МЁРТВЫ ХАПАЕ ЖЫВОГА
Урад РБ аб’явiў новую вайну беларускай мове
Напачатку чэрвеня рэдакцыя газэты «Наша Нiва» атрымала папярэджаньне Дзяржкамдруку аб «недапушчэньнi скажэньня агульнапрынятых нормаў выкарыстоўваемай мовы». Рэч у тым, што «Наша Нiва» ўжывае несавецкi правапiс, якi быў забаронены ў БССР у 1933 годзе, калi была прынятая пастанова народных камiсараў аб спрашчэньнi беларускай мовы i наблiжэньнi яе да мовы расейскай.
Звычайны грамадзянiн на такую навiну толькi сьцепане плячыма: маўляў, хай пiшуць як хочуць, калi iх нехта чытае, абы нiчога благога не рабiлi. Але ў тым i рэч, што несавецкi правапiс — той, за якi многiя сотнi нашых землякоў былi замучаныя ў ГУЛАГу — стаўся такiм самым нацыянальным сымбалем, як герб «Пагоня» i бел-чырвона-белы сьцяг. Вось чаму пасьля забароны герба i сьцяга ў 1995 годзе Лукашэнка ўзяўся за правапiс, каб давесьцi ненавiснае яму нацыянальнае адраджэньне да поўнае дэмаралiзацыi.
Хаду ягонае думкi прасачыць няцяжка — няхай усе гэтыя нацыяналiсты, БНФ, ТБМ i iншыя пiсьменьнiкi-дэмакраты змагаюцца за Беларусь пад савецкай сымболiкай, пад якой Беларусь ужо аднойчы была зьнiшчаная, няхай пiшуць такiм правапiсам, якiм пiсалiся расстрэлы ў Курапатах. У вынiку яны натуральным чынам вымруць, разам са сваiм «языком, на якiм нельга выказаць нiчога глыбокага». Гэта ж менавiта наркомаўскую мову меў на ўвазе прэзыдэнт РБ. I трэба прызнаць, што ягоная палiтыка прыносiць свае плады. Таптаньне i застой назiраюцца ў стане нацыянальных дэмакратаў. Мяне задавальняе такая апазыцыя, — кажа прэзыдэнт.
Тэкст папярэджаньня Дзяржкамдруку цалкам надаецца на канспэкт азнаямляльнае лекцыi па несавецкiм беларускiм правапiсе, таму мы вырашылi перадрукаваць яго цалкам, захоўваючы мову i памылкi арыгiналу:
«ПАПЯРЭДЖАННЕ
аб парушэннi Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi»
29 мая 1998 г. №26
Рэдакцыi газеты «Наша нiва» на падставе артыкула 16 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi» аб парушэннi артыкула 6 Закона
Сутнасць парушэння (кароткi змест):
У аснове ўжываемага газетай «Наша нiва» пакладзены арфаграфiчныя правiлы, якiя ўжывалiся ў беларускай мове ў 20-х гадах нашага стагоддзя, але былi адменены правапiснай рэформай 1933 г.:
- паслядоўна абазначаецца асiмiляцыйная мяккасць зычных мяккiм знакам у розных пазiцыях у слове (зьмест, сьвет, сьвята i iнш.);
- цвёрдыя зычныя ў словах iншамоўнага паходжання адзначаюцца шляхам напiсання пасля iх галосных «э», «ы» (апазыцыя, бэнзын, газэта i iнш.);
- захоўваецца мяккi гук «л» у словах iншамоўнага паходжання (дыялёг, кляса, парлямэнт, фiлёляг);
- злучнiк «i» перадаецца праз «й» пасля слоў, якiя канчаюцца галосным гукам (ахвяры й каты, вольны й незалежны, доўга й шчаслiва i iнш.);
- адмоўе «не» перадаюцца праз «ня» перад словамi, дзе нацiск прыходзiцца на першы склад (ня ведаю, ня зможа, ня схiльны i iнш.);
- неабмежавана выкарыстоўваецца канчатак -аў/яў (асобаў, ахвяраў i iнш.);
- шырока ўжываецца канчатак -ае прыметнiкаў жаночага роду ў родным склоне адзiночнага лiку (беларускае мова, вайсковае службы, нацыянальнае iдэi i iнш.);
- ужываюцца словы, якiя не фiксуюцца слоўнiкамi сучаснай беларускай лiтаратурнай мовы:
а) словы, якiя адрознiваюцца ад аднакаранёвых лiтаратурных адпаведнiкаў гукавым складам або словаўтваральнымi сродкамi —апатэоз (апафеоз), даляр (долар) i iнш.,
б) iншакаранёвыя ўтварэннi, для якiх у беларускай лiтаратурнай мове iснуюць дакладныя семантычныя адпаведнiкi — асобнiк (экземпляр), вiдзежа (бачнасць), гледзiшча (пункт погляду), улётка (лiстоўка) i iнш.
