Славамiр Адамовiч

НЕАДОЛЬНАЕ ЖАДАНЬНЕ БЫЦЬ МУЖАМ

 

Здаецца, я гэта муж твой,

той самы ў тваiх абдымках,

iду з работы напружаны,

нiбы зладзюжкi на рынках,

заходжу ў кватэру, дзе водар

кухнi, дзяцей i спальнi,

i ты пасьля пятых родаў

цалуеш так натуральна...

***

Iду на водар парфумы,

на формы юнай гетэры...

Жанчына — мае Фiумы,

законы i прынцыпы веры.

Брутальны кантэкст рэжыму

прасую эратафiльна,

разбаўлены градусам джыну,

латэнтны i супэрмабiльны,

гатовы да рэвалюцый,

нiбы прапаганда кайзэра,

вiльготны ад сьлёз i палюцый,

чытаю ў камэры Драйзэра...

***

Крочыць альбо нерухомiцца,

прыгожая шпiлямi антыкаў,

на смак, як ажына, моднiца

для сьмелай адкрытая практыкi,

плюральная, нiбы камэра

на сто чалавек падсудных,

iдзе жанчына па Вавелi

пасьля эратычных студый.

***

Вясна. Жанчына ходзiць мною.

Кансультацыйнае бюро

дае парады тым, хто мроiць

пра Сан-Францыска i Нью-Ёрк.

Вясной сачу нетрывiяльна

за цыркуляцыяй вады,

за тым, як судзяць рытуальна

акупацыйныя суды.

Ну вось, жанчына ўжо зрабiла

аборт i лёгкая цяпер.

Жыву i думаю: як мiла

знайсьцi аднойчы свой памер.

 

 

 

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0