ПОШТА


 

«Жаба ў роце»

(«НН» №4”1998)

Шаноўнае спадарства!

У артыкуле «Жаба ў роце» Севярын Квяткоўскi пытаецца: «Што такое трасянка? Цi зрабiў хто з фiлёлягаў выкладку, якая б паказвала, што ёсьць беларускай мовай з дамешкам расейскай i наадварот?»

Я не фiлёляг, але нават даступныя мне элемэнтарныя веды ў галiне мовазнаўства прыводзяць да цiкавых высноваў.

На слупе ля прыпынку аўтобусаў № 57 i 77 на вулiцы Пулiхава ў Менску яшчэ й зараз можна пабачыць аб’яву наступнага зьместу: «Продоеца бувет и стол кухоны по дешовке для дачы». Вось так. Сьмешна? I мне таксама. Сумна? Безумоўна. Але калi адкласьцi ўбок эмоцыi i паспрабаваць прааналiзаваць гэты пэрл пiсьменства, зьяўляюцца зусiм iншыя думкi.

Давайце прааналiзуем тэкст па словах.

«Продоеца». Транскрыпцыя слова [прадаjэца] фактычна iдэнтычная транскрыпцыi беларускага слова «прадаецца».

Гукi [а] ў слове перадаюцца лiтарамi «о». Вiдавочнае адмаўленьне ад фанэтычнага прынцыпу, характэрнага для беларускай мовы, на карысьць марфэмнага прынцыпу (расейская мова). Заўважым, што гэта прыводзiць да памылкi: нават у расейскай мове пiшацца «продАётся», а не «продОётся».

Спалучэньне «тс» падаецца як «ц» — абсалютна беларуская зьява. Яшчэ трохi часу, i гэты чалавек на пiсьме будзе адлюстроўваць падваеньне «ц».

«Бувет». Слова «буфет» мае ў сабе такую нялюбую для беларускае мовы лiтару «ф». Яна часьцяком замяняецца спалучэньнем «хв», што адбылося i ў гэтым выпадку.

Куды падзелася «х»? Магчыма, мы маем справу з дыэрэзай (выпадзеньне гука, а значыць, i лiтары, якая яму адпавядае). Магчымы i iншы варыянт. Гукi [х] i [в] абсалютна розныя паводле спосабу ўтварэньня: [в] — выбуховы, [х] — фрыкатыўны. Гэта моцна адасабляе iх адзiн ад аднога. У гэты час гук [у] забiрае гук [х] у свой склад i пачынае вымаўляцца зь лёгкiм прыдыханьнем. Гэта прыводзiць да зьнiшчэньня лiтары «х».

«Кухоны». На першы погляд, тут павiнна было мець месца падваеньне «н» — кухон- + -ны. Аднак слова «кухня» — запазычанае. Для таго, каб зрабiць яго больш беларускiм, «н» не падвойваецца. (Беларуская мова «ня любiць» падваеньняў).

«Дешовке». У гэтым выпадку перамагае фанэтычны прынцып. (Нашто пiсаць «ё», калi вымаўляецца [о]?)

Такiм чынам, словы аб’явы расейскiя, якiя, аднак, паступова трансфармуюцца ў беларускiя. Атрымлiваецца, што беларуская мова перайначвае расейскiя словы i паступова пераводзiць iх у беларускiя.

Сумнавядомая трасянка — гэта ня мова, а проста набор словаў, якiя ўжо перасталi быць расейскiмi i ў хуткiм часе маюць вялiкi шанец зрабiцца беларускiмi.

Трасянка — адзiн з магчымых спосабаў змаганьня зь iншароднаю мовай, якое iдзе на ўзроўнi падсьвядомасьцi.

Я не хачу быць залiшне аптымiстычным, але калi цiск расейскай мовы будзе дастаткова слабым цi зьнiкне зусiм (што малаверагодна), расейская мова ў Беларусi праз пасярэднiцтва трасянкi ператворыцца ў беларускую.

