ТРЫНАЦЦАЦЬ

 

Za niebokresem Europy. Antologia nowej poezji biaжoruskiej 1987-1997. Wybиr i posжowie — Jan Maksymiuk. — Biaжystok, 1998. Rada Programowa tygodnika «Niwa». 119 s.

 

Што там нi кажы, а выхад анталёгii новай беларускай паэзii, ды яшчэ за межамi Беларусi, ды яшчэ ў перакладзе — зьява не шараговая. Нават нечаканая. Звычайна масавы чытач мала цiкавiцца перакладамi вершаў. Калi на тое пайшло, дык гэта першая спроба (калi ня ўлiчваць зборнiк «Тутэйшыя») зьвесьцi пад адну вокладку творы паэтаў пакаленьня, якое прыйшло ў беларускую лiтаратуру ў 80-х гадох. Пад вокладку, аформленую фэерычным графiкам Мiхалам Анепадзiставым, зьмясьцiлiся партрэты й вершы 13-цi беларускiх паэтаў. Гэтага хапае, каб у агульных рысах пазнаёмiць польскага чытача з тэндэнцыямi, якiя iснуюць у беларускай лiтаратуры сёньня. А партрэты аўтараў — проста любата!

Усё гэта добра. Але праблема палягае ў тым, што адэкватны паэтычны пераклад (а ў нашым выпадку, дык пераклад «памiж» роднаснымi мовамi, якiя маюць шмат агульных рысаў i вялiкi агульны слоўнiкавы склад), прынята лiчыць немагчымым. I нiхто не зьбiраецца абвяргаць гэтую тэзу. Звычайна падобныя анталёгii прынята друкаваць у бiлiнгвiстычным варыянце, дзе верш перакладчыка суседзiць зь вершам-арыгiналам. Чаму так не было зроблена ў выпадку з «Небакраем Эўропы» — з-за браку грошай, альбо так вырашыў укладальнiк? На гэтае пытаньне зможа даць адказ толькi ён сам — Ян Максымюк, якi ў сваiм пасьляслоўi да кнiгi гэтага зрабiць не палiчыў патрэбным. Зрэшты, як i не патлумачыў, чым кiраваўся ён у адборы аўтараў. Чаму з прадстаўленага iм краявiду беларускай лiтаратуры апошняга дзесяцiгодзьдзя выпалi такiя паэты, як Уладзiмер Сьцяпан цi Лера Сом, хоць па дасьпеласьцi таленту яны не саступаюць анi трывiяльнаму сьцёбмайстру Iгару Сiдаруку, анi патаснаму баналiсту Мiхалу Анемпадзiставу, чый плён у беларускай паэзii абмяжоўвецца тым, што ён зьяўляецца аўтарам тэкстаў найгоршых альбомаў гурта «Новае Неба».

Само пасьляслоўе да кнiгi не адкрые для беларускага чытача нiчога новага й цiкавага. Адвольны пераказ гiсторыi нашай лiтаратуры, прыпраўлены показкамi з жыцьця беларускiх пiсьменьнiкаў, прачытаўшы якi да апошняга радка, польскi чытач зразумее, што Анатоль Сыс уяўляе сабою постаць толькi дзякуючы панкаўскiм акцыям у Доме лiтаратараў, а Алег Мiнкiн толькi таму, што фарцаваў рэдказемнымi мэталамi. Зрэшты, можа яно так i ёсьць...

Андранiк Антанян


 

ДЭМАНАКАМЭРОН

 

Adam Hlobus. Demonokameron. — Biaжystok, 1998. 206 s.

 

Не пасьпелi мы ў мiнулым нумары «НН» надрукаваць пасьляслоўе Валянцiна Акудовiча да новага Глёбусавага «Дамавiкамэрону», як у Беластоку выйшаў па-польску Глёбусаў «Дэманакамэрон». Кнiга ўключае дамавiкоў 1994 году i новых, якiя ў кнiжным фармаце яшчэ не выходзiлi, а таксама пасьляслоўе Яна Максымюка. Усяго набралася 66 навэлаў пра рэальных i мiстычных пэрсанажаў сучаснае аўтарскае мiталёгii. Крыху меней стала трывiяльнае эротыкi, зьявiлiся фiлязофскiя матывы ў чыстым выглядзе (у «Акопнiку», напрыклад).

У Польшчы над новай кнiгай працаваў вялiкi аўтарскi калектыў, не раўнуючы як над энцыкляпэдыяй. Усяго 14 перакладчыкаў. Адам Глёбус распавядаў, што на прэзэнтацыi «Дэманакамэрону» ў Беластоку да яго падыходзiлi незнаёмыя людзi i прадстаўлялiся: «Я — Алкаголiк», — казала жанчына, «А я — Ванiтнiца», —рэкамэндаваўся перакладчык-мужчына. Словам, усiм, трэба думаць, было вясёла. Рэальнасьць блыталася з кнiжным вымыслам, а гэта, мабыць, найлепшым чынам адпавядае нашаму сёньняшняму жыцьцю. Хiба што ў вынiку нараджаецца не татальная безвыходнасьць, а новая культурная зьява, якой спакваля становяцца Глёбусавы дамавiкi.

Крыт.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0