У адпаведнасцi з артыкулам 6 Закона Рэспублiкi Беларусь «Аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi» не дапускаецца скажэнне агульнапрынятых нормаў выкарыстоўваемай мовы.
Старшыня М.В.Падгайны».
Пракамэнтаваць гэты дакумэнт мы папрасiлi найперш ягоных аўтараў.
«КОНI НА БАЛКОНЕ»
Сяргей Шупа
Мэтаю майго невялiчкага расьсьледаваньня было выявiць юрыдычныя падставы зьяўленьня згаданага папярэджаньня. Рэч у тым, што адпаведны пункт Закону аб друку — той, што датычыць правапiсу — быў прыняты ў больш мяккай у параўнаньнi з праектам фармулёўцы. Замест фармулёўкi «афiцыйна зацьверджаны» правапiс, была прынятая больш расплывiстая — «агульна прыняты». У ёй няма тэрмiналягiчнай дакладнасьцi, юрыдычнай адназначнасьцi, а гэта пакiдае пэўную свабоду дзеяньня таму, хто прымае пастановы. Цi ёсьць нейкiя адмысловыя iнструкцыi, камэнтары, дадаткi да закону, якiя ўдакладняюць сэнс гэтай «агульнай прынятасьцi», спасылаюцца на пэўны лiнгвiстычны кодэкс, акадэмiчную граматыку, слоўнiкi? Бо вядома, што нават у рамках шырока ўжыванага г. зв. савецкага правапiсу — наркомаўкi — ў розных слоўнiках i граматыках дапускаюцца вельмi iстотныя адхiленьнi ў адзiн або другi бок.
Маiм першым суразмоўцам быў старшыня Дзяржаўнага Камiтэту ў Справах Друку Мiхась Падгайны, чый подпiс стаiць на дасланым «Нашай Нiве» папярэджаньнi.
— На падставе чаго рыхтавалася гэтае папярэджаньне?
М.Падгайны: Мы давалi газэту на заключэньне ў Iнстытут мовазнаўства Акадэмii Навук па прымяненьнi правапiсу. Рэч ў тым, што такi артыкул iснуе ў нас у Законе аб друку i iншых сродках масавай iнфармацыi. I гэта папярэджаньне пра тое, што iснуе закон, якi трэба выконваць. Гэта не азначае, што газэта будзе зачынена. Гэта не артыкул пяты, паводле якога на падставе двух i болей папярэджаньняў можна закрываць выданьне.
— А калi наступны нумар газэты ўсё адно выйдзе гэтым правапiсам?
М.Падгайны: Ну, тады мы зьвернемся ўжо ў суд. Дзяржкамiтэт ня мае права зачыняць газэту. Але мы як суб’ект, якi сёньня займаецца рэгiстрацыяй газэт, зьвернемся ў суд, якi можа закрыць, аштрафаваць i г.д.
— Моладзь вас памятае даўно, мабыць, яшчэ з часоў «Талакi». I напачатку беларускай незалежнасьцi, напачатку 90-х вы былi адным з тых, хто дапамог «Нашай Нiве» атрымаць дзяржаўную датацыю...
М.Падгайны: Безумоўна. Я тады працаваў у Мiнiстэрстве культуры. Я i зараз гатовы падтрымлiваць «Нашу Нiву», нягледзячы на тое, што яна, мякка кажучы, не заўсёды знаходзiцца ў падтрымцы дзяржавы i, больш таго, яна крытычна адносiцца да любых дзеяньняў дзяржавы, я гатовы яе падтрымлiваць i надалей. Але ж закон ёсьць закон. У свой час у Англii iснаваў закон, якi забараняў трымаць коней на балконах. Ён нi разу не прымяняўся, але й коней на балконе нiхто не трымаў.
— У законе не ўказаныя канкрэтныя базы — канкрэтная акадэмiчная граматыка цi слоўнiк, якiя мусяць акрэсьлiваць агульнапрынятасьць правапiсу...
М.Падгайны: Прабачце, гэта ёсьць у iншых законах.
