ВАРШАЎСКАЯ ЗМОВА

 

Рэч Паспалiтая супраць Расеi

 

Гэтую публiкацыю папулярнага расейскага пэрыёдыка прыкмецiлi ня толькi чытачы. Пра яе ўжо гаварылi высокiя палiтыкi, яе абмяркоўвалi дыпляматы. Невыпадкова яна прапануецца i чытачам «НН».

Спадар Калашнiкаў, думаю, сьведама спрашчае i драматызуе, гуляе на гiстарычных паралелях i пушкiнскiх мэтафарах адно каб iнсьпiраваць рэакцыю ды выклiкаць у расейскага чытача парыў патрыятычнага яднаньня. Пры ўсiм гэтым, накрэсьленая iм пэрспэктыва досыць рэалiстычная. Так, Рэч Паспалiтая — шляхецкая Рэспублiка нашых народаў — сапраўды была канфэдэрацыяй i ўвасабляла адмысловы тып эўрапейскай цывiлiзацыi, якая прынцыпова розьнiлася ад Расеi, бо аснову першай станавiла цывiльнае грамадзтва (civil society), правы i свабоды грамадзянаў, а другой — абсалютнае панаваньне пэрсанiфiкаванай дзяржаўнай улады i дэспатыя. Рэч Паспалiтая сапраўды была супольнасьцю, у якой ужывалiся «i элiн, i юдэй». У свой час нават такi масквафiл i iдэоляг «западно-руссизма», як М.Каяловiч прызнаваў, што ейны лад спрыяў разьвiцьцю двух вялiкiх цывiлiзацыйных пачаткаў —павагi да асобы i маральнага, негвалтоўнага спосабу дасягненьня мэтаў. Так што гэтая спадчына сапраўды вартая, каб яе «падымалi на шчыт».

Чаму ж нашых усходнiх суседзяў цяпер настолькi занепакоiў цень Рэчы Паспалiтай, што яны лiтаральна ўсё гатовыя зьвязаць з «варшаўскай змовай»? Чаму ў фокусе ўвагi апынулася праца польскага гiсторыка прафэсара Е.Клачоўскага? Хутчэй з разуменьня таго, што гiсторыя мае сiлу i можа непасрэдна ўплываць на сучасныя палiтычныя працэсы.

Генадзь Сагановіч


 

Хутка на палiтычнай мапе Эўропы не застанецца анi Польшчы зь Лiтвою, анi Ўкраiны зь Беларусяй. На iх тэрыторыi зьявiцца новая магутная дзяржава. Настолькi магутная, што зона ейных уплываў будзе прасьцiрацца на ўсход ажно да самага Падмаскоўя.

Кiчлiвы лях

Расейскiя прыхiльнiкi захаваньня СНГ любяць спасылацца на гiстарычную й культурную супольнасьць з суседзямi. Асаблiва са славянскiмi. На адзiнства лёсаў Масковii i «маткi ўсiх гарадоў рускiх» — Кiева, на амаль сьцёртую мяжу памiж расейцамi й беларусамi. Аднак афiцыйныя iдэолягi былых савецкiх рэспублiк i iншых новых дэмакратыяў ужо паднялi на шчыт iншую спадчыну.

У Люблiне й Парыжы рыхтуецца да выданьня кнiга польскага прафэсара Ежы Клачоўскага «Гiсторыя Цэнтральнае й Ўсходняе Эўропы». Выхаду гэтай кнiгi, напiсанай дарадцам главы польскiх католiкаў кардынала Глемпа, у Польшчы чакаюць, як вялiкай падзеi. Яе ўжо актыўна абмяркоўваюць, цытуюць, рэклямуюць.

Праца Клачоўскага сапраўды прысьвечана гiсторыi. Але думкi прафэсара занятыя ня столькi мiнулым, колькi будучыняй. У сваёй «Гiсторыi» ён даводзiць, што на працягу стагодзьдзяў у аграмадным рэгiёне ад Батыйскага да Чорага мора iснаваў адмысловы тып цэнтральнаэўрапейскай цывiлiзацыi, формаю йснаваньня якой была свабодная канфэдэрацыя палякаў, лiтоўцаў, украiнцаў, беларусаў, смалянаў, немцаў Усходняй Прусii й жыдоў.

