Тацяна Сьнiтко

СЯРОД УКРАIНСКIХ МАРАЎ

 

НАПIСЯ-АЖАНIСЯ...

Побач з намi, беларусамi, украiнцы часам здаюцца сапраўднай happy nation. Вось i гэтым разам. Не пасьпявае твая нага ступiць на братнюю суседнюю зямлю — табе ў трох кроках ад шыльды «В мiсто» ужо адвальваецца кавалак шчасьця.

«Хочаш быць шчасьлiвым адзiн дзень — напiся! Хочаш быць шчасьлiвым месяц — ажанiся! Хочаш быць шчасьлiвым усё жыцьцё — абяры Рэформы i Парадак!» Так завецца адна з трыццацi партыяў i блёкаў, прадстаўленых на выбарах...

Шчасьце, безумоўна, не для нас, бо «щасливими бути просто», калi ня чорт ведама калi, а ўжо заўтра зь сёмай ранку зможаш нешта выбiраць увогуле. Праз тры хвiлiны ў мэтро «Вакзальная» блакiтна-нябесная мара — улётка была такога колеру — аказваецца «не маёй» у квадраце. Бо для жанчын прыдумалi iншую агiтку, i ейныя рэцэпты шчасьця адпавядаюць практычнаму колеру афарбоўкi, якая выклiкае асацыяцыю з цытрусавымi. «Хочаш быць шчасьлiвай адзiн дзень — зьмянi прычоску!.. адзiн месяц — вазьмi адпачынак!..» Чаму ўлётка не ружовая, я разумею, калi складаю рэцэпты шчасьця для абедзьвюх частак грамадзтва разам: атрымлiваецца амаль што ўкраiнскi сьцяг з улётак.

— У горадзе проста перадвыбарчая гiстэрыка! — скардзяцца знаёмыя (з затоеным гонарам). — Ад гэтага ўсяго ўжо галава балiць i ня хочацца галасаваць нi за кога!

Адна з партыяў, Сацыял-дэмакратыная «об'єднана», вырашыла збудаваць сваю агiтацыю на бяспройгрышным грунце — посьпехах ды iмiджу знакамiтага кiеўскага «Дынама». У партыю ўваходзiць экс-кiраўнiцтва краiны — Л.Краўчук, Я.Марчук... Усё iшло файна. Сацыял-дэмакраты з экс-прэзыдэнтам ужо сталi зусiм «аб’яднанымi» з дынамаўскiм пераможным вобразам, калi каманда прайграла «Ювэнтусу». Выпадак не абыйшоўся бязь зьедлiвых камэнтароў журналiстаў i палiтыкаў. Кiраўнiцтва «Дынама» доўга высьвятляла адносiны з прэсай праз судовыя iнстанцыi.

Затое ў жыцьцi праварадыкальнай УНА адыграў ролю зусiм ня спорт. Украiнская нацыянальная асамблея страцiла даволi шмат ахвотных аддаць голас за яе з-за сыходу зь яе кiраўнiцтва Дмiтра Карчынскага. Замест палiтыкi той вырашыў узяцца за «рэвалюцыйнае мастацтва». Харызматычны вобраз «палiтычнага мастака» працягваў лунаць над УНА ў вачах прадстаўнiкоў сьвядомых мастацкiх колаў. Напрыклад, падчас перадвыбарчых рок-канцэртаў менавiта пра гэтую партыю добра адгукалiся многiя рок-музыкi, сярод якiх не абы хто, а вядомыя «Воплi Вiдоплясова». Пры гэтым на пытаньне «Што самае каштоўнае вы прыдбалi за апошнi час?» лiдэр «ВВ» Алег Скрыпка ў апошнiм iнтэрвiю пахвалiўся: сябры, нарэшце, падарылi расейска-ўкраiнскi слоўнiк. Сам сьпявак нарадзiўся ў сонечным Таджыкiстане, i тонкага сьцёбу яго перакручаных тэкстаў, ня ведаючы ўкраiнскай, не заўважыш. Як некалi адзiн украiнскi знаёмец не разумеў, чаму мая беларуская мова «гучыць неяк ня так»: маўляў, ваш Лукашэнка гаворыць на ёй па-iншаму.

