Прымiтыўны тэатар Еўсьцiгнея Мiровiча

 

Быць цi ня быць, — вось у чым пытаньне. Мiж тым, у Купалаўскiм зноў блiскуча граюць вадэвiльчыкi.

Бадай, гэтая прэм’ера суб’ектыўна йшла пад знакам таго, што зьяжджае Мiкалай Пiнiгiн: Нацыянальны Акадэмiчны застаецца тэатрам Раеўскага. «Тэатар Пiнiгiна» так i не матэрыялiзаваўся ў Менску. Пiнiгiн зьяжджае, бо ў Менску няма дзе й няма як ставiць клясыку. Усё ж Пiнiгiн вернецца з БДТ так, як быў вярнуўся з Маскоўскага Тэатру Савецкай Армii, нi з чым: ягоны тэатар магчымы толькi тут.

Сёньняшнi Купалаўскi пагружае ў нейкую кафкiянскую атмасфэру: на ўваходзе дзяжураць дзябёлыя памятыя амонаўцы; за ўваходам вiсiць чывона-зялёны штандар; 25 сакавiка ў рэпэртуары тэатру «Памiнальная малiтва»; iнтэлiгентны хлопец, якi пытаецца ля дзьвераў лiшняга бiлецiка, ня ведае беларускай мовы, i прыходзiцца прадаваць яму квiткi ледзьве не на мiгах; на рэплiку Некага (В.Рэдзька) «Я не магу зьняць палiто, бо... бо... на мне няма камiзэлькi» ў заднiм радзе нехта басам пытаецца, што такое камiзэлька; у правай лёжы сядзiць i рагоча група жыцьцярадасных падлеткаў; тры чвэрцi гледачоў, як толькi робiцца зразумела, што спэктакаль скончыўся, лятуць займаць чаргу ў гардэроб; найбольшы сьмех у залi выклiкае рэплiка Жонкi (З.Белахвосьцiк) «Ад цябе тхне гарэлкай»; Пакаёўкi i Слугi гавораць той самай мовай i з тым самым вымаўленьнем, што й iхныя Паны; на манерную рэплiку Жонкi-Японкi (Аляксандар Лабуш) «Эўразiя — гэта я» ў залi адгукаецца воплескам адзiн чалавек; гардэробнiца крычыць на гледачоў; на сцэне за цэлы спэктакаль робяць толькi дзьве памылкi беларускай мовы; рэжысэр на паклон не выходзiць...

Усё круцiцца, усё абарочваецца, усё мяняецца ў «Iнтымным тэатры», арыгiнальны варыянт якога ставiўся ў 1914 годзе, напярэдаднi рэвалюцыяў: Жонка робiцца Пакаёўкай, Слуга стае Жонкай, а пасьля Мужам, Нехта пачынае выконваць ролю Мужа, а пасьля Слугi, etc. Каменны Госьць (Гарцуеў), Гiтлер (Манаеў) i Атэла (Лабуш) ня здольныя ўзарваць руцiнны прымiтыў жыцьця — у вынiку гiнуць усе. Слова «рэвалюцыя», як вядома, спачатку азначала «абарот, абарачэньне». Слова «вадэвiль» таксама ўтварылася ад слова vauder — круцiць. Круцi не круцi...

Круцi не круцi, а не з шынэлю Iгната Буйнiцкага выйшаў беларускi тэатар, але з курортных самадзейных пастановак у мястэчку Блонь: Купалаўскаму дастаўся рэпэртуар, Расейскаму — мова, «Вольнай сцэне» — гульня актораў.

Што ж будзе, калi ня вернецца Пiнiгiн? Калi сыйдуць здольныя акторы сёньняшняга Купалаўскага, сыйдуць, так i не сыграўшы нi ў чым, апроч брыкаў-скокаў?

У Маскве ўсё пачалося зь Немiровiча, а ў нас зь Мiровiча.

Пытаньне ў выбары: быць цi ня быць.

Андрэй Мышуга

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0