Дакумэнтальная «Дамова з Гiтлерам»

 

«Я ўпершыню рэалiзаваў сябе як вольны мастак». Гэткiмi словамi Ўладзiмер Колас азначыў сваю працу над новай дакумэнтальнай стужкай «Дамова з Гiтлерам», якую паказвалi 31 сакавiка ў Беларускiм Гуманiтарна-Адукацыйным Цэнтры. Пра што карцiна? На гэткае ж самае пытаньне ў дачыненьнi да сваiх твораў спрабуюць адказаць героi фiльма — маладыя беларускiя мастакi.

Нескладаны нiбыта кантраст памiж развагамi мастакоў аб жыцьцi i творчасьцi i брутальнай рэчаiснасьцю сучаснай беларускай сталiцы, якiя чаргуюцца ў адвольнай форме, у пэўны момант раскрываюць перад гледачом свайго кшталту галаграфiчную карцiнку. Як для мяне — перадчуваньне Свабоды...

Асобныя часткi й кавалкi фiльма зьнiтаваныя вобразам, створаным менскiм мастаком Iгарам Цiшыным. У адным закiнутым да аварыйнага стану дамку Цiшын знайшоў жытло сям’i бамжоў, i са згоды гаспадароў стварыў у дамку свайго кшталту мастацкую галерэю. У пакоях — авангардныя, сюр-сац-рэалiстычныя iнсталяцыi, на сьценах адпаведныя аплiкацыi. Гаспадарам «мастацтва не перашкаджае», а Гiтлер «вельмi падабаецца». Гаспадары — галоўны «экспанат» «галерэi».

Галерэя Цiшына — жарт? У 1943 годзе герой апавяданьня Iгара Цiшына, падчас службы ў партызанскiм атрадзе жартам заключыў «Дамову з Гiтлерам», у якой з густоўным сарказмам «абсьцябаў» «галоўнага фашыста». Камандзеры жартаўнiка не зразумелi...

«Дамова з Гiтлерам» Уладзiмера Коласа сталася другой незалежнай дакумэнтальнай карцiнай, створанай у Беларусi пасьля 1996 году. У адрозьненьне ад «Звычайнага прэзыдэнта», яе не магчыма пераказаць на ўзор праграмы «Куклы». Але, па меркаваньнi стваральнiкаў, яна будзе распаўсюджвацца «звычайнымi, напрацаванымi шляхамi». Цi стане перашкодай тое, што фiльм «прысьвячаецца Джорджу Сорасу» — не вядома. Тым ня менш, прысьвячэньне не выглядае адно як дасьцiпны жарт. Па прызнаньнi Ўладзiмера Коласа, ён «ня ведае, калi наступны раз зможа працаваць цалкам незалежна».

Севярын Квяткоўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0