Пракурор прыслаў адпiску

 

Нарэшце Беларускi Гуманiтарны Фонд «Наша Нiва» атрымаў доўгачаканы адказ ад Генэральнага пракурора Беларусi сп. А.Бажэлкi. Але нашыя чаканьнi спраўдзiлiся толькi часткова. Па-першае, у вынiку нашай газэце гэтак i не адмянiлi папярэджаньня. А па-другое, гэтак i ня здолелi растлумачыць чаму:

 

«Ваша заява аб нязгодзе з аб 'яўленьнем галоўнаму рэдактару газэты «Наша Нiва» афiцыяльнага папярэджаньня аб недапушчальнасьцi парушэньня закона ў сувязi з публiкацыяй артыкула «Што яны выраблялi» разгледжана.

Падставаў для яго адмены няма, паколькi ў артыкуле ў якасьцi вываду зроблена атаясамлiваньне ўсiх партызан Вялiкай Айчыннай вайны з бандытамi.

Што датычыцца канкрэтных фактаў учыненых на тэрыторыi Слонiмскага раёну злачынстваў супраць мiрнага насельнiцтва з боку асоб, указаных у артыкуле «Што яны выраблялi», то яны па даручэньню Беларускай ваеннай пракуратуры правяралiся Камiтэтам дзяржаўнай бясьпекi Рэспублiкi Беларусь.»

Што ж мы маем у вынiку? Ускоснае самаабвяржэньне — бо артыкул усё ж быў прысьвечаны менавiта канкрэтным асобам, якiя ўчынялi злачынствы на тэрыторыi канкрэтнага раёну, а ня ўсiм партызанам мiнулае вайны, пра што сп. Бажэлка слушна заўважыў. У «Нашай Нiве» было шмат публiкацыяў пра розных партызанаў —беларускiх, украiнскiх, лiтоўскiх, якiя змагалiся за свабоду сваiх краiнаў, атаясамляць якiх з бандытамi было б i сапраўды блюзьнерствам.

У памянёным нашанiўскiм артыкуле бандытамi названыя некалькi асобаў зь лiку савецкiх партызанаў. Але што ж высьвятлiў КГБ на Слонiмшчыне, дзе яны нiбыта правяралi факты? Напэўна вынiкаў гэтае праверкi нам давядзецца чакаць ня меней, чым «зьмястоўнага» лiста ад пракурора, гаворка ў якiм вядзецца не пра Праўду, а пра «недапушчальнасьць»...

Сяргей Харэўскi

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0