Як тыповая беларуска, я iнстынктыўна кiдалася чытаць надпiсы на сьценах, але якраз гэтак, як у нас пiшуць: «Наш дом — Беларусь», новыя раёны Кiева i будоўлi былi адзначаныя лёзунгам кшталту: «Наш кандыдат — Палячэнка». Як высьветлiлася, гэты чалавек узначальвае вялiкае будаўнiчае падпрыемства, таму ўсе будаўнiкi — за яго. У адным з наваствораных «спальных» раёнаў нехта з кандыдатаў абвясьцiў, што за тры днi пусьцiць празь вялiзную пустку трамвай, якi пойдзе роўненька 29-га сакавiка. Рабочыя пракладвалi рэйкi дзень i ноч, i, як кажуць тут, лаялi й кандыдата, i трамвай, i выбары. 28-га ранкам усё было ўжо гатова для трыюмфу. Трамвай паехаў, але кандыдату давялося «сысьцi з рэек». Ён балятаваўся ў мэры сталiцы, але амаль адначасова са стартам першага трамвая выбары мэраў у Кiеве i Севастопалi адмянiў Канстытуцыйны суд Украiны. Паводле ўкраiнскiх законаў, гэта гарады дзяржаўнага статусу, i iх кiраўнiкоў прызначае асабiста прэзыдэнт.

 

ЗГАДКI ПРА БАЦЬКАЎШЧЫНУ

Iх было ажно тры ў першы дзень. А потым пра Беларусь усе, у тым лiку я, пасьпяхова забылiся, пакуль, дзякуючы вынiкам выбараў у Вярхоўную Раду, яна не ператварылася ў «Чырвоную страшылку».

Нешта вялiкае колераў нашага сьцяга мiльганула за вокнамi вагона на адной са станцыяў мэтро. Ад неспадзяванкi я некалькi хвiлiнаў вывучала сьцяну. Белы чатырохкутнiк. Пасярэдзiне — чырвоныя лiтары. «Познякi» — гэтак завецца станцыя. Хаця мае знаёмыя сьцьвярджаюць, што гэта ўсё зьнянацку — Зянон тут нi пры чым, а Кiеў не Нью-Ёрк.

Падчас прагулянкi па цэнтры мы збочылi з Храшчацiка, апынуўшыся на брукаваных схiлах «Андрiєвського звiзу». Карцiны, падсьвечнiкi, пярсьцёнкi, значкi ГТО i ВЛКСМ, савецкiя шынялi... А вось i абрус на прылаўку-столiку. Такi самы, толькi бяз молата зь сярпом, у нас вiсiць над некаторымi будынкамi. Чырвона-зялёнае палотнiшча, як кажа гандляр, ня мае кошту. Гэта не «сувэнiр», а дэкаратыўна-гаспадарчая прылада!

Трэцi напамiн пра Радзiму дагнаў мяне праз тэлеканал «1+1». Гэта быў сюжэт пра Валадарку, дзе тады якраз здымалi кiно амэрыканцы. Пра пэруанскiх тэрарыстаў у японскай амбасадзе. Сябры паклiкалi, уключыўшы не з пачатку: «Глядзi, у вас там нехта хацеў захапiць турму?!».

 

«СМОЛЬНЫ» ПА-ЎКРАIНСКУ

Старшыня ЦВК Мiхайла Рабец распавёў, што на момант пачатку галасаваньня свае кандыдатуры зьнялi 175 кандыдатаў у дэпутаты. 28-га iх было яшчэ 117 — значыць, больш за паўсотнi «адкалолiся» ў апошнiя суткi. Чаму? «Зробiм запыт i паведамiм», — паабяцаў старшыня. Нi на адной з наступных прэс-канфэрэнцыяў пачуць пра гэта так i не давялося. Мiхайла Мiхайлавiч, адзiн з самых сьцiплых дэпутатаў Вярхоўнай Рады, манерай адказваць на пытаньнi журналiстаў часам нагадваў пра беларускiя рэалii. Вось, прыкладам, зьвесткi пра скаргу назiральнiкаў ад шэрагу партыяў — iм нiбыта нехта перашкаджае назiраць. Якая на гэты конт думка Цэнтарвыбаркаму, што ён мае рабiць? Замест ужо казанага «Скаргаў шмат, займаемся праверкай, ня выключаныя правакацыi» сп. Рабец вымаўляе:

— А вы тут якiя партыi прадстаўляеце?

— Сродкi масавай iнфармацыi, — губляецца дзяўчына з аднаго ўкраiнскага агенцтва навiнаў.

— А, дык гэта вы так клапоцiцеся пра журналiстаў? — змрочна працягвае кiраўнiк ЦВК. — Цi пра нейкiя партыi? — Вось i ўвесь ягоны камэнтар.