— Напрыклад?
М.Падгайны: Цi ў Законе аб адукацыi, я ня памятаю, такiя правiлы былi прынятыя ў свой час, па-мойму, у 32-м цi 33-м годзе. I з таго часу гэты закон нiхто не адмяняў.
— Вам тут як старшынi Дзяржкамдруку дадзена свабода лiчыць нешта агульнапрынятым...
М.Падгайны: Прабачце, калi ласка, ня мне, а Iнстытуту мовазнаўства.
— А цi ўсе газэты вы пасылаеце ў Iнстытут мовазнаўства? Чаму менавiта «Наша Нiва» была пасланая?
М.Падгайны: Таму што да мяне прыйшоў лiст-пратэст, што парушаецца закон.
— Гэта быў пратэст звычайнага грамадзянiна?
М.Падгайны: Так, звычайнага грамадзянiна. Калi сёньня нехта напiша мне, што «Звязда» парушае гэтыя правiлы, я накiрую газэту «Звязда» ў Iнстытут мовазнаўства.
Такiм чынам, вымалёўваецца гэткая схема: Дзяржкамдрук атрымлівае скаргу на «Нашу Нiву», аўтарам якой можа быць любы чытач, i Камiтэт, рэагуючы на скаргу, дасылае зьвязаныя з скаргай матэрыялы ў кампэтэнтную ўстанову — у нашым выпадку Iнстытут мовазнаўства Акадэмii Навук Беларусi — з просьбай даць экспэртную ацэнку.
Мой наступны званок — Аляксандру Лукашанцу, намесьнiку дырэктара Iнстытуту, выканальнiку абавязкаў адсутнага сёньня дырэктара Аляксандра Падлужнага.
Я запытаўся ў А.Лукашанца: што ў нас сёньня лiчыцца «агульнапрынятым правапiсам».
А.Лукашанец: Рэч ўся ў тым, што, калi вы памятаеце, была ўся гэтая гiсторыя з рэформай правапiсу i была створана нейкая быццам бы дзяржаўная камiсiя (ТБМ i г.д.), на нейкiм этапе была прынятая ўрадавая пастанова, што да выпрацоўкi новых правiлаў беларускай арфаграфii карыстацца тымi правiламi, якiя былi зацьверджаныя пастановай, я ня помню, 57-га цi 59-га году.
— Новы закон аб друку...
А.Лукашанец: Я яго не чытаў.
— Вы яго нават не чыталi... А хто канкрэтна рыхтаваў заключэньне па правапiсу, якi ўжываецца ў «Нашай Нiве», якое было дасланае ў Дзяржкамдрук i на падставе якога было дасланае папярэджаньне?
А.Лукашанец: Гэта рыхтаваў Жураўскi Аркадзь Iосiфавiч.
Цяжка сказаць, цi можна было б у Iнстытуце мовазнаўства знайсьцi больш адпаведнага для напiсаньня заключэньня на «Нашу Нiву» чалавека, чым Аркадзь Жураўскi — ён i сапраўды дзесяцiгодзьдзямi быў у самай гушчы спрэчак аб тонкасьцях беларускага правапiсу, баталiяў памiж мовазнаўцамi й пiсьменьнiкамi, змаганьняў памiж прыхiльнiкамi й ворагамi моўнай рэформы 1933 году. Адна бяда — ва ўсiх гэтых канфрантацыях ён быў зусiм не староньнi назiральнiк, аб’ектыўны дасьледнiк, рэгiстратар натуральнае плынi падзеяў. Ён заўсёды займаў цьвёрдыя iдэалягiчныя пазыцыi па адзiн бок барыкадаў. «Наша Нiва» — па другi бок. Таму даручэньне менавiта яму вырашыць лёс газэты, да якой ён заведама ставiцца суб’ектыўна — было, мякка кажучы, некарэктным. Звычайна людзi, якiя не ручаюцца за сваю аб’ектыўнасьць, адмаўляюцца ад падобных прапановаў. Аркадзь Жураўскi не адмовiўся.
Я запытаўся:
— У Законе аб друку пункт шосты сфармуляваны расплывiста. Гаворыцца пра агульнапрынятыя нормы правапiсу. Для юрыдычнага дакумэнту гэтага замала, бо не акрэсьлена, якая канкрэтна граматыка мусiць стацца ўзорам. Цi былi яшчэ нейкiя нарматыўныя акты, iнструкцыi, дакумэнты, якiя вас адназначна ў гэтай справе кiравалi, на якiя вы мусiлi спасылацца, пiшучы заключэньне?
