Promenade

Драўляны беларускi ровар

 

Вельмi люблю езьдзiць са сваiмi канцэртамi ў беларускую правiнцыю. Заўсёды прыемна апынуцца там, дзе цябе любяць i чакаюць. Дзе табе гарантаваныя толькi прыязныя ўсьмешкi, шмат выпiўкi i ўтульны начлег. Дзе можна, так бы мовiць, «вкусить плода» сваёй сталiчнасьцi. Каб пасьля, па вяртаньнi ў сталiцу, лiшнi раз пераканацца, што застануцца ўсьмешкi, размовы, нейкiя цiкавосткi. Не застанецца толькi маёй «сталiчнасьцi».

Ня ведаю, як праводзяць кiяўлянаў у якi-небудзь Чарнiгаў, цi масквiчоў у Волагду, а менчукi мяне праводзiлi ноткамi лёгкай, ненаiгранай зайздрасьцi ў голасе: «Ты едзеш у Пiнск?!» Скажы я, што еду ў Варшаву цi Маскву, такога пiэтэту б не было. Побач зь Пiнскам, як нагода для зайздрасьцi, мог стаць бадай толькi Парыж. Але гэта мог быць i Жлобiн, i Лепель. Так аддана любяць жыхары беларускай сталiцы сваю правiнцыю, з ноткамi эмiгранцкай настальгii. Цi таму, што самi не адчуваюць сябе дастаткова ўпэўнена ў першым пакаленьнi менчукоў, цi таму, што адчуваюць несапраўднасьць гэтага падзелу. Сталiца — гэта там, дзе ГУМ, БТ i Вялiкi тэатар, а правiнцыя... Як я зразумеў, гэта там, дзе ты можаш набыць неабходную рэч.

За некалькi дзён да запрашэньня прыехаць пасьпяваць у сталiцу Палесься ў мяне сапсавалася электрабрытва. I ў дзень ад’езду я бегаў па ГУМах i ЦУМах у марных пошуках знайсьцi свой улюбёны танны «Харкiв». Але мая густая тыднёвая шчэць ня стала перашкодаю для той хвалi любовi, што абрынулася на мяне, як толькi я сышоў на пiнскi пэрон.

Пасьля менскага дажджу са сьнегам наколькi дзiўна ўбачыць ранiцою зялёную траву. Стары Францiшканскi кляштар, несавецкiя будынкi старасьвецкiх вулiцаў i прыгожая узьбярэжная ракi Пiны пададуцца адно толькi вельмi дарэчным тлом для першай сёлетняй зелянiны. I якiм жа далёкiм раптам здасца Менск. З гэтай сталiцы Заходняга Палесься, усходнеэўрапейскага матаболу й ненароджанага «Каралеўства Ятвызь». Дарэчы, нi ў водным горадзе Беларусi расейская мова не гучала для мяне больш недарэчна, чымся ў Пiнску. Можа быць, самым несавецкiм горадзе РБ. Гэтым разам, напрыклад, я даведаўся, што тут няма цэнтральнага ўнiвэрмагу. Абавязковага шэрага паралелепiпэду з шыльдай «Универмаг «Пинск». Замест яго ёсьць безьлiч невялiкiх крамак, у адной зь якiх я без праблемаў купiў сваю брытву.

Усё часьцей заўважаю на сваiх выступах маладыя твары. Гэтым разам амаль не было «пiнскай шляхты» БНФ. Аўдыторыя складалася з паўсотнi чалавек, пераважна 15-17 гадоў. Якiя не размаўляюць па-беларуску. Але ўжо пасьпелi адчуць цiкавасьць да гэтае «сталiчнае» мовы й таго, абавязкова андэграўнднага, дзёрзкага, цi проста забаўнага, што на ёй павiнна рабiцца. Нясьцiпла спадзяюся, што я iх не расчараваў. Яны зарганiзавалiся ў маладзёвую арганiзацыю «Мроя», каб разам пiць пiва, сьпяваць рок-н-рол, любiць Беларусь i адзiн аднаго, ну й яшчэ запрашаць сталiчных бардаў. А галоўнае, ня быць як усе.

Я ня ведаю, якiх памераў павiнен быць аптымальны горад для паўнавартаснага чалавечага жыцьця. Напэўна з 130-цю тысячамi насельнiцтва й 900-гадовай гiсторыяй. Гэтага дастаткова, каб быць заўважным на тле езуiцкага калегiюму, дзе я сядзеў, папiваючы мясцовае пiва зь пiнскiм «белым легiянэрам» Лёшам. Лёшу да глыбiнi душы хвалюе тое, што мясцовыя ўлады не даюць нi газэту незалежную зарэгiстраваць, а ўжо мiтынг сабраць, як у Менску, — пра гэта ўвогуле можна толькi марыць. Лёша, працуючы ў Хельсiнскiм камiтэце, паезьдзiў па Эўропах, пасьля чаго Пiнск стаў для яго выглядаць нашмат горш за Брусэль. Але я ня надта разумеў Лёшу. На халеру яму той мiтынг, калi ён адным сваiм брусэльскiм выглядам нiяк не саступае пiнскаму калегiюму. Да нас падыйшоў няпэўнага ўзросту чалавек зь няголеным азызлым тварам алькаголiка, з патухлымi вачыма бамжа й апрануты ў даўно працёртую фiрмовую джынсу. На нагах чалавека былi дарагiя пантофлi й бездакорна беласьнежныя шкарпэткi. Мы парукалiся. Гэта быў Сярожа. Яму трэ былi нашыя бутэлькi. Яшчэ да ўсялякай перастройкi Сярожа першы зь пiнскай моладзi адкрыў Амэрыку, зьезьдзiўшы да сваякоў, панапрывозiўшы кружэлак i джынсаў i стаўшы галоўным героем дзявочых мараў. Пасьля чаго Сярожа цалкам слушна вырашыў сьпiвацца. А чым яшчэ можна займацца першаадкрывальнiку пасьля адкрыцьця? У Менску, на жаль, амаль няма шанцаў стаць пiянэрам, каб прыгожа сьпiвацца ў белых шкарпэтках.

Асабiста я зрабiў у Пiнску вялiкае адкрыцьцё, што ровар прыдумалi беларусы. А як iнакш, калi я яго на ўласныя вочы бачыў у будынку калегiюму, дзе месьцiцца мясцовы музэй. Я неяк меркаваў, што пабачу тут шчасьлiвы шлях пiнчукоў ад забойства маманта да выбараў прэзыдэнта, а падзiвiўся на ровар, якi нiдзе й нiколi не пабачу дакладна. Генiяльна задуманая й дасканала выкананая з дрэва машына. Нямецкiя храмаваныя аналягi пачатку стагодзьдзя й блiзка не стаяць з творам тэхнiчнага мастацтва беларусаў, цёплую эстэтыку якога нават мэталiчны цэп не псуе. Але беларусы, на жаль, даўно не сядалi на свой ровар. А iнакш памяталi б некалькi асаблiвасьцяў нацыянальнай язды. Дарога нiколi не бывае гладкай i амаль немагчыма збочыць.

Зьмiцер Бартосiк

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0