У «бастыёнах» ЦВК, акрамя ўзмоцненай аховы, была яшчэ i звышапэратыўная мадэмная сувязь, пра якую з гонарам гаварыў Мiхайла Мiхайлавiч. Зьвесткi з розных рэгiёнаў высьвечвалiся ў выглядзе мапаў, дыяграмаў, таблiцаў на вялiкiм табло. Нягледзячы на ўсе зручнасьцi, пры падвядзеньнi вынiкаў сучасная тэхнiка «падводзiла». Прынамсi, нiхто не растлумачыў, чаму паступленьне новай iнфармацыi некалькi разоў затрымалася. Тым часам зьвесткi, што не зусiм супадалi з афiцыйнымi, ужо гучалi па ўкраiнскiх службах заходнiх радыёстанцыяў. На Заходняй Украiне народ хадзiў шчасьлiвы, учуўшы па «Бi-Бi-Сi», што блёк партыяў «Нацыянальны Фронт» дасягнуў 4-працэнтавай рысы. Было 31 сакавiка. Праз паўдня затрымкi iнфармацыi ЦВК перадаў лiчбы, у якiх «Нацфронт» ня значыўся нават у 2-3-працэнтавых «хвастах» сьпiсу партыяў-пераможцаў (цi блiзкiх да iх). Калi «хлусiлi» незалежныя ад уладаў СМI, то сама за сябе гаворыць вышэйпамянёная манера афiцыйных асобаў удакладняць i камэнтаваць зьвесткi, што здаюцца iм «крамольнымi». У зьвязку з усiм гэтым не зусiм пераканаўча выглядае i «ўзьлёт» партыi «Громада» экс-прэм’ера Паўла Лазарэнкi, якая на 1 красавiка мела толькi крыху больш за тры адсоткi галасоў. Партыя Лазарэнкi лiчыцца апазыцыйнай з-за ня самых лепшых дачыненьняў экс-прэм’ера з прэзыдэнтам Кучмам (перад выбарамi той прыкрываў нават кантраляваныя «Громадой» газэты). Аднак прадстаўнiкi правага крыла апазыцыi, лiчаць i цяперашнi прэзыдэнт Л.Кучма, i Лазарэнка, абараняюць iнтарэсы адных i тых жа палiтычных сiлаў — «Днепрапятроўскай мафii». Менавiта Кучма ў чэрвенi 96-га адыграў вырашальную ролю ў прасоўваньнi Лазарэнкi на прэм’ерскi пост. Аднак «эканамiчная тэрапiя» выклiкала незадаволенасьць палiтыкай уладаў. Левыя дружна пачалi прыводзiць у прыклад «працьвiтаючую» ў саюзе з Расеяй Беларусь. Павал Лазарэнка быў «выгнаны» са свайго паста i хутка стаў самай скандальнай палiтычнай фiгурай, раскруцiўшыся як лiдэр «Громады». Адным з найбольшых скандалаў быў ажыятаж вакол публiкацыяў у маскоўскай прэсе («Московский комсомолец», «Известия») пра тое, што ўкраiнскi Савет Бясьпекi нiбыта рыхтуе плян лiквiдацыi «Громады» з дапамогай крымiнальных аўтарытэтаў. У абарону Лазарэнкi i ягонай газэты «Правда Украины» найбольш рашуча заўсёды выступалi сацыялiсты (акрамя хiба Наталкi Вiтрэнкi) i камунiсты. Апазыцыйнасьць многiх украiнскiх партыяў сёньня ўвогуле выглядае вельмi адносна, бо, у адрозьненьне ад iншага апазыцыйнага «лягера» — правых УНА, УРП, КУН, i цэнтрысты, i камунiсты ўсё ж у нашмат меншай ступенi «iзаляваныя» ад СМI. У многiх склалася ўражаньне, што вялiкая колькасьць цэнтрысцкiх партыяў проста небаходная дзеля дзьвюх рэчаў: каб адцягнуць частку галасоў працоўных ад КПУ, а пазьней, магчыма, як бы «паўплываць» на камунiстаў сваёй большай дэмакратычнасьцю. Лягiчна, што «чырвоным» будзе выгадна мець сваiх прыхiльнiкаў ва ўладных структурах у якасьцi цэнтрыстаў — так спакайней. Зразумела i тое, што 25% галасоў за КПУ — вынiк абiраньня iх ня столькi розумам, колькi страўнiкам.

 

УСХОД I ЗАХАД

Выбары яшчэ раз прадэманстравалi падзел Украiны. На Ўсходзе, дзе больш вялiкi працэнт расейскага й расейскамоўнага насельнiцтва, сэнтымэнты пра незалежнасьць амаль не спрацоўваюць. Там аснову прамысловасьцi складаюць горная i абаронная галiны, якiя ня так проста паддаюцца рэфармаваньню. Ход рэформаў насельнiцтва адчула на ўласным дабрабыце: вынiкам эканамiных зьменаў сталi бяспраўе i беднасьць. У якасьцi пратэсту кiеўскай уладзе супрацьпастаўленыя «чырвоныя». У самiм Кiеве гэта назiралася ў меншай ступенi — шмат людзей падтрымала «партыю ўлады» (Народна-дэмакратычную партыю прэм’ер-мiнiстра Валерыя Пуставойценкi). Сёй-той з апалiтычнага насельнiцтва зрабiў гэта па iнэрцыi. Вось прыклад: пытаесься ў купкi моладзi, каму хто аддаў перавагу, i чуеш: «Мы — НДП. А вы?» — «Я грамадзянка Беларусi.» — «А Беларусь сёньня не галасуе?!» Хвiлiна недаўменьня...

