Нетрывiяльны горад у Каралеўстве Беларусь

 

19-22 сакавiка група беларускiх лiтаратараў, мастакоў ды музыкаў з мэтраполii ажыцьцявiла своеасаблiвы культурны штурм Беластоку — сталiцы праваслаўных беларусаў у Польшчы. Акцыя, арганiзаваная ў рамках праекту «Каралеўства Беларусь», прыпала на васьмiдзясятую гадавiну з дня абвяшчэньня БНР.

У 1939 годзе Беласток i Беластоцкi край Саветы адабралi ў палякаў i далучылi да БССР, як i астатнюю тэрыторыю Заходняй Беларусi. Аднак паводле рашэньняў Крымскай канфэрэнцыi кiраўнiкоў урадаў — СССР, ЗША i Англii — большая частка Беластоцкай вобласьцi была перададзеная Польскай Народнай Рэспублiцы. У вынiку грамадзяне РБ сёньня маюць унiкальную магчымасьць на прыкладзе сучаснага жыцьця Беластоку i яго ваколiцаў назiраць, як магла б выглядаць Беларусь, свабодная ад хама.

Сёньняшнi Беласток — гэта горад, у якiм можна жыць, не адчуваючы сябе правiнцыялам адносна Варшавы. Рэальныя рынкавыя дачыненьнi, палiтычныя i грамадзянскiя свабоды дазваляюць беларусам i палякам рабiць свой горад камфортным для жыцьця. У Беластоку некалькi тэатраў i бiблiятэк, раскошныя касьцёлы i гэткая ж нядаўна пабудаваная шматкупальная царква з цэглы колеру какавы. Шэсьць цi сем таксаматорных фiрмаў прапануюць свае паслугi беластаччанам i гасьцям гораду. Пра пабы i рэстарацыi, крамы i крамкi i казаць няма што: усюды вас сустрэнуць i праводзяць зь мiлай усьмешкай нават тады, калi вы нiчога ня купiце. Але, сказаў адзiн з нашых «гiдаў», у памяшканьнях, дзе сёньня разьмясьцiлi свае сучасныя iнтэр’еры прыватныя кавярнi, яшчэ гадоў пяць-сем таму стаяў «водар» звычайнай савецкай сталоўкi, якi заглушаў усялякi апэтыт i даводзiў да роспачы. Дзесяць гадоў незалежнага станаўленьня новай Польшчы пазбавiлi ейных жыхароў ад падобных адчуваньняў.

20 сакавiка работнiкi газэты i фонду «Наша Нiва», а таксама паэт, фiлёзаф i кiраўнiк «Эўрафоруму» Iгар Бабкоў выступiлi ў беластоцкай публiчнай бiблiятэцы. Паслухаць беларусаў зь Менску прыйшлi даўнiя аўтары беластоцкай «Нiвы» Надзея Артымовiч i Вiктар Швед, студэнты беластоцкай фiлii Варшаўскага ўнiвэрсытэту... Публiцыст i перакладчык Ян Максiмюк рэпрэзэнтаваў на гэтай сустрэчы анталёгiю новай беларускай паэзii 1987-1997 гадоў, укладальнiкам якой ён i зьяўляецца. Перакладзеныя на польскую мову, у культурны кантэкст суседняй краiны трапiлi вершаваныя тэксты трынаццацi беларускiх аўтараў. У пасьляслоўi да анталёгii Максiмюк заўважае: «Беларуская паэзiя апошняга часу, уцякаючы ад банальнасьцi калектыўных мiтаў у сфэру iнтымнасьцi i прыватнага, пад цiскам вонкавых чыньнiкаў iзноў апынулася «на першай лiнii фронту». У сытуацыi, калi палiтычная апазыцыя ў Беларусi падпала раззбраеньню й маргiналiзацыi, беларуская культура застаецца найбольш эфэктыўнай зброяй у змаганьнi супраць мангалiзацыi грамадзтва».

Беластоцкая фiеста «Каралеўства Беларусь» пасьля паэтычнага зачыну мела працяг у музыцы. У адным зь мiлых беластоцкiх падвальчыкаў выступiлi гурты «NRM», «Новае Неба» i «Улiс». Слухачоў было якраз столькi, колькi трэба, каб свабодна перамяшчацца ад столiка да столiка. Грэла адчуваньне, что ты сярод сваiх у СВАIМ горадзе. I калi Слава Корань, салiст гурта «Улiс», засьпяваў хiт беларускага рок-супрацiву «Радыё «Свабода», а заля дружна падхапiла песьню, на iмгненьне падалося, што сучасная РБ — гэта толькi сон у вераб’iную ноч, якi мiнуўся разам з дрэнным надвор’ем.

Найбольшую колькасьць гледачоў сабрала мастацкая выстава. Артур Клiнаў прадэманстраваў адзiн са сваiх «катафалкаў» з чорнымi бутэлькамi, засьведчыўшы тым самым, што ягоная школа «нэкратычнага гiпэррэалiзму» працягвае ўмацоўваць свае пазыцыi ва ўмовах акупацыi Беларусi. Мастак Вiктар Пятроў-Хруцкi паказаў арт-пэрфоманс, прысьвечаны васьмiдзясятай гадавiне БНР. Вядомы малявальшчык палеткаў Лёнiк Тарасэвiч дэманстраваў сваю салiдную фiгуру на фоне вiдэакамэраў, мiкрафонаў ды выкшталцоных паннаў. Нехта ўпусьцiў фужэр зь вiном — атрымалася дарэчы. Купка цiкаўных зазiрала ў апарат, падобны на камэру-абскуру, папярэдне скiнуўшы абутак. Цяжка сказаць, што яны там бачылi, бо мне, напрыклад, так i не ўдалося даступiцца да мэханiзму. Адным словам, на выставе было цiкава: панавала атмасфэра камунiкабэльнасьцi i рэспэкту.

Завяршылася культурная праграма дня ў пабе «На паддашку». Тут публiка дазволiла сабе расслабiцца. Мясцовае пiва плёскалася ў кубках, як балтыйская хваля. Хто-нiхто блытаў кактэйль з ромам, пацягваючы апошнi праз саламiну. Нехта з нашых прапалiў зялёнае сукно бiльярднага стала, але гасьцiннасьць гаспадароў зьмiкшыравала хваляваньнi. На ўсю катушку адпачывалi беластоцкiя студэнты-беларусы: пiлi пiва i сьпявалi разам зь менскiмi музыкамi. За Лёнiкам Тарасэвiчам была заўважаная традыцыйная беларуская агрэсіўнасьць. Яна лунала над iм у вобразе мастакоўскае музы i нашэптвала на вушка. Адзiн менскi лiтаратар, моцна ўзрушаны гасьцiннасьцю беластоцкiх сяброў, вырашыў пакiнуць Беластоку чырвоную тэчку з уласнымi вершамi. Праўда, ён ня можа прыгадаць, дзе адбыўся гэты сымбалiчны акт.

22 сакавiка наша група ад’яжджала. Аўтобус адыходзiў па трэцяй дня. Толькi на вакзале мы нарэшце ўбачылi палiцыянта, якi сядаў за руль службовага аўто. Вартавы польскага парадку аказаўся мясцовым беларусам. Мне захацелася сказаць яму нешта добрае. I я абавязкова скажу, калi наступным разам мы прыедзем у вольны горад Беласток з нашымi марамi пра вольную Беларусь.

Славамiр Адамовiч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0