Гэты працэс адбываецца ня толькi на ўзроўнi фанэтыкi, але i на ўзроўнi марфалёгii, сынтаксысу i г.д. Трасянка ў нечым нават карысная зьява. Яна не замiнае карыстацца роднай мовай тым людзям, хто сьвядома хоча размаўляць па-беларуску. Тыя ж, хто сьвядома адмаўляюцца гэта рабiць, усё адно паступова пераходзяць на беларускую мову, бо размаўляюць на трасянцы.

Змаганьне працягваецца.

Алесь Менскi


* * *

Этнiчная гiсторыя чалавецтва вельмi разнайстайная. Яна ахоплiвае ня толькi працэсы фармаваньня нацыяў, iх узаемаадносiны, але i далейшае разьвiцьцё нацыi. I вельмi цiкавым у сёньняшнiм кантэксьце выглядае працэс падзелу адной нацыi на некалькi галiн. А менавiта такiя працэсы зараз i адбываюцца на Беларусi.

У вынiку асымiляцыi Беларусi Расеяй беларуская нацыя была амаль зьнiшчаная, засталiся толькi яе рэшткi. Яшчэ дзесяцiгодзьдзе iснаваньня СССР, i можна было б гаварыць пра тое, што беларуская нацыя зусiм памерла. Але з развалам СССР i набыцьцём Беларусяй незалежнасьцi ўсё зьмянiлася. У Беларусi пачалося вяртаньне да нацыянальных вытокаў, але зь некаторымi асаблiвасьцямi. I галоўная асаблiвасьць — разьяднанасьць насельнiцтва на беларускi народ i беларускую нацыю. Цi, будзе больш правiльна мовiць, — на старабеларускае i младабеларускае адгалiнаваньнi нацыi.

Людзi з сапраўды беларускiмi перакананьнямi ўспрынялi традыцыйную беларускую культуру, мову, гiсторыю. Але ў гэтых людзей крыху зьмянiўся мэнталiтэт — да больш актыўнай дзейнасьцi ў процiвагу былой памяркоўнасьцi. I ня дзiва, бо ў большасьцi гэта беларуская элiта. Яны i сфармавалi старабеларускае адгалiнаваньне.

Iншыя iснуюць у другой духоўнай прасторы. Ад беларускага ў iх засталося — саманазва, самасьвядомасьць, крыху беларускай культуры i мэнталiтэт. Праўда, мэнталiтэт таксама зьмянiўся. Традыцыйны беларускi мэнталiтэт, арганiчна спалучаючыся з савецкiм, сфармаваў чалавека, у якiм дамiнуюць калектывiсцкiя перакананьнi разам зь цярплiвасьцю i пакорай. Гэта младабеларускае адгалiнаваньне. Чаму младабеларусы? Не таму што яны больш прагрэсіўныя, а таму што яны параўнальна нядаўна сфармавалiся. Калi лепш угледзецца ў абодва адгалiнаваньнi, то можна ўбачыць, што зараз iх аб’ядноўвае толькi тэрыторыя i самасьвядомасьць. Мэнталiтэт, культура, мова — розныя. Бо младабеларуская мова — «трасянка» — спалучэньне расейскай зь беларускiмi асаблiвасьцямi. I зараз, у сучасных умовах, праходзiць усё большае разыходжаньне абедзьвюх галiн. Магчыма, што будзе пераадоленая мяжа, пасьля якой зьяднаньне будзе немагчымае. Верагодна, што мы яе ўжо перайшлi.

Дзяржава вiдавочна падтрымлiвае младабеларусаў. I такую палiтыку можна нават назваць асымiляцыяй. Адзiнае, што застаецца старабеларусам, гэта захаваць тое, што яны маюць. Бо можа атрымацца i так, што яны i зусiм вымруць. А з другога боку, улада Лукашэнкi кансалiдуе новае младабеларускае адгалiнаваньне, якое будзе разьвiвацца далей i, зусiм магчыма, будзе нацыяй у поўным сэнсе гэтага слова.

Праўда, ёсьць i яшчэ адно «але». Навошта вынаходзiць ровар, калi яго вынайшлi? Навошта патрэбная новая нацыя, калi iснуе старая? I магчыма, шанец яшчэ ня страчаны?