Iншая справа Захад. Дарэчы, скарыстаўшыся запрашэньнем сваiх сяброў, я зазiрнула на Цярнопальшчыну i была зьдзiўленая, што нават праз 2-3 днi пасьля выбараў людзi толькi пра iх тут i гавораць. Ды як! Вось старыя спыняюць моладзь з «Нацфронту» i са сьлязьмi на вачах (!) пытаюцца ў iх:

— Хлопцы, куды вы дывылысь?! — гэта пра вынiкi з камунiстамi. Тут яны асацыююцца з тэрорам i пагрозай незалежнасьцi. Больш маладыя жыхары пасьпелi адчуць на сабе ня толькi адмоўны, але i станоўчы бок эканамiчных свабодаў, якiя не жадаюць страцiць. Найбольшую колькасьць галасоў сабраў у Заходняй Украiне Нацыянальны Фронт. Прычым вiдавочнае расчараваньне ў Руху. Вось прыклад аднаго з раёнаў Цярнопальшчыны — Падвалачыскага, актыўнасьць якога нават адзначалася ў ЦВК як найбольш высокая ва ўсёй краiне. Прагаласавала 85 адсоткаў, зь iх 600 чалавек (9%) — за камунiстаў, 597 (8,85%) за Рух, каля 3300 (62%) — за Нацыянальны Фронт. У пяцi кiлямэтрах адсюль — горад Валачыск Хмяльнiцкай вобласьцi. Там вынiкi такiя: 60,2% — КПУ, 7,6% — Нацфронт, 0,9% — Рух. Такiя лiчбы мне назвалi ў гарадзкiх выбарчых камiсiях.

31 сакавiка Народны Рух самым першым правёў прэс-канфэрэнцыю ў Львове, дзе, паводле падлiкаў, перамог разам з НДП, зь якой аб’яднаў намаганьнi перад выбарамi. Кiраўнiк Львоўскага Проводу НР Алексiй Гудыма сказаў, што шакаваны колькасьцю галасоў, аддадзеных невялiкiм партыям. Каля 450 тысяч львавян галасавалi за блёк «Менше слiв», УНА, Рэспублiканскую хрысьцiянскую партыю, «Рэформы i парадак», «Нацыянальны Фронт»; 0,13% падтрымалi партыю мусульман. На думку сп. Гудымы, менавiта гэтыя партыi нясуць адказнасьць перад народам за перамогу камунiстаў. Праўда правыя, у сваю чаргу, лiчаць, што ўлады спрыяюць Руху, каб той забiраў галасы ў нацыяналiстаў. Многiя згодныя са старшынём УРП Багданам Ярашынскiм, якi прыпiсвае Руху пераход з плятформы нацыяналiзму на плятформу лiбэралiзму i касмапалiтызму.

Аднаму з простых цярнопальскiх кiроўцаў, чые палiтычныя погляды здавалiся мне нявызначанымi, я жартам прапанавала далучацца разам з усёй Украiнай да беларуска-расейскага саюзу. У адказ было пытаньне: ведаеш, што я буду рабiць у выпадку такога далучэньня? Я, канечне ж, ня ведала.

— Хату маеш? — спытаў ён.

— Не-а. А хата тут пры чым?

— Пры тым, што я яе маю. Прадам хату, куплю аўтамат. Далей —чытай кнiжкi па гiсторыi Украiны...

Ён не належаў нi да якой партыi.

 

Замест постскрыптума.

Мiжнародныя назiральнiкi з Парлямэнцкай Асамблеi i Кангрэсу мясцовых i рэгiянальных уладаў Рады Эўропы аб’явiлi пра заўважаныя iмi парушэньнi ў розных украiнскiх гарадах як падчас падлiку галасоў, так i пры галасаваньнi. ЦВК сьцьвярджаў, што такога не было, але жыхары глыбiнкi пацьвярджалi зусiм процiлеглае. У шэрагу выпадкаў на кандыдатаў i выбаршчыкаў чынiўся ўцiск, мелi месца фiзычныя напады, незаконныя адмаўленьнi кандыдатам у рэгiстрацыi i арышты (нават без абвiнавачаньня). ПАСЕ заўважыла таксама i тое, што для некаторых партыяў доступ да тэлебачаньня быў абмежаваны. Адным словам, Украiна, у параўнаньнi з намi, у большай ступенi «ще не вмерла», але да сапраўднай дэмакратыi i там далекавата.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0