У якi ж дзень i дзе Сьцяг быў узьняты? Паводле сьведчаньняў, увесну 1917 году ён быў на будынку Беларускага таварыства дапамогi пацярпелым ад вайны ў Пецярбургу. Дарэчы, Дуж-Душэўскi быў супрацоўнiкам гэтага Таварыства з 1916 па 1918 год. Падобна што гэта магла быць менавiта яго iнiцыятыва. Сьцяг Беларусi затрапятаў у падбiтай сталiцы зруйнаванае iмпэрыi. Неўзабаве Сьцяг рушыў у Беларусь. 12 сакавiка ў Менску адбылося масавае сьвята — нацыянальны Дзень беларускага значка. У гэты дзень бела-чырвона-белыя значкi, кукарды й сьцяжкi можна было пабачыць паўсюль на вулiцах. Сьцягi, пашытыя паводле эскiза Дуж-Душэўскага былi разасланыя ў мясцовыя арганiзацыi. Радаслаў Астроўскi сьведчыў што ён сам атрымаў Сьцяг у траўнi 17-га ў Слуцку, дзе ў той час працаваў. На тым Сьцягу было вышыта золатам: «Няхай жыве вольная Беларусь». У сьнежнi 1917 году ў Менску падчас Усебеларускага зьезду бел-чырвона-белы сьцяг ужо адзiнадушна ўважаўся за нацыянальны сымбаль Беларусi...

... На якiм доме ўпершыню быў падняты Сьцяг у Беларусi? На дзiва, усе помнiкi Менску, зьвязаныя з эпохаю БНР, ацалелi. Гэта i славуты гарадзкi тэтар, дзе 7 сьнежня 1917 года трыюмфаваў Усебеларускi зьезд, разагнаны праз 11 дзён бальшавiкамi. Гэта i будынак чыгуначнага дэпо, куды перабралася Рада Ўсебеларускага зьезду, сапраўдным дзiвам яшчэ ацалелы памiж рэйкавых шляхоў. Гэта i будынак былога Царкоўна-археалягiчнага музэю, у якiм была абвешчаная БНР, добра вядомы менчукам як «домiк з шакалядкi», на якiм яшчэ няма мэмарыяльнае шыльды, ужо вырабленай скульптарам Шатэрнiкам. Гэта, нарэшце, i былы губэрнатарскi палац, дзе засядаў Народны сакратарыят. Менавiта гэта i ёсьць першы будынак у Менску, над якiм вольна залунаў наш Сьцяг — сымбаль Волi. Гэта быў дзень уцёкаў бальшавiкоў зь Менску — 19 лютага 1918 году. Сьцяг быў зьняты з гэтага будынку кайзэраўскiмi вайскоўцамi. Пра гэта, дарэчы, зь ня надта ўцямнай радасьцю шматкроць паведамлялi савецкiя гiсторыкi. Але што праўда — нямецкаму афiцэру не прыйшло ў галаву разьдзiраць на шматкi нацыянальны сымбаль беларусаў. Застаецца загадкаю, куды ён трапiў пазьней... Агульнанацыянальная ж вартасьць гэтага помнiка, як Дома Беларускага Сьцяга, разумелася яшчэ тады. Ужо ў кастрычнiку 1918 году ў менскiм часопiсе «Варта» быў зьмешчаны славуты здымак былога губэрнатарскага палацу, на гаўбцы якога лунае бел-чырвона-белы Сьцяг.

... У 1917 годзе ў «Статуце Беларускiх Нацыянальных Культурна-Прасьветных Гурткоў у войску» перадапошнi пункт у загадным парадку паведамляў: «Кожын член беларускай грамады у войску павiнен насiць беларускi нацыянальны знак — белая стужка з чырвонай палоскай пасярэдзiне; усе тры палоскi — белая, чырвоная i белая — аднэй шырынi». Нядаўна сярод збораў былога Iнстытуту гiсторыi партыi пры ЦК КПБ, што захоўваюцца ў Нацыянальным архiве Беларусi, дасьледчык Вiталь Скалабан выявiў улётку арганiзацыi «Беларускi гай». Гэтая культурна-асьветнiцкая арганiзацыя была ўтвораная ў сьнежнi 1917 году ў Адэсе пры Беларускай Вайсковай Радзе Румынскага Фронту, дзе i зьявiўся гэты цiкавы дакумэнт, надрукаваны, дарэчы, чырвонаю фарбаю. Ахайны бел-чырвона-белы аркушык... Красамоўным сьведчаньнем легiтымнасьцi нашага сьцягу яшчэ ў той час ёсьць ягоныя выявы на гэтай улётцы, дзе яны аздабляюць заклiк: «Братья-Белорусы, объединяйтесь!» Сам тэкст выдрукаваны па-расейску, што ў пэўнай ступенi лягiчна ў тыя гады i ў тым месцы. Але сымбаль, сымбаль мусiў чытацца адназначна любым беларусам, да якога й апэлявалi «гаёўцы»... Гэткiм сымбалем стаў Сьцяг. Душэўскi не памылiўся.