Але вяртаньня да старой нацыi няма, бо яна ня мае масавае базы. Калi ў 19 ст. быў беларускi народ ды не было беларускай элiты (iнтэлiгенцыi), то цяпер усё наадварот. I калi народ мог нарадзiць элiту, то элiта ня зможа нарадзiць народ. Беларусы страцiлi шанец, i нацыя фармуецца нанова, амаль без уплыву элiты. Элiта адыгрывае толькi ролю каталiзатару.

Пра сябе: я вучуся ў Магiлёўскiм унiвэрсытэце на гiстфаку. Падзяляю нацыянальныя погляды i нават уваходзiў у Малады Фронт. Лiчу, што каб нешта зьмянiць, трэба нешта рабiць, але, на жаль, сам ня схiльны да актыўнай дзейнасьцi.

Алесь Рыбачонак, Магiлёў


 

«Мэмарандум аб грамадзянстве БНР»

(«НН» №5”1998)

Дзень добры, паважаная «Наша Нiва»!

Пасьля суда над Вадзiмам Лабковiчам i Аляксеем Шыдлоўскiм я зразумеў, чаму адбываюцца народныя паўстаньнi. Хто б 4 гады таму мог падумаць, што за надпiсы на сьценах можна трапiць у турму? А цяперака садзяць на 1,5 гады. За спробу ж дзяржаўнага перавароту, калi не памыляюся, могуць уклеiць 10-15 гадоў. Глядзiш, пройдзе яшчэ 3 гады, i гэтыя лiчбы зраўняюцца. Тады будзе ўсё роўна — цi ты пiсаў «Жыве Беларусь!» на плоце, цi з групай сяброў з аўтаматамi кiраваўся да менскага Дому ўраду. Пакараньне аднолькавае!

Я чуў, што БНФ прапануе ўсiм уступаць у грамадзянства Беларускай Народнай Рэспублiкi. Цiкавы варыянт! Бо грамадзяне Рэспублiкi Беларусь служаць у армii гэтай рэспублiкi. А грамадзяне БНР па ўсiх правiлах павiнны служыць у войску БНР. Ня ведаю, цi магчыма стварыць армiю краiне, якая не кантралюе нiякай тэрыторыi, але гэта магло б значна паўплываць на падзеi. Калi б супрацьзаконны перасьлед беларускiх патрыётаў мог выклiкаць сiлавы пратэст з боку БНР, цi так лёгка было б пакараць Аляксея Шыдлоўскага за бяскрыўдныя надпiсы на сьценах i бел-чырвона-белы сьцяг?

Алесь Палескi Чарадзей, Менск


 

Паважаная рэдакцыя!

Па-першае, шчыра вiншую ўсiх Вас з надыходзячым сьвятам — Днём Волi.

Па-другое, хочацца дакладней даведацца праз «НН» — куды зьвяртацца, каб атрымаць грамадзянства БНР, бо вельмi хочацца быць вольнай i незалежнай i шанаваць сваю мову, культуру, сваiх продкаў, свой родны кут i быць грамадзянiнам такой дзяржавы, дзе б урад ня езьдзiў у Нагана выкрываць мiжнародную мафiю i змагацца зь ёю. Хочацца бачыць на чале ўраду не вар’ята, а сумленнага, адукаванага, культурнага чалавека, якiм можна было б ганарыцца так, як на сёньняшнi дзень я ганаруся сваiм земляком з Наваградчыны Барысам Рагулем.

З павагай да рэдакцыi —

сп. Прэсная А.Б., Скiдзель


 

АД РЭДАКЦЫI. На нашую думку i паводле нашых зьвестак, iдэя грамадзянства БНР — гэта не тэрмiновая палiтычная акцыя, не партыйнасьць або якое iншае членства, а вельмi асабiстая справа чалавека, ягоны маральны выбар. Магчыма, з часам гэтая iдэя набудзе пэўны фармалiзаваны выраз, але на тое мусiць быць аб’ектыўная патрэба. Напрыклад, калi Рада БНР вырашыць, што колькасьць зваротаў да яе ў справе грамадзянства вымагае такой фармалiзацыi. У кожным разе, Рада БНР — адзiная на сёньня iнстытуцыя, якая можа даць дакладны адказ на пытаньнi пра грамадзянства i прымаць у гэтай справе тыя цi iншыя пастановы.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0