А.Жураўскi: Я не глядзеў Закон аб друку, а кiраваўся самай звычайнай чалавечай лёгiкай, што як гэта можна — у адной краiне некалькi варыянтаў правапiсу? Ну, што вам сказаць? Вы запусьцiлi добры бумэранг у беларускую мову. I калi вы будзеце так працягваць — iншыя будуць вынiкi пры чарговым рэфэрэндуме.
— Мы проста ня хочам даць ёй памерцi.
А.Жураўскi: Ну ладна. Кончылi.
Як бачым, галоўны дакумэнт, на падставе якога было складзенае папярэджаньне Дзяржкамдруку — экспэртнае заключэньне Iнстытуту мовазнаўства — было напiсанае не з апорай на пэўную юрыдычную глебу, а толькi паводле «звычайнай чалавечай лёгiкi» спадара Жураўскага, чалавека заведама неаб’ектыўнага. Сумнеў выклiкае таксама тое, што экспэртыза праведзеная толькi адным чалавекам, што практычна вылучае аб’ектыўнасьць ацэнкi. Такiм чынам, можна канстатаваць, што ў справе з папярэджаньнем «Нашай Нiве» наконт недазволенага правапiсу ўладамi быў дапушчаны звычайны юрыдычны нiгiлiзм. Галоўныя героi гэтай гiсторыi i не зьбiралiся юрыдычна абгрунтоўваць свае дзеяньнi, яны нават незнаёмыя з законамi, выкананьне якiх так дбайна абараняюць.
* * *
АД РЭДАКТАРА: Сваё заключэньне аб мове газэты «Наша Нiва» супрацоўнiк Акадэмii Навук Жураўскi зрабiў на падставе шостага сёлетняга нумару газэты. Памiж iншым, гэты член-карэспандэнт закiдае нам i слова «сябра», якое мы ўжываем замест мiлага яму слова «член», i слова «спадар», безь якога «ўжо не абыходзяцца газеты «Звязда» i «Рэспублiка», не кажучы ўжо пра «ЛiМ», «Наша слова» i iншыя выданнi». Праўда, у гэтым выпадку мовавед Жураўскi ня кажа, што трэба лiчыць агульнапрынятым на месцы ненавiснага «спадара». Бо ня так проста сёньня разабрацца, каго называць таварышам, а каго панам.
Гэтак i ўсе астатнiя ягоныя закiды да нашага правапiсу грунтуюцца на асабiстым гусьце або на палiтычных сымпатыях аднаго асобна ўзятага моўнага пракурора, на што можна было б не зьвяртаць нiякай увагi (мала ў каго якiя густы i сымпатыi), калi б пракурору не давалася права вяршыць лёсы iншых.
Што да мяне асабiста, то я нiколi не падзяляў густаў моваведа Жураўскага. Яшчэ напрыканцы семiдзясятых на ягонай лекцыi ў БДУ я зразумеў, што з густамi i поглядамi гэтага чалавека беларускую мову я змагу толькi ненавiдзець, а нiяк не любiць. Зрэшты, кожнаму сваё. Мовавед Жураўскi кажа пра падабенства мовы «Нашай Нiвы» i амэрыканскай газэты «Беларус», як пра сьведчаньне нашага злачынства. Мы ж, наадварот, з пашанай ставiмся да стваральнiкаў «Беларуса», якiя захавалi моўныя традыцыi Б.Тарашкевiча, М.Гарэцкага, В.Ластоўскага ў iхнай чысьцiнi. Пасьля бальшавiцкай рэформы 1933 году ўсе згаданыя i дзясяткi iншых нашых мовазнаўцаў былi расстраляныя. Гэтак камiсараўскi правапiс паўставаў на крывi. Мовавед Жураўскi выбраў бок расстрэльшчыкаў, мы ж выбралi бок расстраляных. Варта згадаць, што прыхiльнiкi тарашкевiцы нiколi не расстрэльвалi i не рэпрэсавалi апалягетаў камiсараўкi. Асабiста мне гэтага дастаткова, каб зрабiць для сябе выснову, на чыiм баку праўда.
«АГУЛЬНАПРЫНЯТЫЯ НОРМЫ»
Вiнцук Вячорка
Што такое «агульнапрынятыя нормы беларускае мовы»? Што такое беларуская мова? Гэта ж ня толькi мова Беларускага тэлебачаньня. Гэта i старабеларуская, i дыялектная мова, i местачковае мiждыялектнае кайнэ, i ўрэшце гэтак званая трасянка. Калi ж дапусьцiць, што ў бяздарнай фармулёўцы закону зашыфраваная лiтаратурная мова, дык каторы зь яе варыянтаў — агульнапрыняты?