Гэты тып цывiлiзацыi прынцыпова адрозьнiваецца ад абсалютысцкiх рэжымаў Расеi й Прусii. У канфэдэрацыi адбывалiся працэсы, падобныя тым, што йдуць сёньня ў Эўрасаюзе, разьвiвалiся iдэi салiдарнасьцi й адзiнства, тыповыя для сучаснай Эўропы. У пэрыяд свайго росквiту гэтая супольнасьць народаў была вядомая пад назваю Rzeczpospolita (Рэч Паспалiтая).

Як сьцьвярджае прафэсар Клачоўскi, сёньняшнi польскi прэзыдэнт Аляксандар Квасьнеўскi фармуе сваю палiтыку, арыентуючыся ў якасьцi прыкладу менавiта на Рэч Паспалiтую. Адраджэньне раўнапраўнай канфэдэрацыi з уключэньнем у ейны склад цяперашнiх

 

Польшчы, Лiтвы, Беларусi i Ўкраiны, а таксама гiстарычна прыхiльнай да iх Смаленшчыны ды iншых заходнiх земляў Расеi павiнна пракласьцi гэтым краiнам шлях у сям’ю цывiлiзаваных заходнiх народаў.

Новая Рэч Паспалiтая становiцца альтэрнатываю СНГ i вяртаньню «пад прыгнёт Масквы».

Славянскiя ручаi зьлiюцца ў польскiм моры

Каркас Рэчы Паспалiтай узору 90-х гадоў XX стагодзьдзя ствараецца на вачах. Маляўнiчыя палотны на тэму заключэньня Люблiнскае вунii, якая аформiла Рэч Паспалiтую ў 1569 годзе, упрыгожваюць сёньня пакоi прэзыдэнтаў Лiтвы й Польшчы. Бела-чырвоныя сьцягi лунаюць на мiтынгах беларускай апазыцыi. Але галоўнай, канечне, зьяўляецца зьвязка Варшава-Кiеў. Тут матэрыялiзуюцца ня толькi настальгiчныя мары культуролягаў, але й старая стратэгiчная задума Зьбiгнева Бжэзiнскага й Генры Кiсынджэра.

Гэтыя генэральныя канструктары пашырэньня NATO, сыйшоўшы з палiтычнае авансцэны, зраблi альянс Варшавы й Кiева рабочай задачай узначаленай iмi Амэрыканска-Украiнскай рады, а таксама Польска-Украiнскага камiтэту нацыянальнай бясьпекi. Сэнс у тым, каб усходняй апорай «восi эўрапейскае геапалiтыкi» — Парыж-Бэрлiн-Варшава — стала не Масква, а Кiеў. У iмя гэтай мэты ЗША за апошнiя шэсьць гадоў выдзялiлi Украiне дапамогу больш чым на 3 млрд. даляраў. Больш ад Вашынгтона атрымлiвае толькi Iзраiль.

I амэрыканцы, i палякi шмат папрацавалi, каб разбудзiць у прэзыдэнта Ўкраiны Леанiда Кучмы й ягонай днепрапятроўскай каманды цягу да гiстарычнае радзiмы з цэнтрам у Варшаве. Пакуль Масква спрачалася з Украiнаю з-за флёту й газавага экспарту, Украiна й Польшча усё мацней зьлiвалiся ў сваяцкiх абдымках.

У Кiеве даўно лiчаць «сваiмi людзьмi» польскага прэм’ера Ежы Бузэка, мiнiстра фiнансаў Ляшэка Бальцэровiча, мiнiстра абароны Анышкевiча й мiнiстра юстыцыi Ганну Сухоцкую, якая ўзначальвае Польска-Украiнскi форум. На Ўкраiне галоўнымi натхняльнiкамi «стратэгiчнага альянсу» з Польшчаю зьяўляюцца галава Рады нацыянальнай бясьпекi Ўладзiмер Гарбулiн i мiнiстар замежных справаў Генадзь Удавенка (былы пасол у Варшаве).

У траўнi 1997 году была падпiсаная польска-ўкраiнская Дэклярацыя аб прымiрэннi. А ў студзенi сёлета Кучма й Квасьнеўскi сымбалiчна пабраталiся ў Львове, каля мэмарыялу памяцi ахвяраў 1918 году, калi адбылася бiтва памiж сечавымi стральцамi пятлюраўскай Украiнскай Рэспублiкi й польскiмi атрадамi Пiлсудзкага. Пасьля львоўскага самiту пачалiся рэгулярныя сумесныя паседжаньнi Радаў нацыянальнай бясьпекi Польшчы i Ўкраiны — апошняе адбылося 16 сакавiка.