Як бы глыбака не адшуквалiся каранi Сьцяга, у крывiцкiх харугвах цi ў штандарах Уладзiслава IV, перадусiм аўтару дакладна трэба было вычуць тое, што беларус пазнае як сваё. I гэта сталася. Не пасьпеў яшчэ Сьцяг патрапiць ва ўсе куткi краю, як яго ўжо ўважалi за неад’емную частку беларускасьцi. Вацлаў Ластоўскi пiсаў: «Белыя нагавiцы, белая кашуля, белая сьвiтка, падперазаная чырвоным паясом — вось сыльвэтка беларуса. Зразумела, што i нацыянальны сьцяг беларусаў бел-чырвона-белы. Ён прыгадвае нам нашую белую сьвiтку з чырвоным паясом».

Тамаш Грыб дае больш паэтычныя тлумачэньнi: «Белая барва, як уяўленьне сьвятла, вельмi пашыраная на Беларусi, згэтуль, мабыць, паходзiць i назва Беларусi — белая, чыстая, вольная, як сьвет сонца. Ня менш пашыраная ёсьць на Беларусi i чырвоная барва, як чырвоны ёсьць золак на небе перад узыходам сонца; таму наш бел-чырвона-белы сьцяг — сьцяг адраджэньня i вызваленьня беларускага народу». Цiкава, што ўспрымаючы Сьцяг лiтаральна праз год, як нешта цалкам натуральнае й дадзенае ад Бога, беларусы згубiлi й дату яго нараджэньня й забылiся на аўтара...

Архiтэктар Дуж-Душэўскi, якi падпiсваў свае праекты й малюнкi «Кlod», а лiсты да Антона Луцкевiча «Кляўдыя», ачолiў спачатку дыпляматыю БНР у краiнах Балтыi, пасьля стаў дзяржсакратаром ва ўрадзе Ластоўскага... Па зьняволеньнi палякамi ў 1921 годзе, ён пакiнуў Беларусь, краiну, якой падарыў Сьцяг.

Сяргей Харэўскi


Клаўдзі Дуж-Душэўскi (1891, Глыбокае — 1959, Вiльня) архiтэктар, выдавец, журналiст, грамадзкi дзяяч. Скончыў Вiленскую рэальную вучэльню. 1912-1917 вучыўся ў Пецярбурскiм горным iнстытуце. У 1921 ад’ехаў у Коўна. У 1924 скончыў Лiтоўскi Ўнiвэрсытэт. Аўтар дзясяткаў будынкаў у Коўне, Панявежы, Клайпедзе, Шаўлях. Рэдактар часопiса «Беларускi асяродак».


 

У папярэднiх нумарах прадстаўленыя творы:

1. Фэрдынанд Рушчыц. Зямля

2. Мсьцiслаў Дабужынскi. Вiцебск, лесьвiца

3. Марк Шагал. Прамэнад

4. Iльля Рэпiн. Беларус

5. Марк Антокальскi. Помнiк Кацярыне

6. Вiтальд Бялынiцкi-Бiруля. Блакiтная каплiца

7. Хаiм Суцiн. Паж

8. Казiмер Малевiч. Чорны квадрат

9. Язэп Драздовiч. Пагоня Ярылы

10. Валянцiн Волкаў. Менск, 2 лiпеня 1943 году

11. Манумэнт Перамогi

12. Помнiк Ленiну ў Менску

13. Пётра Сергiевiч. Шляхам жыцьця

14. Аляксей Глебаў. Францiшак Скарына

15. Мiхал Фiлiповiч. Бiтва на Нямiзе

16. Лявон Вiтан-Дубейкаўскi. Касьцёл Пятра i Паўла ў Дрысьвятах

17. Лявон Тарасэвiч. Бяз назвы

18. Ян Булгак. Выгляд з Зарэчча

19. Iосiф Лянгбард. Менская Опэра

20. Аркадзь Астаповіч. Дворык

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
1
Сумна
0
Абуральна
0