Гвалтоўнае рашэньне 1933 году распаўсюджвалася толькi на тэрыторыю БССР. Але Беларускае Навуковае Таварыства ў Вiльнi тады ж у 33-м на адмысловым паседжаньнi асудзiла гэтак званую рэформу, i нiводнае заходнебеларускае выданьне, акрамя закiнутых з-за савецкае мяжы камунiстычных лiсткоў, не перайшло на савецкi правапiс i граматыку. Гэтаксама як не перайшла i заходнебеларуская школа.
Дык хто цi што той «агул», для якога прынятыя нормы?
Гэтае папярэджаньне — лягiчны працяг дагэтулешнiх антыбеларускiх праўных актаў 1696, 1859, 1862, урэшце 1933 i 1995 гадоў, якiя альбо забаранялi ўжываць беларускую мову ў найважнейшых сфэрах, альбо зьнiшчалi яе скажэньнем. Так што лукашэнкаўцы сталi пераймальнiкамi палянiзатараў i русiфiкатараў.
Можна гаварыць зусiм канкрэтна пра пункты абвiнавачаньняў. Так, у прыватнасьцi, «неабмежаванае выкарыстаньне канчаткаў -аў/яў (асобаў, ахвяраў)», якое закiдваецца газэце «Наша Нiва», пераканаўча абвяргаецца якраз афiцыйнай акадэмiчнай граматыкай беларускае лiтаратурнае мовы, дзе прыводзiцца багата прыкладаў аўтарства Якуба Коласа, Мiхася Чарота, Аркадзя Куляшова, Петруся Броўкi цi Канстанцыi Буйлянкi, як кажуць, на кожны густ. Тое самае можна сказаць i пра формы канчаткаў -ае/яе прыметнiкаў («да раньняе зары», Пятрусь Броўка). Гэтыя канчаткi граматыка беларускае лiтаратурнае мовы трактуе як раўнапраўныя з канчаткамi -ай/яй, хаця й адсылае iх пераважна ў мову лiтаратурна-мастацкiх твораў i размоўныя стылi, што зусiм не касуе нашага права iх ужываць у савецкiм варыянце беларускае лiтаратурнае мовы.
Зрэшты, усе мае развагi маюць сэнс толькi тады, калi мы дапусьцiм, што акадэмiчная граматыка, абодва яе выданьнi, цi правiлы беларускай арфаграфii, якiя выйшлi адразу пасьля дапаўненьня рэформы 57-га году, — ёсьць дакумэнты, якiя вызначаюць гэтую самую «агульнапрынятую норму». Але так ня ёсьць. Агульнапрынятая норма ў мове — гэта тая норма, якой прытрымлiваюцца журналiсты, пiсьменьнiкi, выдаўцы i зь якой згаджаюцца чытачы. Наяўнасьць чытацкае аўдыторыi газэты «Наша Нiва» ёсьць сьведчаньнем таго, што гэтая норма ёсьць агульнапрынятая, прынамсi, спасярод гэтых некалькiх тысячаў спажыўцоў тэкставай прадукцыi гэтай газэты.
ЗАЯВА РАДЫ БНР
10 чэрвеня Прэзыдыюм Рады Беларускай Народнай Рэспублiкi адгукнуўся на папярэджаньне Дзяржкамдруку заявай «Аб рэпрэсiўных дзеяньнях ураду Рэспублiкi Беларусь (РБ) у дачыненьнi да газэты «Наша Нiва».
«Сёньня «Наша Нiва», — адзначаецца ў заяве, — адзiная на тэрыторыi Беларусi газэта, якая захавала не скажоны рэформай 33-га году беларускi правапiс. Разам з нацыянальным бел-чырвона-белым сьцягам i гербам Пагоня, якiя прэзыдэнт Лукашэнка забаранiў, правапiс стаўся сымбалем вольнае беларушчыны, знакам непадуладнага дыктатарскаму рэжыму духу свабоды. Паслужлiвыя чыноўнiкi прэзыдэнта Лукашэнкi, якiя намагаюцца зацiснуць беларускую нацыянальную культуру, бачаць гэты сымбалiзм. Ён iм перашкаджае дамагчыся поўнага падпарадкаваньня сабе грамадзтва, у якiм яшчэ жыве дух свабоды. У сваiм пагарджаньнi правамi чалавека, паралельна з арыштамi за ўжываньне беларускае мовы на вулiцах гарадоў, яны цяпер узялiся душыць i правапiс.