Як заявiў нядаўна ў Нью-Ёрку польскi мiнiстар замежных справаў Бранiслаў Герэмэк, Польшча павiнна стаць новай рэгiянальнай дзяржавай, нацэленай на Ўсход «у iмя распаўсюджаньня заходняе цывiлiзацыi». Другiмi словамi, адроджаная Рэч Паспалiтая стане перадпакоем NATO на ўсходзе. Польска-лiтоўскiя й польска-украiнскiя вайсковыя структуры — пакуль толькi батальёны — яшчэ адна гарантыя таго, што падступы да NATO з боку былой «iмпэрыi зла» будуць надзейна ахоўвацца.

Iстотная дэталь: умацоўваючы ўсходнюю мяжу, польскi ўрад робiць для Ўкраiны выключэньне. Варшава просiць ЭС дазволiць ёй захаваць з Украiнай бязьвiзавы рэжым. Таксама зьмянiлася трактоўка апусташальных набегаў запарожцаў на польскiя месты й каталiцкiя абацтвы. У савецкi час казалi пра «барацьбу ўкраiнскага народу супраць панска-каталiцкага прыгнёту». Паводле цяперашняй вэрсii, Тарас Бульба толькi супернiчаў з польскiмi панамi за ўплыў у Рэчы Паспалiтай i за лiдэрсттва ў барацьбе з сапраўднымi ворагамi — «маскавiтамi». Iнакш кажучы, быў рэгiянальным лябiстам.

Але гаворка ня толькi пра лiтаратурных герояў. Высупаючы мiнулым летам у Нью-Ёрку на канфэрэнцыi, арганiзаванай амэрыканскiм Украiнскiм iнстытутам, пасол Украiны ў ЗША Юры Шчэрбак паведамiў, што ў другой сусьветнай вайне яго краiне давялося стаць «полем сутыкненьня дзьвюх iмпэрыяў».

Хто ўстаiць у няроўнай спрэчцы

Адзiнства новай Рэчы Паспалiтай пакуль парушае беларускi клiн. Але ўнутранае адзiнства самой Беларусi, якiм афiцыйны Менск любiць казыраць у Маскве, а асаблiва ў расейскай правiнцыi, на самой справе знаходзiцца пад пытаньнем.

З 10 млн. беларускага насельнiцтва 2 млн. — каталiкi, 1,5 млн. зь якiх — проста этнiчныя палякi. Трацiна тэрыторыi краiны памiж дзьвюма сусьветнымi войнамi ўваходзiла ў склад Польшчы. Землi Гарадзенскай i Берасьцейскай абласьцей у Польшчы разглядаюць як культурна-гiстарычную бацькаўшчыну. Варшава актыўна падтрымлiвае далучэньне заходнiх беларусаў да польскай мовы й каталiцкай царквы. Па сутнасьцi, iдзе пасьлядоўная палянiзацыя краiны.

Гэтаму афiцыйны Менск спрабуе супрацьставiць палiтыку грубых забаронаў на прызначэньне ксяндзамi грамадзян Польшчы i казаньняў па-польску, патрабуючы весьцi багаслужбы па... расейску. Вынiкам пакуль што стаў толькi канфлiкт памiж Аляксандрам Лукашэнкам i гарадзенскiм кардыналам Казiмерам Сьвёнтакам, якi разгарнуўся ў пачатку сакавiка.

Мiж тым, да справы дэмакратызацыi Беларусi ўжо падключыўся альянс, якi мае багаты досьвед дэмантажу аўтарытарных рэжымаў: дысыдэнты, праваабарончыя арганiзацыi, каталiцкая царква i, само сабою, дзярждэпартамэнт ЗША. Беларуская апазыцыя атабарылася ў Польшчы i ў Лiтве й пачала адтуль разгойдваць уладу Лукашэнкi. Нягледзячы на ярасныя пратэсты Менску, кiраўнiкi «Беларускага культурнага цэнтру», якi адчынiўся ў студзенi ў польскiм Беластоку, каардынуюць праграмы «разьвiцця дэмакратыi» ў суседняй Беларусi й адкрыта ставяць мэту зьвяржэньня «рэжыму Аляксандра Лукашэнкi».