Лукашэнкаўскi таталiтарызм ня церпiць адыходаў ад казённага думаньня. Робячы выклiк цывiлiзаваным нормам, ён далей культывуе ў цэнтры Эўропы традыцыi бальшавiзму. Адначасна ўрад РБ спрыяе выданьню антыбеларускiх, шавiнiстычных газэтаў, якiя ставяць пад сумнеў iснаваньне незалежнае беларускае дзяржавы».
Сябры Прэзыдыюму Рады БНР перакананыя, што ўсе аспэкты выхаду Беларусi з крызысу, у тым лiку i эканамiчнага, патрабуюць як мага большага разьняволеньня творчае iнiцыятывы ва ўсiх сфэрах жыцьця. На iх думку, душэньне нацыянальнае культуры скоўвае творчы патэнцыял нацыi i перашкаджае культурным кантактам Беларусi з заходнiм сьветам, а ў вынiку стрымлiвае iнтэграцыю краiны ў сусьветную эканомiку i заходнюю культуру.
Таму Прэзыдыюм Рады БНР выказвае пратэст супраць умешваньня ўраду РБ адмiнiстрацыйным парадкам у пытаньне правапiсу, асуджае пагрозу зачыненьня незалежнай газэты «Наша Нiва» ды заклiкае дэмакратычныя ўрады i праваабарончыя арганiзацыi падаць голас на абарону права газэты «Наша Нiва» карыстацца правапiсам паводле свайго выбару.
Заява Прэзыдыюму Рады БНР падпiсаная Старшынёй Рады Iвонкай Сурвiлай.
* * *
АД РЭДАКТАРА: Такiм чынам, загнаўшы ў падпольле нацыянальную сымболiку — герб i сьцяг, урад РБ аб’явiў вайну несавецкаму беларускаму правапiсу, на якi за апошнiя 10 гадоў так i не наважылася перайсьцi ў масе сваёй беларуская iнтэлiгенцыя. Саюз Пiсьменьнiкаў i нават Таварыства Беларускай Мовы ў правапiсным сэнсе добраахвотна засталiся ў БССР.
Сёньня нацыянальная апазыцыя адчувае востры брак стваральнае жывое энэргii, бо так i не зрабiла свайго канчатковага выбару на карысьць беларушчыны.
Я памятаю, калi абвяшчаўся народны фронт. Усе ведалi пра яго i чакалi — хто ж абвесьцiць, але не наважвалiся. Фронт быў абвешчаны амаль выпадкова.
Я памятаю, як працiвiлася сэрца айцоў нацыi, калi гаворка заходзiла пра незалежнасьць Беларусi i пра нацыянальную сымболiку. I зноў усё зьдзейсьнiлася амаль выпадкова — не паводле рашучага выбару, а паводле зьбегу абставiнаў.
Старая iнтэлiгенцыя завiсла памiж беларушчынай i камунiзмам. Водападзел памiж дабром i злом ня быў праведзены да канца. Прорву спрабавалi пераскочыць у некалькi прыёмаў — не атрымалася.
Найбольш цяжка даваўся, ды так i ня даўся, правапiс. Памятаю, нават БНФ друкаваў што-нiшто наркомаўкай. Потым у «камунiзм па форме» скацiлася апазыцыйная беларуская прэса.
I пайшло-паехала. Легалiзацыя кампартыi ўжо ня выклiкала шоку, бо самыя зацятыя антыкамунiсты адной нагою заставалiся ў камунiзме. Рэфэрэндум 95-га спараджаў адно роспач...
I вось вынiк. Улады прынялiся за мову. Сытуацыя нагадвае 89-ы год, калi беларушчына ў падпольлi стала справаю дэмакратыi.
Магчыма i цяпер, калi апошнi пункт несавецкае беларушчыны — мова — заганяецца ў падпольле, ажыве i нелегальная прэса. Сымптомы таму ўжо ёсьць. У мяне ў руках — некалькi самвыдавецкiх газэт, пазначаных 98-м годам. Я знаходжу ў iх тую жывую энэргiю адраджэньня, дэмакратызм i тую мову, якiя начыста i разам сышлi з дазволеных рэжымам выданьняў.
Сяргей Дубавец