Стаўка робiцца на пераарыентацыю масы беларусаў на iдэi аднаўленьня супольнасьцi з суседнiмi каталiцкiмi народамi. У выпадку посьпеху цяперашняя постсавецкая мадэль страцiць унутраны културна-псыхалягiчны падмурак. I ўсходняй пэрыфэрыяй NATO стане Смаленшчына. Якая, дарэчы, у эпоху Рэчы Паспалiтай выказвала моцныя палянафiльскiя тэндэнцыi.

Мiж iншым, згодна з афiцыйнай польскай гiстарыяграфiяй, у вялiкай Грунвальдзкай бiтве ў 1410 годзе, калi польска-лiтоўска-рускiя войскi разграмiлi рыцараў Тэўтонскага ордэну, у антынямецкай каалiцыi змагалiся не расейцы, а «смаляне» — вернападданыя Рэчы Паспалiтай, князь якiх займаў 39-е месца па правую руку ад польскага караля.

Слова Расейскага цара ўжо бясьсiльнае

Папу Яна Паўла II у Маскву запрашалi й Мiхаiл Гарбачоў, i Барыс Ельцын. Аднак ягоны вiзыт у Расею не адбыўся. З адной прычыны — з-за супрацьдзеяньня Расейскай праваслаўнай царквы. РПЦ, якая iснуе ў межах былога СССР, вастрэй за астатнiх адчувае маштабы росту культурна-палiтычнага ўплыву каталiцкай Польшчы на славянскiх суседзяў i намагаецца мабiлiзаваць улады на барацьбу супраць «празэлiтызму».

Упарта адмаўляючыся ад сустрэчы з Папам, патрыярх Алексi II спасылаецца на мiжканфэсiйныя канфлiкты з унiятамi ў Заходняй Украiне. Насамрэч прычыны глыбейшыя. РПЦ iмкнецца трымаць дыстанцыю з каталiкамi, асьцерагаючыся экспансii заходняй царквы й эўрапейскай цывiлiзацыi.

Новая расейская алiгархiя, мяркуючы па ўсiм, уцямiла, у якую сфэру зьмяшчаецца супернiцтва, i высiльваецца контратакаваць на свой капыл. «Газпрам», напрыклад, наладзiў у лютым масавы выезд у Варшаву зорак расейскага балету й опэры. Аднак, польская элiта, якая наведала канцэрты, больш зьвяртала ўвагу на манеры газпрамаўскiх начальнiкаў ды iх недыпляматычныя выразы ў антрактах з нагоды даўгоў Польшчы за расейскi газ.

Элiта расейскай iнтэлiгенцыi зьвязвае сябе з краiнамi асьвечанага каталiцызму. У неўстойлiвыя часы позьняй перабудовы лiтоўскiя пашпарты прыдбалi (зьвесткi консульскай службы МЗС Лiтвы) Мая Плiсецкая й Радыён Шчадрын, Кацярына Максiмава i Ўладзiмер Васiльеў, Галiна Вiшнеўская, Мсьцiслаў Растраповiч i яшчэ нямала выбiтных дзеячоў расейскай культуры. Зрэшты, менавiта ў Вiльню яшчэ ў XV-XVI ст. праклалi з Масквы сьцежку «гнаныя за культуру» i дысыдэнты, пачынаючы ад першадрукара Iвана Фёдарава й сканчаючы князем Андрэем Курбскiм.

Сама польска-лiтоўская iдэя, гатовая ажыцьцявiцца ў новай Рэчы Паспалiтай, у сваю чаргу, вылучаецца мiсiянэрскай накiраванасьцю ў бок Расеi. Аднойчы Масква пры актыўным удзеле баяраў, якiя ня здолелi выбрацца з агульнарасейскага хаосу, ужо пераходзiла пад уладу польскага караля Ўладзiслава. Сёньня суадносiны сiлаў i iнтарэсаў у Цэнтральнай i Ўсходняй Эўропе ўсё больш становяцца падобнымi на тагачасныя. Толькi з той рознiцаю, што анi Мiнiна, анi Пажарскага ў Маскоўскай дзяржаве не вiдаць.

Вiктар Калашнiкаў

«Коммерсантъ-власть»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0